ТАРО́С РАСЛІ́Н,

армянскі мастак-мініяцюрыст 2-й пал. 13 ст.; майстар кілікійскай школы. Працаваў у манастыры Рамкла. Захаваліся 7 падпісаных ім рукапісаў (1256—68), у т. л. т.зв. Малаційскае евангелле (1268). У яго творчасці выявіліся рысы новага для таго часу маст. мыслення, якое характарызавалася дакладнасцю кампазіцыі, яснасцю трактоўкі прасторы, што дасягалася праз элементы прамой перспектывы, багаццем арнаментыкі, вытанчанасцю каларыту, які гарманічна спалучаў яркія плямы лакальнага колеру са складанымі змешанымі тонамі, высакародствам і стрыманасцю вобразнага ладу, жыццёвай пераканаўчасцю поз і характараў персанажаў. Іл. гл. да арт. Кілікійская школа.

т. 15, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУПА́ЕВЫЯ, тупайі (Tupaiidae),

сямейства млекакормячых падатр. паўмалпаў атр. прыматаў. Вядомы з алігацэну Азіі (каля 30 млн. г. назад). 5 родаў, 18 відаў. Пашыраны ў трапічных дажджавых і горных лясах Паўд.-Усх. Азіі, а-вах Малайскага архіпелага. Жывуць у падлеску і на ніжніх галінах дрэў.

Даўж. цела да 25 см, хваста да 22 см, маса да 360 г. Канечнасці кароткія, пярэднія даўжэйшыя за заднія; пяціпальцыя, з кіпцюрамі. Футра густое, мяккае, бурае або карычневае з рознымі адценнямі. Кормяцца раслінамі, насякомымі. Нараджаюць да 4 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Тупаевыя. Тупайя звычайная.

т. 16, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРЭТА́НАВЫЯ ЭЛАСТАМЕ́РЫ, поліурэтанавыя эластамеры,

палімерныя матэрыялы на аснове поліурэтанаў, якія захоўваюць высокаэластычныя ўласцівасці ва ўсім дыяпазоне т-р іх эксплуатацыі. Вызначаюцца выключна высокай зносаўстойлівасцю, масла-, бенза-, атмасфера- і радыяцыйна-ўстойлівыя, газанепранікальныя; тэмпературны дыяпазон эксплуатацыі ад -40 да 140 °C.

Атрымліваюць узаемадзеяннем ды- і поліізацыянатаў (гл. Ізацыянаты) з бі- і поліфункцыян. алігаэфірамі, што маюць канцавыя гідраксільныя групы (напр., узаемадзеяннем талуілендыізацыянату з дыэтыленглікольадыпінатам). Выкарыстоўваюць для вырабу абцасаў і падэшваў для абутку, масіўных шын, дэталей горна-абагачальнага абсталявання, штучнай скуры, ушчыльняльнікаў і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Каўчукі сінтэтычныя.

А.​І.​Валожын.

т. 16, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УХІЛЕ́ННЕ АД УПЛА́ТЫ ПАДА́ТКАЎ,

правапарушэнне супраць парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці дзяржавы. Учыняецца шляхам угойвання ці наўмыснага заніжэння прыбыткаў, даходаў, аб’ектаў падаткаабкладання або шляхам ухілення ад падачы дэкларацыі пра даходы і маёмасць, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйных памерах. У Рэспубліцы Беларусь крымін. адказнасць за такія дзеянні прадугледжана арт. 243 КК: вінаваты ў іх можа быць пазбаўлены права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, прыцягнуты да арышту і абмежаванню свабоды, а ў выключных выпадках асуджаны да доўгатэрміновага пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАДЗЕ́ЕЧАЎ Мікалай Барысавіч (н. 27.1.1933, Масква),

расійскі артыст балета, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). З 1952 саліст, з 1977 балетмайстар-рэпетытар Вял. т-ра ў Маскве, адначасова з 1993 «Акадэміі Рэнесанс балет». Танцу Ф. ўласцівы строгая класічная форма, мяккасць выканальніцкай манеры, скульптурная прыгажосць поз. Сярод партый: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына). Быў партнёрам Г.​Уланавай, М.​Плісецкай, Н.​Цімафеевай і інш. Здымаўся ў кінафільмах, у тэлеэкранізацыі балета «Раймонда» (1973).

т. 16, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁРСТЭР (Foerster) Іосеф Багуслаў (30.12.1859, Прага — 29.5.1951),

чэшскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Чэхаславакіі (1945). Скончыў Арганную школу ў Празе (1882). З 1903 праф. Новай кансерваторыі ў Вене, з 1919 — Пражскай кансерваторыі. У 1931—39 прэзідэнт Чэш. акадэміі навук і мастацтваў. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Ева» (паст. 1899), меладрамы; 5 сімфоній (1888—1929); 2 араторыі; 4 кантаты (1889—1946), у т. л. «1945» (1945); камерна-інстр. ансамблі; рамансы, у т. л. на вершы М.​Лермантава, А.​Пушкіна і інш. Аўтар кніг пра Э.​Грыга, Б.​Сметану, успамінаў.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФІА́Т»,

сям’я аўтамабіляў аднайм. італьян. кампаніі. Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1899, грузавыя — з 1903. Пярэднепрывадныя легкавыя аўтамабілі маюць кузаў хэтчбэк, кабрыялет, седан ці універсал з 2 або 4 дзвярамі, умяшчаюць 4 ці 5 чалавек (мікрааўтобусы — да 8), бензінавы або дызельны рухавік магутнасцю ад 29 да 140 кВт, найб. скорасць да 211 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі малога і сярэдняга класаў (поўная маса да 3,5 т) пераважна з кузавам фургон маюць рухавікі магутнасцю ад 42 да 85,5 кВт.

Да арт. «ФІАТ»: 1 — развазны фургон мадэлі «Дуката»; 2 — легкавы аўтамабіль «Брава».

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫЧ (Frič) Марцін (29.3.1902, Прага — 26.7.1968),

чэхаславацкі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў нац. кінамастацтва. Нар. арт. Чэхаславакіі (1965). Працаваў у т-ры, кіналабараторыі. Першыя фільмы «Патэр Войцех» (1928), «Арганіст сабора св. Віта» (1929). Сярод найб. значных фільмаў: камедыі «Гэй, руп!» (1934), «Свет належыць нам» (1937), «Пекар імператара» (1951), гіст. «Янашык» (1936, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Сцеражыся!» (1947), гіст.-рэв. «Загартаваныя» (1950, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія), біягр. «Тайна крыві» (1953). Зняў таксама фільмы «Рэвізор» (1933), «Белая спражка» (1960), «Людзі з фургонаў» (1966). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1950, 1951.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУРА́Н,

гетэраараматычнае злучэнне, C4H4O. Цыкл Ф. — структурны фрагмент некат. прадуктаў метабалізму раслін.

Бясколерная вадкасць з пахам хлараформу, tкіп 31,3 °C, шчыльн. 937 кг/м³. Добра раствараецца ў арган. растваральніках, мала — у вадзе. Устойлівы да дзеяння шчолачаў, раскладаецца к-тамі і акісляльнікамі з утварэннем нецыклічных алігамераў. На паветры лёгка акісляецца з утварэннем пераксіду. Характэрны рэакцыі электрафільнага замяшчэння: галагеніраванне, нітраванне, сульфіраванне, ацыліраванне і інш. Атрымліваюць Ф. дэкарбаніліраваннем фурфуролу, дэкарбаксіліраваннем піраслізевай к-ты. Выкарыстоўваюць для сінтэзу тэтрагідрафану, піролу, як растваральнік і экстрагент для алеяў і тлушчаў. Таксічны. Іл. гл. да арт. Гетэрацыклічныя злучэнні.

т. 16, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАМІ́РАЎ (сапр. Міхайлаў) Васіль Дзмітрыевіч

(29.3.1876, Масква — 20.6.1956),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. Рэспублікі (1934). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1893). З 1893 артыст, адначасова ў 1913—35 балетмайстар, у 1925—30 заг. балетнай трупы Вял. т-ра ў Маскве. Яго творчасць адметная высокай тэхнікай, строгай манерай выканання; сцвярджаў мужны, гераічны стыль танца. Сярод партый: Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Дэзірэ («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Авас («Саламбо» А.​Арэндса) і інш. Паставіў балет «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (1927, з Л.​Лашчыліным).

т. 17, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)