сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст.н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст. — асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл.Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт.Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц.нар. жыллі і гасп. пабудовах.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЁПРА-ДЗВІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ўсходнебалцкіх плямён, якія ў 8 ст. да н.э. — 4—5 ст.н.э. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Сярэднім Падзвінні і ў вярхоўях р. Вялікая. Асн. тып пасяленняў — умацаваныя пасёлкі-гарадзішчы плошчай ад 500 да 2500 м² (на Беларусі каля 200). Жылыя пабудовы наземныя, слупавой канструкцыі.
Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, пазней лядным земляробствам і рамёствамі. Сярод знаходак пераважаюць вырабы з каменю і косці (каменныя клінападобныя і свідраваныя сякеры, зерняцёркі і інш.), на познім этапе (1—5 ст.н.э.) — жал. прылады і зброя (сярпы з шырокім лязом і выгнутай спінкай, нажы, шылы, наканечнікі коп’яў і стрэл і інш.) Кераміка — гладкасценны слабапрафіляваны посуд, пераважна слоікападобных формаў, арнаментаваны скразнымі адтулінамі, пракрэсленымі касымі лініямі, ямкавымі ўцісканнямі. У навук. ўжытак тэрмін «Д.-дз.к.» ўвёў А.Р.Мітрафанаў.
Літ.:
Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.
В.І.Шадыра.
Посуд днепра-данецкай культуры. Рэканструкцыя.Прылады працы, упрыгожанні і кераміка днепра-дзвінскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЕ́БЫ,
аб’яднанне славянскіх плямён, якое ў 6—9 ст. жыло на Валыні, сярэднім Дунаі, у Чэхіі і інш. мясцінах. У 1-й пал. 7 ст. вялі працяглую барацьбу з аварамі, у пач. 1.0 ст. ўдзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград. Пасля распаду аб’яднання сфарміраваліся драўляне, валыняне і дрыгавічы. Археал. помнікі Д. — паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай. На думку В.В.Ключэўскага, Д. былі першым вял. аб’яднаннем, якое заклала аснову ўсх.-слав. дзяржаўнасці. На тэр. Беларусі, на думку М.І.Ермаловіча, Д., магчыма, перасяліліся з Пд або ПдЗ і, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка іх пайшла ўверх па рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольса, а другая іх частка перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа).
Літ.:
Третьяков П.Н. Восточнославяские племена. 2 изд. М., 1953;
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусы Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў познім палеаліце і раннім мезаліце (12—8 тыс.г. назад) жылі ў Верхнім Падняпроўі. Назва ад стаянкі Грэнск. Мае 2 этапы: фінальна-палеалітычны (ранні) і раннемезалітычны (позні). Пасяленні грэнскай культуры прадстаўлены сезоннымі стаянкамі паляўнічых па берагах рэк, часцей на пясчаных дзюнах. Па меры раставання апошняга ледавіковага покрыва ў гарах Скандынавіі плямёны грэнскай культуры разам з плямёнамі свідэрскай культуры прасоўваліся на Пн. Асаблівасцю культуры з’яўляецца пашырэнне крамянёвых асіметрычных наканечнікаў стрэл (грэнскі тып), апрацаваных з аднаго краю. Самыя стараж. помнікі грэнскай культуры Бароўка, Каромка, Хвойна (Магілёўскі р-н), другога этапа развіцця — Грэнск, Дальняе Ляда (Быхаўскі р-н), Рэкорд (Лоеўскі р-н). На рубяжы ранняга і позняга мезаліту Грэнская культура змянілася сожскай культурай. Вылучыў грэнскую культуру ў 1960-я г. У.Дз.Будзько, даследавалі А.Г.Калечыц, В.Ф.Капыцін, У.П.Ксяндзоў.
В.Ф.Капыцін.
Крамянёвыя наканечнікі стрэл грэнскай культуры з паселішча Бароўка Быхаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ ВЯЛІ́КІ (лац. Carolus Magnus, франц. Charlemagne; 2.4.747—28.1.814),
франкскі кароль (з 768), імператар [800—814], палкаводзец. З дынастыі Каралінгаў (назва ад яго імя). Сын Піпіна Кароткага, унук Карла Мартэла.
Ажыццявіў 53 ваен. паходы (27 узначальваў асабіста) супраць саксаў (772—804 з перапынкамі), лангабардаў (773—774, 776—777), арабаў у Іспаніі (778—779, 796—810), зах.-слав.плямён (789—806), авараў (791—799) і інш. Стварыў вялізную дзяржаву (умацаваў яе граніцы праз заснаванне марак), якая ўпершыню пасля распаду Зах. Рымскай імперыі аб’яднала амаль усе хрысц. краіны Зах. Еўропы (уключала тэр. сучасных Францыі, зах. і паўд. Германіі, паўн. і сярэдняй Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Аўстрыі, паўн.-ўсх. Іспаніі). Каранаваны як імператар у Рыме папам Львом III (800), пасля чаго лічыўся правадыром усяго хрысц. Захаду (як візант. імператары на Усходзе). Правёў суд. і ваен. рэформы, апекаваўся царквой, садзейнічаў развіццю культуры і асветы (выдаў указ пра абавязковае навучанне дзяцей вольных людзей, пры яго двары існавала акадэмія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЯ́ТАРЫ (лац. gladiatores ад gladius меч),
у старажытна-рым. дзяржаве рабы, ваеннапалонныя і інш., якія ў смяротных паядынках біліся паміж сабой або з дзікімі звярамі на арэне амфітэатра. Навучаліся ў спец. школах, якія існавалі ў Рыме, Пампеях, Капуі (у апошняй у 74 да н.э. пачалося паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака) і інш. месцах. Першыя баі гладыятараў арганізаваны ў Рыме ў 264 да н.э. (пераняты ад стараж.плямёнэтрускаў). Да 1 ст. да н.э. баі былі змененай формай рытуальнага забойства рабоў (з 3 ст. да н.э. суправаджалі пахаванні знатных асоб), потым сталі забавай натоўпу, ладзіліся прыватнымі асобамі або дзяржавай з мэтай набыць папулярнасць сярод гараджан. У 65 да н.э. Гай Юлій Цэзар арганізаваў бой 320 пар гладыятараў. Баі гладыятараў практыкаваліся да пач. 5 ст.н.э.
Літ.:
Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.
Бой гладыятараў. Мазаічная выява на падлозе старажытнарымскай вілы. Каля 250 н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРУБІНЕ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён ранняга жалезнага веку ў Сярэднім і Верхнім Падняпроўі, Прыпяцкім Палессі. Назва ад могільніка каля в. Зарубінцы на Кіеўшчыне. Насельніцтва З.к. займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рамёствамі; жыло на неўмацаваных селішчах, выкарыстоўвала гарадзішчы папярэдняй мілаградскай культуры; будавала наземныя слупавыя жытлы (аднакамерныя, прамавугольныя або квадратныя ў плане) і паўзямлянкі. У адным з кутоў жытла ці каля сцяны знаходзілася агнішча, пазней — глінабітная печ. Побач з жытламі размяшчаліся гасп. і вытв. пабудовы, ямы-паграбы. Пахавальныя абрады — трупаспаленне, зрэдку трупапалажэнне. Могільнікі не маюць вонкавых адзнак. У Верхнім Падняпроўі выяўлены ямныя трупаспаленні і кенатафы, у Прыпяцкім Палессі — ямныя і урнавыя пахаванні са спальваннем і пахаваннем чарапоў. У магілах трапляюцца прылады працы, посуд, упрыгожанні. Насельніцтва вырабляла і выкарыстоўвала жал. наканечнікі коп’яў, клінападобныя сякеры (кельты), нажы, сярпы, ляпны посуд, культавыя вырабы і інш. Падтрымлівалі сувязі са скіфскімі, сармацкімі, кельцкімі плямёнамі, гарадамі Паўн. Прычарнамор’я. Большасць даследчыкаў лічыць З.к. стараславянскай. Найб. даследаваны археал. помнік Чаплін Лоеўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЦА,
1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.
2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.
Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАЗГА́-ТЭПЕ́,
рэшткі паселішча часоў энеаліту і бронзы плямён Сярэдняй Азіі (гл.Анаўская культура), за 7 км ад чыг. ст. Каахка ў Туркменіі. Пагорак Н.-Т. (выш. 32 м, пл. да 100 га) насыпаны штучна. Насельніцтва займалася земляробствам, існавала ліманнае арашэнне. Характэрны шматпакаёвыя пабудовы з цэглы-сырцу, падзеленыя вузкімі вулачкамі. Пахаванні адзінкавыя, у скурчаным стане, з керамічным інвентаром. Знойдзены крамянёвыя, каменныя, медныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні, у т. л. халцэдонавыя пацеркі, гліняныя жаночыя статуэткі, мадэлі вазкоў, фігуркі жывёл. Керамічны посуд да канца 3-га тыс. да н.э. быў ляпны, потым вырабляўся на ганчарным крузе. Кераміка размалёўвалася геам. узорам у адну ці дзве (чорную і чырвоную) фарбы часам з выявамі птушак і жывёл, выкананых у іранскім стылі папярэдніх часоў. У пач. 2-га тыс. да н.э. Н.-Т. прыйшло ў заняпад. Лічаць, што яго насельніцтва вымушана было шукаць новае месца для пражывання ў сувязі з пачаткам засушлівага перыяду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́НСКА-БО́РШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён 8—10 ст., распаўсюджаная ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Назва ад паселішчаў каля г. Рамны (Сумская вобл., Украіна) і с. Боршава (Варонежская вобл., Расія). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамесніцтвам; жыло на гарадзішчах і селішчах у чатырохвугольных аднакамерных паўзямлянках слупавой і зрубнай канструкцый з глінабітнымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ляпных гаршках пад курганнымі насыпамі (сустракаюцца і бескурганныя пахаванні). Кераміка ляпная, арнаментаваная грабеньчатым штампам, насечкамі, наколамі. Знойдзены земляробчыя прылады працы, сякеры, косы, нажы; упрыгожанні — бронзавыя і сярэбраныя бранзалеты, шыйныя грыўні, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі. Помнікі канца 1-га тыс.н.э., падобныя да помнікаў Р.-Б.к., сустракаюцца на Пд і ПдУ Беларусі: Мазырскае гарадзішча Кімбараўка, матэрыялы гарадзішча і селішча Чаплін, селішчы Калочын і Насовічы, селішча і курганны могільнік Ходасавічы, курганны могільнік Вароніна, частка матэрыялаў гарадзішчаў Чачэрск і Гомель. Частка даследчыкаў лічыць, што Р.-Б.к. паходзіць ад пражскай культуры, а бел. помнікі звязаны з летапіснымі радзімічамі.