ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),
спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.
Літ.:
Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;
Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),
абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл.Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад.актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІЗасн. ў 1908 як Мінскі царкоўна-археалагічны музей, з 1922 Беларускі дзяржаўны музей, з 1957 Бел.дзярж. гісторыка-краязн., з 1964 Дзярж. музей БССР, з 1992 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1415 м², больш за 260 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Працуюць экспазіцыі: «Старажытная Беларусь», «Старадаўняя геральдыка Беларусі», «З гісторыі зброі», «Беларуская сімволіка», «Гарадскі побыт 19 — пач. 20 ст.». У фондах музея зберагаюцца зборы рукапісаў і старадрукаў 16—17 ст., актаў і грамат 16—19 ст., калекцыі археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі, сфрагістыкі, іканапісу, стараж. зброі, адзення, вайск. вопраткі і рыштунку, мэблі, кафлі, фарфору і шкла, ордэнаў і медалёў, муз. інструментаў, гадзіннікаў, фона- і фотаматэрыялаў, вырабаў майстроў дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтваў, у т. л. карцін 17—20 ст. Сярод унікальных каштоўнасцей: рэшткі стараж. жытла з чарапоў і касцей мамантаў, залаты бранзалет 12 ст. з Мінскага замчышча, даравальная грамата каралевы Боны Сфорца 1524, слуцкія паясы 2-й пал. 18 ст., фотаальбом сям’і Ф.Багушэвіча, асабістыя рэчы М.Багдановіча. Мае б-ку (22 тыс. тамоў), фоталабараторыю, рэстаўрацыйную майстэрню. Выдае каталогі фондавых калекцый, у т. л. старадрукаў, плакатаў першых гадоў сав. улады і перыяду Вял.Айч. вайны, ордэнаў і медалёў, археал. калекцый жал. веку. Філіял: Дом-музей I з’езда РСДРП.
Літ.:
Дзяржаўны музей БССР: [Фотаальбом]. Мн., 1986;
Гужалоўскі А. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі — у пошуках вытокаў // Бел.гіст.часоп. 1995. №4;
Герасімовіч У. Музеі Мінска: гісторыя і сучаснасць // Каштоўнасці мінуўшчыны: Прабл. зберажэння гіст.-культ. спадчыны Мінска. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРАТУ́РА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
адзіная цэнтралізаваная сістэма дзярж. органаў, якія ажыццяўляюць пракурорскі нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. органамі кіравання мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, юрыд. і службовымі асобамі, грамадзянамі. Сістэму органаў П.Р.Б. узначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі. У сістэму ўваходзяць рэсп. пракуратура, якая з’яўляецца цэнтр. апаратам, пракуратуры абласцей і г. Мінска, раёнаў (гарадоў), ваен., транспартныя і інш. спецыялізаваныя пракуратуры. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 і інш. заканадаўчымі актамі. Органы П.Р.Б. ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы незалежна ад органаў дзярж. улады і кіравання. Пракурорскія работнікі не могуць займацца паліт. дзейнасцю.
На Беларусі пракуратура засн. пастановай ЦВКБССР ад 26.6.1922 з адначасовым прыняццем Палажэння аб пракурорскім наглядзе. Напачатку яна існавала на правах аддзела Наркамата юстыцыі і яе ўзначальваў нар. камісар юстыцыі, адказны перад Прэзідыумам ЦВКБССР і падсправаздачны яму. Са снеж. 1922 да 1936 ішоў працэс цэнтралізацыі органаў пракуратуры, ператварэння іх ва ўсесаюзны орган. Канстытуцыя СССР 1936 замацавала новую сістэму органаў пракуратуры, канкрэтызавала задачы і асновы дзейнасці пракурорскага нагляду. Канстытуцыя БССР 1937 аднавіла і ўдакладніла гэтыя палажэнні адносна да Пракуратуры БССР, якая стала састаўной часткай Пракуратуры СССР. З распадам СССР (1991) Пракуратура СССР перастала існаваць. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь на базе існуючых на Беларусі органаў пракуратуры ўтварыў іх адзіную сістэму — П.Р.Б.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎГА́С, савецкая гаспадарка,
форма арганізацыі с.-г. вытв-сці, заснаваная на дзярж. уласнасці і сродках. У параўнанні з калгасам мае больш высокі ўзровень аграмаджвання — сродкі вытв-сці і прадукцыя, якую атрымліваюць С., належаць дзяржаве. Ствараецца паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прадпрыемствах» (1990), Кодэкса аб зямлі і інш. заканадаўчых актаў. Дзейнічае на аснове статута прадпрыемства. На Беларусі, як і ў Расійскай Федэрацыі, С. з’явіліся з устанаўленнем сав. улады на базе канфіскаваных памешчыцкіх маёнткаў. У канцы 1927 было 247 С. з агульнай пл. 103,5 тыс.га; на іх долю прыпадала 1,3% вытв-сці с.-г. прадукцыі. У 1971 у БССР- былі 834 С., у т. л. 228 малочна-мясных, 292 мяса-малочныя, 161 малочна-агароднінны, 63 птушкагадоўчыя, інш. спецгаспадаркі. Найбольш С. было ў 1985—917. У іх працавала 11,9% усіх рабочых рэспублікі, яны займалі 3337 тыс.гас.-г. угоддзяў (35%), пастаўлялі каля 40% с.-г. прадукцыі. З пераходам у канцы 1980-х г. да рыначных адносін і шматукладнай эканомікі павялічылася роля вытворцаў недзярж. сектара і доля С. ў вытв-сці прадукцыі пачала зніжацца. За 1991—95 сярэднегадавое зніжэнне аб’ёму вытв-сці валавой прадукцыі ў С. склала 7,3%, узровень рэнтабельнасці скараціўся амаль у 5 разоў. З 1990-х г. С. пераведзены на поўны гасп. разлік, пашырана іх гасп. самастойнасць. На 1.1.2001 617 С., якія маюць 1861 тыс.гас.-г. угоддзяў. Мяркуецца, што да найб. стратных гаспадарак непазбежны радыкальныя меры — змена формаў уласнасці і гаспадарання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды жывёл, адносна якіх паводле мясц., дзярж. ці міжнар. нарматыўных актаў, пагадненняў ці канвенцый дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для дадзенага рэгіёна, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікіх жывёл, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае рэзкае скарачэнне колькасці або знікненне з фауны. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырвонай кнізе Беларусі 182 віды ахоўных жывёл, у т. л. 14 млекакормячых (арэшнікавая соня, барсук, белавежскі зубр, буры мядзведзь, рысь і інш.), 75 птушак (аўдотка, беркут, змеяед, сапсан, філін і інш.), 2 паўзуноў (балотная чарапаха, мядзянка), 1 земнаводных (чаротавая рапуха), 5 рыб (сцерлядзь, стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач), 79 насякомых (апалон, жужаль цудоўны, жук-алень, махаон, падалірый, пустэльнік, чмель Шрэнка і інш.), 1 двухстворкавых малюскаў (жамчужніца звычайная), 5 ракападобных (бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, шыракапальцы рак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР»
(«БНЦ»),
сфабрыкаваная ў 1933 АДПУБССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Паводле версіі АДПУ (агентурная справа «Закардоннікі»), «БНЦ» створана ў вер. 1932 дзеячамі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой, М.П.Бурсевічам, І.С.Дварчаніным, Ф.І.Валынцом, П.П.Валошыным, Я.Е.Гаўрылікам і інш., якія ў вер.—кастр. 1932 перабраліся ў БССР. «БНЦ» быццам бы меў на мэце звяржэнне ў БССРсав. улады ўзбр. паўстаннем пры ваен. падтрымцы Польшчы і стварэнне Бел.бурж.-дэмакр. рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы. Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка паўстання, шпіянаж на карысць Польшчы, арганізацыя дыверсійна-тэрарыст. груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай работы ў розных галінах сацыяліст. будаўніцтва. План паўстання — правядзенне буйной правакацыі ў пагранічных раёнах, якая павінна была выклікаць канфлікт паміж СССР і Польшчай, стаць пачаткам ваен. дзеянняў і паўстання ў БССР. У жн.—ліст. 1933 органы АДПУ «выявілі» ячэйкі «БНЦ» у Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел.ваен. акрузе і інш.: у 9 гарадах і 25 раёнах БССР. Следства «раскрыла» 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыст. групы, 20 шпіёнскіх ячэек і рэзідэнтур, філіялы ў Горках, Беразіно, Гомелі, маладзёжную арг-цыю. Усяго па справе «БНЦ» рэпрэсіраваны 161 чал. Частка з іх расстраляна, астатнія адпраўлены ў Салавецкія лагеры (Архангельская вобл.), Комі АССР. У жн.—вер. 1956 вызначэннем ваен. трыбунала БВА справа «БНЦ» «у крымінальным парадку спынена за адсутнасцю саставу злачынства» і адменены рашэнні асобых нарад пры Мін-ве дзярж. бяспекі СССР і пастановай пазасудовых органаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫпа землеўладанні і землекарыстанні,
сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн.дзес. (78,4%) да 4,1 млн.дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.
Літ.:
Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;
Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,
найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.М.Сазонаў (вып. 1—16), М.М.Мяшчэрскі і М.Л.Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.І.Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал.ч.сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.
Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.М.Пржавальскага і інш.