УВЕРЦЮ́РА (франц. ouverture ад лац. apertura адкрыццё, пачатак),
1) інструментальны ўступ да муз.-тэатр. (опера, балет, аперэта), вак.-інстр. (араторыя, кантата), інстр. (сюіта) твораў, а таксама да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў. Увасабляе абагульненыя ідэйна-маст. сэнс, вобразы або характар твора. Звычайна грунтуецца на асн. муз. матэрыяле, часам самастойная.
Узнікла ў Італіі як уступ да оперы («Арфей» К.Мантэвердзі, 1607). Тэрмін «У.» вядомы з 2-й пал. 17 ст. У 17 ст. сфарміраваліся яе ўстойлівыя тыпы: італьян. (хуткая — павольная — хуткая ч.), франц. (павольная — хуткая — павольная ч.); у 18 ст. сцвердзілася ў санатнай форме. Узмацненне вобразна-тэматычных сувязей з операй, узбагачэнне муз. драматургіі і форм спрыялі далейшаму развіццю У. Сустракаюцца У. складанай 3-часткавай і варыяцыйнай формы імправізацыйнага тыпу: наз. уступ, інтрадукцыя, прэлюд і інш. (уступ да опер «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Сівая легенда» Дз.Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, «Барвовы золак» К.Цесакова). Характэрна таксама для балетаў, музыкі да спектакляў драм. т-ра, аперэт.
2) Самастойная арк. п’еса ў санатнай форме, звычайна праграмнага тыпу. Узнікла на аснове канцэпцыйных драматургічна завершаных оперных У. Як канцэртны твор сцвердзілася ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў («Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона).
Праграмныя У. блізкія да сімфанічнай паэмы, фантазіі, карціны («Рамэо і Джульета» П.Чайкоўскага, «Дума пра пагранічніка Лагоду» М.Аладава, «Эпітафія І.Ф.Стравінскаму» А.Мдывані і інш.). Узбагачэнню сімфанізму спрыялі У. на нар. тэмы («Камарынская», іспанскія уверцюры М.Глінкі), святочныя У. У бел. музыцы вядомы У. для арк. бел. нар. інструментаў (В.Войцік, Я.Глебаў, В.Іваноў, Мдывані, М.Чуркін і інш.), ансамбля нар. інструментаў (Р.Бутвілоўскі, Э.Зарыцкі, А.Чыркун, Л.Шлег, М.Шнейдэрман і інш.), духавога (Ю.Бяльзацкі, Я.Дзягцярык, Р.Сурус, Шнейдэрман) і эстр. (Глебаў, Бутвілоўскі, У.Прохараў, Сурус) аркестраў.
Літ.:
Попова Т.В. Увертюра. 2 изд. М., 1960.
Т.А.Дубкова.
т. 16, с. 157