Со́лтыс ‘у Заходняй Беларусі сельскі стараста’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), со́лтус, со́лтас ‘тс’ (Сл. ПЗБ). З польск. sołtys ‘часовы начальнік, які назначаецца панам вёскі’, дыял. sołtys, sałtys, szałtys. Запазычанне з с.-в.-ням. schultheiʒ ‘той, хто загадваў, вызначаў павіннасці або даваў сведчанні’ ад с.-в.-ням. schult, schulde ‘павіннасць, абавязак’ і heiʒen ‘распараджацца, загадваць’; першасная форма з XIII ст. szołtys > sołtys у выніку мазурэння (Борысь, 567). Ст.-бел. шолтысъ, шелтысъ, солтысъ з польскай, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 25; але польскае слова ён памылкова лічыць запазычаннем з нямецкай пры пасрэдніцтве венг. szöltes ‘тс’. Басай–Сяткоўскі (Słownik, 329) адкідаюць чэшскае пасрэдніцтва (параўн. Новавейскі, Zapożyczenia, 16).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талала́йства (талала́йство) ’зброд’ (беласт., Сл. ПЗБ), талала́ства, талала́йства ’зборышча, вечарынка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Укр. талала́йство ’набрыдзь’, ’няпэўныя людзі’, талала́йство ’зборышча, натоўп’, польск. tałałajstwo ’навалач, набрыдзь, зброд’, tałalejstwo, taładajstwo, tałatajstwo ’тс’ (Варш. сл.). Вытворныя ад талалой ’крык, шум, гам’, гл. талала з т. зв. “вертыкальнай заменай” гукаў, магчыма, як вынік кантамінацыі. Звяртае на сябе ўвагу падабенства са славен. tolovȃjstvo ’разбой’, вытворнае ад tolovȃj ’бандыт, разбойнік’ з венг. tolvaj ’злодзей’ (Сной у Бязлай, 4, 195), аднак магчымая сувязь з ім застаецца няяснай. Фанетычна ненадзейнае вывядзенне адпаведных польскіх слоў з tałędać, tałyndać się ’валэндацца, валачыцца’, прапанаванае Брукнерам (564). Гл. і ЕСУМ, 5, 507.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЕНТАТО́НІКА (ад грэч. pente пяць + тоніка),

гукавая сістэма, якая ўключае 5 гукаў рознай вышыні ў межах актавы. Існуе П. беспаўтонавая, паўтонавая, змешаная, тэмпераваная. Без удакладнення тэрмін «П.» азначае найб. распаўсюджаную беспаўтонавую П. (сінонімы: натуральная, чыстая, ангемітонавая, цэлатонавая, трыхордавая сістэма, кіт. гама, шатл. гама). Для П. характэрна магчымасць размяшчэння ўсіх гукаў па чыстых квінтах. Гал. тонам у П. можа стаць кожны з 5 гукаў, у выніку чаго магчымы 5 розных гукарадаў П. аднаго гукавога складу з функцыян. пераменнасцю гукаў у іх ладавых сувязях.

У многіх муз. культурах П. складае ладавую аснову нар. музыкі (напр., у башк., тат., чув., кіт., кар., яп., шатл., ірл., венг. і інш.), у некат. сустракаецца эпізадычна (напр., у стараж. бел. нар. песні). У прафес. музыцы П. існуе ва ўзаемадзеянні з інш. гукавымі сістэмамі (гл. Натуральныя лады), напр., у творчасці А.​Барадзіна, М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава, А.​Лядава, Э.​Грыга, К.​Дэбюсі, І.​Стравінскага, Б.​Бартака, З.​Кодая. У бел. музыцы П. прадстаўлена ў творах Я.​Касалапава (фантазія для цымбалаў і фп. «Камарова вяселле»), П.​Падкавырава (3-я сімфонія), Дз.​Смольскага (вак.-сімф. паэма «Галасы світання»), К.​Цесакова (канцэрт для габоя і арк.), Я.​Цікоцкага (3-я сімфонія), У.​Кур’яна (сюіта «Капыльскія дудары»), В.​Кузняцова (сюіта «На кірмашы»), У.​Дамарацкага (канцэрт «Палескія песні») і інш.

Літ.:

Квитка К. Первобытные звукоряды;

Пентатоника у славянских народов // Избр. труды. М., 1971. Т. 1;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки Мн., 1964.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Варо́на. Рус. воро́на, укр. воро́на, ц.-слав. врана, польск. wrona, чэш. vrána, балг. вра́на, серб. вра̏на і г. д. Прасл. *vórna (з узыходнай інтанацыяй каранёвай часткі слова ў выніку падоўжання галоснага ў вытворным слове). Сюды ж (як базавае слова) прасл. *vornъ ’крумкач’, ст.-рус. воронъ, рус. во́рон, укр. во́рон, польск. (старое) wron, чэш. uran, ст.-слав. вранъ, балг. вранът, серб. вра̑н і г. д. Роднаснае: літ. var̃nas ’крумкач’, várna ’варона’, лат. vãrna ’варона’, прус. warnis ’крумкач’, warne ’варона’. У аснове слова ляжыць гукапераймальнае vr‑. Параўн. і ў іншых мовах: венг. varjú ’варона’, фін. vares ’тс’. Гл. Траўтман, 343; Фасмер, 1, 353; Шанскі, 1, В, 166–167; Махэк₂, 698 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́цька, таксама ба́ця. Рус. ба́тя, ба́тько, ба́тька, укр. ба́тько, ба́тя; чэш. báťa ’брат, родзіч, сябар’, дыял. дзядзька’; балг. баща́, серб.-харв. bȁћa ’брат’. Прасл. batʼa, batę (гл. Бернекер, 46; але праформа batę няпэўная, гл. Полак, RS, 18, 28–29; Трубачоў, История терм., 21). Параўн. далей Голуб-Копечны, 66, 76; Махэк₁, 26; Трубачоў, там жа. Вельмі загадкавае слова. Большасць даследчыкаў лічыць, што прасл. batʼa (batę) з’яўляюцца гіпакарыстычнымі формамі ад прасл. brat(r)ъ ’брат’. Але з фанетычнага пункту погляду гэта тлумачэнне не вельмі надзейнае (надта складаная дысіміляцыя плаўных). Геаргіеў (ВЯ, 1952, № 6, 52–53) лічыў, што прасл. формы разам з грэч. (мінойск.) βάττος ’цар’ паходзяць ад і.-е. bhati̯a, якое не захавалася ў іншых мовах (ад гэтай этымалогіі адмовіліся ў БЕР, 1, 37). Полак (RS, 18, 29) думаў пра субстратнае слова. Лаўроўскі (Назв. родства, 13) лічыў (вельмі няпэўна!), што слав. слова адлюстроўвае і.-е. *pəter‑ ’бацька’. Таксама не пераконваюць спробы лічыць batʼa запазычаннем: з цюрк. моў (Міклашыч, 8), іранскай (Сабалеўскі, РФВ, 64, 149), венгерскай (Міклашыч, Fremdw., 5; супраць гэтага Мацэнаўэр, Cizí sl., 18–19). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 135. Адносіны паміж слав. batʼa і венг. bátya ’старэйшы брат’ вельмі складаныя (параўн. Кёвешы, SSlav., 8, 409–419; Кніежа, SSlav., 8, 421–435; Кніежа, 794). Але хутчэй за ўсё венг. слова ўзнікла самастойна і паходзіць з дзіцячай мовы (гл. MESz, 1, 259–260, там і іншая літ-pa). Можна паставіць пытанне, ці не такога ж паходжання і слав. слова batʼa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1989,

паўстанне (Снежаньская рэвалюцыя) рум. народа ў снеж. 1989, якое прывяло да звяржэння дыктатуры Н.Чаўшэску. Выклікана абвастрэннем у краіне сац., нац. і паліт. праблем, у т. л. харчовай, энергет. і інш. эканам. (з-за інтэнсіўнай выплаты ўрадам Чаўшэску знешніх даўгоў, праследавання ўладамі венг. нац. меншасці, задушэння апазіцыі і дэмакр. свабод, самавольства службаў бяспекі — секурытатэ). Пачалося 15—16 снеж. ў г. Тымішаара з выступленняў у абарону свабоды царк. службаў і пропаведзі венгерскага святара Л.​Цёкёша і сутыкненняў дэманстрантаў 16—17 снеж. з узбр. атрадамі сіл бяспекі. 22 снеж. пашырылася на Бухарэст, дзе на мітынгу народ запатрабаваў ад Чаўшэску дэмакр. свабод і яго адстаўкі. У Бухарэсце разгарнуліся жорсткія вулічныя баі (ішлі некалькі дзён) паміж паўстанцамі, якіх падтрымала армія, незадаволеная тым, што Чаўшэску паставіў яе пад кантроль сіл бяспекі, і вернымі Чаўшэску сіламі паліцыі і бяспекі. Узбр. сутыкненні адбыліся таксама ў Тымішаары, Брашове, Сібіў. Пасля ўцёкаў Чаўшэску і яго жонкі (неўзабаве схоплены і 25 снеж. пакараны смерцю паводле прыгавору спец. ваен. трыбунала «за злачынствы перад народам») уладу 26 снеж. ўзначаліў Савет Фронту нацыянальнага выратавання пад кіраўніцтвам І.Іліеску, які распачаў дэмакратызацыю паліт. ладу Румыніі і мерапрыемствы па пераадоленні цяжкай сац.-эканам. спадчыны. Быў сфарміраваны ўрад на чале з П.​Романам, на пач. 1990 былі прызначаны парламенцкія выбары. У ходзе паўстання забіты 1104 чал., з іх каля 260 ваеннаслужачых, паранены 3352 чал.

Літ.:

Румыния. 1989. № 12;

1990. № 1;

Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНСЕРВАТЫ́ЗМ (ад неа... + кансерватызм),

кірунак у зах. сацыялогіі, які ўзнік у працэсе перагляду ідэй і каштоўнасцей лібералізму і кансерватызму, уяўляе сабой іх новы сінтэз. Быў пашыраны ў 1970—80-я г. ў краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на ліберальнае рэфармаванне 1960-х г. Яго ідэолагі (Ф.Х.Хаек, Г.​К.​Кальтэнбрунер і інш.) прытрымліваліся прынцыпу моцнай дзярж. улады для захавання правоў і свабод асобы на аснове строгага выканання законаў, выступалі ў падтрымку традыцый і пераемнасці ў грамадскім жыцці, лічылі не прымальным сац. рэвалюцыі і радыкальныя рэформы. Прадстаўнікі ліберальнай дэмакратыі пайшлі за кансерватарамі, зыходзячы з усведамлення, што гал. вораг сапраўднага лібералізму хаос у грамадстве, а не кансерватыўная рэстаўрацыя; каб пазбегнуць хаосу і абараніць ліберальныя каштоўнасці (свабоду прадпрымальніцтва, правы і свабоды), патрэбна моцная дзяржава. Узнікшая ў гэты час т.зв. «неакансерватыўная хваля» ў грамадскай свядомасці, спрыяла прыходу да ўлады ў 1980-я г. партый, якія стаялі за ўмацаванне дзярж. улады: рэспубліканская ў ЗША, кансерватыўная ў Вялікабрытаніі, хрысц.-дэмакр. саюз у ФРГ; лідэры гэтых партый Р.​Рэйган, М.​Тэтчэр, Г.​Коль сталі кіраўнікамі дзяржаў. Яны праводзілі больш цвёрдую дзярж. палітыку, апіраючыся на каштоўнасці абноўленага кансерватызму, які зблізіўся з неалібералізмам. Разам з тым прыхільнікі Н. выступалі супраць ліберальных ідэй «сацыяльнай дзяржавы» і

сац. накіраванасці эканомікі, адмаўлялі неабмежаваны маральны плюралізм, лічылі, што разумная свабода патрабуе аўтарытэту і парадку.

Літ.:

Эльм Л. «Новый» консерватизм: Пер. с нем. М., 1980;

Кепеци Б. Неоконсерватизм и «новые правые»: Пер. с венг. М., 1986;

Хайек Ф.А. Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма: Пер. с англ. М., 1992.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 11, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ка́нтар1 ’вуздэчка без цугляў для прывязвання каня’ (ТСБМ), ’моцны повад пры моцнай аброці (КЭС, лаг.). Ст.-бел. кантаръ ’аброць’. Запазычана са ст.-польск. kantar ’тс’, якое з венг. kantár, kentar < джагатайск. kantar ’кароткія лейцы’, тур. kantarma ’вуздэчка’ (Булыка, Запаз., 137; Слаўскі, 2, 46).

Ка́нтар2 ’спружынавы бязмен на шэсць пудоў’ (Сцяшк.) ’род бязмена’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., Растарг.; віц. КЭС; Сцяц. Нар.); ’чыгунная гіра’ (Мядзв.) ’бязмен з двума рычагамі’ (Мат. Гом.), ’вага’ (Яруш.). Укр. кантар, рус. контарь ’вага ў 2,5 пуда’, ст.-рус. контарь (з XVI ст.), польск. kantar ’вага ў 50 кг’. З тур. kantar ’вага, бязмен’, якое праз араб. узыходзіць да ст.-грэч. κβντηνάριον < лац. centēnārius ’цэнтнер’ (Фасмер, 2, 213; Слаўскі, 2, 46–47).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыр-пыр ’падзыўныя словы для курэй’ (Гарэц.), пырь‑пырь ’тс’ (Нас., мсцісл., З нар. сл.; Растарг.), пыра‑пы́ра ’тс’ (Растарг.), пыря, пы́рка ласк. ’назва курыцы’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’нейкая птушка, магчыма, чыранка’ (Турска ў Федар. 7), рус. пырь‑пырь ’падзыўныя словы для курэй, індыкоў’, пыря ’курыца, індычка; слова, якім падзываюць авечак’; паводле матэрыялаў АЛА, суадносіцца з падзыўнымі для куранят на поўдні Славіі: славен., макед. рухі, pire, pirą. Гукапераймальнае, гл. Фасмер, 3, 420; БЕР, 5, 254; Махэк₂ (449) ідэнтыфікуе з пыль-пыль (гл.), бо ў аснове слоў ляжыць першаснае гукаперайманне *рі‑рі, што імітуе голас куранят у большасці славянскіх моў, параўн. Фалінская, Зб. Сяткоўскаму, 159. Гл. пі‑пі, параўн. літ. pypti ’пішчаць’, ру́‑ру́, а таксама рум. рігі‑рігі, венг. piri‑piri і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРАЦІСЛА́ВА (Bratislava),

горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс. ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л. ун-т імя Я.​А.​Каменскага (з 1919). Нац. тэатр. Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар. муз. фестываль «Браціслаўская ліра».

Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.

На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац. т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.​Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн. школы (арх. М.​Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.​Куліх, І.​Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.

Горад Браціслава.
Мост цераз Дунай у Браціславе.
Да арт. Браціслава. Замак. 9—18 ст.

т. 3, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)