грамадскі добраахвотны рух, у якім незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання, паліт. поглядаў і членства ў іншых рухах і партыях аб’ядноўваліся былыя вайскоўцы, а таксама калектыўныя члены — інш. грамадскія арг-цыі і паліт. партыі. Засн. 19—20.8.1991 у час жнівеньскіх падзей 1991. Устаноўчы з’езд адбыўся 12—13.10.1991 у Мінску. Мэты і задачы: садзейнічанне ажыццяўленню вайск. рэформы, абарона дэмакратыі і дзярж. суверэнітэту Беларусі, правоў бел. вайскоўцаў, выхаванне патрыятызму і нац. годнасці ў вайскоўцаў і шырокіх колаў грамадства. У сак. 1992 выступіла ініцыятарам і арганізатарам падпісання «Антыкрызіснага пагаднення супраць знешняй пагрозы суверэнітэту Рэспублікі Беларусь». 16.2.1994 Вярх. суд Рэспублікі Беларусь спыніў дзейнасць БЗВ за ахову забастоўкі рабочых у Мінску. 16.2.1994 створаны аргкамітэт патрыят. руху БЗВ, 10.3.1995 зарэгістраваны Патрыятычны рух БЗВ запасу асобаў у адстаўцы і інш. грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНФІЛА́ДА (франц. enfilade) у архітэктуры, шэраг паслядоўна прылеглых адно да аднаго памяшканняў, дзвярныя праёмы якіх размешчаны на адной восі, што пры адчыненых дзвярах стварае скразную перспектыву ўсіх інтэр’ераў, звязаных у адзіную арх.-пластычную сістэму.
Анфіладная планіроўка ўзнікла ў Стараж. Егіпце. Пашырана ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У яе аснове — прынцып стварэння пышна аздобленых інтэр’ераў з эфектам бясконцасці, глыбокай перспектывы арх. прасторы (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Жыліцкі палац і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваецца ў буйных грамадзянскіх збудаваннях, пераважна музейных і выставачных (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Палац мастацтваў у Мінску і інш.). Анфіладай называюць таксама шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў (праспект Ф.Скарыны ў Мінску).
А.М.Кулагін.
Анфілада ў Жыліцкім палацы. Кіраўскі раён Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЙН (Юльян) (1821, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 28.3.1883),
пісьменнік, падарожнік. Пісаў на польск. мове. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1840—50-я г. жыў у Мінску. Сябраваў з В.Дуніным-Марцінкевічам. На пастаноўку яго «Ідыліі» адгукнуўся артыкулам «Фізіялогія прыказак» у газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі дзённік», 1852, № 99—100). Той самы артыкул змешчаны ў празаічным зб. Гарайна «Затрачаныя хвіліны» (Вільня, 1857). Аўтар успамінаў пра У.Сыракомлю «З жыцця паэта» (Львоў, 1886), дзе падрабязна апісаў знаходжанне паэта ў Мінску і абставіны яго знаёмства з Дуніным-Марцінкевічам. У 1870-я г. жыў у ЗША, дзе сустракаўся з Г.Сянкевічам, выдаў аповесць «5П-1Р» (Чыкага, 1878). Выкарыстаў бел.нар. паданні, пісаў пра цяжкае жыццё бел. прыгоннага сялянства (аповесць «Д’ябал фарэйтарам»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар. мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.
Гарэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў Мінску. Скульпт. А.Арцімовіч. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЎЧАНКА (Ігар Уладзіміравіч) (н. 25.11.1926, в. Барысаўшчына Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Сярод твораў: помнікі сав. воінам і партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у калгасе «Сцяг Перамогі» Сенненскага р-на Віцебскай вобл. (1968) і ў пас. Самахвалавічы Мінскага р-на (1979), «Воінская слава» (1970) у г.п. Глуск Магілёўскай вобл., «Ахвярам фашызму» (1977), у г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл., в. Хорастава Салігорскага р-на (1983) і інш.; бюсты Я.Коласа (1968) у в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., К.С.Заслонава (1971) на чыг. ст. Заслонаў Лепельскага р-на Віцебскай вобл., праф. М.М.Аляксандрава (1983) у Мінску, і інш. Аўтар шэрагу мемарыяльных дошак у Мінску, станковых кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЛЯЦО́ВА (Наталля Мікалаеўна) (8.10.1909, в. Мсціслаўская Слабодка Дарагабужскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 13.8.1993),
бел. архітэктар. Канд.тэхн.н. (1954). Скончыла Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1931). З 1931 працавала ў ін-тах «Белдзяржпраект», «Белпрампраект» (у 1944—48 гал. архітэктар), адначасова выкладала ў БПІ (1938—41, 1945—75). Асн. работы: Мінскі жылы дом спецыялістаў, 8-павярховы дом на пл. Я.Коласа (1957, у сааўт.) і рэканструкцыя гал. корпуса БПІ (1937) у Мінску; жылыя дамы (1936) па вул. Першамайскай у Гомелі, тыпавы праект 24-кватэрнага дома (у 1932—38 пабудаваны ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Барысаве і інш.). Навук. працы па тэарэт. метадалагічных асновах праектавання жылых будынкаў.
Тв.:
Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии. Мн., 1957 (у сааўт.);
Основы проектирования жилых зданий. Мн., 1960 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КУР (Павел Аляксеевіч) (26.2.1909, Вільня — 1.12.1982),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). З 1932 у БДТ-1 (з 1944 Бел.дзярж.т-р імя Я.Купалы). Выканаўца роляў шырокага дыяпазону. Мастацтву ўласцівы дакладнасць сцэн. малюнка, драм. тэмперамент, шчырасць, мяккія сакавітыя інтанацыі. Стварыў шмат разнапланавых характараў: у бел. драматургіі — Нодэльман, Даніла Дрыль, Скробат («Канец дружбы», «Партызаны», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Аляксандр Сяргеевіч («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Корань («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Верхаводка («Гэта было ў Мінску» А.Кучара); класічнай — Меркуцыо («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), настаўнік філасофіі, Валер («Мешчанін у дваранах», «Скупы» Мальера), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Пеця Трафімаў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Гарэцкі, Дармедонт («Ваўкі і авечкі», «Позняе каханне» А.Астроўскага), Мітрафанушка («Недаростак» Дз.Фанвізіна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬМАНАЛО́ГІІ І ФТЫЗІЯТРЫ́І НДІМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1928 у Мінску як Бел.НДІ туберкулёзу. У Вял.Айч. вайну эвакуіраваны ў Нова-Беліцу (г. Гомель). З 1944 у Мінску, з 1972 у пас. Навінкі Мінскага р-на. З 1988 НДІ пульманалогіі і фтызіятрыі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка спосабаў дыягностыкі туберкулёзу і павышэння эфектыўнасці лячэння дэструктыўных працэсаў ва ўмовах пагаршэння радыеэкалагічнага стану пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС; распрацоўка новых метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння неспецыфічных пашкоджанняў органаў дыхання; вывучэнне асаблівасцей праяўлення пазалёгачнага туберкулёзу і распрацоўка эфектыўных метадаў лячэння. У складзе ін-та 5 н.-д. аддзелаў, у т. л. імунамарфалагічных даследаванняў; лабараторыі, 8 разнапрофільных клінічных аддзяленняў, дыспансернае і дапаможнае аддзяленні. На базе НДІ працуе кафедра туберкулёзу і дзіцячага туберкулёзу Мінскага мед. ін-та.
рэжысёр яўрэйскага тэатра, педагог. Нар.арт. Беларусі (1934). Вучыўся ў драм. школе кіеўскага т-ра «Салаўцоў» (з 1908). Працаваў акцёрам у т-рах Кіева, Харкава і інш., гастраліраваў у Мінску і Віцебску. У 1921 з аматараў арганізаваў у Мінскуяўр.тэатр. трупу, на базе якой створана яўр. секцыя Бел.драм. студыі ў Маскве. З 1922 маст. кіраўнік гэтай секцыі, з 1926 — Дзярж.яўр.т-раБССР і адначасова ў 1933—35 студыі пры т-ры. Яго пастаноўкам уласцівы сац. абагульненасць, тыпізацыя псіхал. характарыстык, яркасць сцэн. відовішча, выкарыстанне фалькл. і этнагр. элементаў: «На пакаянным ланцугу» І.Перэца (1926), «Ботвін» А.Вявюркі (1928), «Глухі» Д.Бергельсона (1929), «На 62-м участку» І.Дабрушына (1931), «Бойтра» М.Кульбака (1937). У 1937 рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎ (Пётр Васілевіч) (1859, Масква — 15.5.1929),
расійскі рэвалюцыянер, сацыял-дэмакрат. Скончыў Маскоўскае камерцыйнае вучылішча (1878). Напачатку народнік. з канца 1880-х г. сацыял-дэмакрат. За рэв. дзейнасць у вучылішчы высланы ў Цвярскую губ. У 1886 па заданні арг-цыі «Чорны перадзел» стварыў падп. друкарню ў Цверы, за што сасланы ў Акмолінскую вобл. З сярэдзіны 1890-х г. працаваў у Мінску ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Чл. Мінскай с.-д. арг-цыі. 13—15.3.1898 на кватэры Р. адбыўся Першы з’езд РСДРП. У ліп. 1898 арыштаваны і сасланы ў Кіеўскую губ. У 1901 вярнуўся ў Мінск, працаваў на чыгунцы, надворны саветнік (1910); тайна працягваў удзельнічаць у с.-д. руху. З 1919 у Гомелі. Пазней пераехаў у г. Сураж Бранскай губ. У доме ў Мінску, дзе жыў Р., Дом-музей I з’езда РСДРП.