ДАМАШЭ́ВІЧ (Уладзімір Максімавіч) (17.2.1928, в. Вадзяціна Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у выд-вах, час. «Полымя» і «Маладосць». Друкуецца з 1958. Асн. тэмы апавяданняў і аповесцей — жыццё сялян Зах. Беларусі, барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў, пасляваен. адбудова, маральныя праблемы сучаснага вясковага і гарадскога жыцця, каханне (зб-кі «Заклінаю ад кулі», 1960, «Між двух агнёў», 1963, «Абуджэнне», 1968, «У лабірынце вуліц», 1979, аповесць-хроніка «Порахам пахла зямля», 1973, дакумент. аповесць «Першым заўсёды цяжка», 1986, з У.Сазановічам). Раман «Камень з гары» (1990) пра падзеі 1950—60-х г., калі быў развянчаны культ асобы. Героі твораў Д. — людзі сумленныя і працалюбівыя, мужна імкнуцца да праўды і справядлівасці, высокага маральнага ідэалу. Проза пісьменніка злабадзённая па тэматыцы, псіхалагічна паглыбленая, стрыманая ў фарбах, вылучаецца жывой нар. мовай. За аповесць «Кожны чацвёрты» (1991) Літ. прэмія імя І.Мележа 1992. Пераклаў на бел. мову раман Е.Путраманта «Верасень» (з Я.Міско), апавяданні К.Федзіна, Ю.Нагібіна, У.Салаухіна і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1977;
Выбр. творы. Мн., 1988.
Літ.:
Александровіч С. У пошуках гераічнага і незвычайнага // Полымя. 1960. № 8;
Ярош М. Творчы неспакой пісьменніка // Там жа. 1963. № 12;
Няхай М. Пара творчай сталасці // Бел. літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НСКІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (11.11.1903, г.п. Мір Карэліцкага р-на Мінскай вобл. — 18.3.1967),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1938), нар.арт.СССР (1953). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). З 1919 у Першым т-ве драмы і камедыі ў Мінску (або драм. секцыі Бел. вучнёўскай грамады). Працаваў у Мінскім т-ры рэв. сатыры, з 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва вызначалася камедыйным талентам, нац. самабытнасцю, віртуознай акцёрскай тэхнікай. Вострае пачуццё гумару, творчая імправізацыя, гратэскавыя прыёмы спалучаліся з тонкім аналізам і псіхал. глыбінёй. Шматгранныя маст. вобразы з сакавітай моўнай характарыстыкай стварыў у бел. рэпертуары: Дзед Талаш («У пушчах Палесся» Я.Коласа), Кручкоў («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), дзед Нупрэй («Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага), Несцерка (аднайм. п’еса В.Вольскага, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Рабінзон, Аркашка Шчасліўцаў («Беспасажніца», «Лес» А.Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Палоній і Першы далакоп («Гамлет» У Шэкспіра), Сганарэль («Лекар паняволі» Мальера) і інш. Паставіў спектаклі «Віцмундзір» П.Каратыгіна, «Бяда ад пяшчотнага сэрца» У.Салагуба (абодва 1948), «Домік на ўскраіне» А.Арбузава (1955, з А.Скібнеўскім).
Літ.:
Скібнеўскі А.Б. Народны артыст СССР АК.Ільінскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 191—200.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́СКІ (Георгій) (у свеце Рыгор; 20.11.1717, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 13.2.1795),
украінскі і бел. царкоўны і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743), у 1745—55 яе выкладчык, прафесар, рэктар. З 1755 епіскап магілёўскі (беларускі). Змагаўся за захаванне і адраджэнне праваслаўя на Беларусі. У 1757 адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню, дзе перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізіса» Ф.Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект». Ініцыятар адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1765 дамогся ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага абяцання вярнуць праваслаўным іх правы, манастыры, храмы, але кароль не стрымаў слова. Звяртаўся за дапамогай да рас. імператрыц Лізаветы і Кацярыны П. Пасля трох замахаў на яго жыццё ў 1768 уцёк у Расію (Смаленск), дзе заставаўся магілёўскім епіскапам у выгнанні. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вярнуўся ў Магілёў. З 1793 архіепіскап, чл. Сінода. Садзейнічаў вяртанню уніятаў у праваслаўе. Збіраў дакументы па гісторыі правасл. царквы (карлеўскія граматы і інш.). Аўтар твораў: «Мемарыял аб крыўдах праваслаўным», «Правы і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання», «Трактат вечнай дружбы», «Збор павучальных слоў», духоўны дзённік «Думкі», драма «Уваскрэсенне мёртвых» і інш. На доме ў Магілёве, дзе ён жыў, мемар. дошка. Ў 1993 кананізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯВЫ́ МОЗГ,
цэнтральны орган кроваўтварэння, размешчаны ў губчатым рэчыве касцей і касцёвамазгавых поласцях пазваночных жывёл і чалавека. Выконвае таксама функцыі біял. аховы арганізма і косцеўтварэння. У чалавека К. м. паяўляецца на 2-м месяцы эмбрыянальнага развіцця ў закладцы ключыцы, на 3-м месяцы — у лапатках, рэбрах, грудзіне, пазванках і інш., на 5-м — функцыянуе як асн. кроваўтваральны орган. Маса К. м. ў дарослага чалавека да 3700 г (3,4—5,9% ад масы цела). Складаецца з рэтыкулярнай тканкі, крывятворных і тлушчавых клетак; забяспечаны нервамі і крывяноснымі сасудамі. Адрозніваюць чырвоны К. м. (захоўваецца ўсё жыццё, яму належыць гал. роля ў кроваўтварэнні, у чалавека складае каля 1,5% масы цела) і жоўты К. м. (пераважна ўдзельнічае ў тлушчавым абмене).
У касцях дзяцей да 7 гадоў пераважае чырвоны К. м. Ва ўзросце 18—20 гадоў у дыяфізах трубчастых касцей ён замяняецца жоўтым К. м. Спелыя клеткі крыві з К. м. праз сценку сінусоідных капіляраў паступаюць у крывяносную сістэму, няспелыя паяўляюцца пры парушэнні кроваўтварэння. К. м. выконвае ахоўную функцыю (рэтыкулярныя клеткі і клеткі эндатэлію сінусоідных капіляраў здольныя захопліваць іншародныя часцінкі з крыві і станавіцца макрафагамі). Функцыя косцеўтварэння праяўляецца пры загойванні пераломаў касцей. Даследаванне К. м. дае звесткі для дыягностыкі і лячэння хвароб крыві (асабліва лейкозаў), злаякасных утварэнняў, многіх паразітарных інфекцый, прамянёвай хваробы, злаякаснага малакроўя. З дапамогай клетак К. м., узятых ад донара, лечаць ад анеміі, прамянёвай хваробы, лейкозаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;
Твори. Київ, 1982;
Бел.пер. — Энеіда. Мн., 1969;
Рус. пер — Соч.Л., 1986.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛДУЭЛ ((Caldwell) Эрскін Прэстан) (17.12.1903, Морленд, ЗША — 11.4. 1987),
амерыканскі пісьменнік. У 1922—26 вучыўся ў Віргінскім ун-це. Друкаваўся з 1930. Сац. праблематыка ў навелах 1930-х г. (зб-кі «Амерыканская зямля», 1931; «Мы жывыя», 1933; «На каленях перад узыходзячым сонцам», 1935, і інш.), аповесцях «Выпадак у ліпені» (1940), «Хлопчык з Джорджыі» (1943; аўтабіягр.). У сац. раманах «Тытунёвая дарога» (1932), «Богава дзялянка» (1933), «Джэні» (1961), «Бліжэй дадому» (1962) паказаў поўнае кантрастаў жыццёамер. Поўдня, праблемы расавай дыскрымінацыі, эканам. няроўнасці. Псіхал. і любоўныя канфлікты ў раманах «Далонь Госпада Бога» (1947), «Начнік» (1952), «Каханне і грошы» (1954), «Грэта» (1955). Творам К. ўласцівы моўны лаканізм, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый, трагічнага з сатыр.-фарсавым. Пад уражаннем паездкі ў СССР і на фронт у 1942 напісаў публіцыстычныя кнігі «Дарога на Смаленск», «Расія змагаецца» і раман пра партыз. рух у Сав. Саюзе «Усю ноч». Аўтар публіцыстычных кніг «Удоўж і ўпоперак Амерыкі» (1964), «У пошуках Біска» (1965), «Апоўдні пасярод Амерыкі» (1976) і інш. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі Я.Верабей, С.Дорскі, Я.Дубовік, В.Лапацін.
Тв.:
Рус.пер. — Повести и рассказы. М., 1956;
Дженни. Ближе к дому. М., 1963;
Вдоль и поперек Америки. М., 1966.
Літ.:
Яценко В.И. Эрскин Колдуэл. Иркутск, 1967;
Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРАНЁЎ (Барыс Андрэевіч) (17.7. 1891, г. Херсон, Украіна — 7.1.1959),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Дэбютаваў у 1911 вершамі, у якіх адчуваўся ўплыў эгафутурызму. Раннія апавяданні і аповесці «Вецер», «Сорак першы» (абедзве 1924; паводле апошняй аднайм. кінафільмы 1927 і 1956), «Апавяданне пра простую рэч» (1925) прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны, якія пададзены ў лірыка-паэтычным стылі, рамантызавана. Тэма рус. інтэлігенцыі ў аповесцях «Сёмы спадарожнік» (1927), «Гравюра на дрэве» (1928). Адзін з пачынальнікаў сав.гіст.-рэв. драмы («Разлом», нап. 1927; паст. т-рам імя Я.Коласа 1928, Дзярж.рус.драм. т-рам Беларусі 1951). П’есы «Песня аб чарнаморцах» (1943), «За тых, хто ў моры!» (1945; паст. т-рам імя Я.Купалы 1947) пра гераізм народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар раманаў «Крушэнне рэспублікі Ітль» (1925), «Буйное жыццё» (1927), «Сіняе і белае» (1933), аповесцей «Свет у шклечку» (1928), «Стратэгічная памылка» (1934), «Чарцёж Архімеда» (1937), зб. апавяданняў «Людзі простага сэрца» (1943), паліт. драмы «Голас Амерыкі» (1949; паст. т-рам імя Я.Купалы 1950), навел, памфлетаў, фельетонаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Каваль, Г.Шаранговіч, Т.Гарэлікава. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1995;
Бессменная вахта: Неизданная публицистика. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЗО́Н (Аркадзь) (сапр.Маўшэнзон Арон Іосіфавіч; 23.9.1918, г. Віцебск — 19.8.1977),
бел.драматург. Вучыўся ў драм. студыі пры БДТ-1 (1936). Працаваў акцёрам і асістэнтам рэжысёра ў Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1946 у газ. «Віцебскі рабочы», з 1950 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1965—71 — у Мін-ве культуры Беларусі. Дэбютаваў п’есай «Канстанцін Заслонаў» (паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1947; аднайм. кінафільм паводле сцэнарыя аўтара, 1949). Сюжэтны цэнтр многіх п’ес — маральна-этычная праблематыка: «Наталля Крыўцова» (апубл. 1954), «У ціхім завулку» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1955), «Непрымірымасць» (паст. Гомельскім абл.драм. т-рам, 1957), «Калі ты чалавек» (пад назвай «Твой светлы шлях» паст. т-рам імя Я.Купалы, 1961), «Пад адным небам» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Куды ідзеш, Сяргей?» (паст.Дзярж.рус.драм. т-рам Беларусі, 1965), «У доме на Сонечнай» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1966), «Толькі адно жыццё» (паст. 1969), «Білет у мяккі вагон» (паст. 1971, абедзве у рус.драм. т-ры Беларусі). Гіст. тэматыка ў п’есах «У бітве вялікай» (паст. Гомельскім абл.драм. т-рам, 1957), «Дарога праз ноч» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1970). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Зялёныя агні» (1956), «Наперадзе — круты паварот» (1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ.жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т. л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).