сертыфіка́т, ‑у, М ‑каце, м.

1. Пазыковае фінансавае абавязацельства дзяржавы. // Назва аблігацый спецыяльных дзяржаўных пазык.

2. У знешнім гандлі — дакумент са звесткамі пра асартымент, колькасць, якасць тавару.

3. У сельскай гаспадарцы — дакумент на гатунковасць і якасць насення.

4. Кніжн. Пісьмовае пасведчанне аб чым‑н.

[Ад лац. certificatus — засведчаны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́ялка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Машына для пасеву насення, а таксама для ўнясення ў глебу мінеральных угнаенняў. Гнездавая веялка. □ Больш паловы плошчы азімых было пасеяна трактарнай сеялкай. Шамякін. Сейбіт спрытна напоўніў сеялку насеннем, і вось ужо агрэгат рушыў наперад. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАЛАСКІ́ ў раслін,

адна- або шматклетачныя вырасты эпідэрмісу. Розныя па форме, памерах і будове. Ахоўваюць расліны ад ваганняў т-ры і страты вільгаці (характэрна для высакагорных і пустынных раслін), назапашваюць ваду ў час засухі, служаць для абароны ад шкоднікаў і хвароб, распаўсюджвання пладоў і насення (напр., у адуванчыка, бавоўніку, таполяў). Кручкападобныя валаскі ўтрымліваюць сцёблы лазячых раслін на апоры (напр., у хмеля, фасолі). Каранёвыя валаскі і валаскі-лускавінкі эпіфітаў служаць для паглынання вады і глебавых раствораў. Залозістыя валаскі — органы выдзялення, якія выпускаюць эфірныя алеі або стрававальныя сокі (у насякомаедных раслін).

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПО́ЗНЯЯ,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Атрыманы ад сяўбы насення свабоднага апылення сорту Добрая Луіза. Раянаваны па рэспубліцы.

Дрэва сярэднярослае, крона круглаватая, густая. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт зімаўстойлівы, высокаўраджайны, сярэднеўстойлівы да паршы і бактэрыяльнага раку. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шурпатая, аранжава-жоўтая з невялікім малінавым румянцам. Мякаць белая, сакаўная, масляністая, салодкая з лёгкай асвяжальнай кіслінкай і пахам, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў кастр.—лютым; захоўваюцца да мая пры т-ры +1 °C.

М.​Р.​Мялік.

Беларуская позняя.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗГО́ТКІ, бразгуны, бразгаўкі,

агульная назва многіх нар. інструментаў класа ідыяфонаў: шархуноў, званкоў, талерачак (састаўных частак бубна), трашчотак і ўласна бразготак. Уласна бразготкі напачатку служылі дзіцячай цацкай, выкарыстоўваліся як сігнальны інструмент у начным старажоўстве. Маюць выгляд драўлянага корпуса з ручкай. Унутры корпуса на прымацаванай да яго адным канцом нітцы нанізана жменя высушанага насення бабовых. На Беларусі пашыраны таксама ў выглядзе звычайнай скрыначкі з некалькімі каменьчыкамі або невял. шарыкамі ўнутры, замацаванымі пасярэдзіне свабодна нацягнутай ніткай. У наш час вядомы як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент.

І.​Дз.​Назіна.

Бразготка.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РМАЛА (Peganum),

род кветкавых раслін сям. парналіснікавых. 6 відаў. Пашыраны на поўдні Еўропы, у Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі вырошчваюць гармалу звычайную, або магільнік (P. harmala).

Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем. Лісце рассечанае на ланцэтна-лінейныя сегменты Кветкі двухполыя, буйныя, адзіночныя, белыя. Плод — трохгнездавая каробачка. Фарбавальныя (з насення атрымліваюць трывалыя фарбы для шарсцяных і шаўковых тканін), лек. дэкар. і ядавітыя расліны. Маюць алкалоіды (гармалін, гармін і інш.), якія выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАДЭ́РМА (ад гіпа... + дэрма),

у пазваночных жывёл самы глыбокі слой скуры з рыхлай злучальнай тканкі, у якім назапашваюцца тлушчавыя клеткі, што ўтвараюць падскурную тлушчавую клятчатку. Гіпадэрма злучае скурнае покрыва з падлеглымі тканкамі, выконвае апорную, трафічную, пластычную, тэрмарэгулятарную, ахоўную функцыі. У беспазваночных жывёл гіпадэрма — тонкі слой прызматычнага эпітэлію, што знаходзіцца пад кутыкулай, створанай у выніку сакраторнай дзейнасці клетак гіпадэрмы. У раслін гіпадэрма — адзін ці некалькі слаёў клетак, што знаходзяцца пад эпідэрмісам сцёблаў, лісця, насення і пладоў; у каранях гіпадэрмы іншы раз называюць вонкавыя пласты клетак першаснай кары.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАХАРЫ́Я (ад зоа... + харыя),

пашырэнне дыяспораў (зачаткаў раслін і грыбоў, іх спораў, пладоў і насення) жывёламі. Адрозніваюць эпізоахарыю — пасіўны перанос дыяспор на целе жывёлы з брудам, глеем або з дапамогай спец. прыстасаванняў (зачэпкі, шыпікі, шчацінкі і інш.), слізі або ліпкіх рэчываў; эндазоахарыю — пашырэнне праз стрававальную сістэму жывёл, пры гэтым дыяспоры не пашкоджваюцца, але зрэдку набываюць лепшую ўсходжасць (напр., у бружмелю, брызгліны, вішні, граната) і сінзоахарыю — актыўнае пашырэнне дыяспор, звязанае з назапашваннем корму жывёламі (бурундук, вавёрка, кедраўка, лясная мыш, сойка і інш.). Асобны выпадак сінзоахарыі — мірмекахарыя.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯАДАПТА́ЦЫЯ (ад грэч idios свой, своеасаблівы + адаптацыя),

аламарфоз, прыватнае прыстасаванне арганізмаў да пэўных умоў жыцця ў канкрэтным знешнім асяроддзі. Адпаведны кірунак эвалюцыйных пераўтварэнняў наз. алагенезам. У процілегласць арамарфозу і рэгрэсіўным зменам — катамарфозу І. не адбіваецца істотна на агульным узроўні арганізацыі. Звычайна І. вядзе да пашырэння арэала групы арганізмаў, падзелу яе на вял. колькасць роднасных сістэм адзінак. Прыклады І.: розныя прыстасаванні камароў да паразітызму, раслін — да распаўсюджвання насення, розныя тыпы дзюб у птушак у сувязі з выкарыстаннем разнастайнага корму і спосабаў яго здабывання і інш.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГРЭДЫЕ́НТЫ ў біялогіі,

віды раслін, якія часова належаць да раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў) засушлівых абласцей (сухія стэпы, паўпустыні). Развіваюцца эпізадычна, у вільготныя гады магчыма масавае развіццё. Выкарыстоўваюць вільгаць ранняй вясной ці позняй восенню, калі кампаненты ці віды, які складаюць пастаянную аснову расліннага покрыва (прэваліды), толькі пачынаюць вегетацыю або заканчваюць яе. У засушлівыя гады перажываюць неспрыяльны перыяд у выглядзе насення, якое доўга захоўвае ўсходжасць. У двухгадовых раслін позняй восенню адрастаюць ліставыя разеткі, а ранняй вясной яны цвітуць і пладаносяць. Тыповыя І.: каласоўнік растапыраны, канюшына палявая, крупка вясенняя, клапоўнік пранізаналісты і інш.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)