ПЫ́ПІН (Аляксандр Мікалаевіч) (6.4.1833, г. Саратаў, Расія —9.12.1904),
рускі літаратуразнавец, этнограф, фалькларыст; прадстаўнік культурна-гістарычнай школы. Акад. (1898, з 1891 чл.кар.) Пецярбургскай АМ. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1853). Друкаваўся з 1852. Супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки», «Современник», «Вестник Европы». У маладосці быў пад ідэйным уплывам М.Г.Чарнышэўскага (свайго стрыечнага брата), потым прыхільнік памяркоўна-ліберальных, асветніцкіх поглядаў. Сярод яго прац: «Гісторыя славянскіх літаратур» (з У.Д.Спасовічам, 2-е выд., т. 1—2, 1879—81), «Гісторыя рускай літаратуры» (4-е выд., т. 1—4, 1911—13). У «Гісторыі рускай этнаграфіі» (т. 1—4, 1890—92) у 7 раздзелах 4-га т. ўпершыню ахарактарызаваў і абагульніў найважнейшыя працы па бел. этнаграфіі і фальклоры. Агляд гісторыі бел. этнаграфіі зрабіў у цеснай сувязі з гіст. і культ. развіццём Беларусі; этнагр. навуку і л-ру разглядаў як форму выражэння самасвядомасці народа, сцвярджаў нац. самабытнасць бел. народа, аналізаваў дзейнасць даследчыкаў бел.нар. творчасці, этнографаў П.В.Баброўскага, І.І.Насовіча, Ю.Ф.Крачкоўскага, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш. Працы П. вызначаюцца глыбінёй даследавання праблем, перакананасцю думкі, багаццем фактычнага, у многіх выпадках арыгінальнага матэрыялу.
Літ.:
Сакулин П.Н. А.Н.Пыпин: Его науч. заслуги и обществ. взгляды. М., 1905;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ЎСКІ (Іосіф Майсеевіч) (7.1.1901, г. Арэнбург, Расія — 23.9.1972),
расійскі і бел. рэжысёр, педагог, акцёр. Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1968). Праф. (1968 1939). З 1922 вучыўся ў 2-й студыі Маск. маст.акад.т-ра. З 1925 акцёр, з канца 1930-х г. рэжысёр Маск. маст.акад.т-ра. З 1932 у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (з 1945 заг. кафедры). Выкладаў акцёрскае майстэрства трупе БДТ-3 на курсах у Маскве (1933). Маст. кіраўнік Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Творчасці ўласцівы яснасць рэжысёрскай думкі, завершанасць пастановачнага вырашэння і псіхал. абгрунтаванасць сцэн. існавання персанажаў. Вучань К.Станіслаўскага, развіваў лепшыя традыцыі Маск. маст.акад.т-ра ў галіне рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.Купалы — «Апошнія» М.Горкага (1939, з М.Зоравым, дапрацоўка 1937), «Хто смяецца апошнім» (1939, з Л.Рахленкам), «Мілы чалавек» (1945) К.Крапівы; у т-ры імя Я.Коласа — «Ворагі» М.Горкага (1952). Са спектакляў у Маск. маст.акад. т-ры: «Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага (1938, з Л.Леанідавым), «Афіцэр флоту» А.Крона (1945, з М.Гарчаковым), «Разлом» Б.Лаўранёва (1950, з В.Станіцыным), «Мілы лгун» Дж.Кілці (1962), «Дон Кіхот вядзе бой» В.Карастылёва (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НАЎ (Эльдар Аляксандравіч) (н. 18.11.1927, г. Самара, Расія),
расійскі кінарэжысёр, кінадраматург, пісьменнік. Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1950). Першы маст. фільм — «Карнавальная ноч» (1956). Паставіў камедыі (ад лірычных да вострасатырычных): «Дзяўчына без адраса» (1958), «Гусарская балада» (1962, паводле п’есы А.Гладкова «Даўным-даўно»), «Дайце кнігу скаргаў», (1965), «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Зігзаг удачы» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972), «Незвычайныя прыгоды італьянцаў у Расіі» (1973, з Італіяй), «Іронія лёсу, альбо 3 лёгкай парай!» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1977), «Службовы раман» (паводле п’есы Р. і Э.Брагінскага «Калегі», 1977, Дзярж. прэмія Расіі 1979), «Гараж», «Пра беднага гусара закіньце слова» (абодва 1980), «Вакзал для дваіх» (1983), «Жорсткі раманс» (1984, паводле п’есы А.Астроўскага «Беспасажніца»), «Забытая мелодыя для флейты» (1987), «Дарагая Алена Сяргееўна» (1988), «Нябёсы запаветныя» (1991), «Прадказанне» (1993), «Прывітанне, дуралеі» (1996), «Старыя клячы» (1999), «Ціхія віры» (2000) і інш. Аўтар сцэнарыяў, аповесцей, п’ес (пераважна з Брагінскім), мемуараў, кнігі вершаў і навел-успамінаў «Настальгія» (1999). Некат. яго п’есы ставіліся на Беларусі.
Тв.:
Грустное лицо комедии. М. 1977;
Смешные невеселые истории: Комедии для кино и телевидения. М., 1979 (разам з Э.Брагінскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАРГУЕ́Ў (Павел Андрэевіч) (30.6.1881, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 21.3.1959),
расійскі і бел. мовазнавец і педагог. Правадз.чл. Інбелкульта (1924). Д-рфілал.н. (1941), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), працаваў у ім у 1917—23. У 1918 чытаў курс лекцый па бел. мове ў Бел.нар. ун-це ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» у кн. «Курс беларусазнаўства», 1918—20). У 1938—51 заг. кафедры рус. мовы Навазыбкаўскага пед. ін-та, адначасова ў 1947—48 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. Склаў праект «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Вывучаў бел. гаворкі ў іх гіст. і сучасным стане, гаворкі рус.-бел.-ўкр. памежжа ў іх узаемадзеянні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане», «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты медаль Рус.геагр.т-ва; абедзве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Даследаваў праблемы бел.літ. мовы: артыкулы «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922), «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 3. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́К-МУ́ЗЫКА (ад англ. roc music),
абагульненая назва сукупнасці стыляў і кірункаў сучаснай папулярнай музыкі, першавытокам якой лічыцца рок-н-рол. Сфарміравалася на мяжы 1950—60-х г. у Вялікабрытаніі і ЗША. Да канца 1960-х г. музыка ў выкананні груп «Бітлз», «Ролінг Стоўнз», і інш. часцей называлася біг-бітам. Тэрмін Р.-м. ўвайшоў ва ўжытак з 1-й пал. 1970-х г. пасля з’яўлення шэрагу калектываў, якія выконвалі гучную, жорсткую па рытме, са скажоным электронікай гучаннем інструментаў музыку. Для Р.-м. характэрны непасрэдная падача муз. матэрыялу, жывое гучанне інструментаў з істотным узмацненнем, жорсткімі рытмавымі структурамі, імкненне выказацца адкрыта, найчасцей ад першай асобы. Як правіла, гэта аўтарская творчасць (музыку і тэксты песень звычайна ствараюць удзельнікі калектыву). У канцы 20 ст. ў сувязі з глабальнай камерцыялізацыяй муз. рынку Р.-м. прайшла значную стылявую эвалюцыю ў бок спрашчэння. Найб. вядомыя калектывы Р.-м. — «Машына часу», «Аракс», «ДДТ», «Аліса», «Наўцілус Пампіліус» (Расія), «Анціс» (Літва), «Магнетык бэнд» (Эстонія), «Ляманты Відаплясава» (Украіна). З бел. калектываў Р.-м. найб. значную ролю адыгралі біт-групы «Пані-Брацця»; «Алгарытмы» (канец 1960-х г.), групы «Сузор’е» (1970—80-я г.), «Бонда», «Мроя» (1980-я г.), «Уліс», «Крама» (1980—90-я г.), «Мясцовы час», «N.R.M.», «Нейра Дзюбель» і А.Шадзько і група «Сястра» (1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОМ (Міхаіл Ільіч) (24.1.1901, г. Іркуцк, Расія — 1.11.1971),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1950). Ганаровы чл.-кар.АМ ГДР (1967). Скончыў Вышэйшы дзярж.маст.-тэхн. ін-т (1925). З 1928 навук. супрацоўнік Ін-та метадаў пазашкольнай работы. З 1931 працаваў на кінастудыі «Масфільм». У 1942—47 рэжысёр Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1948 (з перапынкамі) выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1958 праф.). Першая рэжысёрская работа — «Пышка» (паводле Гі дэ Мапасана, 1934). Стварыў дылогіі «Ленін у Кастрычніку» (1937) і «Ленін у 1918 годзе» (1939), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (абодва 1953). Грамадз. пафас, публіцыстычнасць, антыфаш. скіраванасць характэрны для фільмаў «Чалавек №217» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Рускае пытанне» (паводле К.Сіманава, 1947), «Сакрэтная місія» (1950), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956). Маральнасцю, эмац. і інтэлектуальнай афарбоўкай вылучаецца фільм «Дзевяць дзён аднаго года» (1962, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія). Аўтар дакумент. фільма «Звычайны фашызм» (1965, спец. вышэйшы прыз журы Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу, Германія). Аўтар і сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1948, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РННА),
вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР і рус. эмігрантаў, створанае ў пач. 1942 пры групе ням. армій «Цэнтр» у Вял.Айч. вайну. Паводле ням. дакументаў, мела таксама назвы «рускі батальён спец. прызначэння», «падраздзяленне абвера 203», «злучэнне «Граўкопф». Кіраўнік б. эмігрант інж. С.Н.Іваноў. Асн. задачы — барацьба з партызанамі, падрыхтоўка разведчыкаў і дыверсантаў. Камплектаванне РННА вялося ў лагерах ваеннапалонных у Барысаве, Смаленску, Рослаўлі, Вязьме. Дыслацыравалася ў г.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., дзе размяшчаліся вучэбныя лагеры «Масква», «Урал» і «Кіеў». Асобны стралк. батальён, навучанне асабовага складу якога вялося па статутах Чырв. Арміі, быў сфарміраваны ў Шклове (лагер «Волма»). Пасля няўдалых антыпартыз. аперацый восенню 1942 РННА узначалілі б.сав.палк. В.І.Баярскі і брыгадны камісар Г.Н.Жылянкоў (будучы паплечнік ген. А.А.Уласава). Яны імкнуліся стварыць К-т вызвалення Радзімы і Рус.нар. армію. Аднак гітлераўцы на базе РННА арганізавалі т.зв. «брыгаду Баярскага» ў складзе 5 некамплектных усх. батальёнаў і дапаможных структур (усяго каля 4 тыс. байцоў). Пасля цяжкіх паражэнняў пад Вял. Лукамі (Расія) і ад бел. партызан (Мінская вобл.) перафарміравана ў 700-ы ўсх. полк асобага прызначэння. Пасля таго, як да партызан перайшло 130 «народнаармейцаў», злучэнне расфарміравана ў канцы 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАЎЁЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 13.9.1926, в. Солані Лужскага р-на Ленінградскай вобл., Расія),
бел. мастак тэатра, жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысловае вучылішча імя В.Мухінай (1957), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). У 1965—97 мастак-пастаноўшчык, у 1977—95 гал. мастак Бел.т-ра імя Я.Коласа. Аформіў спектаклі «Ветрык, вей!» Я.Райніса (1965), «Клоп» У.Маякоўскага (1968), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1969), «Зацюканы апостал» (1971) і «Таблетку пад язык» (1973) А.Макаёнка, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Званы Віцебска» У.Караткевіча (абодва 1974), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (абодва 1976), «Разгром» паводле А.Фадзеева (1977), «Кастусь Каліноўскі» Караткевіча, «Летась у Чулімску» А.Вампілава (абодва 1978), «Стары дом» А.Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе (1981), «Парог» (1982) і «Радавыя» А.Дударава, «Зінуля» А.Гельмана, «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча (усе 1994), «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1986) і інш. Афармленне вызначалася тонкім адчуваннем эмацыянальнай і духоўнай сутнасці твора і задумы рэжысёра. Аўтар жывапісных цыклаў «Фарбы зямлі» (1974—85), «Русь» (1975—85), «Тэатр» (1977—80), «Космас» (1978—82), графічных твораў і інш.
А.Салаўёў. Эскіз дэкарацыі да спектакля А.Вампілава «Летась у Чулімску». 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦ (Наталля Ільінічна) (27.8.1903, г. Іркуцк, Расія — 18.12.1993),
расійскі рэжысёр, тэатральны дзеяч. Дачка кампазітара І.Саца. Нар.арт.СССР (1975). Герой Сац. Працы (1983). Скончыла муз. тэхнікум імя А.Скрабіна (1917), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1953), з 1984 праф. у ім. У 1918 заг. дзіцячага сектара тэамузсекцыі Массавета. Ініцыятар стварэння першага пастаяннага т-ра для дзяцей (Дзіцячы т-р Массавета, 1918). У 1920—36 дырэктар і маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра для дзяцей (у 1936 Цэнтр. дзіцячы т-р). У 1937—42 рэпрэсіравана. З 1943 у Алма-Аце, дзе стварыла Першы казахскі т-р для дзяцей і юнацтва. З 1958 у Маскве, гал. рэжысёр Усерас. гастрольнага т-ра, заг. дзіцячага аддзела Масэстрады. З 1964 узначальвала першы ў свеце Дзярж. дзіцячы муз.т-р у Маскве (адкрыты ў 1965; цяпер імя С.). Зрабіла вял. ўклад у развіццё дзіцячага т-ра і маст. выхавання дзяцей. Аўтар п’ес, лібрэта дзіцячых опер і балетаў, кніг і артыкулаў па пытаннях муз. выхавання. Дзярж прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДРАКО́Ў (Сяргей Вячаслававіч) (21.10.1876. г. Мглін Бранскай вобл., Расія — 2.8.1953),
бел. вучоны, журналіст. Вучыўся ў Слуцкай і Мінскай гімназіях, скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1906). Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 чл. Мінскага к-таБел.сацыяліст. грамады, рэдактар-выдавец газ. «Голос Белоруссии» (выйшаў 1 нумар 1.1.1906 у Мінску, забаронена царскімі ўладамі), дзе змясціў свой рэв. твор «Казка пра голых і сабаліныя футры», вершы на бел. мове Ф.Багушэвіча і Я.Лучыны Адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва«Мінчук». У 1907—10 у мінскіх газетах друкаваў паліт. казкі. З 1911 дырэктар доследнага поля ў Палтаўскай губ., з 1921 — Бел. агранамічнай станцыі ў Банцараўшчыне, праф.БДУ, БСГА. Працаваў у Інбелкульце (у 1923—25 адказны сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства) і Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З 1931 на навук. і пед. рабоце ў Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбе, Алма-Аце, Карагандзе. Аўтар апавяд. «Аграном Сэрадэля» (1924), навук.-папулярных нарысаў па аграноміі, артыкулаў па краязнаўстве. С. — прататып Кандаковіча ў трылогіі Я.Коласа «На ростанях». Збярог жывапісныя творы К.Каганца «Тып беларуса» і «Зімовы пейзаж». Перапісваўся з У.Караленкам.
Літ.:
Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. №11.