КАЛЕ́СНІК Уладзімір Андрэевіч (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),
бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд. філал. н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і Я.Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
М.А.Тычына.
т. 7, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕ́ЛІ (Machiavelli) Нікало ды Бернарда (3.5.1469, г. Фларэнцыя, Італія — 22.6.1527),
італьянскі мысліцель, дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык, пісьменнік, ваенны тэарэтык. У 1498—1512 сакратар Савета дзесяці Фларэнтыйскіх рэспублік, выконваў дыпламат. даручэнні. Асн. працы «Гасудар» (1513), «Разважанні на першую дэкаду Ціта Лівія» (1531), «Гісторыя Фларэнцыі» (1532). Аснова яго светапогляду — палажэнне аб спрадвечнай недасканаласці чалавечай прыроды, што абумоўлівае неабходнасць дзярж. улады. Дзяржава, паводле М., з’яўляецца не актам Бога ці суб’ектыўнай волі людзей, а вынікам аб’ектыўнага гіст. працэсу; з вопыту гісторыі трэба выкарыстоўваць усё тое, што спрыяе зберажэнню і ўмацаванню дзяржавы. Дзярж. ўлада павінна быць цвёрдай і рашучай; аўтарытэт дзяржавы непадзельны і канцэнтруецца ў руках улады. Т.ч., М. падышоў да разумення дзярж. суверэнітэту. У той жа час дзяржава павінна клапаціцца і аб грамадзянах, весці барацьбу са злачыннасцю, забяспечваць парадак у краіне, умацоўваць яе пазіцыі ў міжнар. адносінах. Паліт. ідэалам М. была стараж. Рымская рэспубліка. У яго творах праводзіцца паралель паміж моцнай рэсп. дзяржавай у Рыме і паліт. раздробленасцю Італіі. Дзеля ўмацавання дзяржавы М. лічыў дапушчальнымі любыя сродкі (гл. Макіявелізм).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. соч. М., 1982;
История Флоренции. М., 1987;
Государь. Рассуждения о первой декаде Тита Ливия. О военном искусстве. М., 1997.
Літ.:
Жизнь Николо Макиавелли: Сб.: Пер. с англ. СПб., 1993;
Бурлацкий Ф.М. Загадка и урок Макиавелли: Драматург., ист. и социол. новеллы. М., 1977.
В.І.Боўш.
т. 9, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Ахоплівала тэр. ранейшай Полацкай зямлі, намеснікі якой з пач. 16 ст. называліся ваяводамі. Цэнтр — г. Полацк. Мела харугву ружовага (паводле інш. звестак — белага) колеру з выявай герба «Пагоня». Карысталася абласнымі прывілеямі, якія ўстанаўлівалі полацкае права; ваявода мог прызначацца толькі са згоды мясц. шляхты. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 ад П.в. да Расіі адышлі воласці Завалочча і Себеж. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1563 амаль усё П.в. было занята рас. войскамі; у 1564 большая частка тэр. П.в. на Пд ад Зах. Дзвіны адваявана ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. структура кіравання ў ваяводстве прыведзена ў адпаведнасць з адм. рэформай 1565—66 і Статутам ВКЛ 1566. П.в. не падзялялася на паветы. Буйнейшымі паселішчамі былі Асвея, Бешанковічы, Глыбокае, Дзісна, Друя, Лепель, Ула, Ушачы і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1654—55 рас. армія цалкам заняла П.в.; большасць яго тэрыторыі вернута ў ВКЛ у 1658—60. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 паўн. частка П.в. (да р. Зах. Дзвіна, з г. Полацк) адышла да Расіі і ўвайшла ў склад Пскоўскай губерні. Астатняя частка П.в. існавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793; павятовыя сеймікі ў гэты час збіраліся ва Ушачах.
В.Л.Насевіч.
т. 12, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАХ-ПАРО́Н (па мужу Няфёд) Алімпіяда Іванаўна
(н. 5.8.1922, в. Шчарбачоўка Суджанскага р-на Курскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1944). Працавала ў Бел. філармоніі (1945), Бабруйскім абл. драм. т-ры (1946). З 1947 у Нац. акад. драм. т-ры імя М.Горкага. Сыграла ў т-ры каля 100 роляў. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе мастацтву ўласцівы глыбокае пранікненне ў сутнасць сцэн. характару, эмацыянальнасць, мяккі гумар, тонкая іронія, лірызм і драматызм. Найб. значныя ролі: Лідзія («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), баранеса Штраль («Маскарад» М.Лермантава), Лідзія Багаеўская, Алена Пратасава, Сакалова, Клеапатра, Малання («Варвары», «Дзеці сонца», «Апошнія», «Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Дэздэмона, Алівія, Рэгана («Атэла», «Дванаццатая ноч», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Понсія («Дом Бернарды Альбы» Ф.Гарсія Лоркі), Івета («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта), фру Алвінг («Здані» Г.Ібсена), місіс Туз («Усё ў садзе» Э.Олбі), Эліза («Хаціна дзядзькі Тома» Г.Бічэр-Стоу), Герарда («Дасціпная закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Хлоя («Мёртвая хватка» Дж.Голсуарсі), Міхаліна («Трывога» А.Петрашкевіча). Інш. ролі: Яўгенія («Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна), Таня («За другім фронтам» В.Сабко), Тоня («Старыя сябры» Л.Малюгіна), Вольга («Гады вандраванняў» А.Арбузава), Мамушка («Іван-ды-Мар’я» У.Гольдфельда) і інш.
Літ.:
Смольскі Р.Б. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998.
А.В.Усцінава.
т. 17, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСО́Н, Язон, Іасон,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, правадыр арганаўтаў. Паводле міфаў, Я. — сын цара вобласці Іолк (у Фесаліі) Эсона, скінутага з прастола яго братам Пеліем. Калі выхаваны кентаўрам Хіронам 20-гадовы Я. вярнуўся ў Іолк, Пелій загадаў яму прывезці з Калхіды, дзе царом быў Ээт, залатое руно, за што абяцаў вярнуць прастол Іолка Эсону. Я. і інш. героі, што прыйшлі яму на дапамогу на судне «Арго» прыбылі ў Калхіду, дзе з дапамогай закаханай у яго дачкі Ээта Медэі Я. выканаў небяспечныя і каварныя даручэнні цара: запрог у плуг вялізных агнядышных быкоў, узараў і засеяў зубамі дракона поле, перабіў воінаў, што выраслі з гэтага «насення». Калі Ээт усё ж адмовіўся аддаць руно, Медэя дапамагла Я. выкрасці яго, і яны разам уцяклі на «Арго» ў Іолк. Да гэтага часу Пелій загубіў бацьку і інш. сваякоў Я. Медэя сваімі хітрыкамі і чараўніцтвам загубіла Пелія, але царом стаў яго сын Акаст. Выгнаныя з Іолка Я. і Медэя 10 гадоў жылі ў Карынфе, дзе ў іх нарадзіліся двое сыноў. Калі Я. вырашыў ажаніцца з дачкой карынфскага цара Крэонта, Медэя загубіла саперніцу і яе бацьку, забіла на вачах у Я. сваіх (ад яго) дзяцей і панеслася на запрэжанай крылатымі коньмі калясніцы. Я. скончыў самагубствам або, паводле інш. версіі міфа, загінуў, калі на яго абрынулася карма спарахнелага карабля «Арго».
т. 18, кн. 1, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
даба́віць, -ба́ўлю, -ба́віш, -ба́віць; -ба́ўлены; зак., каго-што і чаго.
1. Даць, наліць, насыпаць і пад. дадаткова, звыш таго, што маецца, што прызначана, або папоўніць тое, чаго не стае.
Д. вады.
Д. солі ў халаднік.
2. Сказаць або напісаць у дадатак.
Д. некалькі слоў да пісьма.
Усё зразумела, д. нечага.
|| наз. дабаўле́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ка́ліва, -а, мн. -ы, -ліў і -ліваў, н.
1. Асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і пад.
К. пшаніцы.
2. перан. Пра самую малую колькасць чаго-н. (разм.).
К. надзеі.
3. у знач. прысл. Крыху (разм.).
◊
Да апошняга каліва (разм.) — усё, цалкам.
Ні каліва (разм.) — ніколькі, ані.
|| памянш.-ласк. ка́ліўца, -а, мн. -ы, -аў, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
перадра́ць, -дзяру́, -дзярэ́ш, -дзярэ́; -дзяро́м, -дзераце́, -дзяру́ць; -дра́ў, -ра́ла; -дзяры́; -дра́ны; зак. (разм.).
1. што. Разадраць папалам, на часткі.
П. паперу.
2. што. Падраць, разадраць усё, многае, доўга носячы.
П. адзенне.
3. каго. Задраць, забіць (пра ўсіх, многіх жывёл, птушак).
4. што. Пацерці на тарцы ўсё, многае.
П. усю бульбу.
|| незак. перадзіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
паспе́ць², -е́ю, -е́еш, -е́е; зак.
Зрабіць што-н., прыбыць куды-н. своечасова, у тэрмін.
П. усё прыгатаваць да прыходу гасцей.
П. на цягнік.
◊
Не паспеў (што-н. зрабіць), як... — ледзь было што-н. зроблена, ледзь адбылося што-н., як наступіла іншае.
Не паспеў я азірнуцца, як яны ўжо і паехалі.
|| незак. паспява́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
наадваро́т, прысл.
1. У адваротным напрамку.
Прачытаць слова н.
2. Зусім інакш, не так, як трэба.
Зрабіць усё н.
3. у знач. пабочн. сл. У процілегласць таму, што сказана.
Аб’ём будаўніцтва не стаў меншым, а, н., узрос.
4. у знач. супраціўнай часц. Зусім не.
Я вам не перашкоджу? — Н., я вельмі рады бачыць вас.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)