моцны, звычайна кароткачасовы дождж канвектыўнага паходжання, або шквалісты дождж пры праходжанні халоднага фронту ў цыклонах умераных шырот. Інтэнсіўнасць Л. — колькасць ападкаў за 1 мін. Пры працягласці 5 мін Л. лічаць дождж з сярэдняй інтэнсіўнасцю 0,5 мм/мін, 30 мін — 0,23 мм/міні г.д. У кожным пункце Беларусі ў сярэднім за год бывае 8 Л. Найбольшы адзначаны 6.8.1970 (г. Бабруйск), дзе за 3 гадз 35 мін выпала 128 мм ападкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮНЕ́Т, люнета (франц. lunette літар. лунка) у архітэктуры,
арачны праём у скляпенні або сцяне, гарызантальна абмежаваны знізу. Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У скразных Л. звычайна размяшчаліся вокны; «глухія» Л. ўпрыгожваліся размалёўкай, лепкай, скульптурай. У архітэктуры 1950-х г. іх выкарыстоўвалі ў якасці аконных праёмаў (будынак паліграф. камбіната імя Я.Коласа ў Мінску).
Люнет на галоўным фасадзе будынка паліграфічнага камбіната імя Я.Коласа ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́ЛЬ (ад лац. magistralis галоўны),
1) асноўная, галоўная лінія, напрамак у сістэме якой-небудзь сеткі (трансп., энергет., воднай, тэлефоннай, каналізацыйнай і інш.). Да М. адносяць найважнейшыя чыгункі (напр., Байкала-Амурская магістраль), аўтамагістралі, нафта- і газаправоды, ЛЭП і інш. Высокія тэхн. параметры, асаблівасці інж. ўладкавання і інфраструктуры М. забяспечваюць значныя аб’ёмы трансп. работ, высокія скорасці руху, мінім. затрымкі.
2) Шырокая і прамая гар. вуліца, звычайна з інтэнсіўным рухам транспарту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКВІ́С, макія (ад франц. maquis гушчар, зараснікі),
згуртаванне ксерафітных вечназялёных цвердалістых ці калючых хмызнякоў і невысокіх дрэў (мірт, масліна, сунічнае дрэва, фісташка, ядловец, ладаннік і інш.) у краінах Міжземнамор’я. Трапляецца па схілах гор да выш. 700 м, месцамі стварае густыя цяжкапраходныя зараснікі. Шмат калючых ліян. Як фрыгана і шыбляк, фарміруецца звычайна на месцах высечаных лясоў. Аналагі М. ў Паўн. Амерыцы — чапараль, у Паўд. Амерыцы — эспіналь, у Аўстраліі — скрэб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТО́РНАЕ ПА́ЛІВА,
вадкае ці газападобнае гаручае, якое выкарыстоўваюць у якасці паліва для рухавікоў унутр. згарання (поршневых, рэактыўных, газатурбінных). Атрымліваюць пераважна перапрацоўкай нафты (гл.Бензін, Газа), прыродных і спадарожных газаў (гл.Газы нафтавыя спадарожныя). Звычайна М.п. — сумесь асн. (базавага) паліва з прысадкамі (антыдэтанатарамі, антыаксідантамі, інгібітарамі карозіі і інш.). Выкарыстоўваюць таксама М.п., якое атрымліваюць перапрацоўкай цвёрдых гаручых выкапняў (вугалю, сланцаў, торфу). Гл. таксама Дызельнае паліва, Рэактыўнае паліва, Сінтэтычнае вадкае паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАБАЛІ́ТЫ,
рэчывы, якія ўтвараюцца ў клетках, тканках і органах раслін, жывёл і чалавека ў выніку біяхім. рэакцый у працэсах абмену рэчываў. Утвараюцца пры ўдзеле спецыфічных ферментаў. Удзельнічаюць у працэсах анабалізму і катабалізму. У фізіялогіі і медыцыне да М. звычайна адносяць прадукты ўнутрыклетачнага абмену, падлеглыя канчатковаму разбурэнню і выдаленню з арганізма. Большасць М., якія паступаюць у кроў, удзельнічаюць у гумаральнай рэгуляцыі функцый, ажыццяўляюць уплыў на біяхім. і фізіял. працэсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад мона... + грэч. karpos плод),
расліны, якія цвітуць і пладаносяць раз у жыцці, пасля чаго звычайна адміраюць. Да М.р. адносяць усе адна- і двухгадовыя расліны, са шматгадовых — некат. віды парасонавых, агававых, бамбукаў, пальмаў і інш. Шматгадовыя М.р. на працягу многіх гадоў (напр., 3—10 у парасонавых, 50—60 у агавы) назапашваюць пажыўныя рэчывы, таму кветаносныя парасткі ў іх магутныя і даюць шмат кветак і пладоў. Гл. таксама Полікарпічныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФАСКУЛЬПТУ́РА (ад морфа... + скульптура),
адносна невял. формы рэльефу (яры, лагчыны, марэнныя грады, дзюны, карставыя паглыбленні і інш.), утвораныя пераважна экзагеннымі працэсамі; звычайна з’яўляюцца дэталямі морфаструктуры. Паводле працэсаў акумуляцыі і дэнудацыі адрозніваюць М., абумоўленую дзейнасцю водных патокаў, ледавікоў, ветру і інш. Падзяляецца на сучасную (адлюстроўвае існуючыя морфакліматычныя ўмовы) і рэліктавую, у якой захоўваецца палеазанальнасць. Пры стабільнасці фізіка-геагр. умоў, цыклічнасці іх характару развіваецца спадчынная М. На Беларусі пераважае рэліктавая ледавіковая М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТАЦЫ́ЙНАЯ ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ,
зменлівасць, абумоўленая ўзнікненнем новых генатыпаў, адзін з фактараў эвалюцыі, што забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да змены ўмоў існавання. Звычайна прыводзіць да змены фенатыпу. Адбываецца пад уздзеяннем мутагенаў і з’яўляецца спадчыннай. Адрозніваюць М.з. на генным узроўні (змена структуры малекулы ДНК), храмасомным (перабудова структуры храмасом) і геномным (змены колькасці храмасом). М.з. — аснова практычнай селекцыі пры атрыманні новых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́МА (ад грэч. nomē язва, якая пашыраецца),
форма вільготнай гангрэны, што хутка пашыраецца. Звычайна ўзнікае пры рэзкім аслабленні ахоўных сіл арганізма. Хварэюць пераважна дзеці пасля цяжкіх інфекц. хвароб. Пашкоджвае слізістыя абалонкі поласці рота, тканкі твару, зрэдку — палавыя органы, прамую кішку і інш. Працякае з высокай т-рай цела, язвамі, ацёчнасцю твару, вакол ачага воскападобная зона, якая паступова мярцвее. На месцы язваў фарміруюцца глыбокія рубцы. Лячэнне тэрапеўт., вітаміны.