АЛЬБРЫ́ХСКІ (Olbrychski) Даніэль (н. 27.2.1945, в. Саннікі каля Варшавы),
польскі акцёр тэатра і кіно. Вучыўся ў тэатр. студыі «Школа Варшаўска». З 1963 у кіно. Акцёр шырокага псіхал. дыяпазону, майстар дынамічнага малюнка ролі. Зняўся ў фільмах А.Вайды («Попел», «Усё на продаж»), Е.Гофмана («Пан Валадыёўскі», «Патоп»), К.Занусі («Сямейнае жыццё», «Структура крышталю»), Ф.Шлёндарфа («Бляшаны барабан», ФРГ), здымаўся ў Венгрыі і Італіі. У 1969—77 у Тэатры нарадовым: Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра) і інш. Нац. прэмія імя З.Цыбульскага.
т. 1, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́САЎ Уладзімір Паўлавіч (28.7.1923, г.п. Уразава Белгарадскай вобл., Расія — 17.9.1987),
рускі кінарэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Усесаюзны Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952). Паставіў фільмы «Бітва ў дарозе», «Цішыня», «Шчыт і меч» (выканаў ролю разведчыка Бруна), «Факты мінулага дня» (Дзярж. прэмія Расіі 1982), «Дні Турбіных» (выканаў ролю Мышлаеўскага; тэлевізійны) і інш. З 1955 як характарны і камедыйны акцёр здымаўся ў кіно: «Я крочу па Маскве», «Злачынства і пакаранне», «Бег» і інш. У некаторых сваіх фільмах быў аўтарам ці сааўтарам сцэнарыяў.
т. 2, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКУ́РАЎ Уладзімір Вячаслававіч (8.7.1904, Казань — 28.1.1973),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1965). Праф. (1946). Скончыў тэатр. аддзяленне Вышэйшага ін-та нар. асветы ў Казані (1918). З 1936 у МХАТ. Характарны акцёр. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Яша («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Гетманаў («Глыбокая разведка» А.Крона). З 1932 у кіно: «Чкалаў», «Жукоўскі» (Дзярж. прэмія СССР 1951 за ролю Чаплыгіна). Здымаўся на кінастудыі «Беларусьфільм»: «Масква—Генуя», «Я родам з дзяцінства», «Запомнім гэты дзень», «Вайна пад стрэхамі», «Крушэнне імперыі», «Праз могілкі».
т. 2, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРНАНДЭ́ЛЬ [Fernandel, сапр. Фернан Кантандэн (Contandin); 8.5.1903, г. Марсель, Францыя — 26.2.1971],
французскі акцёр. Працаваў на эстрадзе, з 1931 у кіно. Вядомасць атрымаў як камед. акцёр у фільмах «Забавы эскадрона» (1932), «Сезар» (1936), «Францыск I» (1937), «Казімір» (1950), «Алі-Баба і сорак разбойнікаў» (1954) і інш. Майстэрства гратэскнага камізму, пераходу ад фарса да драмы выявілася ў фільмах «Бальная запісная кніжка» (1937), «Чырвоная гасцініца» (1951), «Закон ёсць закон» (1958), «Д’ябал і дзесяць запаветаў» (1962), серыі фільмаў пра Дона Каміла, меладраме «Паездка бацькі» (1966) і інш.
т. 16, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫЧЫ́НСКІ Якуб Побуг, рэжысёр і акцёр 18 ст. Харунжы, камендант нясвіжскага кадэцкага корпуса кн. М.К.Радзівіла Рыбанькі. Акцёр-аматар і рэжысёр т-ра Ф.У.Радзівіл, у 1746—53 абавязковы ўдзельнік спектакляў у Нясвіжы і Альбе. У камедыі «Дасціпнае каханне» Ф.У.Радзівіл выканаў ролю Дзіяны. Навучаў кадэтаў сцэн. мастацтву, рыхтаваў іх да ўдзелу ў драм. і балетных спектаклях. У 1750 удзельнічаў у арганізацыі друкарні ў Нясвіжы. У 1754 у Жоўкве (г. Несцераў, Украіна) выдаў «Камедыі і трагедыі» Ф.У.Радзівіл.
т. 16, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДЗЕ́ЦКІ (Fiadziecki) Канстанты (15.2.1815—3.6.1856),
польскі акцёр, антрэпрэнёр. Вучыўся ў Варшаўскай драм. школе Б.Кудліча. Працаваў у т-рах Варшавы, Кракава, Познані, Вільні. У 1848—50 у Мінску (трупа В.Драздоўскага). Першым выканаў на мінскай сцэне ролю Гараднічага («Рэвізор» М.Гогаля, 1849). У 1851 арганізаваў уласную трупу, з якой выступаў у Віцебску (1851—52), Магілёве і Гомелі (1852), Шклове (1852, 1853), а таксама ў Кіеве і Жытоміры. З 1853 як акцёр працаваў у трупах Камянца-Падольскага, Жытоміра.
Ю.А.Пашкін.
т. 16, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́Р,
сям’я індыйскіх дзеячаў кіно. Прытхвірадж К. (3.11.1904—29.5.1972), акцёр, тэатр. рэжысёр. Скончыў юрыд. каледж у Лахоры. У 1944 заснаваў першы прафес. т-р на хіндзі «Прытхвітыэтрс» (у 1960 закрыты). Зняўся ў першым інд. гукавым фільме «Прыгажосць свету» (1931), а таксама «Бадзяга» (1951), «Мінулае, сучаснае і будучае» (1971), у сав.-інд. «Хаджэнне за тры моры» (1957). Радж К. (14.12.1924, г. Пешавар, Пакістан — 2.6.1988), акцёр, кінарэжысёр, прадзюсер, сцэнарыст. Сын Прытхвіраджа К. У 1947 заснаваў студыю «Радж Капур Філмс» у Бамбеі. Самабытны лірыка-камед. акцёр, танцор, валодаў вял. прывабнасцю, музыкальнасцю. Гал. ролі ў фільмах: «Бадзяга» (1951, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1953), «Пан 420» (1955). Рэжысёр фільмаў: «Сезон дажджоў» (1949), «Не спіце» (1956, у сав. пракаце «Пад покрывам ночы», прыз Міжнар. кінафестывалю за гал. ролю ў Карлавых Варах, 1957), «Маё імя клоун» (1970), «Любоўная немач» (1982) і інш. Сярод інш. прадстаўнікоў дынастыі К. — акцёры Шашы, Раджыў і інш.
А.П.Бабкова.
т. 8, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЧАНЧУ́К Уладзімір Андрэевіч (н. 5.8.1946, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). З 1968 акцёр і дырэктар Гродзенскага абл. драм. т-ра. З 1985 заг. кафедры, з 1990 дэкан тэатр. факультэта Бел. АМ. Характарны акцёр. Творчасць адметная мастацтвам імправізацыі, разнастайнасцю сцэн. фарбаў. Найб. значныя работы стварыў у камед. рэпертуары. Сярод роляў: Быкоўскі і Кутас («Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы), Жлукта («Мілы чалавек» К.Крапівы), Несцерка (аднайм. п’еса В.Вольскага), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гатоўчык («Апошні шанц» В.Быкава), доктор Пінч і Балтазар («Камедыя памылак» У.Шэкспіра), Кісельнікаў («Багна» А.Астроўскага), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Ларыёсік («Дні Гурбіных» М.Булгакава), Зямцоў («Жорсткія гульні» А.Арбузава), Залатуеў («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), Голубеў («Сам-насам з усімі» А.Гельмана) і інш. Здымаецца ў кіно: «Вадзіцель аўтобуса» (1983), «Прыступіць да ліквідацыі» (1984), «Маці Урагану» (1990), «Апёк» (1999) і інш.
т. 10, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДЭ́РСКІ (Świderski) Ян (14.1.1916, г. Хмяльнік Вінніцкай вобл., Украіна — 18.10.1988),
польскі акцёр, рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1948). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1938). Дэбютаваў у 1938 у Познані. У 1944—49 працаваў у тэатрах Беластока, Любліна, Лодзі. З 1949 у Варшаве: з 1955 у «Т-ры Драматычным» (акцёр, рэжысёр, у 1962—65 маст. кіраўнік і адначасова дырэктар т-ра), з 1966 у «Т-ры Атэнэум». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Творчасці ўласцівы глыбокі псіхалагізм, вострая характарнасць, майстэрства пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: «Барон» («На дне» М.Горкага), Паэт («Вяселле» С.Выспянскага), Стары («Крэслы» Э.Іанескі), Ромул («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата), Саламон («Цана» А.Мілера), Йун Габрыэль Боркман (аднайм. п’еса Г.Ібсена). Паставіў «Вяселле» Выспянскага (1955), «Паліцыя» С.Мрожака (1958). Пастаноўшчык і выканаўца роляў Шамбяляна («Дурны Якуб» Т.Рытнера, 1970), Фрыдрыха 11 («Фрыдрых Вялікі» А.Навачынскага, 1977). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Польшчы 1964, 1976.
Літ.:
Filler W. Jan Swiderski. Warszawa, 1977.
т. 14, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦУРБАКО́Ў Мікалай Іосіфавіч (н. 10.2.1911, г. Гомель — 8.10.1984),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). У 1931—35 акцёр Гомельскага трама, у 1938—41 Бел. т-ра юнага гледача імя Н.К.Крупскай, з 1942 Менскага гар., з 1944 Палескага, з 1946 Пінскага, з 1954 Магілёўскага, у 1955—74 Гомельскага абл. драм. т-раў. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Валодаў майстэрствам пераўвасаблення, сцэн. тэмпераментам, ствараў яркі вонкавы малюнак, карыстаўся гратэскавымі фарбамі. Сярод роляў: Канцлер («Цудоўная дудка» В.Вольскага), Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага) у т-ры юнага гледача; Гарлахвацкі («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Несцерка («Несцерка» Вольскага), Пустарэвіч («Паўлінка» Я.Купалы), Зянон («Калі зацвітаюць сады» В.Палескага), Ігнатаў («Таня» А.Арбузава), Хлопаў («Рэвізор» М.Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага) у Пінскім т-ры; Карп Маеўскі («Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна), Лявон («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Пётр Громаў («Угрум-рака» паводле В.Шышкова), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча), Забродзін («Ленінградскі праспект» І.Штока) у Гомельскім т-ры.
Дз.У.Стэльмах.
т. 17, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)