БРЭ́ДЭРА

(Bredero) Гербранд Адрыянс (16.3.1585, Амстэрдам — 23.8.1618),

нідэрландскі драматург і паэт. Яго творчасць увабрала ў сябе традыцыі нар. т-ра і песні, злучыла ў адно цэлае элементы рэнесансавыя, барочныя і тэндэнцыі новага рэалізму. У драмах «Родэрык і Альфонс» (1611), «Грыяна» (1612), «Нямы рыцар» (не скончана) абараняў годнасць чалавека незалежна ад яго саслоўнага паходжання. Нар. гумар, сакавітыя фарбы і вобразная, наўмысна грубаватая мова вылучаюць «Клухт пра карову» (1612) і «Клухт пра мельніка» (1613), напісаныя ў традыцыі нар. сярэдневяковага фарса—клухта. Лепшыя творы — камедыі «Маўрытанка» (1615) і «Іспанец з Брабанта» (1617). Паэзія Брэдэра сабрана ў «Вялікай кнізе песень» (выд. 1622).

Літ.:

Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983. С. 81—86.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРА́КТНАЕ МАСТА́ЦТВА,

беспрадметнае мастацтва, нонфігуратыўнае мастацтва, плынь у выяўленчым мастацтве многіх краін, у аснову якой пакладзены метад абстракцыянізму. Узнікла ў 1910—13 у выніку расслаення кубізму, экспрэсіянізму, футурызму. Першыя абстрактныя кампазіцыі стварылі рус. мастак В.Кандзінскі, які працаваў у Германіі, француз Р.Дэланэ, іспанец Ф.Пікабія, чэх Ф.Купка, у Нідэрландах П.Мондрыян, у Расіі К.Малевіч, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова і інш. Пасля 1-й сусв. вайны тэндэнцыі абстрактнага мастацтва праяўляліся ў некат. творах дадаізму і сюррэалізму, у архітэктуры, дэкар. мастацтве, дызайне (эксперыменты групы «Стыль» і «Баўгауз»).

Практыка абстрактнага мастацтва зводзіцца да складання з дапамогай адцягненых элементаў маст. формы (каляровая пляма, лінія, аб’ём і г.д.) нявыяўленых кампазіцый, імпульсіўна-стыхійных ці рацыяналістычна ўпарадкаваных. Да сярэдзіны 20 ст. вызначаліся 2 асн. кірункі — экспрэсіянісцкі і геаметрычны абстракцыянізм. Прадстаўнікі першага (Кандзінскі, Дж.Полак, Дэланэ і інш.) імкнуліся да самаст. гучання колеру, лірызму, пошуку вечнай духоўнасці і беспрадметнага свету. Мастакі другога кірунку (Малевіч, Мондрыян) карысталіся абстрактна ўпарадкаванымі, амаль што геам. формамі, пабудовамі, канструкцыямі. У сярэдзіне 20 ст. ў ЗША узнікла школа т.зв. «абстрактнага экспрэсіянізму» (Полак, М.Тобі), які развіўся ў многіх краінах (пад назвай ташызм або «бясформеннае мастацтва») і абвясціў сваім метадам «чысты псіхал. аўтаматызм», вынікам якога стала абсалютызацыя самога працэсу творчасці мастака. Абстрактнае мастацтва садзейнічала развіццю дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўплывала на развіццё тэатра і кінамастацтва, новых яго відаў і кірункаў (оп-арт, поп-арт, мінімалізм і інш.).

т. 1, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)