БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 22 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 1,17 км², даўж. 1,46 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 6,6 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 0,7 км².

Катлавіна складанага тыпу, круглаватая, схілы на Пн стромкія, на Пд і У спадзістыя, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, параслі хмызняком, паўн. нізкія, на Пд высокія. Дно сподкападобнае, да глыб. 2 м пясчанае, да 3 м глеістае, глыбей выслана сапрапелем (таўшчыня да 10 м), харавымі водарасцямі, рдзестамі. Празрыстае да дна. Сцёк па ручаі ў Свольну. Каля берагоў возера зарастае. Месца адпачынку.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́ДНАЕ ВО́ЗЕРА, Бляда,

у Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, у межах гідралагічнага заказніка Чарэмшыца. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёраў. Пл. 1,95 км², даўж. 2,02 км, найб. шыр. 1,44 км, найб. глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 6,02 км. Пл. вадазбору 4,72 км².

Схілы катлавіны выш. да 2 м, паўд.-зах. — да 5 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, у паўд.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Дно глыбей за 3 м сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2 м, шыр. паласы надводнай расліннасці да 180 м. Адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗСКАЕ ВО́ЗЕРА ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята, за 34 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,97 км², даўж. 4,07 км, найб. шыр. 540 км, найб. глыб. 20,5 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. больш за 20 м, у паўд. ч. стромкі абразійны схіл. Катлавіна складаецца з 3 плёсаў: мелкаводнага ўсходняга, карытападобнай формы з шырокай літараллю (да 30 м) заходняга і найбольш складанай будовы цэнтральнага з востравам (пл. 0,4 га) і меллю. Большасць берагоў зліваецца са схіламі, у асобных месцах пойма шыр. да 10 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — глеі. Злучана пратокай з воз. Сэклы.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ГЗІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 28 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,67 км², даўж. 1,78 км, шыр. 690 м, найб. глыб. 9,3 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м, на Пн і З нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Берагі на Пн і З сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, глыбей за 2,5 м дно выслана сапрапелямі. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. каля 60 м, на зах. плёсе расце ахоўны від флоры ў Беларусі — наяда марская. Упадае ручай з воз. Какісіна, выцякае ручай Праскавея ў р. Дзіва.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАЎКІ́,

возера ў Беларусі, у Лепельскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,54 км², даўж. 1,74 км, найб. шыр. 0,92 км, найб. глыб. 12,7 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 102 км².

Схілы катлавіны выш. 4—6 м, на З да 15 м. Берагі невысокія, на ПнУ і ПнЗ зліваюцца са схіламі. 2 астравы агульнай пл. 0,1 га. Дно глыб. да 1,5—2 м (каля зах. і ўсх. берагоў да 3—4 м) пясчанае, глыбей глеістае. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. да 25 м. Упадае ручай з воз. Рагоўскае. Злучана пратокай з воз. Цеменіца.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ВО́СМАТА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 33 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 1,12 км², даўж. 2,56 км, найб. шыр. 670 м, найб. глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі каля 7,3 км. Пл. вадазбору 203 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на Пн і Пд месцамі да 10 м), параслі лесам. Дно пясчанае, глыбей за 7 м глеістае. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Надводная расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 4—90 м. На З у возера ўпадае р. Асмоціца, на Пд выцякае р. Копань; злучана пратокай з воз. М. Восмата.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́СЫ,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса (выцякае з возера), за 35 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 2,26 км², даўж. 3,7 км, найб. шыр. 960 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 11 км. Пл. вадазбору 1578 км². Схілы катлавіны выш. 5—10 м (на З 15—20 м), параслі мяшаным лесам. Берагі пад хмызняком і лесам. Дно плоскае. У цэнтры 5 астравоў агульнай пл. 1 га. Мелкаводдзе ўздоўж берагоў і вакол астравоў да глыб. 2 м пясчанае і глеістае. На Пд упадае р. Ушча, на ПнЗ злучана пратокай з воз. Глыба.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯСНА́,

рака, левы прыток р. Дняпро, у Расіі і на Украіне. Даўж. 1130 км. Пл. бас. 88,9 тыс. км². Бярэ пачатак на Смаленска-Маскоўскім узв., упадае ў Дняпро вышэй Кіева. У верхнім цячэнні берагі пераважна нізінныя і забалочаныя, ніжэй г. Бранск правы бераг павышаецца. Пасля ўпадзення р. Сейм даліна расшыраецца, рака ўтварае шмат рукавоў і старыц. Рэчышча пясчанае, звілістае, няўстойлівае, шмат мелей. Гал. прытокі: Судасць, Сноў (справа), Болва, Наўля, Няруса, Сейм і Асцёр (злева). Ледастаў са снеж. да красавіка. Вясной у паводку шырока разліваецца. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 360 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Ноўгарад-Северскі. Гал. прыстані: Ноўгарад-Северскі, Макошына, Чарнігаў, Асцёр, Жукін.

т. 6, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛО́ССЕ, Запалоскае возера,

у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на ПнЗ ад г. Міёры. Пл. 0,37 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 6,9 м, даўж. берагавой лініі 3,8 км. Пл. вадазбору 13,1 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м, у верхняй ч. разараныя, на З парослыя лесам. Берагі высокія, абрывістыя, на ПнЗ зліваюцца са схіламі, на ПдУ і ў паўн. заліве сплавінныя, усюды пад хмызняком. Дно складанай будовы (упадзіны чаргуюцца з мелкаводнымі і астраўнымі падняццямі), уздоўж берагоў пясчанае, глыбей глеістае. 3 астравы агульнай пл. 2 га. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА,

у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шэвінка, за 8 км на ПнУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,29 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 240 м, найб. глыб. 7,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пераважна разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, каля ўрэзу вады параслі хмызняком, на У і З сплавінныя. У паўд. ч. востраў пл. 0,1 га. Дно да глыб. 2 м (вакол вострава да 4—5 м) пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадаюць 2 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Філіпенскае.

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)