АРГАНІЗА́ЦЫЯ ІСЛА́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Арганізацыя Ісламскі кангрэс (АІК),
міждзяржаўная паліт.-рэлігійная арг-цыя. Створана ў 1971 у Рабаце (Марока). Аб’ядноўвае 45 мусульм. краін (1991) на ідэі панісламізму. Мэты — умацаванне салідарнасці мусульм. краін, развіццё эканам., сац., культ. і навук. супрацоўніцтва паміж імі. Найвыш. орган — канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-удзельніц (збіраецца кожныя 3 гады). Штаб-кватэра ў Джыдзе (Саудаўская Аравія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НА,
горад на ПнУ Алжыра. Адм. ц. вілаі Канстанціна. Вядомы з канца 3 ст. да н.э. 441 тыс.ж. (1987). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл.цэнтр.Прам-сць: трактарабуд., прыладабуд., харчасмакавая, тэкст., металаапр., буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла). Разнастайная саматужна-рамесніцкая вытв-сць. Гал. збожжавы рынак краіны. Гандаль воўнай, скурай і інш.Ісламскіун-т. Музей. Арх. помнікі: рэшткі рымскіх пабудоў, касба (цытадэль) тур. часу, мячэці, медрэсэ 18 ст., палац Ахмед-бея 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАХД ібн Абд аль-Азіз ас-Сауд (н. 1920, Эр-Рыяд),
кароль Саудаўскай Аравіі. Скончыў ун-т Абд аль-Азіза (1975), Ісламскіун-т імама Мухамеда ібн Сауда (1982). У 1953—62 міністр адукацыі, у 1962—75 — унутр. спраў, з 1967—2-і нам., у 1975—82 — ł-ы нам. прэм’ер-міністра Саудаўскай Аравіі. З 13.6.1982 кароль Саудаўскай Аравіі, адначасова галоўнакамандуючы яе Узбр. сіламі і Вярх. суддзя. У 1986 прыняў тытул «Слуга дзвюх святынь» (Меккі і Медыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХМА́Н Муджыбур, шэйх Муджыб (17.3.1920, Тунгіпура, Індыя — 15.8.1975), палітычны і дзярж. дзеяч Бангладэш. Скончыў ісламскі каледж у Калькуце. У 1949 адзін з заснавальнікаў (з 1965 лідэр) Народнай лігі (Авамі ліг, АЛ), якая стаяла за аўтаномію Усх. Пакістана ў складзе адзінай пакістанскай дзяржавы. За сваю дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны ваен. ўладамі Пакістана. Пасля перамогі ў 1970 АЛ на парламенцкіх выбарах у Пакістане і адмовы ваенных перадаць ёй уладу ініцыіраваў абвяшчэнне Усх. Пакістана незалежнай Рэспублікай Бангладэш. З 1972 прэм’ер-міністр, з 1975 прэзідэнт Нар. Рэспублікі Бангладэш. Ажыццяўляў палітыку шырокіх сац. пераўтварэнняў, але не здолеў пераадолець цяжкі эканам. крызіс, у якім апынулася краіна ў сярэдзіне 1970-х г. Забіты ў выніку дзярж. перавароту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ККА (араб. Умаль-Кура),
горад у Саудаўскай Аравіі, за 70 км ад узбярэжжа Чырвонага м.Адм. ц.прав. Хіджаз. Каля 800 тыс.ж. (1997). Гал.рэліг. цэнтр ісламу і месца паломніцтва мусульман (каля 5 млн.чал. штогод). Гандл.-трансп. вузел. У цэнтры М. — «свяшчэнны» комплекс мячэці Харам, або Бейт-Улах, вакол стараж. свяцілішча Кааба (608, занава адбудавана ў 1570). Абслугоўванне паломнікаў, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Мусульм. тэалагічная акадэмія. Ісламскіун-т.
Узнікла каля крыніцы Земзем. Упершыню згадваецца ў Пталамея як Макараба. У 5—6 ст. паселішча араб. племя курэйш. Важны гандл. і культавы (культ Чорнага Каменя ў храме Кааба) цэнтр на караванным шляху з Паўд. Аравіі ў краіны Міжземнамор’я. У М. нарадзіўся і пачаў сваю дзейнасць заснавальнік ісламу Мухамед, які ўстанавіў паломніцтва (гл.Хадж) у храм Кааба ў М. адным з абавязкаў мусульманіна. Да сярэдзіны 10 ст. пад уладай Амеядаў, Абасідаў. У 930 М. захапілі бахрэйнскія карматы (радыкальная плынь ісламу). У 941 горад далучаны да Егіпта. У 1517 М. прызнала ўладу асманскіх султанаў, пры якіх правіцелі М. (шэрыфы) мелі значную самастойнасць. У 1806—13 у складзе дзяржавы вахабітаў. У 1916—24 сталіца каралеўства Хіджаз. У 1924 захоплена вахабіцкімі войскамі і далучана да Саудаўскай Аравіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНДАМЕНТАЛІ́ЗМ,
1) кансерватыўны кірунак у пратэстантызме, прадстаўнікі якога патрабуюць прыняцця ў якасці асновы («фундамента») веравучэння ўсяго зместу Свяшчэннага пісання і адмаўляюць любыя спробы яго алегарычнага і рацыяналістычнага вытлумачэння. Узнік у 1910-я г. ў ЗША як рэакцыя на пашырэнне матэрыялізму, неадарвінізму і крытычных адносін людзей да Бібліі; было апублікавана выданне «The fundamentals» («Асновы»; вып. 1—12, 1910—12), якое і дало назву ўсяму руху. Найб. росквіту дасягнуў у 1920-я г., калі па ініцыятыве фундаменталістаў у многіх паўд. штатах ЗША былі прыняты т.зв. «антыэвалюцыйныя законы», якія забаранялі выкладанне вучэння Ч.Дарвіна. У 1919 на Сусв. біблейскай канферэнцыі ў Філадэльфіі заснавана Сусв.хрысц. фундаменталісцкая асацыяцыя. На Ніягарскіх біблейскіх канферэнцыях, якія рэгулярна праводзяцца ў ЗША, былі выпрацаваны 5 асн. прынцыпаў у якасці базы Ф.: боганатхнёнасць і непагрэшнасць Бібліі; божая прырода Ісуса Хрыста; бязгрэшнае зачацце; збавіцельная ахвяра сына Божага; яго фіз. ўваскрэсенне і будучае другое прышэсце.
2) Ідэалагічная прыхільнасць зыходным ідэям, прынцыпам, каштоўнасцям пэўных вучэнняў, дактрын [напр., ісламскі Ф., язычніцкі Ф., этнічны Ф., экалагічны («зялёны») Ф. і да т.п.]. Узнікае ва ўмовах крызісу якога-н. руху і праяўляецца ў супраціўленні, у т. л. гвалтоўнымі сродкамі, працэсу змен і абнаўлення розных сфер грамадскага жыцця. Напр., прыхільнікі ісламскага Ф. выступаюць за няўхільнае выкананне прадпісанняў Карана і шарыяту і ўвядзенне іх у якасці абавязковых норм сучаснага грамадска-паліт. жыцця (ісламізацыя), выкарыстоўваюць метады тэрору і насілля ў «свяшчэннай вайне» (газават, джыхад) з іншаверцамі за ўмацаванне і пашырэнне мусульманскага ўплыву ў свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́М (араб., літар. пакорнасць, адданне сябе волі Бога), мусульманства,
адна з трох сусв. рэлігій (разам з будызмам і хрысціянствам). Узнік у Аравіі ў пач. 7 ст. Заснавальнік — Мухамед. Веравызнанне І. выкладзена ў свяшчэннай кнізе Каран. Яно грунтуецца на 7 догматах веры: у адзінага Бога — Алаха; у анёлаў; ва ўсе кнігі Гасподнія (Тора, Евангелле, Псалмы і Каран); ва ўсіх пасланнікаў Алаха, у т. л. Адама, Майсея (Муса) і Ісуса Хрыста (Іса бен Марыям), якія прызнаюцца папярэднікамі Мухамеда; у прадвызначэнне; у канец свету і судны дзень; уваскрэсенне памерлых. Культ І. абапіраецца на 5 «слупоў веры»; спавяданне веры — абвяшчэнне, што «няма бога акрамя Алаха, і Мухамед — пасланнік божы» (шахада); штодзённая 5-разовая малітва (салят); падатак у суме 1/40 ад гадавога прыбытку (для асоб, якія валодаюць пэўным мінімумам маёмасці) на карысць бедных (закят); пост саўм (цюрк. — ураза) у месяц рамадан (цюрк. — рамазан); паломніцтва ў свяшчэнны горад Мекку (хадж). Вял. значэнне надаецца рэліг. святам; ід-аль-адха (цюрк. — курбан-байрам), ід-аль-фітр (цюрк. — ураза-байрам) і інш., існуюць шматлікія абрады і рытуалы. Акрамя Карана мусульмане прызнаюць Суну (свяшчэннае паданне, выкладзенае ў апавяданнях пра жыццё і дзеянні прарока Мухамеда). На Каране і Суне грунтуецца шарыят — збор норм мусульманскага права. Сучасны І. падзяляецца на 2 асн. кірункі: сунізм (лічыцца артадаксальным кірункам) і шыізм (у ім Суна прызнаецца толькі часткова). Духавенства ў І. (мулы, імамы, муфтыі і інш.) выбіраецца вернікамі і не мае такой складанай іерархіі, як хрысціянскае, няма пасвячэння і ступеняў свяшчэнства. Паслядоўнікі І. складаюць большую частку насельніцтва многіх краін Азіі і Афрыкі. У краінах СНД І. пашыраны ў народаў Паволжа, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Паводле Ісламскай лігі, І. вызнае больш за 1 млрд. вернікаў. Дзейнічае Арганізацыя Ісламская канферэнцыя (з 1971, аб’ядноўвае 45 краін), створаны Ісламскі банк развіцця. На землях Беларусі І. (сунізм) вызнае татарскае насельніцтва. У канцы 14 ст. з’явіліся ў Беларусі першыя мячэці. У 1591 у Рэчы Паспалітай пражывала каля 100 тыс. татар, якія мелі амаль 400 мячэцяў. У 17 ст. мусульмане трапілі пад уплыў каталіцкай царквы, іх колькасць зменшылася да 30 тыс. Працэс адыходу ад І. і асіміляцыі бел. татар працягваўся і ў наступным стагоддзі. Паводле перапісу 1897 у Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губ. пражывала 13 877 мусульман. У 1939 у Зах. Беларусі было 17 мячэцяў і 2 малітоўныя дамы. Пасля Вял.Айч. вайны у БССР дзейнічала адзіная мячэць у Іўі. У 1980-я г. пачалося ажыўленне рэліг. і грамадска-культ. дзейнасці сярод татар. У Беларусі дзейнічаюць 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні: Мухтасібат Рэспублікі Беларусь (з 1993) і Муфтыят Рэспублікі Беларусь (з 1994). І. спрыяе захаванню нац. самасвядомасці бел. татар у іншаэтнічным і іншарэліг. асяроддзі.
Літ.:
Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: мінулае і сучаснасць. Мн., 1993;
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Encyclopaedia of Islam. T. 1—7. Leiden, 1956—93 (выд. працягваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЧНЯ́, Чэчэнская Рэспубліка (саманазва Ічкерыя). Размешчана на Пдеўрап.ч.Рас. Федэрацыі, на Паўн. Каўказе. Пл. 15,7 тыс.км².
Нас. 609,5 тыс.чал. (2001), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць 38,8 чал. на 1 км². Жывуць чэчэнцы, рускія, інгушы і інш. Сталіца — г.Грозны.
Прырода. Займае цэнтр.ч.паўн. схілаў Вял. Каўказа (выш. да 4493 м, г. Тэбуласмта) і прылеглыя да яе Чэчэнскую раўніну і Церска-Кумскую нізіну. Карысныя выкапні: нафта, газ, мінер.буд. матэрыялы. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C на Церска-Кумскай нізіне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна 25 і 21 °C. Ападкаў 300—1000 мм за год. Гал. рэкі — Церак і Сунжа з прытокам Аргун. Глебы на раўніне каштанавыя, светла-каштанавыя і чарназёмныя, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на Церска-Кумскай нізіне палынна-салянкавая, на Чэчэнскай раўніне стэпавая і лесастэпавая, у гарах да 1600—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна букавыя), вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ў гарах каменная і лясная куніцы, буры мядзведзь, дзік, казуля, воўк, лясны кот, з птушак — чорнагаловы грыф, каменная курапатка, каўказскі цецярук, у стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — дзікія качкі, драфа, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан.
Гісторыя. Першыя звесткі аб чэчэнцах (саманазва нахчый) у арм. крыніцах 7 ст.н.э.Асн. іх заняткамі былі горная жывёлагадоўля і земляробства. У 10 ст. на тэр. Ч. з Грузіі пашырылася хрысціянства, у 16 ст. з Дагестана пачаў пашырацца іслам, які з 18 ст. стаў у Ч. пануючай рэлігіяй. У час Персідскага паходу 1722—23рас. войскі ўпершыню сустрэліся з плямёнамі нахчый каля аула Чэчэн, і з таго часу ў Расіі народ нахчый сталі паз. чэчэнцамі, а яго зямлю — Ч. Да 20 ст. тут захаваўся стараж. падзел на роды (тайпы) і звычай кроўнай помсты. Рас. імперыя шляхам ваен. экспедыцый і пабудовы крэпасцей імкнулася заваяваць чэчэнцаў і выцесніць іх з урадлівых раўнін (засялялі казакамі) у горы. У Каўказскую вайну 1817—64 горная Ч. была ядром дзяржавы Шаміля. Пасля яго капітуляцыі (1859) Ч. ў складзе Церскай вобл. У 1859—65 каля 22 тыс. чэчэнцаў перасяліліся ў Турцыю. У канцы 19 — пач. 20 ст. сельская гаспадарка станавілася таварнай, развівалася нафтаздабыча, пракладваліся чыгункі, крэпасць Грозная вырасла ў буйны эканам. цэнтр г. Грозны. Сав. ўлада ў Ч. ўстаноўлена ў студз.—сак. 1918, канчаткова — у сак. 1920. З 20.1.1921 Ч. ў складзе Горскай АССР, з якой 30.11.1922 вылучана Чэчэнская аўт.вобл. У студз. 1934 утворана Чэчэна-Інгушская аўт.вобл., 5.12.1936 — Чэчэна-Інгушская АССР (ЧІАССР) са сталіцай у г. Грозны. У вер. 1942 — студз. 1943 невял. ч. ЧІАССР акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 рэспубліка скасавана, чэчэнцы і інгушы (459 486 чал.) выселены ва ўсх. раёны СССР за «антысавецкія выступленні» і «супрацоўніцтва з немцамі». У 1944—57 большасць тэр. Ч. ў складзе Грозненскай вобл., паўд.-ўсх. раёны — Дагестана. 9.1.1957 ЧІАССР адноўлена, чэчэнцы і інгушы вернуты на месцы ранейшага жыхарства. З 2-й пал. 1980-х г. актывізаваўся рух за незалежнасць Ч. 27.11.1990 Вярх. Савет ЧІАССР абвясціў яе дзярж. суверэнітэт; створаны каардынацыйны орган чэчэнскага нац. руху — Выканком чэчэнскага нац. з’езда (з чэрв. 1991 — Агульнанац. кангрэс чэч. народа — АКЧН) на чале з ген.-маёрам Сав. Арміі Дж.Дудаевым 3.9.1991 АКЧН зверг Вярх. Савет ЧІАССР. 27.10.1991 прэзідэнтам рэспублікі выбраны Дудаеў, які 2 ліст. абвясціў незалежную Чэч. Рэспубліку (Ічкерыю). Гэтыя акты не прызнала Рас. Федэрацыя. У снеж. 1991 утварылася асобная ад Ч. Інгушская Рэспубліка. Пасля безвыніковых перагавораў рас. ўрад 26.11.1994 увёў у Ч. войскі для «навядзення канстытуцыйнага парадку». Быў сфарміраваны ўрад Ч. на чале з Д.Заўгаевым. Сепаратысты адышлі ў горы і разгарнулі дыверсійную вайну, у ходзе якой 22.4.1996 рас. вайскоўцамі забіты Дудаеў. У жн. 1996 атрады сепаратыстаў захапілі Грозны і неўзабаве, паводле пагаднення ў г. Хасав’юрт, рас. войскі пакінулі Ч. У студз. 1997 прэзідэнтам рэспублікі выбраны А.Масхадаў. 12.5.1997 ён падпісаў з рас. урадам мірны дагавор, паводле якога вызначэнне паліт. статусу Ч. адкладалася да 2000. Да канца 1990-х г. у Ч. аформіўся звязаны з міжнар.тэрарыст. групоўкамі моцна мілітарызаваны ісламскіпаліт. рэжым вахабісцкага кшталту, які імкнуўся экспартаваць мусульм.паліт. экстрэмізм у суседнія рэспублікі Рас. Федэрацыі. У жн.—вер. 1999 рас. войскі адбілі ўварванне вахабітаў з Ч. ў Дагестан і ў канцы 1999 — пач. 2000, пасля працяглых баёў, зноў занялі Ч. Сепаратысты на чале з Масхадавым перайшлі да тэрарыст. метадаў барацьбы. З дапамогай федэральнага цэнтра часовая адміністрацыя на чале з А.Кадыравым пачала аднаўляць разбураную за часы баёў эканоміку рэспублікі. Намаганні ўрада Расіі па ўсталяванні міру ў Ч. падтрымлівае міжнар. супольнасць, якая разглядае дзейнасць чэчэнскіх сепаратыстаў як адну з праяў міжнар.тэрарызму. У сак. 2003 на рэферэндуме больш за 90% яго ўдзельнікаў прагаласавала за прыняцце канстытуцыі Ч., якая замацавала яе аўт. статус у складзе Рас. Федэрацыі. У кастр. 2003 паводле новай канстытуцыі прэзідэнтам Ч. абраны А.Кадыраў.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці — нафтаздабыўная, нафтаперапр. і нафтахімічная. Ч. панесла вял. страты ад ваен. дзеянняў, у выніку чаго значна знізіўся ўзровень эканам. развіцця. Здабыча нафты (у т. л. газавы кандэнсат) у 2000 склала 72,8 тыс.т, газу — 118 млн.м³. Вытв-сць электраэнергіі 117 млн.кВт∙гадз. (1998) пераважна на ЦЭЦ. Машынабудаванне (нафтавае абсталяванне, мед. інструменты і інш.), харч., лясная і дрэваапр., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент і інш.). Маст. промыслы (разьба па дрэве, апрацоўка металу, дыванаткацтва). Пладаводства. Вінаградарства. Пасяўныя пл. ў 1993 займалі 330,8 тыс.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (пшаніца, кукуруза, рыс) 46,2%, тэхн. (сланечнік, цукр. буракі) 5,8%, бульбай і агароднінай 4,7%, кармавымі культурамі 43,3%. Збор (тыс.т., 1993) збожжа — 213,4, бульбы — 36, агародніны — 49,2. Гадуюць танкарунных авечак, коз, буйн. раг. жывёлу (244,7 тыс. галоў, 1993), свіней (7,3 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Шаўкаводства. Даўж. чыгункі 304 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3057 км (2000). Гал. чыгунка Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарогі Грозны—Уладзікаўказ, Грозны—Махачкала. Нафтаправоды Грозны—Туапсэ, Грозны—Махачкала, газаправод Грозны—Уладзікаўказ і інш.
Літаратура чэчэнскага народа развіваецца з пач. 20 ст. ў цеснай узаемасувязі з інгушскай л-рай (гл. ў арт.Інгушэція). Заснавальнік чэчэнскай л-ры — С.Бадуеў (аўтар першых аповесці «Голад» і рамана «Петымат», абодва 1930). Складальнік чэчэнскага алфавіта (на аснове лац. графікі) — Х.Ашаеў (аўтар нарысаў, п’ес, гіст.-рэв. тэтралогіі «Палымяныя гады», 1957—64). Асн. тэмы твораў пісьменнікаў — гіст. мінулае народа, грамадз. і Вял.Айч. войны, жыццё вёскі, духоўнае аблічча сучасніка і інш. Сярод паэтаў Р.Ахматава, М. і А. Мамакаевы, Н.Музаеў, М.Сулаеў, празаікаў і драматургаў А.Айдаміраў, С.Арсанаў, У.Гайсултанаў, М.Мусаеў, А.Хамідаў. На бел. мову перакладзены асобныя творы М.Мамакаева, Ахматавай, М.Шамсуддзінава. Сярод перакладчыкаў Р.Баравікова, М.Маляўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,
краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс.км². Нас. 17,8 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).
Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.
Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.
Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр.ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн.чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн.чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс.ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).
Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.І.Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст.феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч.паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.
У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс.чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.
Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац.ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац.ісламскі рух, рух «Талібан».
Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца 2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн.га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн.га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн.га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн.т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн.т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн.т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн.шт., воўны 13 тыс.т, мяса 252 тыс.т, малака 610 тыс.т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс.т), прыродны газ (1 млрд.м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн.кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс.кВт), Махіпар (66 тыс.кВт), Сурабай (22 тыс.кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.
Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.
Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс.чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).
Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч.г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн.навуч. установах навучалася 10,1 тыс.чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн.ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г.нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац.інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.
Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс.л-ра развівалася гал.ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг.л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл.Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.Брэшна, Гаўсуддзін, Х.Ітымадзі), скульптараў (М.Хайдар, М.Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж.дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар.муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.
Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес.т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.А.Раунак). Каб падтрымаць нац.т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.
Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.М.Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.
Герб і сцяг Афганістана.Да арт.Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.Да арт.Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.Да арт.Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.Да арт.Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.Да арт.Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.Да арт.Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.Да арт.Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.Да арт.Афганістан. К.Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДА́Н, Рэспубліка Судан (араб. Гумхурыя ас-Судан),
дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Егіптам, на З з Лівіяй, Чадам, Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, Угандай і Кеніяй, на У з Эфіопіяй і Эрытрэяй, абмываецца Чырвоным морам. Пл. 2505,8 тыс.км². Нас. 34 475,7 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Хартум. Краіна падзяляецца на 26 штатаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1998. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган. — парламент (Нац. асамблея, 400 дэпутатаў).
Прырода. Тэр. краіны з’яўляецца ўсх.ч. прыроднай вобласці Судан. У рэльефе пераважаюць пласкагор’і (выш. 300—1500 м). Значную тэр. займае катлавіна сістэмы р. Ніл. На ПнЗ частка Сахары (Лівійская пустыня), на Пд ад яе плато Дарфур і Кардафан з асобнымі гарамі і масівамі (адпаведна да 3088 м і 1460 м) На Пд адгор’і Цэнтральнаафр. нагор’я (г. Кіньеты, 3187 м), на УНубійская пустыня і ўскраіны Эфіопскага нагор’я. Ёсць радовішчы золата, азбесту, слюды, гіпсу, нафты, каменнай солі, руд медзі, волава, свінцу, жалеза, хрому, магнію і інш. Клімат пераходны — ад экватарыяльна-мусоннага на Пд да пустыннага трапічнага на Пн. У Хартуме сярэдняя т-растудз. 23 °C, ліп. — 32 °C. Ападкаў ад 25 мм за год на Пн да 1000—1400 мм на Пд. Гал.р. Ніл з прытокамі.
Паўд. частка С. ў зоне саваннаў, паўн. — у зонах трапічных пустынь і паўпустынь. У гарах і па далінах рэк на крайнім Пд і У краіны трапічныя і галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі каля 19 % тэр. Жывёльны свет: антылопы, жырафы, сланы, ільвы, леапарды, насарогі, бегемоты, кракадзілы; з птушак — страусы, дрофы, марабу; з насякомых на ПдЗ распаўсюджана муха цэцэ. Буйныя нац. паркі — Дындэр, Саўтэрн (Паўднёвы), Німуле, Шамбе; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. С. — шматнацыянальная краіна, жывуць прадстаўнікі больш як 30 народаў. Каля 45 % складаюць суданскія арабы (пераважна на Пн). На Пд жывуць негроідныя народы ніла-сахарскай моўнай групы (каля 40 %; дзінка, нуэр, бары, фур, шылук, нубійцы) і нігера-кардафанскай сям’і [каля 6 %; азандэ (зандэ) і інш.]. На ўзбярэжжы Чырвонага м. жыве народ беджа (каля 6 %, кушыцкая моўная група). Сярод вернікаў мусульман-сунітаў 70 % (на Пн), прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 25% і хрысціян 5% (на Пд). Сярэднегадавы прырост 2,7%. Сярэдняя шчыльн. 13,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльнасць (да 300—400 чал. на 1 км²) у раёнах арашальнага земляробства вакол Хартума; у Сахары месцамі менш як 1 чал. на 1 км². Качавы і паўкачавы лад жыцця ў пустынях і саваннах вядуць каля 30% насельніцтва. Гар. насельніцтва 35% (1999). Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Хартум — 2731, Амдурман — 1271, Паўн. Хартум — каля 700. Больш за 200 тыс.ж. у гарадах Порт-Судан, Касала, Вад-Медані, Эль-Абейд. У сельскай гаспадарцы занята 80% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 10%, у абслуговых галінах — 10%.
Гісторыя Тэр. С. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. Земляробства і жывёлагадоўля ўзніклі на мяжы 5—4-га тыс. да н.э. У 2-й пал. 3-га — 2-м тыс. да н.э.паўн.ч. С. — Нубія ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта. З гэтага часу ў Нубіі ўзнікла цывілізацыя Куш, якая існавала да 4 ст.н.э. У 5—6 ст. правіцелі паўн. С. прынялі хрысціянства. Аднак пад націскам арабаў-мусульман да 15 ст. тут зніклі апошнія хрысц. дзяржавы. У 1504 у Сенары створана першая мусульм. дзяржава — султанат Фундж. Да пач. 19 ст. большасць насельніцтва С. ісламізавана, некат. народы паўд. С. захавалі традыц. вераванні і культуру.
У 1821 С заваяваны правіцелем Егіпта Мухамедам Алі. У 1881 прапаведнік Мухамед Ахмед (гл.Махдзі Суданскі) абвясціў сябе махдзі і ўзначаліў махдзістаў паўстанне, якое паклала канец тур.-егіпецкаму панаванню і стварыла ў С. тэакратычную незалежную дзяржаву Паўстанне ў 1898—99 задушылі англічане. У 1899—1955 С. — калонія Вялікабрытаніі (да 1951 фармальна лічыўся англа-егіпецкім кандамініумам). У 1940-я г. склаліся партыі аль-Ума (стаяла за незалежнасць С.) і нац.-юніянісцкая (НЮП; стаяла за саюз з Егіптам).
1.1.1956 абвешчана незалежнасць С. З 1958 усталяваўся рэжым ваен. дыктатуры ген. І.Абуда, які скінуты ў 1964. Аднак і новыя ўрады 1964 і 1965 не здолелі вырашыць наспелыя праблемы. У 1969 ваенныя на чале з Дж.Німейры ажыццявілі дзярж. пераварот; краіна атрымала назву Дэмакр. Рэспубліка С.; яе прэзідэнтам з 1971 стаў Німейры. У 1972 падпісана пагадненне з прадстаўнікамі паўстанцаў паўд. правінцый С. аб пашырэнні самакіравання. У 1973 прынята канстытуцыя, якая дазваляла толькі адну паліт. партыю — Суданскі сацыяліст. саюз (ССС). Увядзенне ў 1983 ісламскага заканадаўства выклікала незадаволенасць немусульм. насельніцтва Пд, дзе аднавіла ўзбр. барацьбу Суданская нац.-вызв. армія. У 1985 ваенныя на чале з ген. С. ад-Дагабам скінулі Німейры, ССС распушчаны, адноўлена дзейнасць інш.паліт. партый; краіна перайменавана ў Рэспубліку С. Па выніках парламенцкіх выбараў у 1986 створаны кааліцыйны ўрад на чале з лідэрам партыі аль-Ума С. аль-Махдзі. Няздольны вырашыць складаныя эканам. праблемы краіны, гэты ўрад скінуты 30.6.1989 у выніку ваен. перавароту з удзелам ісламскіх фундаменталістаў; дзейнасць канстытуцыі і паліт. партый прыпынена. Улада перайшла да Савета камандавання рэвалюцыяй на чале з ген. Х.А. аль-Башыра (з 1998 прэзідэнт С.). Значны ўплыў на ўрад мае ісламская фундаменталісцкая арг-цыяНац.ісламскі фронт. С. — чл.ААН (з 1956), Арг-цыяафр. адзінства, Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 15.9.1999.
Гаспадарка. С. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт 31,2 млрд.дол. (1998), каля 930 дол. у год на 1 чал. Удзельная вага сельскай гаспадаркі каля 33 %, прам-сці — 17 %, абслуговых галін — 50 %. Дзяржаве належаць чыгункі, сродкі сувязі, гал. арашальныя сістэмы, камунальныя прадпрыемствы, бавоўнаачышчальная прам-сць і шэраг інш. прадпрыемстваў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 128 млн.га зямлі, у т. л. каля 12,5 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі (каля 2 млн.га арашаецца), каля 115,5 млн.га пад пашай (саванны і паўпустыні). Пераважае земляробства. На Пн яно засн. на штучным арашэнні водамі Ніла і яго прытокаў, на Пд, дзе ападкаў значна больш, пераважае непаліўное. Вядучая галіна — вырошчванне доўгавалакністай бавоўны на арашальных землях. Акрамя валакна з семя бавоўніку атрымліваюць алей. Гал. бавоўнаводчыя раёны — міжрэчча Белага і Блакітнага Ніла, даліны рэк Атбара, Белы і Блакітны Ніл. Гаспадарку вядуць сяляне на землях, якія яны арандуюць у дзяржавы. У інш. земляробчых раёнах ёсць буйныя ўласнікі, якія таксама здаюць зямлю на ўмовах арэнды. На ўласныя патрэбы вырошчваюць мясц. віды сорга і проса, пшаніцу, кукурузу, рыс, ячмень. Асн. алейныя культуры арахіс і кунжут. Вырошчваюць клешчавіну (алейная і кармавая культура), бабовыя, маніёк, сачавіцу, перац; месцамі — каву і тытунь. Асн. віды с.-г. прадукцыі (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г., тыс.т): бавоўна-сырэц — каля 300 (2-е месца ў Афрыцы, пасля Егіпта), сорга — 2500, проса — 250, пшаніца — 500, арахіс — 400, кунжут — 120; цукр. трыснёг — 5 млн.т. Агародніцтва. Садоўніцтва (цытрусавыя, бананы). На Пн культывуюць фінікавую пальму (больш за 2 млн. дрэў, штогадовы збор 100—200 тыс.т), на Пд — алейную пальму. Збор гуміарабіку (каля 50 тыс.т. штогод, больш за 50 % сусв. вытв-сці, гал. чынам з дзікарослых акацый), лісця сены (александрыйскі ліст) і арэхаў пальмы дум. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая на Пн, адгонная на Пд. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (пераважна зебу) — 35, авечак — 42,5, коз — 37,5. На Пн развіта вярблюдагадоўля (каля 3 млн. галоў); гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—41 млн. курэй). Рачное і марское рыбалоўства (у 1998—48 тыс.т). На Чырвоным м. промысел жэмчугу, каралаў, марскіх губак і чарапах. Паляўніцтва. У лясных раёнах нарыхтоўка драўніны. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці спажывецкіх тавараў і буд. матэрыялаў. Частка прамысл. вытв-сці ў дзярж. сектары. Здабыча жал.; хромавай і марганцавай руд, золата, солі з марской вады, буд. матэрыялаў. З 1999 вядзецца здабыча нафты. У 1998 атрымана 1,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 72 % на ГЭС (на рэках Блакітны Ніл і Атбара), 28 % на цеплавых электрастанцыях. У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца харч. (мукамольная, мяса- і рыбаперапр., малочная, алейная, цукр., кансервавая), тэкст. (пераважна баваўняная) і гарбарна-абутковая. Развіта бавоўнаачышчальная прам-сць. Ёсць нафтаперапр., металаапр., фармацэўтычныя, шкляныя прадпрыемствы, чыг. і аўтарамонтныя майстэрні, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш. Асобныя прадпрыемствы выпускаюць запалкі, шкляны і метал. посуд, парфуму, мыла і інш.Асн.прамысл. цэнтры: Паўн. Хартум, Хартум, Амдурман, Порт-Судан. Развіты саматужныя промыслы і рамёствы (ганчарны, апрацоўка драўніны, дубленне скур, выраб абутку і нац. адзення, вытв-сць прахаладжальных напіткаў, макароны, вострых прыпраў і інш.). Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Шырока выкарыстоўваецца гужавы і ўючны транспарт. Даўж. (тыс.км, 1996) чыгунак — 5,5, аўтадарог — 11,9, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 4,3; унутр. водных шляхоў — 5,3, прадуктаправодаў — 0,8. У краіне 35 тыс. легкавых, 40 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Гал. рачныя парты — Хартум, Малакаль, Джуба; марскі порт — Порт-Судан. 63 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Хартума. У 1997 экспарт склаў 594 млн.дол., імпарт — 1,42 млрд.дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (23 %), семя кунжуту (22 %), жывёла і мяса (13%), гуміарабік (5 %), арахіс, золата, скуры, фінікі і інш.; у імпарце — харч. прадукты, паліва, спажывецкія тавары, машыны і трансп. сродкі, лекі і інш. Праз С. праходзіць традыц. шлях мусульман-паломнікаў з Зах. і Цэнтр. Афрыкі да святынь Аравіі (даход у 1998—8 млн.дол.). Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных мусульм. краін (у 1995—254,5 млн.дол.). Грашовая адзінка — суданскі фунт.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захаваліся гліняныя статуэткі жывёл, ляпная кераміка, наскальныя выявы. У 2-м тыс. да н.э. мастацтва С. развівалася ў рэчышчы стараж.-егіп. культуры, з канца 1-га тыс. да н.э. ў ім пачалі выяўляцца рысы нац. своеасаблівасці: прыземістасць і масіўнасць прапорцый у архітэктуры, адносная свабода ад канонаў у манум. рэльефах. З 2-й пал. 6 ст. н э. ўзводзілі хрысц. храмы, архітэктура і насценныя размалёўкі якіх блізкія да копцкага мастацтва. Архітэктура Зах. С. 15—16 ст. ў рэчышчы сярэдневяковага каменнага дойлідства Усх. Афрыкі (руіны г. Уры і інш.). У жыллёвым буд-ве пераважалі прамавугольныя ў плане хаціны з цэглы-сырцу, на ўзбярэжжы Чырвонага мора — дамы з каралавага вапняку з выступаючымі закрытымі кратамі вокнамі, у негроідных плямён Пд С. — круглыя гліняныя або плеценыя хаціны са стрэхамі з травы. У 20 ст. ў буйных цэнтрах (Хартум і інш.) пашырылася буд-ваеўрап. тыпу. Традыц. віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — драўляная скульптура, якая вызначаецца іератызмам і слабай расчлянёнасцю форм, дробная гліняная пластыка; у арабаў Пн С. — філігранныя работы па медзі, серабры, вырабы са скуры; у негроідных народаў Пд — маст. пляценне. З сярэдзіны 20 ст. складваецца нац. школа станковага мастацтва, якая аб’ядноўвае мясц.дэкар. і еўрап. традыцыі: скульптары М.Куа, А.Хамід, жывапісцы Х.Абас, М.А.Бешыр, графік А.А.Борхан і інш.
Літ.:
Смирнов С.Р. История Судана (1821—1956). М., 1968;
Вобликов Д.Р. Судан: история и современность. М., 1984;
История Судана в новое и новейшее время. М., 1992.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Герб і сцяг Судана.Ландшафт у Сахары, на поўначы Рэспублікі Судан.Рака Ніл на поўдні Рэспублікі Судан.Вёска на поўдні Рэспублікі Судан.