алі́ва, ‑ы, ж.

1. Вечназялёнае паўднёвае дрэва сямейства маслінавых; масліна. Дык няхай гучыць над светам слова, Слова гневу ходзіць па зямлі, Каб пад сонцам цвіў мой край сасновы І алівы вашыя цвілі!.. Рудкоўскі.

2. Ядомы плод гэтага дрэва.

3. Алей, атрыманы з яго пладоў.

4. Змазачнае масла. [Пракоп:] Трактар каштуе вялікіх грошай: і сам ён дарагі, і бензін аплаціць трэба, аліву. Колас. У ваччу яшчэ стаялі высокія сцены, чорныя з жаўтаватым водлівам, машынная аліва на жалезных прэнтах і калёсах. Чорны.

[Лац. oliva.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кату́х, ‑а, м.

1. Маленькі хлеў або адгароджанае месца ў хляве. Мінуць стаў у свінарніку над балясамі, якімі быў абгароджан катух, успёрся на іх і доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны.

2. Пра цёмны, малы пакой або хату. Вярнуўшыся дамоў. Васіль знайшоў на стале пісьмо. На канверце — знаёмы почырк. Жонка. Што яна піша? .. Усё тое ж: бяры да сябе.. «Бяры! — паморшчыўся. — А куды? Вось у гэты катух? Ды ты сама ўцячэш адсюль». Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́зыр, ‑а, м.

1. Карта той масці, якая лічыцца старшай і б’е любую карту другіх масцей. Біць козырам. Хадзіць з козыра.

2. Пра тое, што можа даць у неабходны момант перавагу ў чым‑н. Мадэрністы, калі іх лаюць за гвалт над здаровым сэнсам, любяць выстаўляць адзін козыр: гэта арыгінальна! У. Калеснік.

•••

Козыр біты чый — пра чый‑н. пройгрыш, правал.

Усе козыры ў руках у каго — хто‑н. мае ўсё неабходнае для ажыццяўлення пастаўленай мэты.

Хадзіць козырам гл. хадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

механі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да механікі (у 1 знач.). Механічны рух. Механічная энергія.

2. Які дзейнічае пры дапамозе механізмаў, машын; які апрацоўваецца пры дапамозе механізмаў. Механічныя граблі.

3. Звязаны з вырабам, рамонтам машын і механізмаў. Механічны цэх.

4. Тое, што і механістычны. Механічны матэрыялізм.

5. перан. Які дзейнічае без ўдзелу свядомасці; аўтаматычны. Механічнае завучванне прачытанага. □ Некалькі дзён марнаваўся няўдалы перапісчык над простаю, чыста механічнаю работаю і часта збіваўся з тропу. Колас. // Міжвольны. Механічныя жэсты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да насвістаць.

2. што і без дап. Свістаць (часцей паціху, самому сабе). Насвістваць песню. □ Выйшаўшы на Магілёўскую шашу, Сева паціху пачаў насвістваць. Карпаў. // Пра птушак. [Шпак] то заносіў у дзюбцы чарвяка ў шпакоўню, то сядзеў паблізу і насвістваў вясёлыя песенькі. Пальчэўскі. // Пра вецер, мяцеліцу і пад. За акном насвістваў вецер, хвалямі наганяў дождж, усё сцябаў, сцябаў па шыбах. Мыслівец. // Пра машыны, прылады. Вентылятар над дзвярыма не спыняўся вярцецца і насвістваць аднастайную мелодыю. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. панаваць.

2. Улада, уладанне. У сатырычным часопісе «Маланка», які сістэматычна выходзіў з пачатку 1926 г.. высмейваліся самыя змрочныя бакі панавання польскіх памешчыкаў і буржуазіі. Палуян. Фашызм на злом галавы, з нахабнай і агіднай хваткай злачынца рваўся да панавання над светам.. Перкін.

3. Перавага. Калі гаварыць пра стыль К. Чорнага, дык першае, што кідаецца ў вочы, — гэта панаванне ў мастацкай фразе дзеяслова. Юрэвіч.

4. Кіруючае становішча каго‑н., галоўнае, значэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́ціна, ‑ы, ж.

Высакародны метал шаравата-белага колеру, які вызначаецца высокай коўкасцю і цягучасцю і выкарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў, лабараторнага посуду і пад.

[Ісп. platina.]

плаці́на, ‑ы, ж.

Гідратэхнічнае збудаванне на рэках і іншых вадаёмах для падняцця ўзроўню вады з мэтай стварэння штучных вадасховішчаў, для атрымання энергіі і пад. Драўляная старая плаціна перагарадзіла рэчку. Асіпенка. З вёскі цераз узгорак .. вілася пешаходная сцежка, праходзіла ля млына цераз дарогу, пры самым мосце над рэчкай і плацінай, і бегла далей. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́крыва, ‑а, н.

Верхні слой, які пакрывае што‑н. То снег усцілаў зямлю, то праз некалькі дзён нізка над палямі навісалі калматыя дажджавыя хмары і змывалі яе белае покрыва. Дуброўскі. Дрэвы стаяць рэдка, і ўнізе — пышнае травяное покрыва. Гавеман. // Абалонка, якая пакрывае звонку раслінны або жывёльны арганізм. Скурнае покрыва. Валасяное покрыва. // перан. Тое, што пакрывае, ахутвае сабой што‑н. Вось ён [Райніс] прачынаецца. Покрыва ночы рукой адкідае і прагныя вочы да ўсходу ўзнімае. А. Вольскі.

•••

Сарваць покрыва гл. сарваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, перамясціцца куды‑н. Мяч пракаціўся два метры. □ Сляза радаснай узбуджанасці пракацілася па.. твары. Кавалёў. // перан. Раздацца, разнесціся (пра раскацістыя гукі). Над самаю страхою пракаціўся гром. Грахоўскі. Гул абурэння пракаціўся па зале і сціх. Лынькоў.

2. Праехацца, з’ездзіць (для забавы, пацехі) куды‑н. — Вось пракаціўся — лепш, як на аўтобусе, — смяецца Драбак і паказвае цэлы рад белых зубоў. Колас. Любілі калісь паны, запрогшы тройку, пракаціцца па шляху ў вясеннюю раніцу альбо вечарам. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́йдзены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прайсці.

2. у знач. прым. Які застаўся ззаду; пераадолены. Пройдзеныя кіламетры. □ — Тое, што ўчора было наватарствам, крокам наперад, сёння ўжо стала пройдзеным этапам. Васілёнак. // у знач. наз. про́йдзенае, ‑ага, н. Тое, што пераадолена, засталося ззаду. Замкнуліся глыбокія пласты над пройдзеным. Пысін.

3. у знач. прым. Вывучаны, выкладзены. Вучні паўтаралі пройдзеныя правілы, успаміналі правапіс цяжкіх слоў. Шыловіч. // у знач. наз. про́йдзенае, ‑ага, н. Тое, што ўжо вывучалася, выкладалася. Паўтараць пройдзенае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)