сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 2,2 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць на травяністых раслінах, ствалах дрэў. На Беларусі 6 відаў, найб. трапляюцца П. вялікі, або слонік-пласкахобатнік (Platyrrhinns resinosus), і П. белаваты, або антрыб плямісты (Anthribus albinus).
Даўж. да 40 мм. Цела валікападобнае, галаватрубка кароткая, шырокая. Вусікі некаленчатыя, нітка- або пацеркападобныя. Ад слонікаў адрозніваюцца наяўнасцю верхняй губы і будовай вусікаў. Дарослыя жукі — драпежнікі (некат. лічынкі таксама), кормяцца шчытоўкамі, яйцамі артазід. Лічынкі кароткія, тоўстыя, белыя, з вял. галавой, кормяцца пераважна мёртвай, гнілой драўнінай лісцевых дрэў, некат. развіваюцца ў пладовых целах грыбоў-губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ДЗЕЛІ (ням. Pudel ад дыялект. pudeln плюхацца ў вадзе),
група пакаёва-службовых старажытных парод сабак. Каля 15 парод, пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваліся ў паляванні на вадаплаўных птушак (адсюль назва), зайцоў, для збору труфеляў.
Вылучаюць П. вялікага, або каралеўскага (выш. ў карку 45—58 см), сярэдняга, або малога (35—45 см), і карлікавага (28—35 см). Маса 6—50 кг. Поўсць доўгая, мяккая, хвалістая або «шнурам», чорная, белая, карычневая, серабрыстая ці абрыкосавая, якую стрыгуць на асобных участках цела. Канстытуцыя моцная, сухая. Галава выцягнутая, вушы звіслыя. Спіна кароткая, лапы сухія, прамыя. Хвост купіруюць. Тып паводзін рухомы, характэрны алюр — галоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КІ-ПУСТЭ́ЛЬНІКІ (Paguridae),
сямейства дзесяціногіх ракападобных тыпу членістаногіх. Каля 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Для аховы мяккага брушка звычайна пасяляюцца ў пустых ракавінах бруханогіх малюскаў, часам у сцёблах бамбуку і інш. Ракавіну носяць з сабою, пры небяспецы цалкам хаваюцца ў яе, а вусце закрываюць клюшняй (адсюль назва). Па меры росту цела мяняюць ракавіну на больш умяшчальную. Шырока вядомы сімбіёз Р.-п. з актыніямі і інш. каралавымі паліпамі, некат. многашчацінкавымі чарвямі.
Даўж. да 17 см. Брушка пазбаўлена цвёрдага покрыва; часта сустракаецца асіметрыя клюшняў і брушка; некат. канечнасці часам недаразвітыя. Кормяцца водарасцямі, бентасам, дэтрытам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭХАЛО́Т (ад рэха + лот),
гідраакустычная прылада для вымярэння глыбіні вадаёма ці глыбіні апускання ў ваду якіх-н. цел. Дзеянне Р. заснавана на вымярэнні часу праходжання ультрагуку ад днішча судна, дзе знаходзяцца выпрамяняльнік і прыёмнік сігналаў, да дна (цела) і назад. Выкарыстоўваюць у суднаходстве, рыбалоўстве і інш. Таксама Р. — прылада для вымярэння глыбіні ўзроўню ў буравой свідравіне, па якім вызначаецца ціск на забой слупа вадкасці. Засн. на вымярэнні часу праходжання гуку ад вусця свідравіны да ўзроўню вадкасці і назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬПУ́ГІ, біхоркі,
фалангі (Solifugae),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. Каля 10 сям., да 30 родаў, каля 800 відаў. Найб. пашыраны ў тропіках і субтропіках (акрамя Аўстраліі і астравоў Ціхага ак.). Жывуць у норах, пад камянямі. Большасць відаў актыўныя ўначы; вельмі рухавыя.
Даўж. да 7 см Афарбоўка бура-жоўтая, радзей стракатая або цёмная. На галавагрудзях 2 пары вачэй (бакавыя недаразвітыя). Галавагрудзі расчлянёны на пярэдні аддзел і сегменты 3 задніх пар канечнасцей. Канечнасцей 6 пар, у т. л. буйныя клюшнепадобныя хеліцэры. Масіўнае брушка мае 10 сегментаў. Цела і канечнасці густа ўкрыты валаскамі і шчацінкамі. Дыхаюць трахеямі. Драпежнікі. Раздзельнаполыя, адкладваюць яйцы; развіццё без метамарфозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САП,
вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека са з’явамі інтаксікацыі і ўтварэннем спецыфічных гранулём. Узбуджальнік — палачкападобная бактэрыя псеўдамонас хворых жывёл (коні, аслы, мулы і інш.). Чалавек часцей заражаецца ад хворых на С. коней праз пашкоджаныя скуру, слізістыя абалонкі. С. бывае востры і хранічны. На месцы пранікнення ўтвараецца чырвона-барвовая папула, потым пухірок (пустула), які разбураецца з утварэннем язвы. Прыкметы С.: высокая т-рацела (да 40,5 °C), галаўны і мышачны боль, прыпухласць у вобласці суставаў, на скуры множныя вузельчыкі і папулы. Абсцэсы ўтвараюцца таксама ў мышцах (асабліва ікраножных), лёгкіх, печані, селязёнцы, суставах, касцях з далейшым фарміраваннем свішчоў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Хворых жывёл знішчаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РНАВЫ ДАЎГАНО́СІК (Sitophilus granarius),
жук сям. даўганосікаў. Шкоднік зерня (асабліва жыта, пшаніцы, рысу, ячменю) і збожжапрадуктаў, пераносчык мікраарганізмаў (фузарыума, бульбяной палачкі), якія выклікаюць самаўзгаранне і псаванне збожжавых запасаў. Пашыраны паўсюдна.
Целадаўж. 2,3—3,5 мм, бліскучае, цёмна-карычневае ці чорнае, з чырв.-бурымі нагамі і вусікамі. Не здольны да палёту (заднія крылы недаразвітыя). Самкі адкладваюць яйцы ў зерне. Лічынка даўж. да 3 мм, жаўтаватая, белая, бязногая, з карычневай галавой; развіваецца ў зерні, выгрызае большую яго ч. і там акукліваецца.
Свірнавы даўганосік: 1 — імага; 2 — яйцо, адкладзенае ў зерне; 3 — лічынка ў зерні; 4 — кукалка; 5 — знешні выгляд лічынкі; 6 — зерне, пашкоджанае жукамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЯДЦАПАДО́БНЫЯ (Clupeiformes),
атрад касцістых рыб. Вядомыя з верхняюрскага, шматлікія з верхнемелавога перыяду. 3 сям.: селядцовыя, анчоусавыя (Engraulidae), дарабавыя (Chirocentridae); каля 70 родаў, 300 відаў. Пашыраны ў трапічных, умераных і зрэдку ў халодных марскіх водах; некат. жывуць у прэсных водах або заходзяць у рэкі на нераст. Чародныя пелагічныя рыбы.
Даўж. 5—75 см (дараб да 3,7 м), маса (акрамя дараба) ад некалькіх грамаў да 4 кг. Цела серабрыстае, сціснутае з бакоў, укрытае цыклоіднай луской. Спінны плаўнік 1, брушныя плаўнікі маюць 6—8 прамянёў. Адкрытапузырныя, плавальны пузыр злучаецца каналам са страваводам і мае адросткі. Добра развіты сейсмасенсорныя каналы на жабравай накрыўцы. Кормяцца планктонам (дараб — драпежнік). Многія С. аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВАГРА́К, сіваваронка (Coracias),
род птушак сям. сіваваронкавых атр. ракшападобных. 8 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. Жывуць у лесастэпах, лясах, на ўзлесках, каля высечак, у парках і гаях, саваннах, на акультураных землях. На Беларусі 1 від — С. звычайны, або ракша (C. garrulus), нар. назвы краска, сінюга; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела С. звычайнага да 35 см, маса да 190 г. Апярэнне зеленавата-блакітнае з яркім адлівам. На крылах і хвасце ёсць цёмна-сінія ўчасткі. Спіна рыжавата-карычневая. Сярэдняя пара пёраў хваста цёмна-бурая з ліловым напылам. Дзюба моцная, крыху кручкаватая. Корміцца буйнымі жукамі, прамакрылымі, радзей дробнымі пазваночнымі. Нясе 4—6 яец. Зімуе ў Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ПЫ (Gyps),
род птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных, або драпежных. 4 віды. Найб. пашыраны: С. белагаловы (G. fulvus), трапляецца ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі; кумай, або грыф снежны, ці гімалайскі (G. himalayensis), жыве ў высакагорных раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Афрыканскі ягнятнік (G. coprotheres) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 150 см, маса да 12 кг. Апярэнне ад цёмна-бурага да пясчана-жоўтага. Галава і шыя без пер’яў, укрытая белаватым або шэрым пухам. Дзюба доўгая, моцная. Патурбаваныя птушкі выдаюць доўгае сіпенне (адсюль назва). Кормяцца падлай. У кладцы 1 (зрэдку 2) яйцо.
Сіпы: 1 — белагаловы; 2 — кумай, або грыф снежны. ці гімалайскі.