КІСЛАВО́ДСК,

горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у перадгор’ях В. Каўказа на выш. 720—1060 м, бальнеакліматычны курорт у групе Каўказскіх Мінеральных Вод. Гал. прыродныя лек. фактары — мінер. крыніцы (нарзаны), клімат, глеевыя гразі. Асн. профіль — кардыялагічны; лечаць таксама хваробы органаў дыхання, нервовыя, абмену рэчываў, у т. л. ў дзяцей і падлеткаў. Узнік з ваеннага ўмацавання і станіцы (засн. ў 1803), горад з 1830. 124,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. з-д па разліве мінер. вады «Нарзан»), лёгкай, мэблевай прам-сці. Санаторыі, пансіянаты, турбаза. Маст. музей М.​А.​Ярашэнкі, Лермантаўскія мясціны, помнікі прыроды.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦА,

вадасховішча каля паўн.зах. ускраіны Мінска, у межах курорта Ждановічы; уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Створана ў 1975. Пл. 1,3 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 4 м, аб’ём вады 2,96 млн. м³. Пераважаюць нізкія пясчаныя берагі, якія плаўна зліваюцца са схіламі. 2 астравы (агульная пл. 0,12 км²). Дно выслана пяском і глеем. Замярзае ў пачатку снежня, лёд (таўшчыня 50—55 см) трымаецца да канца красавіка. Зарастае 4% плошчы. Выкарыстоўваецца для воднага добраўпарадкавання горада. На беразе К. санаторыі, базы і лагеры адпачынку.

Г.​С.​Жукоўская.

Вадасховішча Крыніца.

т. 8, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ША,

рака ў Ашмянскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Ашмянкі (бас. р. Вілія). Даўж. 55 км. Пл. вадазбору 455 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Ваўкоўшчына Ашмянскага р-на. У вярхоўі цячэ на паўн. схілах Ашмянскага ўзвышша. Асноўны прыток — р. Кавалёўка. Даліна да в. Лоша невыразная, ніжэй трапецападобная, яе шыр. 200—300 м. Пойма двухбаковая, пераважная шыр. 100—150 м. Рэчышча на працягу 12 км ад вытоку каналізаванае. Берагі стромкія, у вярхоўі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,9 м³/с. Ёсць сажалка, на У ад яе Янаўскае вадасховішча.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУА́РА (Loire),

самая доўгая рака Францыі. Даўж. 1012 км, пл. басейна 115 тыс. км². Вытокі ў гарах Севены, цячэ па Цэнтр. Французскім масіве і Луарскай нізіне. Упадае ў паўн. ч. Біскайскага зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Алье, Шэр, В’ена (злева), Сарта з Луарам (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 800 м³/с. Суднаходная ад г. Раан (часткова па абводных каналах), злучана каналамі з рэкамі Сена, Сона, Рэйн. На Л. гарады Арлеан, Тур, Нант (пачатак марскога суднаходства), у эстуарыі — порт Сен-Назер. У даліне Л. — шматлікія замкі 15—16 ст.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЕ́ЎСКАЯ (Ніна Васілеўна) (н. 4.12.1938, г. Любань Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1963), Мінскую вышэйшую парт. школу пры ЦК КПБ (1980). Працавала ў час. «Промышленность Белоруссии» (1970—78), у выд-ве «Юнацтва» (1980—84), у 1985—92 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1955. Асн. тэмы творчасці — жыццё сучаснага горада і вёскі, вайна і мір, праблемы абавязку, маралі, адказнасці, грамадз. свядомасці сучасніка. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Агата» (1970), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989), «Арніка» (1993), кнігі для дзяцей «Ляці, верабейка» (1969).

Тв.:

Надзеевіч. Мн., 1983;

Трывожна шумяць ясакары. Мн., 1993.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙН (Main),

рака ў Германіі, правы прыток р. Рэйн. Даўж. 524 км, пл. бас. 27,2 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Ротэр-М. і Вейсер-М., якія пачынаюцца адпаведна на схілах Франконскага Альба і ў гарах Фіхтэль. Цячэ па сярэднягор’ях і ўзгорыстых раўнінах паўд. ч. краіны. Найб. воднасць зімой і на пачатку вясны, летам — асобныя дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады ў вусці 170 м​3/с. Суднаходная на 400 км ад вусця. Басейн М. злучаны Людвігс-каналам з сістэмай водных шляхоў Дуная. Даліна М. густа заселена. На М. — гарады Вюрцбург, Франкфуртна-Майне.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАТУ́Н (Віктар Несцеравіч) (н. 10.6. 1941, в. Шунеўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізікахімік. Д-р хім. н. (1987). Скончыў БДУ (1964). З 1965 у Бел. тэхнал. ін-це. З 1974 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па хіміі цвёрдага цела, хіміі неарган. гідратаў, гетэрагенным каталізе, прыкладной спектраскапіі кандэнсаваных фаз. Выявіў групы гідратаў, у якіх можа адбывацца дысацыяцыя каардынаваных малекул вады ў цвёрдым стане. Распрацаваў канцэпцыю ролі дынамікі пратоннай падрашоткі цвёрдых кіслот у іх каталітычнай актыўнасці, актыўныя асяроддзі для электра- і магнітарэалагічных суспензій.

Тв.:

Химия неорганических гидратов. Мн., 1985.

т. 9, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНА́М-ЧА́О-ПРА́Я, Менам, Чаўпхрая,

рака на паўвостраве Індакітай, самая вялікая ў Тайландзе. Даўж. каля 1200 км (ад вытоку гал. прытока М.-Ч.П. — р. Пінг — 1500 км), пл. басейна каля 150 тыс. км². Пачынаецца ў гарах на Пн краіны, цячэ па Менамскай нізіне, упадае ў Сіямскі зал. Паўд.-Кітайскага м., утварае дэльту. Жыўленне дажджавое, рэжым мусонны. Паўнаводная летам, сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2700 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння рысавых палёў. Рыбалоўства. Суднаходная на 400 км (ад вусця р. Пінг), у паводкі на 750 км (ад г. Утарадыт). Сплаўная. У дэльце М.-Ч.-П. — г. Бангкок.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ДЫІ (Mytilus),

род двухстворкавых малюскаў. Вядомы з алігацэну (трыяс, каля 230 млн. гадоў назад). 3 віды. Пашыраны ў морах умераных паясоў, пераважна на мелкаводдзі. У Паўн. паўшар’і найб. трапляецца ядомая М. (M. edulis), якая ўтварае паселішчы — мідыевыя банкі. Прымацоўваецца да субстрату з дапамогай выдзяленняў бісусавай залозы. Кампанент абрастання падводных ч. збудаванняў і суднаў.

Ракавіна даўж. да 25 см, клінападобна-авальная. Фільтратары; праз мантыйную поласць за суткі праходзіць да 70 л вады, неабходнай для дыхання і паступлення корму (пераважна планктон, дэтрыт). Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.

Т.​М.​Лаенка.

Мідыя ядомая.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЙ ТЭ́ХНІКІ Засн. ў 1974 у Мінску на базе Мінскага з-да электронных выліч. машын (пабудаваны ў 1956—59 як з-д матэм. машын). З 1967 з-д электронных выліч. машын, з 1974 галаўное прадпрыемства гэтага аб’яднання. У 1974 уведзены ў дзеянне Мінскі з-д выліч. тэхнікі, у 1979 — Мінскі з-д вузлоў (па вытв-сці шматслойных друкаваных плат). Асн. прадукцыя (1999): электронныя АТС сям’і «Бэта», персанальныя камп’ютэры ВМ-2002, універсальныя ЭВМ «Мінск-9000», лічыльнікі ўліку цяпла і вады, касавыя апараты, быт. святлотэхн. прылады і інш.

Цэх наладкі ЭВМ на Мінскім вытворчым аб’яднанні вылічальнай тэхнікі.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)