ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 18.8. 1938, г. Пашахонне-Валадарск Яраслаўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1969—77 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў розных тэхніках маст. апрацоўкі металу (коўка, ліццё, чаканка, эмаль) і ювелірным мастацтве. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, пластычнасцю і выразнасцю форм. Аўтар манум.-дэкар. работ у пансіянаце на Заслаўскім вадасх. пад Мінскам (1969—80), рэстаране «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Доме літаратара (1976; усе ў Мінску), гасцініцы «Магілёў» (1972), Доме паляўнічага ў Бярэзінскім запаведніку (1978), флюгера і гадзінніка на будынку інж. корпуса Мінскага метрапалітэна, кампазіцыі «Спорт і чалавек» на фасадзе Палаца спорту Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт» (усе 1984), гадзінніка на цэнтр. плошчы ў Светлагорску, шыльды і двух гербаў для БДУ (усе 1998), гербаў для залы пасяджэнняў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь (1996, 1998) і для залы прыёмаў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998). Аформіў санаторыі «Іслач» (Мінскі р-н, 1986) і «Беларусь» (Крым, 1987), фае Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1997) і інш. Як ювелір выканаў абклады сувенірных выданняў Я.Коласа, Я.Купалы, шэраг упрыгожанняў. Іл.гл. таксама да арт.Коўка мастацкая.
Літ.:
Фатыхава Г. Ад знакаў агню, ад блакіту азёраў... // Беларусь. 1999. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі, найвыш.ч. Беларусі і Беларускай грады. Займае паўн.-зах. і цэнтр.ч. Мінскай вобл. Мяжуе з Ашмянскім узвышшам на З, Нарачана-Вілейскай нізінай і Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Пн, Аршанскім узвышшам на У, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ, Капыльскай градой і Верхнянёманскай нізінай на Пд і ПдЗ. Далінай р. Сэрвач (прыток р. Вілія) аддзелена ад Свянцянскіх град. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ больш як на 180 км, з З на У на 143 км, пл. 7,5 тыс.км². Найб. вышыні: самая высокая на Беларусі Дзяржынская гара (345 м) на Пд, Лысая гара (342 м) і Маяк (335 м) у цэнтр. частцы. Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі больш за 150 м. Частка Чарнаморска-Балтыйскага водападзелу.
М.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх.ч.Беларускай антэклізы. Паверхню даантрапагенавых адкладаў, якія залягаюць у цокалі, утвараюць пароды верхняга пратэразою, сярэдняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады ўтвораны нараўскім, бярэзінскім, дняпроўскім, сожскім і паазерскім зледзяненнямі, а таксама ў міжледавіковыя перыяды (белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі, гл. адпаведныя арт.), вызначаюцца літалагічнай стракатасцю, нявытрыманай магутнасцю (100—300 м). М.ў. — складаны вузел краявых ледавіковых утварэнняў. Асн. роля ў фарміраванні рэльефу належыць сожскаму ледавіку. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі сілікатныя і будаўнічыя, торф, мінер. воды.
Рэльеф градавы і буйнаўзгорысты. Вылучаюцца больш дробныя ўзвышшы: Івянецкае, Радашковіцкае (уключае Аляхновіцкае), Лагойскае, Плешчаніцкае (гл. адпаведныя арт.), Докшыцкае, Валожынскае; Івянецка-Мінскі вуглавы (лёдападзельны) масіў і Валожынска-Лагойска-Докшыцкі франтальны пояс краявых ледавіковых утварэнняў. Пашыраны стараж. лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод (даўж. некалькі дзесяткаў кіламетраў, карытападобныя). Частка з іх выкарыстана далінамі рэк Бярэзіна, Іслач, Усяжа, Цна, Уса, Пціч, Свіслач, Гайна, Вілія, Ілія, Уша, Рыбчанка і інш. Скразныя даліны рэк Ілія—Гайна, Вілія—Поня злучаюць бас. Балтыйскага і Чорнага мораў. Трапляюцца стараж. лагчыны, якія не ўнаследаваны сучаснай гідрасеткай, т.зв. «мёртвыя» даліны. Да міжградавых дэпрэсій, лагчын сцёку, схілаў град прымеркаваны камы, камавыя масівы, озы і озавыя грады. Рачная сетка належыць да бас.р. Нёман (р. Вілія з прытокамі Сэрвач, Дзвінаса, Ілія; Бярэзіна, Іслач, Сула, Уса і інш.) і р. Дняпро (Бярэзіна з Поняй, Гайнай, Плісой, Свіслаччу; Пціч). Вадасховішчы на Свіслачы (Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды), на Вячы (Вяча). Пцічы (Воўчкавіцкае вадасховішча). У межах М.ў. праходзіць гал. канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 646 мм за год. Пераважаюць глебы дзярнова-палева-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам 10—20% тэрыторыі на Пд і 40—50% на Пн (буйныя масівы хваёвых лішайнікава-кусцікавых лясоў). У далінах рэк яловыя паўднёватаежныя лясы (шыракаліста-яловыя асацыяцыі з дубам, клёнам, ліпай і густым падлескам з ляшчыны, рабіны і інш.). Уздоўж рэк і ручаёў вольха чорная. Асн. частка балот асушана. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі. На М.у. ландшафтны заказнік рэсп. значэння — Прылуцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЙША (Вячаслаў Пятровіч) (н. 5.6.1942, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел.літ.-знавец, крытык. Акад.Міжнар.АН Еўразіі (з 1994), д-рфілал.н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1963); у 1967—88 і з 1994 выкладае ў ім (заг. кафедры). З 1988 у Ін-це паліталогіі і сац. кіравання, з 1991 нам. дырэктара Нац.навук.-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны. Даследуе гісторыю бел. л-ры, бел.-ўкр., бел.-рус. і інш.літ. ўзаемасувязі, паэтыку верша, пытанні тэорыі маст. перакладу, праблемы літ. працэсу. Аўтар манаграфіі «Паэтыка Максіма Танка» (1968), кніг «Пераклаў Якуб Колас...» (1972), «Гутаркі пра верш» (1979), «Напісана рукой Купалы» (1981), «Слядамі знічкі» (пра С.Палуяна, 1990; з Т.Кабржыцкай), «Там, дзе бруіцца Іслач...» (1991) і інш. Складальнік вучэбнага дапаможніка для ВНУ «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя» (1971; у сааўт.; 2-е выд. 1988), зб. Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету» (1983, з Я.Раманоўскай) і інш. Перакладае з укр., польск., сербскай і інш. моў. Міжнар.літ. прэмія імя І.Франко 2000.
Тв.:
Карані дружбы: Бел.-ўкр.літ. ўзаемасувязі пачатку XX ст.Мн., 1976 (разам з Т.В.Кабржыцкай);
І нясе яна дар..: Бел. паэзія на рус. і ўкр. мовах. Мн., 1977;
Паэтычны слоўнік. Мн., 1979;
Проблемы перевода с близкородственных языков. Мн., 1980;
Кантакты: Літ.-крытыч. арт., эсэ. Мн., 1982;
Вяршыні: З невядомага і забытага пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Мн., 1991;
І адгукнецца слова ў слове..: Літ.-крытыч. арт., эсэ, дыялогі. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ЖЫНСКІ РАЁН,
на З Мінскай вобл. Беларусі. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 50,7 тыс.чал. (1996), гарадскога 32,3%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал/км². Цэнтр раёна — г.Валожын, г.п.Івянец; 433 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 17 сельсаветаў: Бабровіцкі, Багданаўскі, Валожынскі, Вішнеўскі, Гародзькаўскі, Дорскі, Забрэжскі, Залескі, Івянецкі, Падбярэзскі, Падневіцкі, Пяршайскі, Ракаўскі, Сакаўшчынскі, Сугваздаўскі, Узбалацкі, Яршэвіцкі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) каля 30% тэр. раёна (у т. л. Налібоцкая пушча) забруджана радыенуклідамі.
Раён у межах паўн.-зах.ч.Мінскага ўзвышша, паўд.-ўсх.ч.Ашмянскага ўзвышша і паўн.ч.Нёманскай нізіны. Паверхня хвалістая, пераважаюць выш. 150—250 м, найвыш. пункт 335 м (г. Маяк, каля в. Шапавалы). Карысныя выкапні: торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 659 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Гал. рака Бярэзіна (бас. Нёмана) з прытокамі Альшанка, Волка, Іслач (з прытокамі Волма і Валожынка). На р. Бярэзіна Сакаўшчынскае вадасх. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 38% тэр. раёна, найб. лясістасць на ПдЗ. Лясы хваёвыя, яловыя, трапляюцца драбна- і шыракалістыя. Балоты займаюць 3,9% пл., часткова асушаны. На тэр. раёна частка біял. заказніка Налібоцкі.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 70,8 тыс.га, з якіх 15,8 тыс.га асушана. У раёне 25 калгасаў і 1 саўгас, племптушказавод. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу і агародніну. Прадпрыемствы харч. (масла, сыр, сухое малако, цукеркі), лёгкай (ільновалакно, шпагат), дрэваапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Маладзечна—Ліда, аўтадарогі Мінск—Ліда, Валожын—Маладзечна, Валожын—Івянец—Стоўбцы. Транзітны газаправод Мінск—Гродна з адгалінаваннем на Валожын і Пяршаі. У раёне 18 сярэдніх, 22 базавыя, 10 пач. школ, ПТВ, школа-інтэрнат, дзіцячы дом, 5 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 55 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 31 фельч.-ак. пункт, 5 санаторыяў (2 з іх дзіцячыя). Зона адпачынку «Івянец». Помнікі архітэктуры: касцёл Міхаіла (1844) у в. Багданава; Казьмадзям’янаўская царква і касцёл Марыі (1637—41) у в. Вішнева; цэрквы ў вёсках Гародзькі (1866), Даўбені (1869), Дубіна-Баярская (1868), Забрэззе (1867), Кіявец (1869), Сакаўшчына (1878), Славенск (1868—71), Яршэвічы (2-я пал. 19 ст.); капліца пач. 20 ст. ў в. Дзесятнікі; сядзіба канец 19 — пач. 20 ст. ў в. Залессе; царква (1856) і касцёл (1930) у в. Лоск; капліца (1852) у в. Падневічы; капліца-пахавальня 2-й пал. 19 ст. ў в. Пральнікі; касцёл пач. 20 ст. ў в. Пяршаі; Праабражэнская царква (1793), капліца 2-й пал. 19 ст., касцёл (1906) у в. Ракаў; палац канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Рудня; капліца канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Цвіраўшчына. Помнікі прыроды — валун ружовага граніту ў в. Камень, валун граніту рапаківі каля в. Кучкуны і інш. Выдаецца газ. «Працоўная слава».