Та́рча ’шчыт’ (Байк. і Некр., Нас.), ’малы шчыт, у сярэдзіну якога прасоўвалася рука’ (Ласт.), ст.-бел. тарча, тарчъ, тарчь ’шчыт’ (XV ст., Ст.-бел. лексікон, Карскі 2–3, 456). Запазычана са ст.-польск. tarcza, tarcz ’тс’ < с.-в.-ням. tartsche ад ст.-франц. targe ’круглы скураны шчыт’ (Булыка, Лекс. запазыч., 68; Борысь, 627).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэст ‘выпрабавальнае заданне’ (ТСБМ, Улас.). Запазычана з англ. test ‘выпрабаванне, даследаванне’ ў XX ст., выводзіцца праз франц. test ‘ганчарны посуд’ з лац. testu, testa — ‘посуд, у якім правяралі якасць атрыманага металічнага вырабу, першапачаткова ў алхімікаў’ (Сной₂, 762; ЕСУМ, 5, 561; Арол, 4, 67). Сюды ж тэстава́нне, тэсці́раванне ‘праверка ведаў абітурыентаў’ (Каўрус, Словаклад).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАЛІНЕ́ЗІЯ ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (франц. Polynēsie Française),

уладанне Францыі ў цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 3660 км². Нас. 242,1 тыс. чал. (1999). Афіц. мовы — таіцянская і французская. Адм. ц., найб. горад і порт — Папеэтэ на в-ве Таіці ў групе а-воў Таварыства. Адміністрацыйна падзяляецца на 5 астраўных груп: Маркізскія а-вы, архіпелагі Туамоту і Тубуаі, Падветраныя і Наветраныя а-вы з групы а-воў Таварыства; уключае таксама ненаселены в-аў Кліпертан ва ўсх. частцы Ціхага ак. Нац. свята — дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Прырода. У складзе П.Ф. 215 астравоў і атолаў вулканічнага (35 астравоў) або каралавага (180 атолаў) паходжання. Вулканічнымі з’яўляецца большасць а-воў Таварыства, Тубуаі, Маркізскія; каралавыя атолы ўтвараюць архіпелаг Туамоту. Горы на вулканічных астравах дасягаюць 2241 м (г. Арахена на в-ве Таіці), каралавыя астравы ўздымаюцца над узр. м. на некалькі метраў. З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Макатэа), руды кобальту. Клімат трапічны пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на падветраных схілах да 3000—4000 мм на наветраных. Бываюць моцныя ўраганы. Рэкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах. Пад лесам і хмызнякамі 31% тэрыторыі. На наветраных схілах вечназялёныя субэкватарыяльныя і трапічныя лясы, падветраныя схілы ўкрыты травяністай расліннасцю. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў. У фауне адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, шмат птушак. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Біясферны рэзерват Атол-Таяра (а-вы Туамоту).

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — палінезійцы, разам з еўрапейска-палінезійскімі метысамі складаюць 78%; падзяляюцца на блізкія народы: таіцяне (больш за 50% насельніцтва краіны), туамоту, тубуайцы, маркізцы, мангарэва. Жывуць таксама кітайцы (12%) і французы (10%). Вернікі пераважна пратэстанты (54%) і католікі (30%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. 66,7 чал. на 1 км. Каля 67% насельніцтва жыве на в-ве Таіці (пл. 1042 км²), дзе на ўзбярэжжы шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%.

У найб. горадзе Папеэтэ каля 30 тыс. ж. (1999). У прам-сці занята 19% працаздольных, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 13%, у абслуговых галінах — 68%.

Гісторыя. Заселена палінезійцамі ў канцы 1-га тыс. да н.э. — 1-м тыс. н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў найб. ўзроўню цывілізацыі дасягнулі жыхары а-воў Таварыства, дзе ўзнік шэраг дзярж. утварэнняў. У 1595 ісп. мараплавец А.​Менданья дэ Нейра адкрыў Маркізскія а-вы, у 1722 галандзец Я.​Рогевен — некаторыя з а-воў Таварыства, у 1767 брытанец С.​Уоліс — в-аў Таіці, у 1777 капітан Дж.Кук — а-вы Тубуаі. Да пач. 19 ст. таіцянскія правадыры з роду Памарэ стварылі дзяржаву, якая ўключала а-вы Таварыства, Тубуаі і ч. а-воў Туамогу. З пач. 19 ст. тут з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1842 астравы абвешчаны франц. пратэктаратамі, якія ў 1885 аб’яднаны ў адзіную калонію «Франц. ўладанні ў Акіяніі» (з 1958 — П.Ф.). З 1946 — заморская тэр. Францыі. У 1957 створана тэр. асамблея П.Ф. З 1960-х г. месца правядзення франц. ядз. выпрабаванняў (у 1966 першы выбух на атоле Муруроа). У 1977 атрымала ўнутр. самакіраванне, з 1996 мае статус аўт. тэр. Францыі.

Гаспадарка. П.Ф. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 10 800 дол. за год. 18% яго ствараецца ў прам-сці, 4% — у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 78% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча фасфарытаў на в-ве Макатэа. 57% электраэнергіі даюць ЦЭС на імпартным паліве, 43% — ГЭС. У 1997 атрымана 350 млн. кВтгадз электраэнергіі. З прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць мылаварныя ф-кі і алейныя з-ды (перапрацоўка какосавых арэхаў). Ёсць піваварныя з-ды, прадпрыемствы па вытв-сці мукі, фруктовых сокаў, воцату, перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. Пашыў адзення, апрацоўка перламутравых ракавін, разьба па дрэве, ювелірная справа, выраб сувеніраў. Ёсць мех. майстэрні, прадпрыемствы па буд-ве і рамонце невял. суднаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс. га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3,6 тыс. га, пад плантацыямі какосавых пальмаў і інш. дрэў каля 18 тыс. га, пад пашай каля 18 тыс. га. Гал. экспартныя культуры — какосавая пальма і ваніль. Вырошчваюць таксама каву, цукр. трыснёг, цытрусавыя, бананы, ананасы, гранаты, манга, папайю, авакада, хлебнае дрэва, кукурузу, арахіс, тара, ямс, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць мясную буйн. раг. жывёлу, коней, свіней, птушку. Прамысловае рыбалоўства. Штучнае развядзенне малюскаў-жамчужніц (у лагунах атолаў), апрацоўка жэмчугу і перламутру. Транспарт пераважна марскі. У краіне 792 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 45 аэрапортаў, у т. л. міжнар. на в-ве Таіці. Міжнар. турызм (штогод астравы наведваюць больш за 150 тыс. замежных турыстаў). Значную ролю адыгрывае абслугоўванне палігонаў для выпрабавання атамнай зброі (атол Муруроа) і інш. ваенных баз. У 1996 экспарт склаў 212 млн. дол., імпарт — 860 млн. дол. У экспарце пераважае жэмчуг (больш за 50% ад кошту), прадукты перапрацоўкі какосавых арэхаў, перламутр, ваніль, рыба і рыбапрадукты, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Францыя (52% экспарту, 32% імпарту), ЗША, Японія. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі (каля 400 млн. дол. штогод). Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 12, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Галёш (БРС, Шат.), галёшы (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. kalosz ’тс’ (з азванчэннем k > g у бел. мове). Адносна паходжання польск. слова Брукнер (214) мяркуе аб яго запазычанні з франц. galoche (а гэта з раманскімі сувязямі). Аб складанасці праблематыкі, звязанай з паходжаннем гэтага слова наогул, гл. Шанскі, 1, Г, 19–20 (там і агляд версій).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

О́птыка — ’раздзел фізікі, які вывучае святло, яго законы, уласцівасці’ (ТСБМ). Запазычана з рус. оптика, якое праз ням. Optik (XVII ст.) з лац. optica (Фасмер, 3, 147). Іншае тлумачэнне гл. КЭСРЯ, 311. Рус. оптика запазычана з франц. optique (XVIII ст.), але ў гэтым выпадку мы б чакалі націск на перадапошнім складзе (*опти́ка) і, магчыма, іншую марфалогію.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павільён ’невялікі лёгкі будынак у людным месцы’ (ТСБМ), павілён ’заслона, полаг’ (Касп.), павілёны ’шырма’ (Сл. ПЗБ). З рус. павильо́н ’тс’, дзе з франц. pavillon або з ням. Pavillon ад лац. papilio ’матыль, а таксама падобны на матыля забаўны шацёр’ (Фасмер, 3, 182). Дыял. формы запазычаны з польск. pawilon ’балдахін; від полага над ложкам’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кант ’востры бераг, край, рабро чаго-небудзь’, ’аблямоўка’, ’кайма’ (ТСБМ, Клім., Сцяшк.; гродз., З нар. сл.), драг. кант, кантэ ’стрэлкі ў адпрасаваных штанах’ (Лучыц-Федарэц., вусн. паведамл.). З польск. kant ’край, востры бераг’, якое з ням. Kante < ст.-франц. cant ’вугал’, < лац. canthus ’куток у воку’, ’вобад кола’ (Слаўскі, 2, 43–46; Фасмер, 2, 181).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арты́ст. У XIX ст. з польск. artystaбел. артыста ’мастак’ (Нас.), адкуль такія словы, як артызм (Гіст. мовы, 2, 240). Пад рускім уплывам у XX ст. усякаецца ‑а на канцы слова і замацоўваецца сучаснае значэнне. Рус. артист (з XVIII ст. — Шанскі, 1, А, 150) з франц. artiste (Будагаў, История слов в истории общества, 77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багне́т ’штык’ (Нас.). Укр. багне́т, багні́т, ба́ґнет, рус. (старое) багинет, таксама баянет (XVII ст., гл. Фогарашы, SSlav., 4, 64). Запазычанне з польск. bagnet ’тс’ (< ням. Bajonett або непасрэдна з франц. bayonnette, baïonnette, ад назвы мясцовасці Bayonne ў паўднёвай Францыі, дзе выраблялі штыкі). Брукнер, 10–11; Махэк₂, 42; Рыхардт, Poln., 32; Кюнэ, Poln., 42; Клюге, 45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бамбу́к. Рус. бамбу́к, укр. бамбу́к. Слова, вядомае ў многіх мовах (англ. bamboo, франц. bambou, гал. bamboe, ісп. bambú, ням. Bambus і г. д.). Першакрыніца — інданезійская мова. Фасмер, 1, 120; Локач, 18; Клюге, 47; падрабязна MESz, 1, 235. Паводле Шанскага, 1, Б, 30, непасрэднае запазычанне з новалац. Bambuc (там і іншае тлумачэнне некаторых дэталей запазычання).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)