ВО́ЛТА,

рака ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 207 км². Выцякае з воз. Белае ў межах гідралагічнага заказніка Ельня, цячэ па зах. частцы Полацкай нізіны. Даліна трапецападобная, у верхняй частцы невыразная. Пойма ў вярхоўях зліваецца з прылеглай мясцовасцю, у сярэднім і ніжнім цячэнні перарывістая. У верхнім цячэнні рэчышча каналізаванае.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАМЫ́СЛЕНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл. на р. Чарніца (прыток Лучосы), за 10 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Створана ў 1962. Пл. 1,16 км². Даўж. 8 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 2,25 млн. м³. Берагавая лінія звілістая: правы бераг пад лесам, левы забалочаны. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́ЛА,

рака ў Іране і Іраку, левы прыток р. Тыгр. Даўж. (ад вытоку р. Сірван) 440 км, пл. бас. больш за 30 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Загрос, цячэ па Месапатамскай нізіне, утварае вял. дэльту. Сярэдні гадавы расход вады 130 м³/с. Веснавое разводдзе, летняя межань. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў час разводдзя да г. Баакуба (Ірак).

т. 6, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

рака ў Краснапольскім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 170 км². Пачынаецца з балота паміж в. Чэрнін і в. Новае Жыццё Краснапольскага р-на. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—500 м. Пойма перарывістая. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу амаль 6 км, далей — звілістае.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЗЛЕДЗЬ,

рака на мяжы Валожынскага, Стаўбцоўскага р-наў Мінскай вобл. і Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл., левы прыток р. Волка (бас. р. Нёман). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 134 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Забор’е Валожынскага р-на на схілах Мінскага ўзв. У нізоўі цячэ па Налібоцкай пушчы. Асн. прыток — р. Каменка. Рэчышча б.ч. каналізаванае.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЯРД, Лаярд (Liard),

рака ў Канадзе, левы прыток р. Макензі. Даўж. 1215 км, пл. басейна 276 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Пелі (сістэма Скалістых гор), у верхнім цячэнні парожыстая. Гал. прытокі: Форт-Нельсан, Саўт-Нахані. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Ледастаў ад кастр. да мая. Суднаходная ад г. Форт-Ліярд. У вусці — г. Форт-Сімпсан.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧА́ЙКА,

рака ў Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Мнюта (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 121 км². Выцякае з воз. Сельцы за 1 км на Пн ад в. Гаравыя Глыбоцкага р-на. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 2,5 км і ўверх ад вусця на працягу 5,7 км.

т. 9, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГВА́,

рака ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярозаўка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Стураўшчына. Цячэ ў межах Свянцянскіх град і Полацкай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, характэрна чаргаванне звужаных месцаў з пашыранымі. Пойма двухбаковая. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 26 км.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТА (Meta),

рака ў Калумбіі (у нізоўях служыць мяжой паміж Калумбіяй і Венесуэлай), левы прыток р. Арынока. Даўж. больш за 1000 км, пл. басейна 104 тыс. км². Вытокі ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна па раўнінах Льянас-Арынока. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Бурныя летнія паводкі. Ніжэй г. Пуэрта-Лопес суднаходная. Найб. гарады: Пуэрта-Карэньё (у вусці) і Аракуэ.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРЫЦА,

рака ў Міёрскім р-не, левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 224 км². Выцякае з Мёрскага возера каля г. Міёры, цячэ ў межах Браслаўскай грады. Даліна выразная, скрынкападобная, на вял. працягу слабазвілістая, шыр. 200—400 м. Пойма перарывістая, чаргуецца па берагах, шыр. 50—100 м. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 5—7 м.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)