ПАРЛА́МЕНТ (англ. parliament ад франц. parlement ад parier гаварыць),

назва найвышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа ў дэмакр. дзяржавах. Першыя П. ўзніклі ў 12—13 ст. у Англіі і Іспаніі як саслоўная прадстаўнічая ўстанова. Сучаснае значэнне П. набыў у 17—18 ст. У сав. перыяд найвышэйшыя прадстаўнічыя органы саюзных рэспублік і СССР П. не з’яўляліся. П. мае розныя назвы: уласна П. існуе ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канадзе, Бельгіі і інш.; у ЗША — кангрэс, у Расіі — Федэральны сход, у Літве і Латвіі — сейм, Беларусі — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь і г.д. Існуюць аднапалатная і двухпалатная структуры П. (Нац. сход і Сенат у Францыі, Палата прадстаўнікоў і Сенат у ЗША, Сейм і Сенат у Польшчы, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў Беларусі; аднапалатны Усекіт. сход нар. прадстаўнікоў у Кітаі і інш.). У краінах англасаксонскага права састаўной часткай П. з’яўляецца кіраўнік дзяржавы (Нар. палата, Савет штатаў і прэзідэнт у Індыі). Ніжнія палаты ў двухпалатных П. і аднапалатныя П. ўтвараюцца заўсёды шляхам прамых выбараў, верхнія палаты фарміруюцца шляхам прамых (ЗША, Італія) або непрамых (ускосных, многаступенных) выбараў (Індыя, Францыя), частка іх членаў займае месцы ў парадку назначэння (Вялікабрытанія, Канада, Беларусь). У палатах ствараюцца камітэты або камісіі для папярэдняга разгляду законапраектаў. Функцыі П. ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржбюджэту, ратыфікацыю міжнар. дагавораў. У некаторых краінах П. фарміруе ўрад, выбірае або назначае многія інш. вышэйшыя органы дзяржавы — вярх. суд, канстытуцыйны суд, ген. пракурора, прэзідэнта, падліковую палату і інш.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫ́Я ГАСПАДА́РЧЫЯ СУ́ВЯЗІ,

сукупнасць эканам. арганізацыйных і прававых узаемаадносін, што ўзнікаюць паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі (прадпрыемствамі, арг-цыямі, фірмамі і інш.), у сувязі з абменам прадуктамі працы на доўгатэрміновай аснове. Фарміраванне П.г.с. ва ўмовах рынку ажыццяўляецца партнёрамі па іх уласнай ініцыятыве, якая залежыць ад эканам. мэтазгоднасці і зацікаўленасці ў наменклатуры вырабу (набыцці) прадукцыі, тэрмінаў яе пастаўкі, якасці і віду выканання. Такія сувязі рэалізуюцца на аснове гасп. дагавораў і не прадугледжваюць якіх-н. форм рэгламентавання адносін партнёраў па пастаўках матэрыяльных каштоўнасцей, апрача неабходнасці падпарадкоўвання агульнадзярж. нормам гасп. права. Пры заключэнні прамога гасп. дагавора пастаўшчык і пакупнік самастойна вызначаюць асартымент прадукцыі, тэрміны пастаўкі, патрабаванні да якасці, парадак разлікаў, узаемную адказнасць бакоў і інш. П.г.с. выгадныя і мэтазгодныя ва ўмовах спажывання матэрыяльных рэсурсаў у значных памерах, дазваляюць аператыўна ўлічваць змены попыту і прапановы. Доля рэсурсаў, рух якіх ажыццяўляецца праз П.т.с., залежыць таксама ад характару і перыядычнасці спажывання прадукту працы, стабільнасці асартыменту, умоў транспарціроўкі і захоўвання. У выпадках, калі прадпрыемствы выкарыстоўваюць іх у нязначнай колькасці, якая не дасягае транзітнай формы адгрузкі, то, каб не ствараць лішнія іх запасы, могуць быць эфектыўнымі і сувязі праз паслугі пасрэднікаў. Разумнае спалучэнне П.г.с. і пасрэдніцтва, няўхільнае выкананне гасп. дагавораў — важная ўмова развіцця рыначных адносін. Рацыяналізацыя сістэмы П.г.с. прадугледжвае мінімізацыю выдаткаў вытв-сці і абарачэння, поўную адпаведнасць колькасці, якасці і наменклатуры пастаўленых рэсурсаў патрэбам вытв-сці, своечасовасць і камплектнасць іх паступлення.

Літ.:

Кожемякин Г.Я., Синица Л.М. Организация производства. Мн., 1998;

Макаренко М.В., Махалина О.М. Производственный менеджмент. М., 1998.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДУНЬ,

гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.

Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРТЫФІКА́ЦЫЯ (ад сертыфікат),

сістэма захадаў і дзеянняў, якія пацвярджаюць, што фактычная характарыстыка прадукту адпавядае патрабаванням міжнар. стандартаў, рэкамендацыям або інш. дакументам, якія існуюць на сусв. рынку ці ў асобнай краіне. Служыць сродкам абароны пакупнікоў ад з’яўлення на рынку тавараў, што могуць пагражаць здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю. Часта ўжываецца ў міжнар. гандлі як нетарыфны бар’ер для абароны нац. рынку ад засілля імпартных тавараў. Адрозніваюць самасертыфікацыю, якая ажыццяўляецца прадпрыемствам-вытворцам або іх аб’яднаннямі, і С., якую выконвае трэцяя асоба. Асн. ўмовы самасертыфікацыі: прадукт павінен цалкам адпавядаць патрабаванням стандартаў, тэхн. умоў, дагавораў і інш. дакументаў; высокі ўзровень сістэмы комплексных выпрабаванняў і кантролю якасці ад сыравіны да ўпакоўкі і маркіроўкі тавараў; адказнасць (у т. л. юрыдычная) вытворцы за якасць С. і дакладнасць сертыфіката; даступнасць пакупнікоў да інфармацыі аб метадах выпрабаванняў, аб сістэме кантролю за якасцю вырабу. С. трэцяй асобай ажыццяўляецца сертыфікацыйным цэнтрам краіны, які не мае дачыненняў ні да вытв-сці, ні да пастаўкі дадзенага тавару. Перавагі такой С.: незалежнасць, аднолькавасць патрабаванняў да прадукту і сістэм кантролю, раўнапраўе бакоў, зацікаўленых у С.

На Беларусі С. ажыццяўляецца Камітэтам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзейнічае Нац. сістэма С. — БелСТ. Яна прадугледжвае: С. прадукцыі, паслуг, сістэм якасці і персаналу; інспекцыйны кантроль; падрыхтоўку і атэстацыю экспертаў-аўдытараў; вядзенне рэестра БелСТ, а таксама дзярж. кадастру службовай і грамадз. зброі і інш. Прадпрыемствам, што сертыфікавалі сваю прадукцыю ў БелСТ, даецца права яе маркіроўкі знакам адпаведнасці.

М.​П.​Мацвейка, З.​Я.​Ягорава.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Надзе́і ’дажджавыя чэрві’ (в.-дзв., расон., Сл. ПЗБ), рус. надей ’ўсё, што надаецца для прынады на вуду (чарвякі, матыль і пад.)’, ’чарвякі, вусені’, ’гнаявыя чарвякі’, ’глісты’, надейна ’чарвяк; вусень’, ’земляны чарвяк’. Цёмнае слова. Можа выказаць некалькі версій, якія пры адсутнасці надзейнай этымалогіі маюць права на існаванне. Магчымая версія — ад надзець, параўн. ст.-слав. надѣти трьвь на жднцж, тады да *άέϋ, форма адз. л. магла быць аманімічнай назоўніку надзея ’спадзяванне’, параўн. у сувязі з гэтым звязанае з рыбалоўствам на́жа ’ўдача’: на езі нема нажы, не ловяцца (ТС), а таксама рус. надены ’надзеі’ і наденка, надеенка ’земляны чарвяк’, г. зн. магчыма табуізацыя сапраўднай назвы і яе замены эўфемізмам з мэтай «паспрыяць» рыбнай лоўлі. Аднак нечаканая смаленская паралель гнадейка ’дажджавы чарвяк’ (СОС, 2) з пачатковым г прымушае разгледзець і іншыя магчымасці этымалагізацыі слова, пры якіх улічваецца гэты факт, што можа атрымаць розную інтэрпрэтацыю. Паводле Мяркулавай, побач з шырока вядомым у славянскіх мовах працэсам з’яўлення g- пратэтычнага перад плаўнымі маюцца выпадкі страты этымалагічнага g перад n і l (Этимология–1983, 67–68; спецыяльна: Пятлёва И. П. К вопросу о g протетическом в слав. яз. Этимология–1976, 51–55), параўн. ніда ’гніда’ (Сл. ПЗБ). Калі прыняць у якасці зыходнай форму з г‑, то можна яе выводзіць са спалучэння к надзе (ад надзіць ’прыманьваць’, параўн. пры‑нада ’прыманка’), падобна да таго, як рус. дыял. гнадобить ’берагчы, капіць’ выводзяць са спалучэння к надобе, пры надоба ’патрэбная рэч’ (Фасмер, 1, 410), або славен. gnaditi (= naditi) ’загартоўваць’ параўноўваюць з серб.-харв. кнадити і пад. (Дэбеляк, Predpone, 173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,

форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.

Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.

У.​П.​Рудэнка, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.
Да арт. Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУА́М (Guam),

уладанне ЗША у зах. ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).

Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).

Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.

Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер. ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУ — Тэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц. аддзяленні Рэсп. і Дэмакр. партый ЗША.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Літ.:

Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ (Мітрафан Віктаравіч) (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),

бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел. нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф. БДУ, правадз. чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз. чл. Ін-та гісторыі АН СССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АН СССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.

Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст. развіцця бел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.​М.​Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т. 1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.​М.​Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн. еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфія СССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).

Тв.:

Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;

Белорусское Полесье: Сб. этногр. материалов. Вып. 1. Киев, 1895;

Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;

Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;

История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;

Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.

Літ.:

Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.​В.​Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;

Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі. Мн., 1995;

Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии (В.​Б.​Антонович, М.​В.​Довнар-Запольский и их ученики). М.;

Брянск, 1997.

А.​С.​Ліс.

М.В.Доўнар-Запольскі.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),

форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час. Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш. грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш. стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Джэферсан, М.​А.​Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.​Скарына, А.​Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, Г.​Пляханаў, У.​Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.​Арэнт, У.​Ростаў, К.​Попер, І.​Шумпетэр, А.​Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.

Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш. эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.

У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МЕРЫ (Römerowie),

грамадска-палітычныя культ. дзеячы Літвы і Беларусі, прадстаўнікі шляхецкага роду ням. паходжання.

Міхал (14.9.1778—14.1.1853), грамадска-паліт. дзеяч. Вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1803—13 прэзідэнт 2-га дэпартамента Віленскага гал. суда, у 1808—18 адзін з трох камісараў Віленскай адукацыйнай суд. камісіі. У вайну 1812 распараджэннем Напалеона І прызначаны прэзідэнтам г. Вільня, але ў вер. 1812 пакінуў пасаду з-за канфлікту з франц. ўладамі, якія збіраліся закрыць Віленскі ун-т. Пасля вайны ў 1814—17 маршалак шляхты Трокскага пав., з 1817 — Віленскай губ. Прыхільнік скасавання прыгоннага права, у 1817 узначальваў дэлегацыю шляхты, якая безвынікова звярталася да цара з адпаведным праектам. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў масонства ў Літве і на Беларусі; майстар (кіраўнік) т.зв. Вялікай правінцыяльнай Літоўскай ложы «Дасканалае адзінства», якая кіравала дзейнасцю астатніх літ.-бел. лож. Адзін з заснавальнікаў (1819) патрыят. арг-цыі В.​Лукасінскага «Нацыянальнае масонства», чл. Патрыятычнага таварыства, паплечнік Т.​Зана. У маі 1826 арыштаваны, зняволены ў Варшаве да 1828, потым у Петрапаўлаўскай крэпасці С.-Пецярбурга да 1830. У 1830—32 у ссылцы ў г.Варонеж. Пасля вяртання на радзіму ад грамадскай дзейнасці адышоў.

Эдвард Ян (14.5.1806—1.5.1878), грамадскі дзеяч, літаратар, перакладчык і мастак-аматар. Бацька А.​І.​Ромера. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1823—28), жывапісу — у Я.​Рустэма. У час паўстання 1830—31 чл. Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта. У 1833 арыштаваны і асуджаны на пажыццёвую ссылку ў г. Волагда, аднак праз год атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1834 устанавіў сувязь з т.зв. Літоўскім к-там (Вільня), які падтрымліваў адносіны з эмігранцкім лагерам польскага «караля дэ-факта» А.​Ю.​Чартарыйскага. У ліп. 1838 зноў арыштаваны па справе Ш.​Канарскага, асуджаны да смяротнага пакарання, замененага новай ссылкай у Волагду (да 1852). Пасля вяртання ў Вільню пад наглядам паліцыі. Быў чл. Музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі (з 1855), дырэктарам 2-га аддзела Т-ва дабрачыннасці (з 1855), чл. шэрагу інш. т-ваў. У час паўстання 1863—64 пад хатнім арыштам. Пазней працаваў у Т-ве дабрачыннасці, чл. праўлення Зямельнага банка. Аўтар эпіграм на знакамітых сучаснікаў, перакладаў, партрэтаў сына Альфрэда Ізідара і інш. членаў сваёй сям’і.

Міхал Піус (7.5.1880, в. Багдонішкі Панявежскага пав., Літва — 22.2.1945), вучоны і грамадска-паліт. дзеяч. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1901—02), Парыжскай школе паліт. навук (1902—05). Адзін з гал. ідэолагаў ліберальна-дэмакр. крыла краёўцаў — плыні польскага нац. руху пач. 20 ст. на Беларусі і Літве. У 1911—15 супрацоўнічаў з бел. газ. «Наша ніва», чл. рэдакцыі віленскай газ. «Kurier Krajowy» («Краёвы кур’ер», 1913). Узначальваў віленскую масонскую ложу «Літва», членамі якой былі А.​Луцкевіч і В.​Ластоўскі. Станоўча ставіўся да бел. грамадска-паліт. і культ. адраджэння, абараняў бел. рух ад нападкаў польскіх і рус. шавіністычных колаў. У знак пратэсту супраць захопу Вільні польскімі войскамі ген. Л.​Жалігоўскага (9.10.1920) пераехаў у Літву. Праф. права (1922) і рэктар Каўнаскага (1927—28, 1933—39), праф. Віленскага (1940—45) ун-таў. У час ням.-фаш. акупацыі (1941—44) арганізоўваў у Вільні тайнае навучанне, падтрымліваў сувязі з рухам Супраціўлення.

Літ.:

Венцлова А. Буря в полдень. М., 1978;

Смалянчук А. Дзённік Міхала Ромера як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку XX ст. // Бел. гіст. агляд. 1998. Т. 5, сш. 1(8).

М.​Я.​Рыбко, А.​Ф.​Смалянчук.

т. 13, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)