ГО́РНА-АЛТА́ЙСК,

горад у Расіі, сталіца Рэспублікі Алтай, на р. Майма. Узнік у пач. 19 ст. (да 1932 наз. Улала, да 1948 Айрот-Тура). 47,8 тыс. ж. (1992). Прам-сць: лёгкая (ткацкая, гардзінна-цюлевая, абутковая, швейная), мэблевая, харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пед. ін-т. НДІ гісторыі, алтайскай мовы і літаратуры. Драм. т-р. Краязнаўчы музей. Каля Горна-Алтайска — Чуйскі тракт.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАПА́ХІ (Cotopaxi),

дзеючы вулкан у Андах Эквадора, каля зах. падножжа Усх. Кардыльеры. Выш. 5897 м. Правільная канічная форма; памеры кратэра 550×800 м, глыб. 450 м. Складзены з андэзітаў. Вышэй за 4700 м укрыты шматгадовымі снягамі. Апошняе вывяржэнне ў 1976. Нац. парк Катапахі (пл. 34 тыс. га, засн. ў 1975). 50 км на Пн ад К. — г. Кіта, сталіца Эквадора.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́НГСТАН (Kingston),

горад, сталіца Ямайкі. Засн. англічанамі ў 1693. 103,8 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 800 тыс. ж. (1991). Порт на Карыбскім м. Праз К. праходзіць увесь імпарт і значная ч. экспарту Ямайкі (вываз цукру, рому, бананаў, кавы, бавоўны). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Палісейдас. Прам-сць: харч., лёгкая, дрэваапр., нафтаперапр., металаапрацоўчая. Ун-т. Крэпасць Рокфарт (17—19 ст.).

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-ЛУІ́ (Port Louis),

горад, сталіца дзяржавы Маўрыкій, на ПнЗ в-ва Маўрыкій. Адм. ц. акругі Порт-Луі. Засн. ў 1736. 145,8 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны. Вузел аўтадарог. Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр., хім. (з-д штучных угнаенняў), харчасмакавая (цукр., алейная, тытунёвая). Ун-т. Музеі: горада, гіст., маст. галерэя. Стараж. форт «Адэлаіда» і цытадэль. Цэнтр турызму.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРА́,

горад ва Узбекістане, цэнтр Бухарскай вобл., у даліне р. Зераўшан. 224 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Лёгкая (каракулевая, бавоўнаачышчальная, швейная, трыкат., шоўкаматальная), харчасмакавая (маслаэкстракцыйная, малочная, кандытарская і інш.), мэблевая прам-сць. Старадаўнія маст. промыслы (залаташвейны, шаўкаткацкі, чаканка па медзі і інш.). Пед. ін-т. Тэатр.

Засн. каля 1 ст. н. э. У 709 заваявана арабамі, значны гандлёва-рамесны і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. У 9—10 ст. сталіца Саманідаў дзяржавы, у канцы 10 ст. захоплена качэўнікамі, у 1220 Чынгісханам, у 1370 Цімурам, на пач. 16 ст. качэўнікамі-узбекамі, увайшла ў склад Шайбанідаў дзяржавы і стала яе сталіцай. З сярэдзіны 16 ст. сталіца Бухарскага ханства. З 1868 у складзе Расіі. У 1920—24 сталіца Бухарскай народнай савецкай рэспублікі, з 1925 ва Узбекістане, цэнтр Зераўшанскай акр., з 1938 Бухарскай вобл.

Бухара горад-музей, у якім захавалася каля 140 помнікаў архітэктуры. Найб. значныя: маўзалей Ісмаіла Самані (9—10 ст.), медрэсэ Улугбека (1417), ансамбль медрэсэ Міры-Араб (1535—36) і саборнай мячэці Калян (1514) з мінарэтам (1127), медрэсэ Абдулазіз-хана (1651—52). У 18—19 ст. маст. традыцыі захоўвала нар. дойлідства. Горад значна захаваў арх.-планіровачную структуру абкружанага сцяной Старога горада з магутнай цытадэллю (18—19 ст.) і традыц. жылымі дамамі з разьбой і размалёўкай у інтэр’ерах. Сучаснае буд-ва не закранае ансамбль Старога горада. Сярод помнікаў у наваколлі Бухары: мячэць-намазга (1119—20), ханакі Файзабад (1598—99) і Бехаўдзіна (1544—45), мемарыяльны ансамбль Чар-Бакр (мячэць, ханака і медрэсэ, 1560—63), палац эміраў Сітараі-махі-хаса (канец 19 ст. — 1918).

Да арт. Бухара. Медрэсэ Улугбека. 1417.
Да арт. Бухара. Керамічная абліцоўка медрэсэ Кукельташ.

т. 3, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙК’ЯВІК (Reykjavik),

горад, сталіца Ісландыі. Самая паўн. сталіца ў свеце. Знаходзіцца на паўд.-зах. узбярэжжы в-ва Ісландыя, на паўд. беразе зал. Фахсафлоўі Атл. акіяна. 105,5 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Кеблавік. Асн. эканам. (больш за 60% прамысл. вытв-сці Ісландыі) і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: рыбаперапрацоўчая (кансервы, рыбнае філе, рыбін тлушч, мука, угнаенні і інш), суднабуд. і суднарамонтная, вытв-сць рыбалоўных сетак, рыбапрамысл. абсталявання. Ёсць мылаварныя, маргарынавыя, абутковыя прадпрыемствы. Традыц. вытв-сць шарсцяных тканін, у т. л. пледаў, вязаных вырабаў. У раёне Р. — алюм., азотнахім., цэм. з-ды. Рыбалавецкая база. Гарачыя крыніцы паблізу Р. выкарыстоўваюцца для цеплафікацыі. Ун-т. Ін-ты вулканалогіі, метэаралогіі і інш. Музеі: Нацыянальны, маст. галерэя, Прыродазнаўча-гіст. і інш. Тэатр. За 50 км ад Р. нац. парк Тынгведлір — гісторыка-прыродны запаведнік.

Засн. каля 874 на месцы высадкі першых пасяленцаў-нарвежцаў у Ісландыі. Да 17 ст. хутар, у 17—18 ст. невял. пасёлак. У 1786 атрымаў гар. правы. З 1845 месца знаходжання альтынга (парламента), з 1904 — урада аўтаномнай Ісландыі. З 1920 афіц. сталіца каралеўства Ісландыя, з 1944 — Ісландскай рэспублікі.

У рэгулярнай забудове Р. пераважаюць 2—3-павярховыя будынкі. Сярод пабудоў, блізкіх да архітэктуры дацкага класіцызму, сабор (1787—96, арх. А.​Кіркеруп, перабудаваны ў 19 ст.), будынак альтынга (1880—81, арх. Ф.​Мельдаль). У духу нац. рамантызму — Нац. б-ка (1908, арх. М.​Нільсен), пабудовы Гудзьёўна Самуэльсана (Ісландскі ун-т, 1938—40, і інш.), Сігвальдзі Тордарсана (аднасямейныя жылыя дамы ў прыгарадзе Р., 1957—58), «Дом Поўначы» (культ. цэнтр; 1965—68, арх. А.​Аалта) і інш.

Панарама Рэйк’явіка.
Рэйк’явік. Від з заліва Фахсафлоўі.

т. 13, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКМАЛА́,

горад, сталіца Казахстана, на р. Ішым. 277 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (с.-г. машыны, помпы, рамонт вагонаў і інш.), лёгкая (швейная і інш.), харч. (мясная, малочная) прамысловасць; вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ВНУ. Драм. т-р. Музеі: гіст.-краязнаўчы, мастацкі, Сакена Сейдуліна.

Засн. ў 1830 як рус. ваен. ўмацаванне Ак-Мола («белая магіла»). Цэнтр гандлю і зборны пункт караванаў на шляху з Ташкента і Бухары ў Еўропу. З 1832 г. Акмолінск, з 1868 павятовы цэнтр Акмолінскай вобл. З 1920 у складзе Кіргізскай (Казахскай) АССР, у 1920—28 цэнтр Акмолінскай губ., у 1928 — 30 — акругі, у 1930—32 цэнтр Акмолінскага р-на. З 1929 злучаны чыгункай з Петрапаўлаўскам, з 1931 — з Карагандой. У 1932—39 цэнтр раёна Карагандзінскай вобл., з 1936 у Казахскай ССР, з 1939 цэнтр Акмолінскай вобл. З 1954 арганізац. цэнтр асваення цалінных зямель. У 1960—65 адм. ц. Цаліннага краю, з 1961 наз. Цалінаград, з 1965 цэнтр Цалінаградскай вобл. З 1992 наз. Акмала, з 1995 сталіца Казахстана.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙАШКАР-АЛА,

горад у Расійскай Федэрацыі, сталіца Марый Эл Рэспублікі, на р. Малага Какштага (левы прыток Волгі). 251 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (паўправадніковыя прылады, гандл. халадзільнае абсталяванне, інструменты і інш.), лёгкая, дрэваапр., харч., вытв-сць вітамінаў. 3 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры: муз.-драм., рус. драмы, лялек. Філармонія. Планетарый. Краязн. музей, Дом-музей марыйскага кампазітара І.​С.​Палантая (Ключнікава). Царква Ушэсця (1756), мураваныя і драўляныя дамы 19 ст. аздобленыя разьбой.

Засн. як крэпасць у 1584 пасля далучэння марыйскіх зямель да Расіі. Першапачаткова вядома пад назвай Какшажск, пазней — Какшацкі гарадок. З 1708 у складзе Казанскай губ., з 1781 — павятовы горад. Улетку 1918 цэнтр антыбальшавіцкага паўстання эсэраў. Да 1919 наз. Царовакакшайск, у 1919—27 — Чырвонакакшайск, з 1927 — Й.А. (марыйск. — Чырвоны горад), у 1936—90 — сталіца Марыйскай АССР.

Літ.:

Йошкар-Ола: Очерки о столице Марийской республики. Йошкар-Ола, 1984;

Андреянов А.А. Город Царевококшанск: страницы истории (конец XVI — нач. XVIII в.). Йошкар-Ола 1991.

Цэнтральная частка Йашкар-Алы.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕША́ВА́Р,

горад на Пн Пакістана, на р. Бара (прыток р. Кабул), каля Хайберскага перавалу. Адм. цэнтр Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі. Каля 1 млн. ж. (1999). Важны трансп. пункт на шашы, якая вядзе ў Афганістан. Чыг. станцыя, аэрапорт. Гандлёвы цэнтр с.-г. раёна. Тэкст., металаапр., харч. прам-сць. Рамёствы. 2 ун-ты. Музей. Культ. цэнтр пуштунаў (афганцаў).

Засн. ў 1-м тыс. да н.э. пад назвай Пурушапура. З 1 ст. н.э. сталіца Кушанскай дзяржавы, важны цэнтр будыйскай культуры. На мяжы 5—6 ст. зруйнаваны эфталітамі. Да 16 ст. не меў вял. значэння. Пры Вялікіх Маголах важны гандл. і стратэгічны пункт, атрымаў назву П. У 1738—47 пад уладай іран. шаха Надзір-шаха Афшара. У 1747—1818 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 1818—23 сталіца Пешаварскага княства, пазней увайшоў у дзяржаву сікхаў. У 1849 захоплены брыт. войскамі, з 1901 адм. ц. Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Брыт. Індыі. Жыхары П. ўдзельнічалі ў антыбрыт. паўстаннях (самае буйное ў 1930). У 1947—55 і пасля 1970 П. — адм. ц. Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Пакістана.

т. 12, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНГІ́ (Bangui),

горад, сталіца Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі (ЦАР). Вылучаны ў асобную адм. адзінку, прыраўнаваную да прэфектуры. Засн. ў 1889. 597 тыс. ж. (1988). Порт на р. Убангі (прыток Конга). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Праз порт Бангі праходзіць увесь знешні гандаль ЦАР і часткова дзяржавы Чад. Тэкст. камбінат; харчасмакавая прам-сць. Шліфоўка алмазаў. Зборка радыёпрыёмнікаў. Абутковая і швейная ф-кі. Ун-т.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)