ЗАМО́К (замковы камень) у архітэктуры, камень ці цагліна (звычайна клінападобныя) у вяршыні аркі або скляпення. Дэкар. З. часам упрыгожвалі цэнтр. ч. плоскай перамычкі над аконным праёмам (будынак б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі) або парталам. У бел. архітэктуры найб. шырока выкарыстоўваліся ў стылях класіцызму, неакласіцызму, мадэрн, у архітэктуры 1950-х г. З. часта аздаблялі арнаментам, арх. дэталямі (мадульёнамі і інш.), скульптурай.

Замок у афармленні акна будынка былой мужчынскай гімназіі ў Гомелі.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫБ,

хвалі на паверхні акіянаў і мораў, якія ўтвараюцца з ветравых хваль пасля поўнага спынення ветру ці ў выніку выхаду апошніх з раёна іх узнікнення ў вобласць, дзе ветру няма. Хвалі З. звычайна даўжэйшыя за ветравыя (даўж. да 300—400 м, выш. да 10—15 м, перыяд да 17—20 с) і больш рэгулярныя (правільныя). З. пры бязветранасці з хвалямі правільнай формы і малой стромкасці называюць мёртвым З.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДУ́ШКА,

бандарная, радзей выдзеўбаная пасудзіна розных памераў у форме ўсечанага конуса, звужаная кверху (звычайна без вушак). Выкарыстоўвалася для захоўвання прадуктаў — квашанай капусты і буракоў, салёных агуркоў, грыбоў, соку, квасу і інш. К. вял. памераў — кадзі (1,5—1,6 м у вышыню), выкарыстоўваліся для захоўвання збожжа, мукі. Часам іх замацоўвалі на гліняным падмурку ў свірнах і клецях. Пашыраны ў хатнім побыце са стараж. часоў і захаваліся да нашага часу.

Кадушка.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯ́ГА,

1) карыта, выдзеўбанае з доўгай калоды дрэва, прызначанае для вадапою свойскай жывёлы.

2) Човен у выглядзе карыта, выдзеўбаны з тоўстага камля або ствала дуба (радзей з хвоі або асіны). Адзін з старадаўніх водных трансп. сродкаў на Беларусі, якім карысталіся сяляне. Для ўстойлівасці на плаву да К. на ўзроўні воднай паверхні па баках звычайна мацавалі драўляныя брусы ці пласціны (крылы). Часам К., звязаныя парамі, трымалі на сабе паром.

т. 7, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСА́К (Vulpes corsae),

млекакормячае роду лісоў сям. сабачых. Пашыраны ў стэпах і пустынях Еўразіі. Жыве ў норах.

Падобны на звычайнага ліса, але драбнейшы. Даўж. цела да 60 см, хваста да 35 см, выш. ў карку каля 30 см. Морда вострая, вушы вялікія. Афарбоўка рыжавата-шэрая, канец хваста цёмны. Манагам. Нараджае ад 2 да 16, звычайна 3—6 лісянят. Драпежнік, корміцца дробнымі грызунамі, птушкамі, паўзунамі, насякомымі. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Карсак.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЁЛ,

устройства для атрымання пад ціскам пары (паравы кацёл) або гарачай вады ў выніку спальвання цвёрдага, вадкага, газападобнага паліва, выкарыстання эл. энергіі, цеплыні адыходных газаў ці тэхнал. працэсу. К., які не мае ўласнай топкі і абаграваецца адыходнымі газамі якой-н. прамысл. або энергет. устаноўкі, наз. К.-утылізатарам. Звычайна ў К. уваходзяць топка, параўтваральныя паверхні, параперагравальнік, вадзяны эканамайзер, паветрападагравальнік, каркас, абмуроўка, цеплавая ізаляцыя, абшыўка. Разам з разнастайным дапаможным абсталяваннем складае кацельную ўстаноўку.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬВА́ТЭРНАЯ КАЛО́НА,

строй караблёў (суднаў), пры якім яны ідуць адзін за адным у адной лініі на ўстаноўленай паміж імі адлегласці. Выкарыстоўваецца пры плаванні па фарватэрах, праз мінныя загароды і інш. Трансп. судны ў гады 1-й і 2-й сусв. войнаў звычайна станавіліся ў некалькі паралельных К.к. У эпоху паруснага флоту К.к. была асн. баявым парадкам злучэння караблёў і наз. лініяй баталіі, а тактыка іх дзеяння — лінейнай тактыкай.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КСАВАЯ ПЕЧ,

агрэгат для ператварэння каксаваннем каменнага вугалю ў кокс. Складаецца з камеры каксавання і ацяпляльных прасценкаў, у якіх спальваецца газ. Звычайна К.п. аб’ядноўваюць у батарэі (па 61—77 печаў) з агульнай сістэмай падводу газу і адводу лятучых рэчываў, падачы вугалю і інш. Для падагрэву паветра і газу К.п. абсталёўваюцца рэгенератарамі.

Батарэя коксавых печаў: 1 — камера каксавання; 2 — коксавыштурхвальнік; 3 — рэгенератар; 4 — кокс; 5 — газаправод; 6 — гасільны вагон.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНШТЭ́ЙН (ням. Kragstein) у архітэктуры, выступ у сцяне, часта прафіляваны (з дэкар. завіткамі або інш. ўпрыгожаннямі), які падтрымлівае карнізы, балконы і інш. У бел. архітэктуры пашыраны з 18 ст. Драўляныя К. ствараліся паступовым павелічэннем выпуску астатку знізу ўверх або ў выглядзе трохвугольных кансолей. Мураваныя К. звычайна маюць прафілёўку, аздабляюцца ляпнымі дэталямі. Металічныя К. — ажурнае ліццё з расл. арнаментыкай і маст. коўкай — характэрны для стылю мадэрн. Разнавіднасць К. — мадульён.

Кранштэйны.

т. 8, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛЕГІДРА́ТЫ,

крышталічныя рэчывы, якія маюць у сваім саставе малекулы вады; цвёрдыя гідраты пэўнага саставу (гл. Гідратацыя). Ваду, што ўваходзіць у К., наз. крышталізацыйнай. Звычайна К. ўтвараюцца пры крышталізацыі хім. злучэнняў з водных раствораў. Вядомыя для многіх рэчываў, асабліва солей (напр., CuSO4∙5H2O медны купарвас, CaSO4∙2H2O гіпс, Na2SO4∙10H2O мірабіліт, KAl(SO4)2∙12H2O алюмакаліевы галын). Пры дэгідратацыі многія К. солей ператвараюцца ў ніжэйшыя К. ці бязводныя солі.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)