разго́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разганяць — разагнаць (у 1, 3 і 4 знач.).

2. Рух з паступова нарастаючай скорасцю; скорасць, набытая кім‑, чым‑н. у выніку такога руху; разбег. Узяўшы добры разгон, Якаў неўзабаве пачаў даганяць уцекача. Кулакоўскі. Конь закусіў цуглі, выцягнуў галаву і ляцеў стралой, набіраючы ўсё большы разгон. Машара.

3. Адлегласць ад аднаго пункта прасторы да другога. Ад Верхаянска да Алтая Які разгон, якая шыр! Тут для жыцця ўсяго хапае, О, наша матухна Сібір! Непачаловіч. // Разм. Не занятая нічым прастора; прастор. Бачу і чытаю іншыя скрыжалі — Credo нашых дзён: Вольныя пуціны, сонечныя далі, Без канца разгон. Колас.

4. перан. Шырыня, размах у дзеяннях, дзейнасці. Гаспадарка выйшла на добрую дарогу і набірала ўсё большы і большы разгон. Дуброўскі. [Антон Пятровіч:] — Ідзі да нас [на завод]. Там, брат, разгон! Ого-го, які разгон!.. Ваданосаў.

5. Разм. Строгая вымова; разнос, праборка. Даць разгон.

•••

З разгону — моцна разагнаўшыся, набраўшы скорасць.

У разгон — у роскідку (араць).

У разгоне (у знач. вык.) — пра тых, хто разасланы, адасланы куды‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́дка ​1, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Тое, што і лакрыца.

сало́дка ​2,

1. Прысл. да салодкі. — Дужа, дужа рады бачыць вас [Лабановіча] ў нашым асяроддзі, — салодка прамовіў Ясь: — Фактычна я знаёмы з вамі, завочна. Колас. У Алёшкі салодка зашчымела сэрца: прыгадалася, што даўно ўжо трымаў у руках гармонік. Кухараў. А пад грушай у калысцы Спіць салодка немаўля. Прыходзька.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне салодкага смаку. У роце салодка.

3. безас. у знач. вык. Пра матэрыяльны дастатак, духоўнае задавальненне. — А мне, ты думаеш, салодка? Ды справа проста і каротка: Не будзеш ты з ляснічым спорыць, Рабі вось тое, што гаворыць. Колас. // (звычайна з адмоўем «не»). Пра шчасце, дабрабыт, якія пануюць дзе‑н. — Не салодка тут жывецца, — адказаў Сідар Нікіфаравіч. — Але ж некаму трэба і гэты вугал займаць. На жаль, яшчэ не хапае на ўсіх камфартабельных кватэр. Аляхновіч.

4. безас. у знач. вык. Пра прыемныя адчуванні, зведаныя кім‑н. Трывожна мне. Але й салодка мне! Я сэнсам напаўняю кожны рух, Агонь вачэй І палахлівасць рук. Тармола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прыпынак, часовае знаходжанне дзе‑н. на шляху руху, у паходзе і пад. Дастаткова сказаць, што стаянкі ля [святлафораў] скараціліся на 25 працэнтаў. Жычка. // Месца прыпынку, часовага знаходжання, жыхарства каго‑, чаго‑н. Стаянка зімоўшчыкаў. □ У адзін з панядзелкаў група .. [Людмілы], цяпер ужо дзесяцікласнікаў, адпраўлялася ў паход да Белага возера, месца былой партызанскай стаянкі, за сорак пяць кіламетраў ад Парэчча. Радкевіч.

2. Стаянне транспарту ў перапынках паміж яго работай. Цягнік стаяў у ляску. Каляда не разлічваў на стаянку і нагнаў шмат пары. Гурскі. Рух паступальны — поспеху залог, Таму і забаронены стаянкі На скрыжаванні вуліц і дарог. Жычка. // Месца, дзе стаіць транспарт, чакаючы пасажыраў. Стаянка таксі. □ Спыніўшыся,.. [«Масквіч»] даў задні ход і, падруліўшы да стаянкі аўтамашын, лоўка прыстроіўся ў іх шарэнгу. Рамановіч.

3. Месца пасялення людзей каменнага веку. У 1929 годзе стаянка была абследавана мінскім археолагам Палікарповічам. В. Вольскі. Пры раскопках земляных умацаванняў... археолагі знайшлі сляды стаянак першабытных людзей і .. ганчарныя печы, якімі карысталіся некалькі тысяч гадоў назад. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Прыводзіць у хістальны рух; ківаць з боку ў бок. Парывісты моцны вецер хістаў і згінаў вяршаліны дрэў, шкуматаў густую лістоту. Бяганская. Хістае вецер спелае палессе, І хваля хвалю гоніць — не кране. Тарас. // безас. Кідаць з боку ў бок (пры хваробе, стомленасці і пад.). Ад стомы яе [Надзю] хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга. Бураўкін. Ледзь дачакалася [Ніна] раніцы. Трэба ісці на работу, а галава як волавам налітая, хістае ў бакі. Лобан. // Ківаючы, рабіць хісткім; расхістваць. Маладая дужая рука хістала крыж. Пташнікаў.

2. чым. Рабіць хістальныя рухі чым‑н. На голых, спаленых дзялянках Хвоі хістаюць задымленым веццем. Куляшоў. Бор наш сумнай хістаў галавой. Броўка.

3. перан.; што. Рабіць няўстойлівым; падрываць. Хістаць аўтарытэт. □ Моладзь несла вялікія страты заўжды — Ад асілкаў з далёкіх паданняў, былін, Што мячом і шчытом нашых продкаў былі, Да паўстанцаў, што трон самаўладдзя хісталі І свой лёс — на падбрэхічаў лёс не змянялі. Грачанікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АСІ́РЫЯ,

старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал. руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.

У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконваць вайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв. барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.

Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт. Вавілона-Асірыйская культура.

Да арт. Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),

1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).

2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).

3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).

4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар. эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл. Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).

Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),

лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш. Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).

Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.​Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.​М.​Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.​П.​Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв. рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.

Літ.:

Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;

Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.

Верталёты: В-12 (зверху) і баявы Ка-50.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.​В.​Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.​Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.​Пушкіна, І.​Крылова, М.​Някрасава, А.​К.​Талстога, А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Я.​Каспровіча, І.​Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.​Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ. Мн., 1958. [Вып.] 1;

Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;

Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.

Р.​М.​Семашкевіч.

Адам Гурыновіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЛАКА́ЦЫІ ў крышталях,

трансляцыйныя лінейныя дэфекты ў крышталях; лініі, уздоўж і паблізу якіх парушана рэгулярнае размяшчэнне атамных плоскасцей. Могуць выходзіць на паверхню, замыкацца (утвараць дыслакацыйную пятлю), разгаліноўвацца, не абрываюцца ўнутры крышталя. Сярэдняя колькасць ліній Д., што праходзяць праз сячэнне адзінкавай плошчы, вызначае дыслакацыйную шчыльнасць.

У простай кубічнай рашотцы бываюць 2 тыпы Д. — краявая і вінтавая; у больш складаных структурах паміж гэтымі гранічнымі тыпамі могуць існаваць прамежкавыя (напр., у рашотцы алмазу бывае 10 тыпаў Д.). Краявыя Д. — лініі, уздоўж якіх унутры крышталя абрываецца край лішняй атамнай паўплоскасці. Вінтавыя Д. ўтвараюцца ў выніку зруху на перыяд рашоткі адной часткі крышталя адносна другой уздоўж некаторай атамнай паўплоскасці паралельна яе краю. Пры абходзе вакол лініі Д. па вузлах рашоткі ўзнікае незамкнёнасць контуру, якая характарызуецца вектарам Бюргерса b→. Даўжыня вектара b→ роўная аднаму з трансляцыйных перыядаў рашоткі, а напрамак залежыць ад напрамку абходу контуру. Для краявой Д. вектар датычнай L да яе лініі і вектар b→ перпендыкулярныя, для вінтавой — паралельныя. Існуюць 2 спосабы перамяшчэння Д. па крышталі: слізганне (абумоўлена разрывам і перазлучэннем міжатамных сувязей уздоўж лініі Д.) і перапаўзанне (атамная рэканструкцыя краю лішняй паўплоскасці). У рэальных крышталях Д. — ломаныя лініі, якія складаюцца з участкаў (сегментаў) розных тыпаў. Пры збліжэнні двух Д. аднатыпныя сегменты 3 паралельнымі вектарамі Бюргерса адштурхоўваюцца, а з антыпаралельнымі — прыцягваюцца, і адбываецца «анігіляцыя» сегментаў. Узнікненне Д. абумоўлена пластычнай дэфармацыяй крышталя ў працэсе яго росту або далейшых тэрмаапрацовак. Д. ў крышталі знаходзіцца ў полі пругкіх напружанняў. Пры павелічэнні пластычнай дэфармацыі расце колькасць Д., іх палі перакрываюцца і слізганне ўскладняецца (дэфармацыйнае ўмацаванне). Рух і ўзаемадзеянне Д. вызначаюць змяненне формы крышталя і яго ўласцівасцей. У кавалентных крышталях (германій, крэмній, алмаз) Д. маюць абарваныя хім. сувязі; кожная разарваная (ненасычаная) сувязь можа выступаць як цэнтр захопу электрона. У кавалентных і іонных крышталях Д. праяўляюць сябе ў фотапругкасці, люмінесцэнцыі, анізатрапіі электраправоднасці і інш. Акрамя Д. у крышталях бываюць ратацыйныя лінейныя дэфекты — дысклінацыі (парушэнні сіметрыі напрамкаў).

Літ.:

Судзуки Т., Ёсинага Х., Такеути С. Динамика дислокаций и пластичность: Пер. с яп. М., 1989;

Дроздов Н.А., Патрин А.А., Ткачев В.Д. Рекомбинационное излучение на дислокациях в кремнии // Письма в Журн. экспер. и теорет. физики. 1976. Т. 23, № 11.

М.​А.​Драздоў, М.​А.​Паклонскі.

Дыслакацыі: 1 — краявая; 2 — вінтавая.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛО́НІЯ (ісп. Cataluña. каталонскае Catalunya),

гістарычная і аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі. Пл. 32 тыс. км². Нас. 6 млн. чал. (1991), пераважна каталонцы. Уключае правінцыі: Барселона, Жэрона, Лерыда, Тарагона. Адм., эканам., культ. цэнтр і гал. порт — г. Барселона. Большая ч. тэрыторыі занята Каталонскімі гарамі (выш. да 1712 м), на Пн — Пірэнеі, уздоўж Міжземнага м. — вузкая паласа прыморскай раўніны. Клімат міжземнаморскі. Найб. рэкі Эбра з прытокам Сегрэ і Льёбрэгат. Захаваліся ўчасткі маквісу, дубовых і хваёвых лясоў. К. — адзін з асн. прамысл. раёнаў Іспаніі, на які прыпадае каля 1/3 валавога кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны. Каля 80% усіх занятых у прам-сці — у Барселоне, у зоне яе прамысл. прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. Гал. галіны прам-сці: металаапрацоўка і машынабудаванне (асабліва транспартнае), тэкст., хім., а таксама электратэхн., паліграф., нафтаперапр., харчовая. Працуюць ГЭС на горных рэках. АЭС. Апрацоўваецца каля 35% тэрыторыі, у т. л. палавіна яе пад садамі (аліўкі, яблыкі, грушы) і вінаграднікамі, палавіна — пад збожжавымі (пшаніца, кукуруза, рыс), бульбай, агароднінай. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Раён развітога турызму, асабліва ўзбярэжжа (Коста-Брава, Коста-Дарада).

У старажытнасці заселена іберамі, якія падтрымлівалі гандл. сувязі з фінікійцамі, пазней — з Карфагенам. З канца 3 ст. да н. э. пад уладай Стараж. Рыма. У час Вялікага перасялення народаў занята аланамі (409), вестготамі (415). У 711 паўд. частку К. заваявалі арабы. У 785—801 ператворана Карлам Вялікім у бастыён барацьбы супраць арабаў, у 9—10 ст. адасобілася ад франкскіх каралёў (наз. Ісп. марка). У 1137 Барселонскае графства праз дынастычны шлюб аб’яднана з каралеўствам Арагон. У 1479—1516 каталонска-арагонская дзяржава аб’яднана з Кастыліяй. У вайну за іспанскую спадчыну скасаваны (1714) каталонскія вольнасці і самаст. паліт. ін-ты, што існавалі з сярэдневякоўя. З 19 ст. актывізаваўся нац.-культ. і паліт. рух каталонцаў. У пач. іспанскай рэвалюцыі 1931—39 К. атрымала статус аўтаноміі (25.9.1932). Пасля абвяшчэння незалежнасці К. (кастр. 1934) яе аўтаномія прыпынена ўрадам Ісп. рэспублікі (снеж. 1934 — люты 1936). На апошнім этапе рэвалюцыі (1936—39) каталонцы падтрымлівалі ісп. рэспубліканцаў; пасля перамогі антырэсп. сіл на чале з ген. Ф.​Франка аўт. статус К. скасаваны (5.4.1939). У час дыктатуры Франка каталіцкая царква ў 1965 ураўнавала каталанскую мову з іспанскай у набажэнстве. У 1975 ісп. ўрад надаў каталанскай мове статус мовы выкладання, а К. — аўтаномію (са снеж. 1979 пасля плебісцыту).

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)