ВАЛО́КА,
асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў ВКЛ у 16—18 ст. На Беларусі ўведзена ў час валочнай памеры. Як адзінка плошчы падзялялася на 30 маргоў, або 9000 прутоў (21,36 га). Павінна была складацца з 3 роўных палёў, што адпавядала трохпольнай сістэме земляробства. Часта да палявога надзелу дадавалі 3 маргі на сядзібу і агарод. «Устава на валокі» 1557 прадугледжвала валоку ў 33 маргі, па 11 маргоў у кожным полі. Пры кепскай зямлі практыкаваліся т.зв. «наддаўкі», таму памер валокі вагаўся ад 30 да 46 маргоў, але ўсе валокі абкладаліся аднолькавымі павіннасцямі. Паводле ўмоў плацяжу адрознівалі валокі цяглыя (паншчына), асадныя (грашовы чынш), вольныя ад павіннасці. Былі валокі аселыя (знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян), прыёмныя, або бакавыя (у часовым карыстанні), пустыя (не ўзятыя ў карыстанне).
В.Ф.Голубеў.
т. 3, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛІЖСКАЯ СПРА́ВА,
судовы працэс у 1821—35 па лжывым абвінавачанні групы яўрэяў г. Веліж Віцебскай губ. (цяпер у Смаленскай вобл.) у рытуальным забойстве 3-гадовага хлопчыка. З-за недахопу доказаў справа ў Віцебскім губернскім судзе ў 1824 была закрыта, але ў 1825 па настаянні ўлад адноўлена. На падставе лжэсведчанняў былі арыштаваны 42 чал. У 1835 паводле пастановы Дзярж. савета справа спынена, абвінавачаныя апраўданы, ілжэсведкі сасланы ў Сібір. Гал. ролю ў выкрыцці нагавору адыграў М.С.Мардвінаў, старшыня дэпартамента грамадзянскіх і духоўных спраў Дзярж. савета. Веліжская справа прыцягнула да сябе шырокую грамадскую ўвагу. Пад уражаннем Веліжскай справы напісана п’еса М.Ю.Лермантава «Іспанцы».
Літ.:
Гессен Ю.И. Велижская драма. СПб., 1904;
Гроссман Л. «Испанцы» и велижское дело // Литературное наследство. М., 1941. Кн. 43—44.
Я.З.Басін.
т. 4, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́ЦКІ (Дзмітрый Іванавіч) (? — 1563),
князь, чаркаскі староста (з 1551), адзін з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць крымскіх татар, туркаў і малдаўскіх гаспадароў. Бараніў граніцы ВКЛ на Пд, на дняпроўскім в-ве М. Хорціца пабудаваў крэпасць. У знак пратэсту супраць загаду вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста спыніць напады на Крым і Турцыю ў 1557 перайшоў на службу да рус. цара Івана IV Грознага. Двойчы ўдзельнічаў у паходах рус. войска ў Крым. У час Лівонскай вайны 1558—83 уцёк з Масквы (1563), заручыўшыся дазволам вял. князя ВКЛ на вяртанне. У 1563 малд. баяры, незадаволеныя сваім гаспадаром Стафанам IX, запрасілі Вішнявецкага на малд. трон, але яго атрад быў разбіты войскамі Стафана IX. Вішнявецкі трапіў у палон да туркаў, пакараны смерцю ў Стамбуле. Пад імем Байда стаў прататыпам героя нар. песень.
т. 4, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы, абсяг,
звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.
Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.
т. 4, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СТРАЎ, выспа,
участак сушы, з усіх бакоў абкружаны водамі акіяна, мора, возера або ракі. Ад мацерыка адрозніваецца адносна невял. памерамі. Есць адзіночныя астравы і іх групы — архіпелагі. Займаюць каля 9,9 млн. км² (6,6%) сушы. У акіянах і морах падзяляюцца на мацерыковыя, якія аддзяліліся ад кантынентаў, але генетычна з імі звязаны (Грэнландыя, Новая Гвінея, Калімантан, Мадагаскар і інш.), пераходнай зоны ад мацерыка да акіяна (вулканічныя, гразевулканічныя, каралавыя) і акіянскія, пераважна вулканічныя астравы (Гавайскія, Ісландыя) або каралавыя (Маршалавы гл. Атол). Найбольшыя а-вы (пл. больш за 400 тыс. км²); Грэнландыя, Новая Гвінея, Мадагаскар, Калімантан, Бафінава Зямля, Суматра. Сярод астравоў рэк і азёр адрозніваюць акумулятыўныя (наносныя) і эразійныя. На Беларусі агульная плошча астравоў 53 км². Рачных больш за 300, азёрных каля 200, самы вялікі Манастырскі (каля 5 км²) на Асвейскім воз.
т. 4, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЖЫВА́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі,
1) ступень захавання папуляцыі або віду ва ўмовах навакольнага асяроддзя ў гіст. аспекце.
2) Колькасць асобін, якія дажылі ў папуляцыі да пэўнага ўзросту. Вызначаецца ў працэнтах. Часта выжывальнасць вымяраюць адносінамі колькасці дарослых асобін, якія размнажаліся, да колькасці тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні. Кожны від мае сваю характэрную крывую выжывальнасці. Звычайна выжывальнасць адваротна прапарцыянальная плоднасці, але яна можа зведваць значныя ваганні пад уплывам прыродных (кліматычныя ўмовы, кормнасць угоддзяў, канкурэнцыя з інш. відамі і г.д.), а таксама генетычных і інш. фактараў. На працягу эвалюцыі выжывальнасць вырасла з сярэдняй у бактэрый 10−7—10−8 % да 10—30% у вышэйшых жывёл. Рост сярэдняй выжывальнасці ў ходзе эвалюцыі звязаны з удасканаленнем самарэгуляцыі і гамеастазу, павелічэннем колькасці назапашаных рэчываў у яйцы, пераходам да ўнутр. асемянення, жыванараджэннем, клопатам аб патомстве і інш.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВОЛЕ́НЕ»
(«Wyzwolenie»),
Польская народная партыя «Вызваленне», дробнабуржуазная партыя ў Польшчы ў 1915—31. Мела значны ўплыў на сялян Зах. Беларусі. Яе лідэры: К.Багінскі, Я.Домбскі, Т.Начніцкі, С.Асецкі, Ю.Панятоўскі, С.Тугут. Радыкальная частка «Вызволеня» ў 1922—23 выдавала ў Вільні газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З дапамогай радыкальных праграм яна аб’яднала вакол сябе частку сярэдніх і дробных сялян. Кіраўніцтва партыі займала згодніцкія пазіцыі, але пад націскам радавых членаў «Вызволеня» стала ў апазіцыю да ўрада Пілсудскага. У 1924 з яе вылучылася левае крыло на чале з пасламі сейма А.Фідаркевічам, С.Ваявудскім, С.Баліным, якое стала асновай Незалежнай сялянскай партыі. У 1931 «Вызволене» аб’ядналася з партыяй «Пяст» і Сял. партыяй у Польскую нар. партыю, якая адстойвала інтарэсы заможных сялян.
І.П.Хаўратовіч.
т. 4, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ВІ Іегуда, Іехуда ха-Леві (каля 1075, г. Тудэла, Іспанія — 1141), яўрэйскі паэт і філосаф; быў вядомы і як урач. З 1109 жыў у Кардове, памёр на шляху ў Палесціну. Пісаў на іўрыце і араб. мове. Творчасці гранадскага перыяду (да 1090) уласціва аптымістычнае гучанне (пераважаюць застольныя песні, любоўная лірыка і інш.), але паступова стала дамінаваць тэма трагічнага лёсу яўр. народа (літургічныя гімны «Песні выгнання», «Песні Сіёна» і інш.). У рэліг.-філас. трактаце «Кніга доказаў і довад у абарону зняважанай веры» («Кніга Хазара») даў апалогію іудаізму і паказаў перавагу непасрэднага рэліг. вопыту, заснаванага на інтуіцыі, над разумовымі ведамі, не адмаўляючы, аднак, рацыянальнага пазнання. Творчасць Галеві зрабіла ўплыў на яўр. паэзію і філасофію.
Тв.:
Рус. пер. — Сердце мое на Востоке. Тель-Авив, 1976;
Репр. Б.м., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГЕ ((George) Стэфан) (12.7.1868, г. Бюдэсгайм, Германія — 4.12.1933),
нямецкі паэт. Адзін з вядучых прадстаўнікоў ням. сімвалізму. У 1892—1919 выдаваў заснаваны ім элітарны час. «Blátter für die Kunst» («Лісткі мастацтва»), вакол якога гуртаваліся паэты і вучоныя (т.зв. george-Kreis). Аўтар зб-каў вершаў «Гімны» (1890), «Паломніцтвы» (1891), «Кнігі пастухоўскіх і хвалебных вершаў, паданняў і песень» (1895), «Дыван жыцця і песні пра сон і смерць з пралогам» (1905), «Сёмае кола» (1907), «Зорка саюзу» (1914), «Вайна» (1917), «Тры напевы» (1921) і інш. У сваёй творчасці арыентаваўся на самапаглыбленасць мастака і самадастатковасць мастацтва, незалежнага ад рэчаіснасці. Некаторыя матывы ў позняй творчасці Георге (зб. «Новае царства», 1928) былі выкарыстаны ням. нацысцкімі ідэолагамі. Але паэт, адмаўляючы фашызм, эмігрыраваў і памёр у выгнанні.
Тв.:
Рус. пер. — [Стихотворения] // Западноевропейская поэзия XX в. М., 1977.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гіпер... + сексуальнасць),
значна павышаная палавая схільнасць. Асобы, у якіх адзначана гіперсексуальнасць, маюць высокую палавую ўзбуджальнасць і гатовыя да сексуальных рэакцый пад уздзеяннем нязначных (але адэкватных) знешніх раздражняльнікаў. Звычайна абумоўлена расстройствам нейрагумаральнай або псіхічнай функцыі пры палавым акце. Праяўленні гіперсексуальнасці характэрны для некаторых узроставых перыядаў (гіперсексуальнасць пубертатная, або юнацкая, гіперсексуальнасць клімактэрычнага перыяду). Выражаная гіперсексуальнасць назіраецца пры некаторых эндакрынных (пухліны наднырачнікаў, палавых залоз і інш.) і псіхічных (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія і інш.) захворваннях, дыэнцэфальных парушэннях. Характэрна таксама для німфаманіі (у жанчын) і сатырыязу (у мужчын), што часта развіваюцца на фоне розных псіхічных ненармальнасцей. Для юнацкай гіперсексуальнасці (з узростам праходзіць) характэрна празмерная фіксацыя псіхікі на сексуальна-эратычных уражаннях і фантазіях, якія суправаджаюцца спантаннымі эрэкцыямі і частымі палюцыямі. Мастурбацыя пры гэтым мае сурагатнаахоўную накіраванасць на пазбаўленне ад залішняй палавой узбуджальнасці.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)