Ма́ра ’тое, што створана фантазіяй’, ’жаданне, імкненне’, ’нешта нерэальнае, неіснуючае’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр. мара ’сон, мара; мары’, польск. mara ’сон з марамі’, ’тое, што мроіцца ў сне’, ’тое, аб чым марыцца’. Бел.-укр.-польск. ізалекса. Узнікла ў выніку абстрагавання аднаго са значэнняў мара́ 1 — ’сон, тое, што здаецца’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 127), ст.-бел. мара ’соннае відовішча’ (пач. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. mara.

Мара́ 1 ’прывід, страшыдла, нячыстая сіла, пачвара, здань, насланнё’ (Мал., Бес., Федар. 1, Багд., Яруш., Некр., Касп., Бяльк., Шат., ТС; слуц., мазыр., Сержп., Казкі; усх.-гом., паўн.-зах., КЭС; брэсц., пін., Нар. лекс.); ма́ра, марана ’тс’ (Клім., Др.-Падб.; Крывіч, 4; Нас., Растарг.), ’нешта брыдкае, неадчэпнае’ (Нікан.), ’нікчэмнасць’ (драг., Нар. лекс.); мара́ ’пагібель’ (Растарг.), ’прыгода, незразумелая перашкода’ (Нас.), ’чорная, страшэнная масіўная істота на кароткіх лапах, якой вельмі баяцца дзеці’, ’пудзіла з саломы, апранутае ў рыззё’ (Рам. 8), ’істота, якая давіць хлопцаў і дзяўчат у час іх сну’ (Кольб.), ’нячысцік, д’ябал’ (Ян.; нараўл., Мат. Гом.), стол. ’нягоднік, паганец’, драг. ’неахайная, непрычасаная жанчына’ (Нар. лекс.), ’жартаўнік, штукар’ (ТС), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ і дэрываты да яго (Нас., ТСБМ). Укр. мара́ ’прывід, здань’, ’нячысцік, які затуманьвае людзям розум, каб завесці іх у небяспечнае месца’, марний, марний ’дарэмны’; рус. ма́ра, мара́ ’прывід, мары, нячысцік, які дапрадае ноччу тое, што пакінута на ноч недапрадзеным, рве кудзелю і пражу’, кур. ’смерць’, ленінгр. ’неахайная жанчына’, урал., сіб. ’каханы’, ’дзяўчына’, рус. ц.-слав. мара ’страта свядомасці’; ст.-рус. мара ’зацямненне свядомасці’, ’забыццё’, ’сны’, ’насланнё’, ’прывід’. Польск. mara, marzydło ’прывід, цень нябожчыка, дух, страшыдла, вампір’; mara, mora ’начны дух, кашмар, які нападае на коней і сонных людзей’, ’начны матыль’, marzyć ’марыць’, marnować, marnotrawić ’марнатравіць’, marzanna ’саламянае чучала, якое сімвалізавала сонца’, н.- і в.-луж. marny ’марны’, в.-луж. marota ’капрыз, выдумка’, mara ’дух, прывід смерці’, чэш. marniti ’дарма траціць, марнатравіць’, mařiti ’псаваць, губіць, разбіваць (надзеі)’, чэш., славац. marný ’марны’, славац. mara ’хвароба’ slepa mara ’начны матыль’, mariť sa ’здавацца’, славен. márǝn ’марны’. Прасл. mara ’мары’, ’прывід, здань’ утворана ад асновы *ma‑ (гл. мані́ць) пры дапамозе суфікса ‑ra. (Бернекер, 2, 18; Фасмер, 2, 571; Брукнер, 322; Шустар-Шэўц, 12, 886; Голамб, Зб. Якабсону, 1, 779–780; Власт, Крывіч, 4, 1923, 30).

Мара́ 2 ’назола, дакучлівы’ (Нас., Шат.; Нар. лекс.). Да мара́ 1 (гл.). Насовіч (289), аднак, адносіць да мары́ць, якое ад прасл. mōra. Няма падстаў.

Мара́ 3 ’павольны’ (Нас.). Рус. калуж., арл. мара́ ’слабы чалавек малога росту’, сіб. ’няўклюда’. Паводле Насовіча (289), запазычана з лац. mora ’запаволенасць’. Сюды ж марава́ты ’спакойны, вялы гон па следу звера’ (Інстр. II). Параўн. рус. вяц. морова́ть ’рабіць што-небудзь паволі, спакваля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́жыць ‘туга нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘рабіць тужэйшым’ (Юрч. Вытв.), ту́жіць: ту́жʼіцʼ самаму́ ‘цягнуць павозку самому, без дапамогі цяглавай сілы’ (лоеў., Нікан., Трансп.), параўн. самату́гам ‘тс’ (ТСБМ), ту́жацца ‘цвярдзець’ (Мат. Гом.), тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім, шчыльным, мацнець’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., ТС), ‘дранцвець, дубець, пруцянець’ (Ласт.), тужа́ты ‘цвярдзець (пра зерне, зямлю)’ (стол., Выг.), ту́жыння ‘зацягванне з мэтай зрабіць тужэй’ (Юрч. СНЛ), тужы́ць ‘нацягваць аснову красён’ (уздз., Сл. ПЗБ), ту́жыцца ‘намагацца, напружвацца’ (ТСБМ; зэльв., Нар. словатв.). Укр. тужі́ти, ту́житися, тужа́віти ‘налівацца (пра колас), цвярдзець, шчыльнець, загусаць’, рус. ту́житься ‘напружвацца’, в.-луж. tužić ‘звужвацца’, ‘сціскаць, ушчыльняцца’; ‘прымацоўваць, нацягваць, напружваць’, ‘прыглушаць’, польск. tężeć ‘цвярдзець’, дыял. tużyć ‘цягнуцца, схіляцца’, чэш. tužit ‘рабіць цвёрдым’, ‘крухмаліць’, ‘умацоўваць (мускулы)’, tužit se ‘намагацца, напружвацца’, ‘націскаць’, славац. tužiť ‘тс’, tužieť sa ‘падсілкоўвацца’, tužieť ‘мацнець, дужэць’, ‘загартоўвацца’. Прасл. *tǫžiti (sę) < *tǫgъ ‘напружаны, нацягнуты’ (гл. тугі), чаргуецца з прасл. *tęgti ‘цягнуць, валачыць’, ‘быць цяжкім’, што да і.-е. *t​heng​h‑ ‘тс’ (Покарны, 1067; Борысь, 631; Сной, 769), гл. туга́, ту́жба, укр. ту́га́ ‘натуга, напружанне’, якія семантычна звязваюць дзеясловы ту́жыць і тужы́ць (гл.), што падкрэслівае іх агульнае паходжанне.

Тужы́ць ‘сумаваць, маркоціцца, журыцца’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., ТС, Вушац. сл., Сл. ПЗБ), ‘пакутаваць з тугою’ (Юрч. Сін.), ‘нудзіцца, быць ахопленым сумам’, ‘гараваць, перажываць няшчасце’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тужити, тужыти ‘знаходзіцца ў стане смутку’ (ГСБМ). Укр. тужи́ти, рус. тужи́ть ‘тс’, польск. дыял. tążyć ‘сумаваць (пра жывёл)’, ст.-польск. tążyć, tężyć, tużyć ‘сумаваць’ (XVI ст.), н.-луж. tužyś (se) ‘сумаваць, маркоціцца’, в.-луж. tužić ‘засмучаць’, ‘трывожыцца, непакоіць’, чэш. toužiti ‘тс’, славац. túžiť ‘сумаваць (па радзіме)’, ‘моцна хацець’, ‘марыць’, серб. ту́жити ‘скардзіцца’, ‘падаваць скаргу’, ‘аплакваць каго-небудзь’, макед. тужи ‘падаваць у суд’, тажи ‘сумаваць, журыцца’, балг. тъжа́ ‘тс’, ‘мець жалобу па кім-небудзь’. Прасл. *tǫžiti ўтворана ад *tǫga (гл. туга), што далей да tęgnǫti (гл. цягнуць). Паводле Шустар-Шэўца (1555), развіццё значэння ад ‘ціснуць, цягнуць уніз’ да ‘прыгнечанасць, маркота, сум’ прадстаўлена ў роднасных ст.-ірл. þung ‘цяжкі’, þungol ‘смутак, сум, клопат, гора’, літ. tingė́ti ‘ленавацца’, tìngiu ‘я вялы, неактыўны’. Фармальна блізкае літ. tũžyti(e)s ‘злавацца’ лічыцца (гл. Фрэнкель, 2, 1148) запазычаннем з беларускай мовы, а літ. tū́žti ‘набухаць, уздымацца’, į́tū́žti ‘раззлавацца’ Смачынскі (697) пакідае без этымалогіі. Памылковае сцвярджэнне аб запазычанні з рус. тужить у Сл. ПЗБ, 5, 144. Сюды ж тужлі́вы ‘смутны, журботны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́жыкі ‘памінальны абед’: ту́жыкі е́сці (Шат.), тужэ́й ‘цяжэй, горш’ (пух., капыл., Сл. ПЗБ), ту́жык ‘ныцік’ (Байк. і Некр.), параўн. рус. ту́жик ‘хто заўсёды плача, скардзіцца на свой лёс’, серб. тужа̀кало ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́лька 1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лько ’зрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lála ’нядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλά ’баба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька 2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючка ’лічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька 1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька 3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жывы́, ‑а́я, ‑о́е; жыў, жы́ва.

1. Які жыве, існуе; проціл. мёртвы. Партрэты бачыў, помнік не адзін, О, каб пабачыць Леніна жывога. Свірка. // Не засохлы, не завялы (пра дрэвы, лісце і пад.). На жывой яблыньцы не было ніводнага яблыка. Якімовіч. Яна [бульба] вясной Расткі пускала — белыя, жывыя. З. Астапенка. // Утвораны з людзей, жывёл або раслін. Людзі ціха цягнуліся да рэчкі жывым ланцугом. Бядуля. Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, што жывой сцяной акружалі сад. Шамякін. // Які належыць жывой істоце. На жывой касці мяса мусіць парасці. Прыказка. // у знач. наз. жывы́, жыво́е, ‑о́га, м. і н. Той або тое, што жыве. Проці цячэння вады Зможа толькі жывое паплыць. Багдановіч. Значыць, дбаць пра жывое Трэба заўжды жывому. Броўка.

2. Які мае адносіны да жывёльнага або расліннага свету; арганічны. Жывая прырода.

3. Поўны жыццёвых сіл; жвавы, непаседлівы; проціл. вялы. Старэйшая дачка ў фельчара ўлюбіцца Надумала. Вясёлы ён, жывы, Гаспадаром нядрэнным будзе ў хаце. Корбан. // Выразны, ажыўлены, вясёлы (пра вочы, рысы твару). Жывая ўсмешка. □ Жывыя і бойкія вочкі.. [Габрынькі] так і свяціліся радасцю. Колас.

4. Поўны руху, ажыўлення; бойкі. Але, як вядома, гэта, калісьці вельмі жывая дарога, у тыя часы ўжо даўно была ў глухім заняпадзе. Чорны. // перан. Рухомы, зменлівы. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера.. жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін. Водбліскі зары адбіваліся на зялёнай паверхні мора і трапяталі на іх, расцякаючыся жывым агнём. Самуйлёнак.

5. Такі, як у рэчаіснасці; сапраўдны, натуральны. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. // Цэлы, непашкоджаны. Мне ў памяці горад вясёлы, жывы, Без бомбаў, Без ран і без чорных руінаў. Броўка. Я ўсё думаю аб адным і тым жа: якім чынам уцалела ферма, засталася жывой, і хто аказаўся тым чалавекам, што заступіўся за яе? Ракітны. // Выкліканы, абумоўлены жыццём, практыкай. Жывая справа.

6. Дзейны, ажыўлены, інтэнсіўны. Жывая работа. Жывая гутарка. Жывы водгук. // Здольны чутка рэагаваць; успрымальны. Жывы розум. □ [Кастусь] у жывым сваім уяўленні пакідаў не толькі тое, што сам бачыў, але і ўсё, што чуў. Чорны. // Востра адчувальны. Жывая рана. Жывое гора.

7. Яркі, выразны. Жывы расказ. Жывы малюнак. □ Мова... інтэрмедый жывая, яркая, насычаная разнастайнымі моўнымі выяўленчымі сродкамі. Шакун. // Свежы, цікавы. Гарачым і жывым струменем Ліюцца словы Ільіча... Глебка. Колькі тут было цікавага, колькі жывых думак выказана. Мядзёлка.

8. Які рэальна існуе, яшчэ не знік. Жывая граматычная форма. Жывая літаратурная мова. // Не забыты, захаваны ў сэрцы, памяці і пад. Жывая легенда не мае спачыну, Ёй, вольнай, няма берагоў. Хведаровіч.

9. Які захоўвае ў памяці многія падзеі, факты і пад. Вечарамі мужыкі сыходзіліся ў крайнюю хату дзеда Юркі. Гэта быў самы стары чалавек у вёсцы, яе жывая кніжка. Колас. [Бабка], напэўна, памятае прыгонныя часы.. Гэта ж жывая гісторыя! Апошняя наша надзея раскрыць таямніцу кургана. Якімовіч.

•••

Жывая вага гл. вага.

Жывая мова гл. мова.

Жывая рана гл. рана.

Жывая сіла гл. сіла.

Жывое срэбра гл. срэбра.

Жывое цягло гл. цягло.

Жывы інвентар гл. інвентар.

Жывы куток гл. куток.

Жывы тавар гл. тавар.

Жывыя кветкі гл. кветка.

Браць (узяць) за жывое гл. браць.

Жывая вада гл. вада.

Жывая капейка гл. капейка.

Жывая крыніца гл. крыніца.

Жывая сувязь гл. сувязь.

Жывая чарга гл. чарга.

Жывога месца няма гл. няма.

Жывое слова гл. слова.

Жывы труп гл. труп.

Жывыя мошчы гл. мошчы.

Зачапіць за жывое гл. зачапіць.

На жывую нітку гл. нітка.

Ні адной жывой душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы — у стане вялікага страху, знямення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)