ГАБАШВІ́ЛІ (Георгій) (Гіга) Іванавіч (21.11.1862, Тбілісі — 28.10.1936),
грузінскі жывапісец. Нар. мастак Грузіі (1929). Вучыўся ў Пецярбургскай (1886—88) і Мюнхенскай (1894—97) АМ. Адзін з заснавальнікаў і праф. Тбіліскай АМ (1922—30). Аўтар больш як 200 твораў пераважна бытавога («Трое гараджан», 1893; «Хеўсур у сне», 1898, і інш.) і батальнага («Абарона Ахоты», 1901, і інш.) жанраў, а таксама партрэтаў (І.Чаўчавадзе, Н.Нікаладзе, дэ Роза і інш.), пейзажаў, нацюрмортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВА́НІ ((Galvani) Луіджы) (9.9.1737, г. Балоння, Італія — 4.12.1798),
італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскі ун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
рускі нар. мастацкі промысел. Існуе ў раёне г. Гарадзец Ніжагародскай вобл. з сярэдзіны 19 ст., калі замяніла мясц.вытв-сць калаўротаў з інкрустацыяй і разьбой (існавала з 18 ст.). У 1936 засн. арцель, з 1960 ф-та «Гарадзецкая размалёўка», якая вырабляе сувеніры, цацкі. Гарадзецкая размалёўка (жанравыя сцэнкі, фігуры коней, пеўняў, кветкавыя ўзоры) яркая, лаканічная, выконваецца тэмперай, характэрны свабодны мазок з белай і чорнай графічнай абводкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НІНАЎ (Павел Фёдаравіч) (1796, г. Магілёў — 21.10.1865),
рускі батанік-сістэматык, урач. Д-р медыцыны (1824), праф. (1832). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1820), выкладаў у ёй з 1825. Выказаў ідэю адзінства развіцця свету. Разглядаў сістэматыку раслін і жывёл у сувязі з іх эвалюцыяй. Стварыў арыгінальную сістэму развіцця расліннага і жывёльнага свету. Аўтар першай у Расіі працы па тэхн. мікалогіі: «Грыбы, цвілі і пылавікі ў медыка-паліцэйскіх і іншых адносінах» (1848).
Літ.:
Русские ботаники: Биографо-библиогр. словарь. Т. 3. М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК (Любоў Мікалаеўна) (н. 16.3.1941, в. Хацяноўшчына Мінскага р-на),
бел. літаратуразнавец. Скончыла БДУ (1964). Канд.філал.н. (1973). Працавала настаўніцай, з 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Выступае ў друку па пытаннях сучаснага літ. працэсу, з артыкуламі, прысвечанымі творчасці П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, А.Пысіна, Р.Барадуліна. Аўтар манаграфій «Аляксей Пысін» (1981), «Зямля бацькоў дала мне права» (1983), «Сатыры слова гнеўнае» (1989), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996; з Т.К.Грамадчанка і А.С.Гурскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1650—1754 пры езуіцкай калегіі ў Гродне. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах. Захаваліся звесткі пра 26 пастановак т-ра. Аўтарамі іх былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі. Яны выкарыстоўвалі сюжэты са свяшчэннага пісання, агіяграфій, ант. міфалогіі і гісторыі. Большасць драм суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Найб. актыўна т-р дзейнічаў у 1711—28, калі былі пастаўлены 17 лац. п’ес і польская драма «Альтэка мудрасці» (1720).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 133—135, 142.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЯВІ́ЦКІ (Ігнат Яўхімавіч) (жн. 1855, паводле інш. звестак восень 1856, в. Калінаўка Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.3.1881),
рэвалюцыянер-нарадаволец. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1875—80). З 1879 чл. партыі «Народная воля», адзін з заснавальнікаў яе бел. фракцыі ў Пецярбургу і нарадавольскай «Рабочей газеты». Паводле рашэння выканкома «Народнай волі» ўваходзіў у групу, якая рыхтавала замах на цара. 13.3.1881 кінутай бомбай забіў цара Аляксандра II і смяротна параніў сябе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЭСК»,
жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.
Літ.:
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СНІК ((Husnik) Якуб) (29.3.1837, Вейпрніцы, каля г. Пльзень, Чэхія — 26.3.1916),
чэшскі вучоны і вынаходнік у галіне фотамех. спосабаў рэпрадукавання. Працаваў у галіне геліяграфіі, фоталітаграфіі, фотацынкаграфіі. Прапанаваў рэпрадукцыйную эмульсію з фторыстым серабром, клішэ на слаях з жэлаціны і хлорнага жалеза (для высокага друку). Вынайшаў (1865—68) адзін з маст. спосабаў рэпрадукавання — фотатыпію. Аўтар манаграфій «Агульная галіна фотатыпіі» (1877, 3-е выд. 1885), «Геліяграфія» (1888) і інш. Вядомы таксама як жывапісец-партрэтыст.
Літ.:
Немировский Е. Выдающийся чешский фототехник // Сов. фото. 1957. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮРДЖА́Н (Акоп Маркаравіч) (17.12.1881, г. Шуша, Нагорны Карабах — 28.12.1948),
армянскі скульптар. Вучыўся ў маст. акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906—10), наведваў майстэрню А.Радэна. Працаваў у Маскве (з 1914), Парыжы (з 1921). Адметнае ў творчасці Гюрджана — своеасаблівае спалучэнне рыс стараж. мастацтва Усходу і тагачасных зах.-еўрап. плыней. Аўтар партрэтаў М.Горкага (1914), С.Рахманінава (1915), М.Сар’яна (1927), статуі «Саламея» (1925), помніка Л.Талстому ў Парыжы (устаноўлены ў 1955), надмагілляў.