КЕНЕ́ВІЧ ((Kieniewicz) Стафан) (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),
польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.
Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.
В.С.Пазднякоў.
т. 8, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНО́ЦКІ БОЙ 1942,
бой партызан 208-га партыз. атрада (камандзір У.І.Нічыпаровіч) з ням.-фаш. захопнікамі, якія праводзілі карную экспедыцыю ў Кліноцкім лесе Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У пач. сак. 2 пях. палкі гітлераўцаў, падтрыманыя авіяцыяй і артылерыяй, акружылі партыз. лагер у лесе за 6 км на Пн ад в. Клінок і пачалі наступленне, але партызаны, дзякуючы здабытым у час бою дакументам і картам праціўніка, у ноч на 6 сак. перадыслацыраваліся за 5 км на Пн, вывезлі туды параненых, боепрыпасы, гаручае, занялі там абарону. Раніцай 7 сак. яны контратакавалі гітлераўцаў на месцы былога лагера, рассеялі засадную групу праціўніка, знішчылі мінамётную батарэю, кулямёты, перасеклі шашу Чэрвень—Пухавічы і выйшлі з акружэння. Не дасягнуўшы поспеху, фашысты спалілі пас. Кукіга і в. Лужыца (не аднавілася) Пухавіцкага р-на.
т. 8, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1942, 1943,
баі партыз. фарміраванняў Магілёўскай вобл. з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну ў г.п. Клічаў. У ноч на 30.3.1942 партызаны атрадаў Клічаўскага (камандзір А.С.Юркаўцаў), В.І.Лівенцава, В.П.Свістунова панеслі ўдар па папярэдне заблакіраваным гарнізоне ворага (каля 250 гітлераўцаў). Пасля 12-гадзіннага бою партызаны вызвалілі Клічаў, чым завяршылі вызваленне ўсяго Клічаўскага р-на і стварэнне Клічаўскай партызанскай зоны. У ліп. 1942 пад націскам значных сіл праціўніка партызаны пакінулі пасёлак. Раніцай 21.4.1943 2-я і 5-я Клічаўскія партыз. брыгады і рота 1-й Клічаўскай брыгады (іх дзейнасць каардынаваў нач. штаба Магілёўскай ВАГ С.Г.Сідарэнка-Салдаценка) зноў занялі Клічаў, за выключэннем умацаваных пазіцый гарнізона. Праціўнік атрымаў падмацаванне, ням. авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку, таму партызаны адышлі. У гонар баёў у Клічаве насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік.
т. 8, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫЧКО́Ў (сапр. Лешанкоў) Сяргей Антонавіч
(6.7.1889, в. Дуброўкі Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 8.10.1937),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маск. ун-це (1908—13). Друкаваўся з 1908. Ранняя паэзія прасякнута рамант. светаадчуваннем, у аснове якога непрыняцце «індустрыяльнай» цывілізацыі (зб-кі «Песні», 1911; «Патаемны сад», 1913). Распрацоўваў матывы рус. казкі, пераасэнсоўваў іх у духу сімвалізму. У паэзіі пераважаюць сузіральнасць, мары пра недасяжнае. У празаічных творах сумяшчаў рэальнае з фантаст., што стварала атмасферу казачнага побыту, дзе героі — самотныя летуценнікі, дзівакі, праўдашукальнікі. У творах 1920-х г. непрыняцце сав. рэчаіснасці, імкненне да даўніны, матывы несуцешнасці і песімізму: кн. «Дубраўна» (1918), раманы «Цукровы немец» (1925; уражанні пра 1-ю сусв. вайну), «Чартухінскі балакір» (1926), «Апошні Лель» (1927), «Князь свету» (1928). Перакладаў груз. паэтаў, вагульскі і кірг. эпасы. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
т. 8, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЧЫЦ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 11.1.1925, Масква),
генерал-палкоўнік (1978). Праф. (1988). Беларус. Скончыў 1-е Кіеўскае артыл. вучылішча (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1950), акадэмію Ген. штаба (1964). У Вял. Айч. вайну ў складзе дывізіёна аэрастатаў артыл. назірання ваяваў на Ленінградскім, Волхаўскім і 3-м Прыбалт. франтах. У 1944 удзельнік вызвалення Беларусі. Пасля вайны на камандных і штабных пасадах. У 1974—77 нач. штаба Беларускай ваеннай акругі, у 1978—81 камандуючы войскамі Прыволжскай ваен. акругі, у 1981—85 гал. ваен. саветнік у Рэспубліцы Куба, у 1985—92 нач. Ваен. акадэміі імя Фрунзе. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80. Вярх. Савета СССР у 1979—84.
Літ.:
Джилкишев С. Вижу цель. Алма-Ата, 1970;
Яго ж. Сообщаю цель. Алма-Ата, 1982;
Василевский А.А. 21-я гвардейская. 2 изд. Уфа, 1988.
т. 8, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЎЧАНКА (Ігар Уладзіміравіч) (н. 25.11.1926, в. Барысаўшчына Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Сярод твораў: помнікі сав. воінам і партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, у калгасе «Сцяг Перамогі» Сенненскага р-на Віцебскай вобл. (1968) і ў пас. Самахвалавічы Мінскага р-на (1979), «Воінская слава» (1970) у г.п. Глуск Магілёўскай вобл., «Ахвярам фашызму» (1977), у г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл., в. Хорастава Салігорскага р-на (1983) і інш.; бюсты Я.Коласа (1968) у в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., К.С.Заслонава (1971) на чыг. ст. Заслонаў Лепельскага р-на Віцебскай вобл., праф. М.М.Аляксандрава (1983) у Мінску, і інш. Аўтар шэрагу мемарыяльных дошак у Мінску, станковых кампазіцый.
т. 8, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬНЕЎ (Якаў Пятровіч) (5.8.1763, Казельскі р-н Калужскай вобл., Расія — 1.8.1812),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-маёр (1808). Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1785). Удзельнік рус.-тур., рус.-швед. і рус.-франц. войнаў канца 18 — пач. 19 ст., задушэння паўстання 1794 (баі каля Ашмян, Ліды, Вільні, Кобрына). У вайну 1812 камандаваў авангардам і ар’ергардам корпуса П.Х.Вітгенштэйна; вытрымаў 8-гадзінны бой з франц. корпусам маршала Ш.Удзіно пад Вількамірам (цяпер Укмерге, Літва), 3.7.1812 разбіў каля мяст. Друя (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.) 2 кав. палкі і захапіў амаль увесь абоз французаў. Трапіў у засаду каля в. Баяршчына (гл. Клясціцкія баі 1812), смяротна паранены. Паводле ацэнкі Напалеона I, быў адным з лепшых рас. кав. генералаў. Вёска Царкавішча Расонскага р-на перайменавана ў в. Кульнева, у г.п. Друя пастаўлены помнік.
т. 9, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДЫЯ (ням. Kurland),
Курземе, гістарычная вобласць на З Латвіі. Са старажытнасці населена балцкімі плямёнамі, ад аднаго з іх (куршаў) наз. Курземе. Кантактавала з Полацкім княствам. З пач. 13 ст. ў саюзе з літ. князямі намагалася абараніцца ад экспансіі крыжакоў. Да 1267 заваявана і хрысціянізавана крыжацкім Лівонскім ордэнам, тут існавала Курляндскае епіскапства. З 1561 б.ч. К. ўваходзіла ў склад падвасальнага ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай) Курляндскага герцагства, у якім з 1617 дзейнічалі Курляндскія статуты. Адсюль паходзіў фаварыт рас. імператрыцы Ганны Іванаўны Э.І.Бірон (курляндскі герцаг у 1737—40 і 1763—69, гл. Біронаўшчына). Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Расіі, уключана ў Курляндскую губ. (1796—1917). У 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Германіі (з 1915). 3 ліст. 1918 у складзе Латвіі (да 1940 яе правінцыя).
т. 9, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДНО́Ў (Яўген Міхайлавіч) (?, Віцебская губ. — ?),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля Лют. рэв. 1917 нам. старшыні Харкаўскага губ. Савета сял. дэпутатаў, удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. нац. к-та ў Адэсе. У 1918 міністр ваен. спраў, са снеж. 1919 — замежных спраў ва ўрадзе БНР. З сак. 1921 у Варшаве, нам. старшыні Бел. к-та. 8.5.1921 выключаны са складу ўрада за правакацыйныя дзеянні супраць БНР. Пазней жыў у Берліне. Сабраў вял. колькасць матэрыялаў аб масонстве, частка з якіх адлюстроўвала паліт. дзейнасць рас. масонства ў перыяд Лют. і Кастр. рэвалюцый. У 1932 падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі П.Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе.
У.М.Міхнюк.
т. 9, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІ́ЛА (Павел Паўлавіч) (н. 28.8.1916, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1956). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1946). Удзельнік партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. У 1947—91 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ: навук. супрацоўнік, заг. сектара, нам. дырэктара, навук. кансультант. Асн. даследаванні па гісторыі Вял. Айч. вайны 1941—45 на Беларусі. Адзін з аўтараў і рэдактараў прац «Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза. 1941—1945» (т. 3, 1964), «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1967—82), «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85) і інш.
Тв.:
КПБ — организатор и руководитель партизанского движения в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1959.
т. 9, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)