Пры́язнь ’сяброўства; сяброўская прыхільнасць’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), ст.-бел. приязнь ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж прыя́знасць ’уласціваць прыязнага; сяброўскія, добразычлівыя адносіны’ (ТСБМ), прыя́зныпрасякнуты сяброўскімі адносінамі, дружалюбнасцю, даверам; добразычлівы, спагадлівы; які выказвае дружалюбнасць, добразычлівасць, прыязнасць’ (ТСБМ; бабр., маг., Шн. 2; Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), прыя́зніцца ’моцна сябраваць’ (Нас.), прыя́злівасць ’сяброўская прыхільнасць’, прыя́злівы ’які выказвае прыязнасць’, прыя́зліва ’па-сяброўску’ (Нас.), ’прыязна, прыхільна’ (Бяльк.). Рус., укр. при́язнь ’тс’, польск. przyjaźń ’сяброўства’, н.-луж. pśijazń ’ласкавасць, міласць’, в.-луж. přijazny ’міласцівы, добразычлівы’, чэш. přízeń ’добразычлівасць; роднасць’, славац. priazeń ’прыязнасць, добразычлівасць’, славен. prijázen ’мілы, ветлівы’. Прасл. *prijaznь ’добразычлівасць, ветлівасць’, *prijaznъ ’добразычлівы, ветлівы’, утвораны ад *prijati (гл. прыяць) з суф. ‑znь (гл. Слаўскі, SP, 1, 119); гл. яшчэ Фасмер, 3, 369; Махэк₂, 495; Голуб-Копечны, 302; Брукнер, 445; Банькоўскі, 2, 935; Сной₂, 575). Прыя́знасць і прыя́злівы ў беларускай могуць быць запазычаннямі з польск. przyjazność і przyjazliwy; паводле Булахава (Развіццё, 12), апошняе слова — калька з рускай, што цяжка давесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

святы́, -а́я, -о́е.

1. Надзелены боскай сілай, вышэйшай дасканаласцю і чыстатой.

Святая Тройца.

Святая вада.

2. у знач. наз. святы́, -о́га, мн. -ы́я, -ы́х, м., свята́я, -о́й, мн. -ы́я, -ы́х, ж. У хрысціян: чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў служэнню богу і рэлігіі, а пасля смерці прызнаны царквой нябесным заступнікам веруючых.

Абразы са святымі.

3. перан. Бездакорны ў сваім жыцці, паводзінах, высокамаральны.

Не такі ён с., як здаецца (не такі бязгрэшны).

4. Прасякнуты высокімі пачуццямі, узвышаны, чысты, высакародны (высок.).

Святая любоў да Радзімы.

5. Сапраўдны, запаветны, выключны па сваёй важнасці, велічны.

С. абавязак дзяцей — паважаць бацькоў.

Святая святых (высок.) — пра нешта самае дарагое, велічнае.

|| наз. свя́тасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ліслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ліслівіць, дагаджае, падлізваецца. Добранькім лічыўся той, хто быў пакорлівы і ліслівы, умеў трымаць рукі па швах, здалёку здымаць шапку. С. Александровіч. // Прасякнуты ліслівасцю, угодлівасцю; няшчыры. Ліслівы позірк. □ На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас. Жмырка вызначаўся сярод усіх нейкай ліслівай чуласцю і насцярожанасцю. Скрыпка.

2. Разм. Ласкавы, пяшчотны. [Бабейка] на дзіва быў рухавы, гаваркі — то прыветлівы і ліслівы, то заклапочаны і гнеўны, заўсёды ў дзеянні. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́лкі, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты моцным пачуццём, уздымам, натхненнем. Не паспелі мы апамятацца, як тут жа падбеглі нейкія людзі, пачалі націскаць нам рукі, вітаць з прыездам, і нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган. // Які з вялікім уздымам адносіцца да чаго‑н., цалкам аддаецца якой‑н. справе. Палкі агітатар. Палкі змагар за нацыянальнае вызваленне.

2. Вельмі страсны, гарачы. Палкі пацалунак. Палкі позірк. □ Плывуць на памяць успаміны, Усё перажытае ўстае, Як вобраз любае дзяўчыны, Як палкі бляск яе вачэй. Гурло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́РФЕЛЬ ((Werfel) Франц) (10.9.1890, Прага — 26.8.1945),

аўстрыйскі пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст (цыкл «Сады горада Прагі», 1907). У зб-ках «Сябра свету» (1911), «Мы» (1913) адлюстраваў душэўны разлад і імкненне чалавека да гармоніі. Пачынаючы з драмы «Траянкі» (1913, перапрацоўка трагедыі Эўрыпіда), яго творчасць афарбавана ў тоны поўнай безвыходнасці і адначасова духоўнага стаіцызму. Трагічны разлад са светам абумовіў настрой зб-каў «Адзін аднаму» (1915), «Судны дзень» (1919), п’есы «Чалавек з люстра» (1920). У 1920-я г. звярнуўся да рэаліст. прозы: раманы «Вердзі: Раман оперы» (1924), «Сям’я з Неапаля» (1931), «Сорак дзён Муса-Дага» (1933, варыяцыі на тэмы Кнігі Зыходу); аповесць «Дом смутку», навелы «Смерць абывацеля», «Адчужэнне» (усе 1927). З 1938 у эміграцыі (Францыя, ЗША). Раман «Гімн Бернадэце» (1941) прасякнуты верай у чалавека і яго дабрыню, раман-антыутопія «Зорка ненароджаных» (выд. 1946) — трывожным роздумам над будучыняй чалавецтва. Вял. поспех мела п’еса «Якабоўскі і палкоўнік» (1944).

Тв.:

Рус. пер. — Верди: Роман оперы. М., 1962;

[Стихи] // Золотое сечение: Австрийская поэзия XIX—XX вв. в рус. переводах. М., 1988;

Сумерки человечества. М., 1990;

Сорок дней Муса-Дага: Роман. М., 1993.

Літ.:

Рудницкий М.Л. Верфель // История немецкой литературы. М., 1976. Т. 5.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ (Андрэй) (сапр. Бугаеў Барыс Мікалаевіч; 26.10.1880, Масква — 8.1.1934),

рускі пісьменнік, тэарэтык сімвалізму. Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). Належаў да «малодшага пакалення» сімвалістаў. Першы зб. вершаў — «Золата ў блакіце» (1904). Трагічнымі інтанацыямі прасякнуты напісаныя рытмічнай прозай 4 «сімфоніі»: «Паўночная сімфонія (1-я гераічная)», (1900, выд. 1904), «Сімфонія (2-я драматычная)» (1902), «Вяртанне» (1905); «Кубак мяцеліц» (1908). Рэвалюцыю 1905—07 Белы ўспрыняў з уздымам, але быў далёкі ад яе паліт. асэнсавання. У 1909 выдаў зб-кі вершаў «Попел» (асн. тэма — трагічнае становішча тагачаснай Расіі) і «Урна» (расчараванне ў юнацкіх ідэалах і шуканнях). Раманы «Пецярбург» (1913—14, перапрацаванае выд. 1922) прысвяціў гіст. лёсу Расіі і падвёў сімвалічныя вынікі «заходняга» перыяду яе развіцця. Пасля Кастр. рэв. 1917, якая бачылася яму мяцежнай, ачышчальнай стыхіяй (паэма «Хрыстос уваскрэс», 1918), пісаў пераважна прозу (аўтабіягр. аповесці «Коцік Лятаеў», 1922; «Хрышчоны кітаец», 1927; раман «Масква», ч. 1—2, 1926). Распрацаваў эстэтыку сімвалізму (зб. арт. «Сімвалізм», 1910) і тэорыю рытму ў вершы і прозе, дзе ўпершыню выкарыстаў матэм. метады («Рытм як дыялектыка» і «Медны коннік», 1929; арт. ў час. «Горн» у 1919). Аўтар мемуараў «На мяжы двух стагоддзяў» (1930), «Пачатак стагоддзя. Успаміны» (1933), «Паміж дзвюх рэвалюцый» (1934) і інш.

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЙ РАСТО́ЎСКІ, Дзімітрый (свецкае Туптала Данііл Савіч; снежань 1651, мяст. Макарава каля Кіева — 8.11.1709),

украінскі і рус. царк. і культ. дзеяч, асветнік. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі (1662—65). У 1668 прыняў манаства, у 1675 пасвячоны ў іераманахі. Быў ігуменам у розных манастырах на Украіне. З 1702 мітрапаліт у Растове, заснаваў там семінарыю. Сярод яго шматлікіх маральна-павучальных, багаслоўскіх, драм. твораў найб. вядомыя 4-томны зб. «Чэцці-Мінеі» («Кніга жыцій святых»), выд. ў 1689, 1695, 1700, 1705. Філасофію разглядаў як неабходны элемент рэліг. вопыту. У духу містычнай плыні праваслаўя ісіхазму лічыў, што свет прасякнуты боскімі дзеяннямі, якія адкрываюцца чалавеку ў прыгажосці і гармоніі прыроды. На яго думку, узаемаадносіны душы і цела маюць характар антаганізму, бо ў адносінах да душы цела — турма; таму адной з жыццёвых мэт з’яўляецца ўстанаўленне панавання душы над целам. Выкрывальнік стараверства (кн. «Вышук пра раскольніцкую брынскую веру...», выд. 1745). Кананізаваны ў 1757.

Тв.:

Сочинения святителя Димитрия, митрополита Ростовского. Ч. 1—5. Киев, 1895—1905;

Жития святых на русском языке, изложенные по руководству Четий-Миней св. Димитрия Ростовского с дополнениями из Пролога. Т. 1—12. М., 1902—11.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙІТС ((Yeats) Уільям Батлер) (13.6.1865, Дублін — 28.1.1939),

ірландскі паэт і драматург. Вучыўся ў Дублінскім і Оксфардскім ун-тах. Заснавальнік і адзін з дырэктараў «Тэатра абацтва» (1904—38). Распрацаваў канцэпцыю нац. л-ры, пачынальнік руху «Ірландскае адраджэнне». Творчасць адметная сувяззю з гісторыяй і міфалогіяй Ірландыі, якая ўвайшла ў яго паэзію з першай кн. «Вандраванні Ойсіна» (1889). Безадказнае каханне — тэма зб-каў «Ружа» (1893), «Вецер у чаратах» (1899), «Зялёны шлем» (1910). Пазней вершы набылі ідэаматычнасць нар. мовы, у іх асабістае зліваецца з грамадскім (зб-кі «Адказнасць», 1914, «Дзікія лебедзі ў Куле», 1919, і інш.) Своеасаблівая сістэма містычнай і міфапаэт. філасофіі ў зб. «Здані» (1925), матывамі расчаравання прасякнуты апошнія зб-кі «Вежа» (1928) і «Вінтавая лесвіца» (1933). Першая п’еса «Кэтлін, дачка Хуліэна» (1902) стала сімвалам нац. руху на незалежнасць. П’есы «Ля Ястрабінай крыніцы» (1916), «Месячная поўня ў сакавіку» (1935), «Яйка чаплі» (1938) і інш. нап. ў стылістыцы яп. т-ра но (п’есы-маскі). Нобелеўская прэмія 1923.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. стихотворения лирические и повествовательные. М., 1995.

Літ.:

Тишунина В.Н. Театр У.​Б.​Йейтса и проблема развития западноевропейского символизма СПб., 1994.

М.​Ю.​Шода.

У.Б.Йітс.

т. 7, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЮ́ГА (Лукаш) (сапр. Вашына Канстанцін Пятровіч; 17.9.1909, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1937),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. пед. тэхнікум (1931). Працаваў у НДІ прам-сці ВСНГ БССР, на Бел. радыё. У студз. 1933 арыштаваны, высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобл. Паўторна арыштаваны 2.10.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1927. Выступіў бытапісальнікам бел. вёскі ў пераломны гіст. перыяд, калі мянялася яе сац. аблічча, лад жыцця. У аповесці «Ні госць ні гаспадар» (1928) трывога за чалавека, які перастаў адчуваць сябе гаспадаром на роднай зямлі. У аповесці «Нядоля Заблоцкіх» (1931) увасоблены маст. прыём т.зв. міфалагічнага рэалізму, у аснове якога спалучэнне перажыткаў стараж. светаўспрымання і веры беларусаў з рэальным жыццём. Матывамі тугі па родным краі, болем за скалечанае жыццё чалавека прасякнуты 2-я ч. аповесці «Шушамяць» (дайшлі фрагменты), няскончаныя творы: раман «Пустадомкі» (апубл. 1990), аповесці «Дзе косці мелюць», «Зоры Вам Вядомага горада», «Утрапенне» (апубл. 1989), напісаныя ў выгнанні. На бел. мову пераклаў асобныя творы П.​Панча, Ю.​Алешы, Я.​Гашака.

Тв.:

Ні госць ні гаспадар. Мн., 1974;

Творы. Мн., 1992.

Літ.:

Драздова З.У. Творчасць А.​Мрыя і А.​Калюгі: Стылявыя асаблівасці. Мн., 1997.

Я.​Р.​Лецка.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Геранім Францавіч) (14.7.1816, в. Тулава Віцебскага р-на — пасля 1864),

бел. і польскі пісьменнік. Скончыў Віцебскую губ. гімназію (1835), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Да 1860-х г. служыў чыноўнікам у Віцебску. Літ. дзейнасць пачаў у 1830-я г. У 1858 напісаў па-беларуску драм. паэму «Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі)», якая, паводле некаторых звестак, ставілася ў 1862 у Віцебску. На польск. мове выдаў 2 зб. «Паэзія» (Вільня, 1845 і 1848) і кн. «Творы, напісаныя між іншым» (Вільня, 1857). Драма «Падарожны» (нап. 1859) не апублікавана. Творы прасякнуты трывогай за лёс народа, надзеяй на лепшую будучыню, сатырай на чыноўніцтва. Перакладаў на польск. мову бел. нар. песні, вершы І.​В.​Гётэ і М.​Лермантава; А.​Вярыгу-Дарэўскаму і яго брату Сямёну прысвяціў верш «Заход сонца» (1843).

Тв.:

Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі): [П’еса] // Беларуская літаратура XIX ст. Мн., 1988;

[Вершы] // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Мн., 1998.

Літ.:

Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969. С. 159—161;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 161—163;

Мархель У. Шчыры, але не камерны: Геранім Марцінкевіч: Вяртанне спадчыны // Роднае слова. 1998. № 2.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)