ГАЎР (Le Havre),

горад на Пн Францыі, марскі аванпорт Парыжа, у вусці р. Сена. Засн. ў 1517. 197 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1994). Адзін з найб. партоў краіны (грузаабарот больш за 50 млн. т, з іх 60% нафта). Прам-сць: суднабудаванне і інш. галіны машынабудавання, нафтаперапр., хім., цэм., баваўняная, харч., каляровая металургія. Акіянаграфічны ін-т. Арх. помнікі 17—18 ст. Каля Гаўра ў царкве абацтва Гравіль-Сент-Анарын (11—14 ст.) — музей сярэдневяковай скульптуры і археалогіі.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́Я,

горад у Паўн. Індыі, у даліне р. Ганг, штат Біхар. Вядомы з сярэдзіны 1-га тысячагоддзя да н.э. Каля 300 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: баваўняная, вытв-сць шэлаку (сыравіны для лакаў і палітур), перапрацоўка с.-г. прадуктаў. Гая — гіст., рэліг. і культ. цэнтр Стараж. Індыі. Месца паломніцтва індуістаў (гара Гая). Вёска Будх-Гая (за 10 км на Пд) з’яўляецца сусв. цэнтрам паломніцтва будыстаў, дзе, паводле паданняў, Буда ўпершыню выступаў перад людзьмі. Там жа стараж. будыйскі храм Махабодхі.

т. 5, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАК’ЯКА́РТА, Яг’якарта (Yogyakarta, Jogjakarta, Djokjakarta),

горад у Інданезіі, у цэнтр. ч. в-ва Ява. Вылучаны ў самаст. адм.-тэр. адзінку. Засн. ў 1755. 412 тыс. ж. (1990). Прам-сць тытунёвая, цукр., гарбарна-абутковая. Цэнтр традыц. вытв-сці тканін батык, маст. вырабаў. Культ. цэнтр (ун-ты Мусульманскі, «Гаджа Мада»). Музей старой яванскай культуры. Прыродны парк. Паблізу будыйскае свяцілішча Барабудур і Прамбанан (паселішча з арх. культавымі комплексамі 8—9 ст.), якія ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны. Турызм. У 1946—49 — часовая сталіца Інданезійскай Рэспублікі.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЗЕ ((Duse) Элеанора) (3.10.1858, г. Віджэвана, Італія — 21.4.1924),

італьянская актрыса. З акцёрскай сям’і. Выступала ў італьян. вандроўных трупах, у 1887 арганізавала ўласную. Шмат гастраліравала па краінах Еўропы і Амерыкі. Актрыса трагічнага плана. Лепшыя ролі: Тэрэза Ракэн («Тэрэза Ракэн» Э.​Заля), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.​Дзюма-сына), Сантуца («Сельскі гонар» Дж.​Вергі), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра), Нора («Нора» Г.​Ібсена), Мірандаліна («Карчмарка» К.​Гальдоні), Ганна («Мёртвы горад» Г.​Д’Анунцыо). Дэмакр. і гуманіст. мастацтва Д. вызначалася праўдзівасцю, філігранным майстэрствам.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАПА́НЭ (Zakopane),

горад на Пд Польшчы, у Новасандэцкім ваяв., каля падножжа Татраў. 30 тыс. ж. (1994). Харч. прам-сць. Тэатр, музеі (Татранскі, Я.​Каспровіча, К.​Шыманоўскага і інш.), маст. галерэі. Цэнтр традыц. нар. промыслаў (ткацтва, выраб карункаў, разьба па дрэве). Штогадовыя міжнар. фалькл. фестывалі. З 19 ст. развіваецца горна-кліматычны курорт. Буйнейшы ў Польшчы цэнтр круглагадавога адпачынку, турызму, альпінізму і зімовага спорту, а таксама кліматычнага лячэння хвароб органаў дыхання. Паблізу Татранскі нац. парк, горныя азёры, у т. л. Морске-Вока.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НСБРУК (Innsbruck),

горад на З Аўстрыі, у Альпах, на подступах да перавалу Брэнер. Адм. ц. зямлі Ціроль. Вядомы з 1234. 118 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., металаапр., эл.-тэхн., хім.-фармацэўтычная, харчовая. Маст. промыслы, рамесніцкая вытв-сць сувеніраў. Ун-т (1669), універсітэцкая б-ка (1746). Цірольскі музей Фердынандэум, Цірольскі музей нар. мастацтва. Палац Габсбургаў Гофбург (14—18 ст.). Ландгаўз (1725—28), палацы, цэрквы і інш. Цэнтр турызму і зімовых відаў спорту. Зімовыя алімпійскія гульні (1964, 1976).

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Мікіта Рыгоравіч) (20.12.1909, в. Майскае Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 10.5.1978),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ульянаўскае бранятанк. вучылішча (1937), Ленінградскую вышэйшую бранятанк. школу (1953). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну з ліст. 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Варонежскім, 1-м і 2-м Укр., Забайкальскім франтах. Камандзір танк. батальёна маёр К. вызначыўся пры вызваленні Кіева: 6.11.1943 яго батальён у ліку першых уварваўся ў горад. Удзельнік сав.-японскай вайны 1945. Да 1969 у Сав. Арміі.

М.Р.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗАК ((Kasack) Герман) (24.7.1896, г. Патсдам, Германія — 10.1.1966),

нямецкі пісьменнік. Чл. Акадэміі навукі і л-ры ў Майнцы, прэзідэнт Ням. акадэміі мовы і паэзіі ў Дармштаце (1953—63). Дэбютаваў зб-камі вершаў «Чалавек» (1918), «Востраў» (1920), драмай «Трагічная місія» (1920). Найб. вядомы раман «Горад за ракой» (1947) — сюррэаліст. паказ «горада памерлых», бяздушнага таталітарнага механізма. Песімістычныя ідэі знайшлі адлюстраванне ў рамане «Вялікая сетка» (1952) і аповесцях «Ткацкі станок» (1949), «Фальшыўка» (1953). Паводле манеры блізкі да Ф.Кафкі. Аўтар зб. эсэ «Мазаіка» (1956).

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕРАВА,

горад у Расіі, цэнтр Кемераўскай вобл., на р. Том, пры ўпадзенні р. Іскіцім. Засн. ў 1918 з с. Шчаглова (вядома з 1720) і с. Кемерава (з 1863), у 1925—32 наз. Шчаглоўск. 500 тыс. ж. (1997). Прыстань. Чыг. станцыя. Прам-сць: хім., машынабудаванне (хім. машынабудаванне, эл.-тэхн., эл. рухавікі, эл. маторы, стромаўталініі і інш.), лёгкая, харч., мед. і буд. матэрыялаў. У раёне вядзецца здабыча каменнага вугалю. 5 ВНУ, у т. л. ун-т. 3 т-ры. Музеі краязнаўства і выяўл. мастацтваў.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЧАНСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

усходняя частка Крымскага п-ва, на Украіне. Абмываецца на Пн Азоўскім м., на Пд Чорным м., на У — Керчанскім пралівам. Пл. каля 3 тыс. км². Паўн.-ўсх. частка ўзгорыстая (выш. да 190 м г. Анук), паўд.-зах. — раўнінная. Гразевыя вулканы. Саляныя азёры-ліманы. На К.п. — Керчанскі жалезарудны басейн. Б. ч. тэрыторыі ўзарана (збожжавыя, тэхн., бахчавыя культуры і вінаграднікі). У Вял. Айч. вайну на К.п. праведзены Керчанска-Феадасійская аперацыя 1941—42 і Керчанска-Эльтыгенская аперацыя 1943. Найбуйнейшы горад і порт — Керч.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)