падда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак.

1. каго-што. Дапамагчы падняць што‑н. (часцей за ўсё на спіну, плечы). Варанецкі выцягнуў ношку асакі з балота, паддаў яе жанчыне на плечы. Дуброўскі. Крыху супакоіўшыся, Зося папрасіла, каб я паддаў ёй на плечы мяшок. Бажко.

2. што. Ударам, штуршком знізу падкінуць. Паддаць мяч. □ Паддаўшы плячом аўтамат, камбат нялёгка ўздыхнуў і пайшоў па гразі даганяць калону. Быкаў. Сашка прайшоў да шалаша, каля ўваходу паддаў нагой кімсьці кінуты агрызак яблыка. Ракітны. // чым. Зрабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела (пра жывёл). Конь паддаў задам.

3. каму. Разм. Стукнуць каго‑н. (звычайна ўдарам знізу ўверх). А я, нібы не чуючы.. [хлопцаў], зацмокаў, паддаў Буланчыку пяткамі пад бакі. Ляўданскі. [Трэзор] За вуха ўхапіў Свінню, Казёл паддаў ёй ззаду І выперлі нягодніцу на двор. Корбан.

4. чаго. Павялічыць сілу, напружанасць, хуткасць чаго‑н. Паддаць пары. Паддаць газу. Паддаць агню. □ Гудок на фабрыцы прымусіў .. [Зыдора] паддаць ходу. Чорны. // перан. Зрабіць мацнейшым якое‑н. пачуццё, адчуванне, жаданне і пад. Паддаць сілы. Паддаць злосці. Паддаць рашучасці. □ Абнадзеіў настаўнік Сцёпку, ахвоты да навукі паддаў. Колас.

5. што. Разм. У некаторых гульнях — спецыяльна аддаць праціўніку (шашку, карту і пад.). Паддаць шашку. Паддаць карту.

•••

Паддаць жаруа) узбудзіць энергію, зрабіць больш жвавым; б) падбухторыць, садзейнічаць узмацненню якіх‑н. дзеянняў, пачуццяў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак.

1. што. Прыгрэбці, наблізіць да чаго‑н., сабраць каля чаго‑н. Прыгарнуць жар у печы да чыгуноў. □ А яны [дружбакі] ляжаць маўкліва, Быццам моцным сном заснулі, І зямлю з травою разам Пад галовы прыгарнулі. Калачынскі. // чым. Прыкрыць, прысылаць чым‑н. Прыгарнуць зямлёй карэнне. □ Сцёпка разварушыў вогнішча і прыгарнуў бульбу вуголлем. П. Ткачоў.

2. каго. З ласкаю, пяшчотаю прытуліць да сябе. Дубіцкі адной рукой прыгарнуў .. [жонку] да сябе, другой гладзіў яе валасы. Чарнышэвіч. Сарамліва .. [Марына] падышла да бацькі, і ён, прыгнуўшыся, прыгарнуў яе да сваіх грудзей. Чорны. Ніна смяецца. А мне так хочацца ўзяць яе на рукі, прыгарнуць, сказаць: «Ах, як добра, што ты будзеш жыць!..» Брыль. // перан. Аднесціся да каго‑н. добразычліва, спагадліва. — Для каго ж мы .. [Полю] гадавалі? Падабралі, прыгарнулі, прынялі ў сям’ю, як родную. Арочка. Можа, яшчэ хто з іх [суседзяў] прыйдзе дамоў, Каб паглядзець на прасторы палёў,.. Каб запытаць у сваіх у сірот, Як прытуліў, прыгарнуў іх народ. Танк. // перан. Прыблізіць, далучыць да сябе. Новага чалавека ў звяне стараліся прыгарнуць к сабе, спагадліва вучылі кожнай дробязі ў працы. Ермаловіч.

3. перан.; што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць. — Канешне, мала табе — ты яшчэ і Едкавага [дабра] прыгарнуў! Скрыган. Ці тыя людзі ўсе паснулі, Якім зямелька трэба пільна?.. Ой, каб яна была прыхільна, Яе б даўно ўжо прыгарнулі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго і з дадан. сказам. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н.; звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; папытацца. А чаму ты, Сцёпка, не вучышся далей? — спытала .. [Аленка]: — ты ж гэтакі здольны? Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. [Галіна] міласціва дазволіла мне .. [закурыць] і спытала, чаму я заву гэтую стаянку маёй? Васілевіч. // Апытаць вучня на ўроку. Ішоў урок у гомане і тлуме — Таго спытай, А т[а]му падкажы. Хведаровіч. // (звычайна з адмоўем). Даведацца чыю‑н. думку пра што‑н.; папрасіць дазволу на што‑н. [Клемс:] — Вось намалола, каб табе [жонцы] язык прысох! І чаго ты толькі бурчыш! Зах[а]чу, — пайду і цябе не спытаю. Галавач.

2. што і чаго. Папрасіць што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Некалькі разоў .. [Койфер] хацеў бы[ў] спытаць парады ў Візэнера. Шамякін.

3. перан.; што і чаго. Перажыць, зведаць, зазнаць (гора, турботы і пад.). Хто не спытаў хоць раз трывогі, Жыццю не ведае цаны! Звонак.

4. з каго. Разм. Ускласці на каго‑н. адказнасць за дзеянні, учынкі; спагнаць. Менавіта за ім было апошняе слова і менавіта з яго [Зазыбы] першага маглі спытаць за ўсё як свае, так і фашысты. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумле́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца высокімі маральнымі якасцямі. [Купала] лічыў, што свяшчэнным абавязкам кожнага сумленнага чалавека з’яўляецца самаадданае змаганне за родную зямлю. Гіст. бел. сав. літ. Паліна Галавач была жонкай сумленнага чалавека, савецкага афіцэра Кузьмы Галавача. Новікаў. // Уласцівы чалавеку з такімі якасцямі. Сумленным сэрцам ты ў ім Іводгулле адрозніш І ворагаў і сяброў галасы. Аўрамчык. // Не здольны ўкрасці, не схільны да крадзяжу. Пакрыўджаная за сына, маці не змоўчала, — Сам ты злодзей, — адказала яна [п’янаму], а сын мой сумленны, нічога ў цябе ён не ўкраў. Галавач. Слабы замок бараніў дабро толькі ад сумленных людзей і вісеў так сабе, на, пострах. Бядуля. // Старанны, шчыры. Дзед Баўтрук быў работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Які выказвае праўдзівасць характару, адкрыты (пра твар, погляд і пад.). Рыбаковы сумленныя вочы Схаладзелі на міг, нібы лёд. Панчанка.

2. Згодны з паняццем сумленнасці. Сумленныя паводзіны. □ [Дзімін:] — Ты [Максім Сцяпанавіч], напрыклад, лічыш сумленным, што ўладзіў пасынка ў інстытут. Карпаў. // Які вынікае з адносін да сваіх абавязкаў; атрыманы дзякуючы такім адносінам. Зарабіць, сумленны кавалак хлеба. □ Хоць не кожны хай мае партыйны білет, Але ў працы сумленнай мы ўсе — камуністы. Прыходзька.

3. Нічым не заплямлены, бездакорны. Сумленнае імя. // Якая захоўвае свой жаночы гонар. Сумленная дзяўчына, пакуль сваты не ў хату — і гаварыць употай не стане. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схоў, схову; мн. сховы, ‑аў; м.

1. Хаванне, захоўванне чаго‑н. Аддаць грошы на схоў. / у паэт. ужыв. Вось так хадзілі ў тыл варожы, Аддаўшы прозвішча на схоў. Пысін.

2. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, схавацца ад каго‑, чаго‑н. І тут, за горкаю ў даліне, Знаходзяць сховішча яны — Іх схоў надзейны, зацішны. Колас.

3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для і ўкрыцця каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Сяргей] можа выходзіць са схову і сустракацца толькі ўначы, — значыцца, трэба прыдумаць новыя спосабы сувязі. Мележ. [Ева Аўсееўна:] — Мая домработніца нікому не адчыніць дзверы, пакуль праз акенца ў калідоры не ўбачыць, хто прыйшоў. І паліцыю не ўпусціць, пакуль не папярэдзіць. А .. [Валодзя] тым часам праз калідор — і ў мой пакой, адтуль — у схоў. Машара.

4. толькі мн. (схо́вы, ‑аў); перан. Тое, што недаступна для іншых, што хаваецца ў душы. [Андрэй] данясе .. [нянавісць] да патрэбнай пары цэлую, некранутую, клапатліва выпешчаную ў патаемных сховах душы. Зарэцкі.

5. толькі мн. (схо́вы, ‑аў). Памяшканне для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Вось прыедуць фурманкі — будуць паражніць нівы. Зжатае жыта паедзе ў сховы, а голае ржышча будзе пустым галам выглядаць. Гартны. // перан. Пра народную памяць, традыцыі, якія захоўваюць, зберагаюць што‑н. Мы радуемся слову, Адкрытаму ў народных сховах, Незацяганаму, Крамянаму, Як раніцай трава, непатаптанаму. Арочка.

•••

Пад сховам (сховамі) чаго — карыстаючыся чым‑н. як прыкрыццём, маскіруючыся чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́ма, ‑ы, ж.

1. Кола жыццёвых з’яў, падзей, якія складаюць змест твораў літаратуры, жывапісу, музыкі ці аснову навуковых даследаванняў, дакладаў і пад. Тэмы кандыдацкіх дысертацый. Тэма даклада. □ Я тэмы для вершаў старанна вывучваў, Пра шчасце людское я хітра выпытваў, Слухмянымі рыфмамі звонка выстукваў Пра гора і радасць, пра грозныя бітвы. Панчанка. // Прадмет даклада, лекцыі, гутаркі. Лапковы мыслі зблыталіся ў галаве, але сувязі з агульнаю тэмаю, на якую ўзяўся ён разважаць, не гублялі, а толькі пайшлі па іншай лініі. Колас. Вера Антонаўка, спрабуючы знайсці прычыну, заводзіла гаворку то на адну, то на другую тэму, але дарма — сын адмоўчваўся. Карпаў. // Тое, што з’яўляецца зместам навучальнага або кантрольнага задання. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання ў голасе тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч.

2. Спец. Асноўны матыў якога‑н. музычнага твора або яго часткі, які звычайна служыць прадметам далейшага развіцця. [Чайкоўскі] на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо» для сімфанічнага аркестра. «Маладосць».

3. У мовазнаўства — а) аснова на тэматычны галосны, напрыклад: чыта- ў слове чытаю, крычы- ў слове крычыць; б) пры актуальным чляненні выказвання тая яго частка, якая змяшчае менш інфармацыі, выражае ўжо вядомае і служыць асновай для разгортвання паведамлення.

•••

Вольная тэма — не абмежаваная рамкамі праграмы, адвольная тэма (сачынення і пад.).

[Грэч. thema — галоўная думка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́цца, чуюся, чуешся, чуецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці. Кулакоўскі. Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех. Арабей.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі. Паслядовіч. [Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін. Чорны. // перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае». Бярозкін. [Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне. Васілевіч. // у знач. пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Мележ.

3. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна. Колас. І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай. Марціновіч. / у безас. ужыв. Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Пашкоджанне, урон, страта. Ваганаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Атрад сарваў планы немцаў на ўчастку фронту, многа зрабіў ворагу шкоды. Чорны. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. // Дрэнны, небяспечны ўчынак, дзеянне; тое, што небяспечна дрэннымі вынікамі. [Міна Міхайлавіч:] — Думаю я, такі гэта цуд, што працаваць на карысць жыцця ў чалавека сілы патройваюцца, а на шкоду і рукі не падымаюцца. Во як... Краўчанка.

2. Страта, прычыненая жывёлай; патрава. Ходзіць певень па гароду, У гародзе робіць шкоду. Муравейка. Паплаўнічы лавіў выпадкам перабегшую ў лес карову і накладаў штраф за шкоду. Гартны. // Месца на полі, у лузе, у лесе і г. д., дзе жывёла можа зрабіць патраву. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С. Александровіч. Я памог прагнаць статак [цялят] каля шкоды. Місько.

шко́да 2, безас. у знач. вык.

Тое, што і шкада. [Галена:] — Шкода таго часу і сілы, што я патраціла за тыя часы, пакуль мяне.. дапытвалі з-за.. брахні. Чорны. [Маці:] — Багатаму шкода карабля, а беднаму — кашаля! Мележ. Не так шкода, як невыгода. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не, часціца адмоўная.

1. Надае слову, да якога яна адносіцца, значэнне поўнага адмаўлення. Ой, не вецер з-за гор легкакрылы Кучаравіў сасну на кургане. Трус. Мы так захапіліся сваёю работаю, што не заўважылі, як на дзядзінец прымчаўся ўраднік Вярбіла са сваімі стражнікамі. Якімовіч. [Уля] з Волькай вучыліся роўна, не адстаючы адна ад адной і не забягаючы наперад. Паўлаў. // Пры проціпастаўленні (звычайна са злучнікамі «а», «але»). Хачу я жыць, а не памерці, Каб радасць несці пакаленню. Чарот. Трактарам любуйся, але і каня не забывай. Прыказка. // У спалучэнні з дзеясловам-выказнікам, калі ў сказе маюцца адмоўныя займеннікі і прыслоўі, якія ўзмацняюць адмаўленне. Ніхто не сказаў ні слова. Няхай. // У спалучэнні з інфінітывам-выказнікам, калі выражаецца сцвярджэнне немагчымасці. А дзень наступны і падзеі У неакрэсленай смузе. Адно мне ясна: завірухі Не абмінуць, не адхіліць, Бо сэрца томіцца, баліць. Колас.

2. Служыць адмоўным адказам на станоўчае пытанне. А вы, уласна кажучы, хто? Інжынер? — Не. Настаўніца. Шамякін. [Аляксандра Сцяпанаўна:] — А я думала, вы таксама да Масквы. — [Канстанцін Пятровіч:] — Не, я не да Масквы. Мне трэба тут выходзіць. Васілёнак. // У пачатку рэплікі, якая перапыняе выказванне субяседніка, або ў пачатку адказу, які выражае пярэчанне. — Ты прыедзеш сёння? — Я заняты. — Не, ты проста скажы, прыедзеш ці не? Самуйлёнак. [Злобіч:] — Не, Сандро, ты, відаць, не кахаў, калі хочаш так проста мяне супакоіць... М. Ткачоў. // Пры выказванні забароны рабіць што‑н. або адмове ў чым‑н. — І я з табою! — папрасіўся хлопчык. [Бацька:] — Не, сынок, ты аставайся з мамай! Кулакоўскі. Выкапаўшы некалькі ямак, я падышоў да.. [Ганкі] і кажу: — Можа, памагчы? — Не, я сама, — разазнулася Ганка. Рунец. // Ужываецца для большай выразнасці ў пачатку або ў канцы выказвання, у якім адмаўляецца тое, што было выказана раней; тое ж — пры процілеглай думцы, якая не была выказана, а толькі падразумявалася. Мінуў дзень, мінуў тыдзень, а пра Бярозку ў Далідовіча не было ніякіх новых звестак.. — Сумненне, якое незнарок пасеяў Захарэня, Платон Барысавіч і на вярсту не падпускаў да сябе. — Не, ты недзе блізка ад нас, — раптам праплывала невядома адкуль надзея, і Далідовіч працягваў пошукі. Шахавец. Мне кажуць, што старасць прыгнула мяне, Не тое гавораць, не так яно, не! А. Александровіч. Не, мы не пойдзем славы пазычаць, Па прыгажосць не пойдзем на чужыну. Шушкевіч. // Ужываецца ўнутры выказвання для ўнясення папраўкі. Прыдзі да мяне ў чатыры гадзіны. Не, у тры. // Ужываецца ў пачатку думкі, якая падагульняе сказанае раней і з’яўляецца яго вынікам. [Рыгор:] — Вось прыедзеш, а праз дзве гадзіны — назад. Любата!.. Не, гэта разумна прыдумана — аўтобус ў вёску пусціць. Ракітны. // Ужываецца ў пачатку рэплікі з мэтай звярнуць увагу субяседніка на думку, якая выказваецца. Не, ты толькі паглядзі, чаго ён натварыў.

3. Мае значэнне няпоўнага сказа пры адмоўных адказах на пытанні; тое, што і няма (у 2 знач.); проціл. так. — У цябе ёсць білет? — Не. □ [Майстар-цырульнік] прарэзліва зарыпеў мне ў самае вуха: — Скажыце, у вас каты ёсць? — Не. А што? Паслядовіч.

4. Разм. Ужываецца замест выказніка з адмоўем, а таксама замест словазлучэння або цэлага сказа з адмаўленнем ці проціпастаўленнем. Падышоў я бліжэй [да Дошкі гонару], кінуў пагляд на адзін твар, на другі. Подпісаў не чытаў, а так сабе глядзеў, прыкідваў крытычным вокам, каторы партрэт зроблены добра, а каторы не. Кулакоўскі.

5. Надае значэнне няпэўнасці, няпоўнага адмаўлення, непаўнаты дзеяння ці стану: а) пры назоўніках, якія паўтараюцца. Бяда не бяда. □ Працаваў .. [Язэп] нехаця, ляніўся, на яго паласе заўсёды быў самы дрэнны ўраджай — жыта не жыта, трава — не трава. Лупсякоў; б) паміж дзеясловамі, якія паўтараюцца. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка; в) у спалучэнні з прыслоўямі «вельмі», «лепш», «надта» і пад. Думкі не вельмі вясёлыя.

6. Надае выразу сцвярджальнае значэнне з дзеясловамі «магчы», «смець» пры наяўнасці другога адмоўя або з дзеясловамі ў безасабовым сказе, выказнікам якога з’яўляюцца словы «нельга», «немагчыма». Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка.

7. У спалучэнні з часціцай «ці» ў пытальных сказах выражае мадальнае значэнне сцвярджэння або няпэўнасці, здагадкі. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. [Суседка:] — Ці не перапала табе сёння дзе-небудзь чарка, Данілка? Капыловіч.

8. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі і прыслоўямі пры асаблівай інтанацыі вымаўлення надае сэнс станоўчага адказу. Як не спяваць мне? □ [Мяснікоў:] — А дзетак не прыбавілася? [Касач:] — Хе! Чаму не! Гурскі.

9. У спалучэнні з дзеясловамі, якія канчаюцца на «‑ся», «‑цца» і маюць прыстаўку «на-», надае значэнне немагчымасці закончыць дзеянне. Не наглядзіцца маці на сына.

10. Уваходзіць у склад словазлучэнняў, якія з’яўляюцца складанымі злучнікамі і злучальнымі словамі: «не то... не то»; «не то што»; «не то .. а»; «не толькі, .. але (і)» і пад. Бацька не то спаў, не то так ляжаў на печы, яшчэ не разуваючыся. Крапіва. На вуліцы ў Чыжэвічах — не то што ў Малінаўцы — было людна і ажыўлена. Чарнышэвіч. Пісьменнік здолеў даць не толькі тыповы характар правакатара, але і раскрыць вытокі здрадніцтва, паказаць, на якой глебе яно вырастае. Дзюбайла.

11. Уваходзіць у склад устойлівых словазлучэнняў: «далёка не»; «не раўнуючы, як»; «амаль не», «ледзь не», «бадай не»; «не раз і не два»; «не вельмі каб» і пад. Госці склалі свае рэчы на падлозе, заняўшы імі ледзь не палову пакоя. Корбан. [Маці:] — Цяперака купяць, бо не вельмі каб у каго сена пад вясну было. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж.; само́, само́га, н.; мн. самі, саміх; займ. азначальны.

1. Ужываецца пры назоўніках ці асабовых займенніках, каб паказаць, што іменна названая асоба або прадмет непасрэдна ўдзельнічае ў дзеянні. З вуліцы ехалі сані. Ладымер пазнаў Банадысёвага каня. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. Сам факт стварэння слоўнікаў нацыянальнай тэрміналогіі не можа разглядаць інакш, як факт выключнай навуковай важнасці. Суднік. // Ужываецца як замяшчальнік назоўніка або асабовага займенніка. Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы. Колас. [Арына Восіпаўна:] — Стаіць [Мажэйка] сярод пакоя, размаўляе са мной, а сам так і шныпарыць вачыма па закутках. Асіпенка. // Ужываецца ў зваротах, каб паказаць, што асоба занята сабою, сваімі справамі. Сам сабе [Уладзімір] нешта шаптаў, сам з сабою раіўся. Скрыган. / У выразах, у якіх што‑н. прыпісваецца самому аб’екту. [Хлопец:] — Не згубіў, а сама [метрыка] згубілася, як нашага прыхода царкву перабудоўвалі на школу... Чарот.

2. Ужываецца, каб падкрэсліць, што асоба або прадмет выконвае дзеянне самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі. Засяваць мы самі Будзем нашы нівы, Збіраць самі будзем Ураджай шчаслівы. Купала. // Ужываецца для вылучэння пэўнай асобы або нейкага прадмета. [Гарлахвацкі:] Выдавецтва? Хто пры тэлефоне?.. Перадайце трубку самому дырэктару. Крапіва. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом, займаў цэнтральнае месца. Колас.

3. Ужываецца для падкрэслівання важнасці, значнасці асобы або прадмета. Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым.. Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры. Купала.

4. у знач. наз. сам, само́га, м.; сама́, само́й, ж. Разм. Ужываецца для абазначэння якой‑н. паважанай асобы (гаспадара, кіраўніка і пад.). [Бабка:] — Ой, хоць бы ўжо хутчэй сам прыйшоў. Сам — гэта, канечне, бацька. Сяркоў. [Таццяна:] — Ну, а дзе сама [Марына Паўлаўна]? Я ўжо ладзілася ісці па яе, ды дасюль няўпраўка была... Зарэцкі.

5. Пры назоўніках з якасным значэннем падкрэсліваюць наяўнасць вышэйшай ступені якасці ў прадмеце. Сама ты, радзіма, жывая паэма, Вялікасны твор бальшавіцкага племя. Глебка. Значкі ГПА на крутых грудзях [моладзі] выглядаюць так, як можа выглядаць само здароўе, сама сіла, сама паўнакроўная маладосць! Самуйлёнак.

6. Ужываецца тады, калі трэба паказаць, што пра пэўны прадмет ці асобу ўжо гаварылася. [Лабановічу] ўспомнілася,.. што ў гэтую кузню не адзін раз прыязджаў ён і прыходзіў з дзядзькам Марцінам па розных гаспадарчых справах. І кузня, і само мястэчка тады нейк выглядалі іначай, рабілі большае ўражанне, можа, з тае прычыны, што ён быў малы. Колас.

•••

Сам вялікі гл. вялікі.

Сам (сама, само) за сябе гаворыць — не мае патрэбы ў тлумачэнні, пацвярджэнні.

Сам (сама, само) з сабою — адзін, на адзіноце. [Мікуць] гаварыў гэтак сам з сабою праз усю дарогу. Чорны.

Самі з вусамі — не горш за іншых, не дурней за іншых.

Сам-насам — быць аднаму без удзелу іншых. Відаць, не лёгка было Антосю заставацца, сам-насам са сваімі думкамі. Бажко. Хацелася пабыць аднаму [Барташэвічу], сам-насам. Карпюк.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Сам не гам і другому не дам гл. гам ​2.

Сам не свой — аб стане разгубленасць роспачы, адчаю, вялікага хвалявання, непакою. Ладымер з’явіўся дадому сам не свой. Ён пастагнаў у сенцах, паенчыў, пабедаваў і падаўся ў хату. Чорны.

Сам не ў сабе — пра таго, хто страціў душэўную раўнавагу, самавалоданне. [Рыгор:] — Чакай, Каця! Даруй, я сам не ў сабе. Крапіва.

Сам (сама, само, самі) па сабеа) адвольна, незалежна ні ад кога. Цяпер [пасля запрашэння перайсці на працу ў раён] пытанне развязалася само па сабе — проста і дасканала. Зарэцкі. Нарэшце гоман сам па сабе ўлёгся. Дуброўскі; б) кожны паасобку. [Іван:] — У нас [у Чыжэвічах] канапасы ў гурт збіраюцца, гавораць, смяюцца. А тут [у Малінаўцы] кожны сам па сабе. Чарнышэвіч; в) паводле сваёй сутнасці. Сам па сабе дзядзька Анупрэй быў вельмі цікавым чалавекам. Машара.

Сам праз сябе — самастойна.

Сам (сама, само, самі) сабеа) адзін, без нікога. [Макатрыха:] — Я магла б жыць і пры сыне, але мне лепш калі я тут сама сабе. Кулакоўскі; б) ціха, ледзь чутна (чытаць, гаварыць і пад.); в) ніяк знешне не выяўляючы; у думках, не выказваючы ўголас. Яшчэ тады [Макар] сам сабе падумаў: а што, калі тут давядзецца працаваць, дык жа зусім згубішся сярод гэтых сталёвых волатаў. Сабаленка.

Сам сабе не рад — незадаволены самім сабою. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк.

Сам сабе пан (гаспадар, галава) — самастойны, незалежны ні ад кога чалавек.

Само сабой (зразумела) — не выклікае ніякага сумнення; безумоўна.

Сам (сама, само, самі) сабоюа) самастойна, сваімі сіламі (магчымасцямі). Як узяўся, як стаў вучыцца і сам сабою вывучыўся. Янкоўскі. Шчасце не прыйшло само сабой. Барадулін; б) без якіх‑н. намаганняў. Само сабой прыгадалася, як зімой.. [бацька] з Шурам валіў сосны на хату. Ставер; в) у адпаведнасці з сваёй унутранай сутнасцю, такім, які ёсць. Сышліся твар у твар — яны і вечнасць, Тут кожны быць павінен сам сабой, Як смага — смагай, як вада — вадой. Куляшоў.

Сам чорт галаву (нагу) зломіць гл. чорт.

Сам чорт не брат каму гл. брат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)