БЕ́ЛЫ Аляксей Уладзіміравіч

(н. 15.5.1950, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1995). Сын У.А.Белага. Скончыў Маскоўскі ун-т імя М.В.Ламаносава (1973). З 1973 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1992 у Прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы ўзаемадзеяння канцэнтраваных патокаў зараджаных часціц з кандэнсаванымі асяроддзямі, трыбатэхніцы. Развіў фіз. асновы іонна-прамянёвай апрацоўкі матэрыялаў і пакрыццяў, метады мадыфікавання паверхневых слаёў зносаўстойлівых матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Поверхностная упрочняющая обработка с применением концентрированных потоков энергии. Мн., 1990 (разам з Я.М.Макушком, І.Л.Побалем);

Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з Г.Дз.Карпенкам, М.К.Мышкіным).

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКАРАЗІ́ЙНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

пакрыцці для аховы паверхні металічных вырабаў ад карозіі. Найб. пашыраныя антыкаразійныя пакрыцці: з металаў (хрому, цынку, нікелю, высакародных металаў і інш.) і іх сплаваў; з хім. злучэнняў металаў (аксіды, карбіды, нітрыды, фтарыды і інш.); з палімерных (фторпластавыя, поліэтыленавыя, поліізабутыленавыя, полівінілхларыдныя) і лакафарбавых пакрыццяў, а таксама кансервацыйныя замазкі (напр., бітум). Эфектыўнасць антыкаразійных пакрыццяў вызначаецца хім. і фазавым саставам, дасканаласцю будовы, трываласцю счаплення пакрыцця з асновай матэрыялу.

Антыкаразійныя пакрыцці бываюць анодныя ці катодныя адносна матэрыялу, які ахоўваюць. Анодныя змяншаюць, прадухіляюць карозію, катодныя могуць павялічваць яе, але пры гэтым паляпшаюць фіз.-мех. якасці матэрыялаў. Антыкаразійныя пакрыцці наносяць фарбаваннем, гальванічным, плазмавым, вакуумным, іонна-плазмавым і электрафарэтычнымі метадамі, хім. асаджэннем з газавай фазы і раствораў, плакіраваннем. Выбар метаду залежыць ад патрэбнага спалучэння матэрыялаў пакрыцця і асновы, неабходнай таўшчыні пакрыцця, магчымасці і неабходнасці яго аднаўлення ў эксплуатацыі. На Беларусі стварэннем антыкаразійных пакрыццяў займаюцца Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Бел. політэхн. акадэмія, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі.

А.У.Белы.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ

(ад анты... + лац. frictio трэнне),

матэрыялы для дэталяў машын, якія працуюць ва ўмовах трэння слізгання (падшыпнікі, укладышы, утулкі і інш.). Антыфрыкцыйныя матэрыялы маюць высокую ўстойлівасць да зносу і карозіі, добрую прыработку, мінім. каэфіцыент трэння, вытрымліваюць мех. нагрузкі без змены ўласцівасцяў. Антыфрыкцыйныя ўласцівасці антыфрыкцыйных матэрыялаў залежаць ад структурнага стану паверхневых слаёў, мікратапаграфіі кантактуючых паверхняў і ўмоў фрыкцыйнага ўзаемадзеяння.

Найб. пашыраныя антыфрыкцыйныя матэрыялы: сплавы на аснове каляровых металаў (бабіты, бронза, латунь і інш.), чыгун, пластычныя масы, драўніна (у т. л. мадыфікаваная), кампазітына аснове металаў, металакерамікі і палімераў. Асобная група антыфрыкцыйных матэрыялаў — самазмазвальныя матэрыялы; яны змяшчаюць кампаненты (напр., графіт), якія выконваюць пры трэнні ролю змазвальнага асяроддзя. Для надання матэрыялам антыфрыкцыйных уласцівасцяў іх паверхню мадыфікуюць хіміка-тэрмічнай, лазернай, іонна-прамянёвай апрацоўкай, нанясеннем зносаўстойлівых пакрыццяў, паверхнева-пластычным дэфармаваннем. Антыфрыкцыйныя матэрыялы выкарыстоўваюць ва ўмовах сухога трэння (у газах, паветры, вакууме); для работы з малавязкімі вадкасцямі без змазвальнага дзеяння (вада, арган. растваральнікі), з вадкімі ці пластычнымі змазкамі. На Беларусі вывучэннем і стварэннем антыфрыкцыйных матэрыялаў займаюцца ін-ты механікі металапалімерных сістэм і фізіка-тэхнічны АН Беларусі, Беларускае НВА парашковай металургіі.

А.У.Белы.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)