МЕЧАНО́СЦЫ (Ордэн мечаносцаў),

духоўна-рыцарскі ордэн, засн. ў 1202 рыжскім епіскапам Альбертам для абароны каталіцкай царквы ў Лівоніі і прымусовай хрысціянізацыі народаў Усх. Прыбалтыкі. Актыўныя ўдзельнікі крыжовых паходаў супраць славян і балтаў у 12—15 ст. Афіц. назва Браты воінства Хрыстовага (Fratres militiae Christi). Назва М. ад апазнавальнага знака на белых плашчах рыцараў — мяча і крыжа. У 1205 папа рымскі Інакенцій III афіцыйна зацвердзіў ордэн і надаў яму статут на ўзор статута тампліераў. Паводле статута члены ордэна падзяляліся на братоў-рыцараў, братоў-святароў і братоў-службоўцаў. На чале ордэна стаяў выбарны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе, які падпарадкоўваўся рыжскаму епіскапу. У 1-й трэці 13 ст. М., нягледзячы на процідзеянне Полацкага княства і Пскова, зламалі супраціўленне ліваў, земгалаў, латгалаў, эстаў, інш. прыбалтыйскіх плямён і авалодалі б.ч. тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі, у т. л. падвасальнымі Полацку княствамі Кукенойс і Герцыке, нападалі на Літву. Паводле дагавораў з Рыжскім і інш. епіскапствамі ордэн М. атрымаў каля трэці заваяваных зямель і фактычна ператварыўся ў феад. каталіцкую дзяржаву. Мясц. ўладу ажыццяўлялі комтуры (начальнікі правінцыяльных замкаў) і фогты (адм. чыноўнікі). Браты аднаго замка складалі канвент, іх сход наз. капітулам, агульны сход усіх ордэнскіх братоў — ген. капітулам. Гал. даходам ордэна была даніна з мясц. прымусова хрысціянізаванага насельніцтва, а таксама ваен. здабыча. У 1236 аб’яднаныя сілы літоўцаў і земгалаў каля сучаснага г. Шаўляй (Літва) разбілі М., рэшткі якіх у 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і ўтварылі залежны ад яго Лівонскі ордэн.

Літ.:

Mugurëvičs E. Die militärische Tätigkeit des Schwertbrüderordens (1202—1236) // Ordines militares. Torun, 1991. [T.] 6.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІРА́ННЕ,

мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, якая дазваляе яму атрымліваць інфармацыю аб навакольным свеце; у шырокім сэнсе — спосаб пазнання свету. З ускладненнем сац. рэчаіснасці і прац. аперацый Н. вылучаецца ў адносна самаст. аспект дзейнасці (навук. Н., успрыманне інфармацыі на прыборах, Н. як частка працэсу маст. творчасці і інш.). Навук. Н. накіравана на дасягненне пэўнай навук. мэты і характарызуецца сістэматычнасцю, планамернасцю, магчымасцю ажыццяўлення кантролю шляхам паўторнага Н. або выкарыстання інш. метадаў Н., напр., эксперыменту. У некаторых сац. навуках (эканам. статыстыка, дэмаграфія) пад Н. разумеюць любую палявую працэдуру (апытанне, збор звестак, візуальнае Н.), проціпастаўляючы яго ўскоснаму атрыманню звестак з літ. крыніц. Н. ў сацыялогіі — метад збору сац. інфармацыі праз прамую, непасрэдную фіксацыю падзей і з’яў. Паводле ступені фармалізацыі працэдуры адрозніваюць Н.: стандартызаванае, або кантрольнае (назіральнік працуе па папярэдне вызначанай Праграме), і нестандартызаванае (этапы і фазы даследавання папярэдне не вызначаюцца). У залежнасці ад становішча назіральніка вылучаюць Н. ўключанае (прадугледжвае інтэграцыю назіральніка ў падзеі і працэсы, што даследуюцца, і іх аналіз «знутры») і неўключанае (без мэтанакіраванага ўмяшання даследчыка ў з’явы, што вывучаюцца). Паводле ўмоў арганізацыі адрозніваюць Н. палявыя (праводзяцца ў натуральных умовах) і лабараторныя; паводле рэгулярнасці правядзення — сістэматычныя, эпізадычныя і выпадковыя (праграма не распрацоўваецца і стадыі Н. папярэдне не вызначаюцца). Н. ў псіхалогіі — адзін з асн. эмпірычных метадаў даследавання, які заключаецца ў наўмысным, сістэматычным і мэтанакіраваным успрыманні псіхічных з’яў з мэтай вывучэння іх спецыфічных змен у пэўных умовах; як адзін з псіхал. метадаў выкарыстоўваецца саманазіранне. Вынікі Н. ў значнай ступені залежаць ад асобы даследчыка, яго ўстановак і адносін да працэсаў і з’яў, што назіраюцца, ад яго стэрэатыпаў і каштоўнасных арыентацый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІ́ДЫУМ ВЯРХО́ЎНАГА САВЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

пастаянна дзеючы орган Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1938—90, падсправаздачны яму ва ўсёй сваёй дзейнасці. У межах, прадугледжаных канстытуцыяй, ажыццяўляў функцыі вышэйшага органа дзярж. улады рэспублікі ў перыяд паміж яго сесіямі. Выбіраўся з дэпутатаў у складзе старшыні, 2 яго намеснікаў, сакратара і 15 членаў. Рашэнні Прэзідыума па большасці пытанняў прымаліся ў форме ўказаў або пастаноў і не патрабавалі наступнага разгляду і зацвярджэння іх Вярх. Саветам. Аднак канстытуцыя прадугледжвала шэраг пытанняў, вырашэнне якіх патрабавала абавязковага зацвярджэння на чарговых сесіях Вярх. Савета. Вярх. Савет 12-га склікання (1990—94) скарэкціраваў паўнамоцтвы Прэзідыума. Ён застаўся пастаянна дзеючым органам Вярх. Савета, які забяспечваў арганізацыю яго работы і ажыццяўляў інш. паўнамоцтвы ў межах, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і законам, аднак ужо не ажыццяўляў функцыі вышэйшага органа дзярж. улады. У склад Прэзідыума ўваходзілі Старшыня Вярх. Савета, яго 1-ы нам. і намеснікі, дэпутаты Вярх. Савета і ў парадку, прадугледжаным рэгламентам Вярх. Савета. Прэзідыум узначальваў Старшыня Вярх. Савета. З увядзеннем пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь значная частка паўнамоцтваў адышла да Прэзідэнта. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, такога органа не прадугледжвае. Старшынямі Прэзідыума Вярх. Савета былі Н.​Я.​Наталевіч (1938—48), В.​І.​Казлоў (1948—67), С.​В.​Прытыцкі (1968—71), Ф.​А.​Сурганаў (1971—76), І.​Я.​Палякоў (1977—85), Г.​С.​Таразевіч (1985—89), М.​І.​Дземянцей (1989—90); работай Прэзідыума кіравалі Старшыні Вярх. Савета Дземянцей (1990—91), С.​С.​Шушкевіч (1991—94), М.​І.​Грыб (1994—96), С.​Г.​Шарэцкі (1996).

М.​І.​Дзянісаў.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУС Анатоль Міхайлавіч (30.5.1910, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.9.1989),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), студыю БДТ-2 (1931). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (да 1986). У сваёй творчасці працягваў і развіваў лепшыя традыцыі нац. сцэны. Адметны мастакоўскі тэмперамент спалучаў у сцэн. партрэтах сваіх герояў з псіхал. заглыбленасцю, выразным пластычным малюнкам, унутр. засяроджанасцю. Шырокі творчы дыяпазон, мастацтва пераўвасаблення давалі яму магчымасць выявіць сваю індывідуальнасць у разнапланавых ролях (лірычных і сац. герояў, драм., камед., вострахарактарных) у творах розных жанраў. Яркія прыклады рэаліст. і па-мастацку вобразнага раскрыцця змястоўных характараў і тыпаў пададзены ім у класічным і сучасным, у т. л. бел., рэпертуары: Старац («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Мацей («Несцерка» В.​Вольскага), Бондараў («Проба агнём» К.​Крапівы), Полаз, Шыковіч («Крыніцы», «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Крандзялёў («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Макаранка («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Мітрыч («Улада цемры» Л.​Талстога), Андрэй Прозараў («Тры сястры» А.​Чэхава), Ляпкін-Цяпкін («Рэвізор» М.​Гогаля), Захар Бардзін, Басаў, Шышкін («Ворагі», «Дачнікі», «Мяшчане» М.​Горкага), Пераяркаў, Пётр («Багна», «Лес» А.​Астроўскага). Сярод інш. значных роляў: Макар («Востраў Алены» Я.​Шабана), Гоша («Цудоўны сплаў» У.​Кіршона), Месны («Фронт» А.​Карнейчука), Карп Карпавіч («Не называючы прозвішчаў» В.​Мінко), Яўмен Дыбенка («Праўда і крыўда» паводле М.​Стэльмаха), Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Маёр («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Эрнст фон Мюлер («Гарачае лета ў Берліне» паводле Дз.​К’юсак).

Літ.:

Гутковіч А. Акцёр сцэнічнага натхнення (А.​М.​Трус) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​І.​Бур’ян.

А.М.Трус.
А.Трус (у цэнтры) у ролі Макара.

т. 15, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУГА́НАВІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18—19 ст. за 1 км ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Створана на левым беразе р. Сэрвач, у б. маёнтку кн. Тугана. Належала панам Верашчакам. У параднай ч. парку былі размешчаны невял. класіцыстычны сядзібны дом з мансардай і тэрасай на 4 слупах, флігель з мураваным ганкам і аранжарэя; ва ўзгорыстай паўн.-зах. частцы парку — капліца-пахавальня, абсаджаная па перыметры дубамі (разбурана ў 1914). На асн. дарозе праз парк знаходзілася альтанка (т. зв. альтанка Марылі, не захавалася), абсаджаная ліпамі. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 5 га. Асн. элементы кампазіцыі — паляны з курцінамі і далёкімі перспектывамі навакольнага ландшафту. У паўд.-ўсх. частцы — 2 сажалкі. Парк моцна пашкоджаны ў 1-ю сусв. вайну. У 1930-я г. праведзены работы па яго добраўпарадкаванні. Растуць ясень, клён, вярба, дуб, ліпа еўрапейская і інш. мясц. пароды дрэў.

У 1815—20 у гаспадароў сядзібы часта гасцявалі А.​Міцкевіч, Т.​Зан, Я.​Чачот, І.​Дамейка. Лета 1818 у Туганавічах прайшло пад знакам рамант. пачуцця дачкі гаспадыні маёнтка Марылі Верашчакі і маладога Міцкевіча. Трагічная гісторыя гэтага кахання зрабіла вял. ўплыў на творчасць паэта. Паводле сцвярджэнняў даследчыкаў, апісанае ў паэме «Пан Тадэвуш» Сапліцова цалкам адпавядае тапаграфіі Т.с. З Туганавічамі звязаны некат. падзеі нац.-вызв. паўстання 1863—64, на патрэбы якога М.​Верашчака прадала ч. маёнтка. Тут працавала зброевая майстэрня, прадукцыя перапраўлялася ў цэнтр — в. Мілавіды. Уладальнік сядзібы К.​Туганоўскі падтрымліваў сувязі з К.​Каліноўскім, дапамагаў яму.

В.​Р.​Анціпаў.

Туганавіцкая сядзіба. З гравюры 19 ст.

т. 16, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЗЬКА (Барэйка) Аляксандр

(30.8.1804, г.п. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1891),

паэт, фалькларыст, славіст, усходазнавец. Сын Я.Ходзькі, брат І.І.Ходзькі і М.Ходзькі. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, скончыў са ступенню канд. філасофіі Віленскі ун-т (1825), вучэбнае аддзяленне жывых моў пры Азіяцкім дэпартаменце Мін-ва замежных спраў у Пецярбургу (1829). За ўдзел у т-ве філарэтаў арыштаваны (1823—24). У час вучобы ў Пецярбургу (1824—31) зблізіўся з А.​Міцкевічам, А.​Пушкіным, В.​Жукоўскім. З 1831 на дыпламат. службе ў Персіі, з 1842 у Парыжы, праф. слав. л-р Калеж дэ Франс (1857—83). Папулярызаваў слав. мовы, фальклор, перакладаў са слав. на ўсх. мовы. Запісваў успаміны Міцкевіча і памагаў яму выдаць іх. Перапісваўся з А.​Кіркорам, К. і Я. Тышкевічамі. Першы апісаў эпас пра Гёраглы, вершы туркм. паэтаў Махтумкулі, Кеміне, фальклор туркменаў і інш. Выдаў зб. «Паэзія» (1829), у які акрамя балад, засн. на бел. і літ. фальклоры, увайшлі пераклады навагрэч. (пераважна клефтаў) і марлацкіх песень; збор паданняў і песень народаў паўн. Персіі (1842), «Персідскую граматыку» (1852). Напісаў даследаванне па курдскай мове, падрыхтаваў размоўнік па тур. мове, працу пра помнікі стараслав. пісьменства і інш.

Літ.:

Грицкевич В.П. Вклад воспитанника Вильнюсского университета Александра Ходзько в развитие востоковедения // Науч. тр. вузов Литовской ССР. История. Вильнюс, 1980. Т. 20, вып. 1;

Яго ж. Аляксандр Ходзька (1804—1891) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. Вып. 1;

Мархель У. Прадвесце. Мн., 1991;

Яго ж. Як свечка перад згасаннем // Мархель У.І. Прысутнасць былога. Мн., 1997.

В.​П.​Грыцкевіч, У.​Л.​Мархель.

А.Ходзька.

т. 17, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЛАВЕ́ЧНАСЦЬ, гуманнасць,

маральна-псіхалагічная якасць, што характарызуе добразычлівыя і бескарыслівыя адносіны да людзей, адпаведнасць думак, пачуццяў і дзеянняў чалавека лепшым бакам яго сацыяпрыроднай сутнасці. Праяўляецца ў павазе да годнасці асобы, справядлівасці ў дзеяннях і ацэнках, самаахвярнасці ва ўчынках, міласэрнасці, спагадлівасці, праўдзівасці, шчырасці. Прадугледжвае таксама любоў да працы, прыроды, да ўсяго прыгожага ў дзеяннях чалавека, што надае яму высакароднасць, павагу інш. людзей. Адна з вышэйшых каштоўнасцей чалавека — любоў да Айчыны і да свайго народа. У паняцце «4.» уваходзіць таксама непрыманне любых праяў зла і насілля, жорсткасці, несправядлівасці і здрадніцтва.

Ч. грунтуецца на нормах маралі, сфармуляваных у розных этычных вучэннях і замацаваных шматгадовай жыццёвай практыкай. І.​Кант вылучаў спец. этычныя катэгорыі, якія характарызуюць Ч. як высокую маральнасць, звязаную з практычным розумам (дапамога людзям, садзейнічанне іх шчасцю, адмаўленне ад хлусні, рабалепства, зайздрасці, пагарды і да т.п.). В.​Р.​Бялінскі лічыў Ч. вышэйшай дабрачыннасцю, бо «без яе чалавек ёсць толькі жывёліна». Праблему Ч. ў 20 ст. разглядалі А.​Камю, Ж.​П.​Сартр, Э.​Фром, З.​Фрэйд і інш.

Прынцыпы Ч., агульнага дабра і гуманізму адстойвалі ў сваёй творчасці Ф.​Скарына, С.​Будны, А.​Доўгірд, Я.​Даманеўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына, Я.​Колас, Я.​Купала і інш. бел. мысліцелі і асветнікі. Гл. таксама Гуманізм, Дабро і зло.

Літ.:

Фромм Э. Человек для себя: Иметь или быть?: Пер. с англ. Мн., 1997;

Скарына Ф. Творы. Мн., 1990;

О человеческом в человеке: [Сб.] М., 1991;

Бердяев Н.А. О назначении человека. М., 1993;

Кант И. Основы метафизики нравственности: Пер. с нем. М., 1999.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 17, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

tabaka

tabak|a

ж. (для нюхання) табака;

ciemny jak ~a w rogu — дурны, як пень (як бот);

(on) nie wart i niucha ~i уст. (яму) грош цана

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

go​1 [gəʊ] n. infml

1. чарга́ (асабліва ў гульні);

It’s my go now. Цяпер мая чарга.

2. BrE спро́ба;

May I have a go? Можна, я паспрабую?

3. BrE эне́ргія;

Though he’s sixty, he’s full of go. Хоць яму шэсцьдзясят, ён поўны энергіі.

♦

make a go of дасягну́ць по́спеху;

on the go ве́льмі заня́ты

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

sore​2 [sɔ:] adj.

1. балю́чы, бале́сны; хво́ры;

I have a sore throat. Мне баліць горла;

I am sore all over. Мне ўсё баліць.

2. раздражня́льны, гняўлі́вы;

You touched him on a sore point. Ты крануў яго за жывое;

He feels sore. infml Яму крыўдна.

♦

like a bear with a sore head ≅ раз’ю́шаны як бык

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)