засудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак., каго.
Прызнаўшы вінаватым, вызначыць меру пакарання ў судовым парадку; асудзіць. Яшчэ пры цары .. [Цімоха] засудзілі на два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы. Колас. — Засудзяць.. — чую за спіной усхліп. У зале стаіць напружаная цішыня. Суддзя чытае абвінаваўчае заключэнне. Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заціка́віць, ‑каўлю, ‑кавіш, ‑кавіць; зак., каго-што.
1. Абудзіць у кім‑н. цікавасць, прыцягнуць чыю‑н. увагу. І што асабліва зацікавіла дзеда Талаша, дык гэта паведамленне аб Саўку і яго фальшывым партызанстве. Колас. Загадкавая гісторыя зацікавіла ўвесь клас. Хомчанка.
2. Заахвоціць матэрыяльна, практычнымі выгодамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зга́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
Разм. Даць ганьбу каму‑, чаму‑н., дрэнна адазвацца аб кім‑, чым‑н. Аксіння Хвядосаўна зганіла амаль усё, што да яе прыходу нагатавала Раіса. Шамякін. Цімох ганарыўся ім, і быў гатоў біцца з тым, хто асмельваўся зганіць Чорана. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згва́лціць, ‑лчу, ‑лціш, ‑лціць; зак., каго.
1. Сілаю прымусіць жанчыну да палавога акта. — Я на вас падам у суд, — спакойна адказаў стараста: — Бо вы ганяліся за маёю дачкою, хацелі яе згвалціць. Колас.
2. Разм. Прымусіць каго‑н. зрабіць што‑н. супраць яго волі, жадання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даку́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм. Надакучыць, абрыднуць. Лабановіч уздыхнуў лягчэй, як бы з яго плячэй зваліўся нейкі цяжар, бо дарога .. і лес усё ж такі дакучылі яму. Колас. А сонейка, сонейка, да заходзь жа скоранька! Як ты мне дакучыла, раненька усходзячы. З нар. песні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маро́зны, ‑ая, ‑ае.
1. З марозам, вельмі халодны. Марозны вецер. Марозная зіма. □ Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. Гартны.
2. Звязаны з дзеяннем марозу. Раптам стук пачуўся ў хату з двара, з марознае імглы. Колас. Пад нагамі паскрыпвае свежы, марозны снег. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
махіна́цыя, ‑і, ж.
Несумленны спосаб дасягнення чаго‑н.; махлярства. Дзеда Талаша, не гледзячы на ўсё старанне і на розныя махінацыі, як напрыклад, арышт Панаса, ніяк не ўдаецца злавіць. Колас. Каб атрымаць прэмію, Галаўня пайшоў на махінацыю: падаў даведку, што дарогу закончылі раней тэрміну. Гроднеў.
[Ад лац. machinatio — хітрыкі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́церкі, ‑рак і мацяркі́, ‑рок; адз. няма.
Разм. Маці (у 1 знач.). [Дзіця] адразу заціхла, і маці некалькі хвілін пазірала на яго з той трывожнай любасцю, якая бывае ў мацерак у самыя цяжкія хвіліны. Асіпенка. Плакалі мацяркі і жонкі, выпраўляючы сваіх сыноў і мужоў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́длы, ‑аў.
Уст. Малітва. Маліўся дзядзька з тым разлікам, Каб кончыць модлы каля дома. Колас. Часамі .. [дзед] проста выдумляў свае ўласныя модлы, у якіх ад царкоўна-славянскай мовы не заставалася і знаку. Лужанін. // Моцная просьба, маленне. Зямля беларуская, сонечны край, Начуй нашы модлы любві! Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мул 1, ‑а, м.
Помесь кабылы і асла.
мул 2, ‑у, м.
Абл. Іл. Зазнаў тут бедны човен гора: Каламі Костусь яго пора І ва ўсе бокі яго круціць, Ды толькі воду каламуціць, Бо тут гразі больш, чым вады, І мулу, рознае брыды. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)