«НА́ША ВО́ЛЯ»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 4 да 12.3.1927 у Вільні на бел. мове замест закрытай газ. «Наш голас». Рэдактар-выдавец М.​Машара. Прытрымлівалася праграмных поглядаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Крытыкавала адносіны польск. улад да заходнебел. народа, змяшчала матэрыялы пра несправядлівую падатковую сістэму, нявырашанае агр. пытанне, паланізацыю бел. школы. Асвятляла культ. жыццё ў Зах. Беларусі, друкавала творы А.​Салагуба, Я.​Гаўрыліка і інш. Выйшлі 4 нумары, з іх 2 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНО́ЛЬДЗІ (Джузепе Ахіла Эльміра) (1821, Барселона — 1871),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве, грамадскі дзеяч, спявак, танцмайстар. Італьянец па паходжанні. З 1842 жыў у Вільні. Быў настаўнікам спеваў у Дваранскім ін-це, выступаў як спявак. Наведваў з канцэртамі Мінск, Віцебск, інш. гарады Беларусі. У 1862 разам з К.​Каліноўскім увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, рыхтаваў падп. выданні. У лют. 1863 высланы ўладамі (паводле іншых звестак уцёк) за мяжу, дзе закупляў зброю для паўстанцаў. Удзельнік Парыжскай камуны 1871, капітан, камандзір эскадрона ў злучэннях В.​Урублеўскага. Памёр ад ран.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ (Ян) (1811, г. Сянно Віцебскай вобласці — 1872),

бел. скульптар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Вільні пад кіраўніцтвам Р.Слізеня, К.Ельскага. Ствараў пераважна медальёны, бюсты гіст. асоб і дзеячаў культуры Беларусі, Польшчы, Літвы: М.​Рэя (1856), К.​Ельскага (1853), М.​Балінскага (1857), У.​Сыракомлі (1856), Ю.​Корсака (1853), Т.​Нарбута (1856), Б.​Панятоўскага (1850), Ю.​Нямцэвіча (1850), Я.​Каханоўскага (1855), Я.​Тышкевіча (1856) і інш. (Нац. музей у Варшаве). Кампазіцыі бюстаў тыпу ант. гермы, элементы ўмоўнасці спалучаюцца з перадачай рэаліст. рысаў мадэлі.

А.​К.​Лявонава.

Я.Астроўскі. Партрэт У.​Сыракомлі. 1856.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭ́РВА (Osterwa, сапр. Малюшак) Юльюш (23.6.1885, Кракаў — 10.5.1947), польскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 у Кракаве. У 1916—18 працаваў у польскіх тэатрах у Маскве і Кіеве. У 1919—39 кіраўнік т-ра «Рэдута» (Варшава, у 1925—29 тэатр знаходзіўся ў Вільні і Гродне). З 1946 кіраваў аб’яднаннем Гар. т-раў Кракава, стварыў драм. школу і быў яе дырэктарам. Ставіў гал. чынам нац. паэтычныя драмы, у якіх стварыў псіхалагічна глыбокія вобразы («Кардыян», «Ліла Венеда», «Князь Нязломны» Ю.​Славацкага, «Сулкоўскі» С.​Жаромскага, «Вызваленне» С.​Выспянскага і інш.).

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАСЕ́ЛЬСКІ (Канстанты) (каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),

бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.​Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у т. л. ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.​Враніцкага, «Ладаіска» Л.​Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.​Стэфані).

Г.​І.​Барышаў.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШПЕ́РГЕРЫ,

польскія акцёры.

Войцех (Aszperger; 1790, Вільня — 1847). Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Пасля вайск. службы стаў акцёрам. Выступаў пераважна ў камедыях А.​Фрэдры. Гастраляваў на Беларусі: у Віцебску (1810), Мінску (1836, 1837, 1839).

Анеля (Aszpergerowa; дзявочае Камінская; 29.11.1816, Варшава — 27.1.1902). Жонка Войцеха. Скончыла драм. школу ў Варшаве, дэбютавала ў т-ры «Размаітосьці» (1835). Выступала ў Вільні, Мінску. З 1841 актрыса «Тэатра Львоўскага». Выконвала ролі субрэтак, гераінь, потым — трагедыйныя і ролі маці. Сярод лепшых: лэдзі Макбет, місіс Пэйдж («Макбет», «Віндзорскія свавольніцы» У.​Шэкспіра), Марыя Сцюарт, Ідалія («Марыя Сцюарт», «Фантазіі» Ю.​Славацкага).

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 3.2.1926 да 9.2.1928 у Вільні на бел. мове. Выдавец — Часовая бел. рада, з № 20 за 1926 — Бел. нац. рада. У праграмных артыкулах заяўляла пра нац. адраджэнне, тэрытарыяльную і культ.-нац. аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам, шырокі дэмакратызм, нац. царкву, барацьбу з камунізмам і далучэнне Усх. Беларусі да Заходняй. Асвятляла пытанні бел. школьніцтва, працаўладкавання бел. інтэлігенцыі, зямельнай справы і інш. Крытыкавала праграмы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Бел. сялянскага саюза, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Выйшлі 74 нумары.

В.​І.​Дзяшко.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА»,

літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся з ліп. да вер. 1927 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ф.​Умястоўскі. Ідэйныя пазіцыі часопіса былі абумоўлены памяркоўнымі поглядамі рэдактара, яго паліт. арыентацыяй на тэр. аўтаномію Зах. Беларусі з паслядоўнай эвалюцыяй да незалежнасці. Асвятляў пытанні гісторыі Беларусі, бел. асветы на зах.-бел. землях. Пісаў пра неабходнасць культ. і краязнаўчай руплівасці ў Зах. Беларусі і краязнаўчую работу ў БССР. Друкаваў творы М.​Багдановіча, А.​Бартуля, М.​Васілька, У.​Дубоўкі і інш. Меў грунтоўны раздзел «Хроніка». Выйшлі 3 нумары ў 2 кнігах.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НІ́ВА»,

газета, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася з 18.11.1925 да 16.3.1926 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Адна з самых паслядоўных газет грамады. Адлюстроўвала паліт. і эканам. становішча Зах. Беларусі, пісала пра школьную справу ў Зах. Беларусі, унутраную і знешнюю палітыку польскіх улад, заклікала да саюзу рабочых і сялян у барацьбе за свае правы. Змяшчала рэпартажы з залы пасяджэнняў польскага сейма, прамовы і запыты бел. паслоў. Мела каля 3 тыс. падпісчыкаў. Выйшла 35 нумароў, 4 канфіскаваны. Закрыта ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЗВОН»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 22.3.1921 да 24.2.1923 у Вільні на бел. мове (з 16.5 да 18.8.1921 не выходзіла). Рэдактар-выдавец Ф.​Аляхновіч. Крытыкавала вынікі Рыжскага мірнага дагавору 1921. Супрацоўнічала з усімі дэмакр. сіламі, якія падтрымлівалі культ.-нац. адраджэнне Беларусі і яе права на самавызначэнне. Выкрывала антыбел. дэнацыяналізатарскую палітыку польск. ўрада. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча, грамадска-паліт. рух на Беларусі. Інфармавала пра дзейнасць ТБШ, бел. тэатр. і муз. калектываў у Зах. Беларусі і інш.

У.​М.​Конан.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)