ДАБАСНЯ́НСКАЯ ЦУКРО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1839—62 у маёнтку Добасна Бабруйскага пав. (цяпер вёска ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл.). Мела агнявы рухавік і гідраўлічныя прэсы (у 1860—62 — тры). У 1839 працавала 176, у 1859 — 63 рабочыя. У 1861—62 за суткі перапрацоўвала да 900 пудоў буракоў, з якіх атрымлівалі па 36 пудоў цукр. пяску. Прадукцыя вывозілася ў Маскву, Крамянчуг, Херсон.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКІ МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1969 у г. Клецк Мінскай вобл. як філіял Мінскага прыладабуд. з-да імя Леніна. У 1979 і 1983 уведзены ў эксплуатацыю новыя вытв.-адм. і вытв. будынкі. З 1998 даччынае прадпрыемства адкрытага акц. т-ва «Мінскі прыладабудаўнічы завод». Асн. прадукцыя (1998): эл. прылады для прамысл. і бытавых мэт (электракіпяцільнікі, электрапрасы, электраводанагравальнікі, трубчастыя электранагравальнікі і інш.).

т. 8, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1929 у г. Ліда Гродзенскай вобл. як ф-ка гумавых вырабаў «Ардаль». У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946. У 1949 здадзены ў эксплуатацыю гумавы цэх, у 1952—3-і цэх мужчынскага, у 1957—7-ы цэх жаночага абутку. З 1994 народнае прадпрыемства «Лідская абутковая фабрыка». Асн. прадукцыя (1999): мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ГАРБА́РНЫ ЗАВО́Д.

Працуе з 1930 у Магілёве. У Вял. Айч. вайну частка абсталявання эвакуіравана ў г. Сяміпалацінск (Казахстан). Адноўлены ў 1944. У 1948—55 рэканструяваны і расшыраны. У 1957 уведзены ў эксплуатацыю рантавы цэх. З 1992 арэнднае прадпрыемства, з 1997 адкрытае акц. т-ва «Гарбар». Асн. прадукцыя (1999): юфць тэрмастойкая, цвёрдая скура для нізу абутку, скура шлейна-седлавая, сырамятная.

т. 9, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д ВЕНТЫЛЯЦЫ́ЙНЫХ ЗАГАТО́ВАК.

Пабудаваны ў 1976 у Магілёве. Складаецца з 2 асн. цэхаў: па вырабе сістэм вентыляцыі і цэха металаканструкцый вентылятараў і вентыляцыйных вырабаў. Мае таксама ўчасткі па вырабе тавараў нар. ўжытку і паслуг насельніцтву. Асн. прадукцыя (1999): паветраводы і фасонныя часткі да іх, цэнтрабежныя і восевыя вентылятары, паветраразмеркавальнікі, шумаглушыцелі, прыточныя камеры і агрэгаты, заслонкі, клапаны ўсіх тыпаў, коміны і інш.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д ТРА́НСПАРТНАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ «МАГІЛЁЎТРАНСМА́Ш».

Засн. ў 1982 у Магілёве як з-д сельскагаспадарчага машынабудавання «Магілёўсельмаш». Спецыялізаваўся на вытв-сці с.-г. і транспартных машын і механізмаў. З 1994 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. паўпрычэпы бартавыя і тэнтаваныя; 1-, 2- і 3-восевыя паўпрычэпы на рысорнай і пнеўматычнай падвесцы; паўпрычэпы спец. прызначэння: кантэйнеравозы, панелявозы, смеццявозы; аўтамаб. гідраўлічныя краны; рэфрыжэратары і ізатэрмічныя фургоны.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ СОЛЕВЫВА́РНЫ КАМБІНА́Т.

Дзейнічае з 1982 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на мясц. радовішчы каменнай солі, па тэхналогіі, заснаванай на выпарванні солі з ачышчанага расолу. У 1988 дасягнуў праектнай магутнасці 360 тыс. т солі за год. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырсоль». Асн. прадукцыя (1999): кухонная соль «Палессе» з дадаткамі ёду і фтору, соль прафілактычная з дадаткамі розных мікраэлементаў, соль без дадаткаў.

т. 9, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА ПА ВЫ́РАБЕ ПІ́ВА І БЕЗАЛКАГО́ЛЬНЫХ НАПІ́ТКАЎ «КРЫНІ́ЦА».

Засн. ў 1975 у Мінску як вытв. аб’яднанне «Мінскпіўпрам» (Мінскі піўзавод № 2). З 1989 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): піва, газіраваныя безалкагольныя напіткі, сухія напіткі і дэсерты. Вытв. магутнасць: піва — да 7 млн. дэкалітраў за год, сухія напіткі — больш за 1 тыс. т, безалкагольныя напіткі — больш за 1 млн. дэкалітраў.

т. 10, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МЯСАКАМБІНА́Т.

Засн. ў 1922 у Мінску на базе халадабойні. У 1956—60 пабудаваны новыя вытв. карпусы. З 1975 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. аб’яднання мясной і малочнай прам-сці. У 1994 уведзены ў эксплуатацыю з-д па вытв-сці мясных паўфабрыкатаў, адм. корпус, у 1996 — сховішча для агародніны. Асн. прадукцыя (1999): мяса і мясапрадукты, субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, скуры, мяса-касцявая мука.

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВЫТВО́РЧАСЦЬ,

перавышэнне прапановы прадукцыі над попытам на яе; павелічэнне запасаў прадукцыі з прычыны няздольнасці рэалізаваць яе з-за скарачэння попыту. З’яўляецца прычынай крызіснага спаду ў эканоміцы ва ўмовах, калі нерэалізаваная прадукцыя не дае магчымасці працягваць і развіваць вытв-сць з прычыны нястачы грашовых сродкаў на пакупку сыравіны, абсталявання, аплаты рабочай сілы. Устараненне П. магчыма праз стымуляванне попыту або шляхам скарачэння прапановы.

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)