Дро́гкі ’дрогкі’ (БРС, Байк. і Некр., Бяльк.), дро́хка ’страшна’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 138), бел. слова звязана з рус. дыял. смал. дрехкий ’тс’. Гэтыя словы, магчыма, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі; супольная праформа — *drъgъkъjь (вытворнае ад дзеяслова *drъgati ’дрыжаць, дрыгаць і г. д.’). Параўн. таксама (з вакалізмам«е») і бел. дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.), якое сведчыць аб складанасці дыялектнага размеркавання розных тыпаў вакалізму ў каранёвай частцы данай лексемы. Прасл. *drъgъkъjь адлюстроўваецца і ў бел. назвах для балота, дрыгвы ў тыпе *drъgъkyni (суфікс *‑yni); параўн. у Яшкіна: драгкінь, драгкіня́, дрогкінь (няма ў Трубачова, Эт. сл., 5, што вельмі дзіўна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галалёдзіца. Параўн. рус. гололе́дица, укр. гололе́диця (гэта слова не адзначана ў Шанскага, 1, Г, 120), славац. дыял. holoľadica, славен. gololedica. Можна меркаваць, што гэта ўтварэнне суфіксам *‑іса ад *gololedъ ’тс’ (агляд літ-ры гл. у Шанскага, там жа). Іначай, але, здаецца, не вельмі пераканаўча Гараеў (107) і Праабражэнскі (1, 141) звязваюць *gololedica з голоть (голодь) і далей з укр. ожеле́диця, ожеледь (якія быццам маюць і.-е. сувязі). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 431–432. Сюды ж і галалёд ’галалёдзіца’ (агляд форм і геаграфіі слоў галалёдзіца, галалёд гл. у Яшкіна, 45). Параўн. рус. гололед, славен. gololèd, далей польск. gołoledź. Слаўскі (1, 314) лічыць і *gololedъ і *gololedica праславянскімі фармацыямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ґа́шта ’гваздзік’ (Сл. паўн.-зах.), ’садовая кветка, гашта’ (Сцяшк.). Гл. ґа́рштва.

Ґа́шта ’густа зарослая лесам даліна’ (Яшкін), таксама го́шча ’тс’ (там жа). Няяснае слова. Наўрад ці звязана з гу́шча ’густы лес, зараснік, дзе цяжка прайсці; нетры’ (гл. Яшкін), якое < gǫšča < *gǫstja (да *gǫstъ ’густы’). Цяжка вытлумачыць і варыянт го́шча. Здаецца, націск тут быў спачатку на канцы слова: зыходнае *гашча́ ўспрымалася як *гошча (г. зн. пры перанясенні націску на першы склад нібы «аднавілася» «зыходнае» ‑о‑, якога тут ніколі не было). Што датычыць слова га́шча, то, магчыма, яно звязана з бел. хашч ’гушчар, зараснік, нетры’ (гл. у Яшкіна), укр. хащ, ха́ща (азванчэнне х > г?). Для варыянта гошча ўсё ж такі, здаецца, знаходзіцца паралель: укр. хо́щик ’куст’ (у Грынч. са знакам запытання).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бе́раг (агляд значэнняў слова гл. ў Яшкіна). Рус. бе́рег, укр. бе́ріг, польск. brzeg, чэш. břeh, ст.-слав. брѣгь, балг. бряг, серб.-харв. бре̑г і г. д. Прасл. bergъ ’бераг; узгорак, гара’. Гэта слова звязана з ст.-в.-ням. berg ’гара’, авест. barəzah‑ ’гара, вышыня’, ст.-інд. br̥hant‑ ’высокі’, авест. bərəzant ’высокі’, ірл. brí ’гара’ і г. д. Паколькі некаторыя і.-е. мовы сведчаць пра ‑g̑h‑ у гэтым слове (гэта дало б слав. *berzъ), то ёсць версія пра запазычанне слав. слова з герм. моў, але ёсць аргументы і супраць. Гл. Мейе, RS, 2, 69; Траўтман, 30; Ягіч, AfslPh, 30, 457; Бернекер, 49; Машынскі, Pierw., 157; Брукнер, 44; Слаўскі, 1, 46; Фасмер, 1, 153. Параўн. яшчэ бе́раг, ’каляровая палоска на краі хусткі’ (Сцяц. Нар.), ’край пасудзіны, тканіны’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’узлесак’ (Жд.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калю́га ’ямка на дарозе, выбітая коламі, звычайна з вадой, граззю’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2; мазыр., З нар. сл.; Касп.; Мат. Гом.; жытк., Нар. словатв.; Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат.; Яўс.), ’каляіна на дарозе’ (маладз., слаўг., Яшк.), ’гразь з вадой’ (драг., Нар. словатв.), ’гразь, слата, бездарожжа’ (палес., Яшк.). Першае значэнне не з’яўляецца вузкім; звычайна калюгай можа называцца і лужына на полі, лузе. У новых слоўніках: калюга ’лужына’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’п’яніца; каляіна’ (Сл. паўн.-зах.), ’гразкае месца, сенажаць каля рэчкі’ (слуц., Сл. паўн.-зах.). У Яшкіна падаецца значэнне ’глыба зямлі на раллі’ (нясв.); тэарэтычна такую семантыку можна дапусціць, аднак тут яшчэ і адзінкавасць фіксацыі, таму дэфініцыя выклікае сумненне. Укр. дыял. калюга ’гразь на дарозе’, ’лужына’, ’выбоіна на дарозе’, чарніг.-сумск. ’вада пасярод дрыгвы’, рус. зах.-бран., бран., курск. калюга ’лужына’, курск. ’неглыбокая азярына’, белгар., бран. ’яма з вадой’, польск. kaluga ’лужына’, славін.-каш. kʼaluga, kʼalëga ’лужына на дарозе’, серб.-харв. ка̀љуга ’лужына, гразь, твань’. Суфіксальны варыянт да калуга, kaluga (беларускія формы такога тыпу нам невядомы), вытворнага ад kalъ (суфікс ‑uga), гл. Трубачоў, Эт. сл. 9, 126, параўн. таксама калужа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ра ’гарэлка’ (Шат., Сцяшк. МГ). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Польск. дыял. hara ’тс’ запазычана з бел. мовы (гл. Карловіч, II, 168). Можна меркаваць, што га́ра — гэта жаргоннае ўтварэнне ад гарэ́лка ’тс’. Параўн. і польск. gocha, gochna < gorzałka (аб польск. словах гл. Брукнер, 151: пад gorzeć). Трэба дадаць, што ў Шат. га́ра кваліфікуецца як пагардлівая назва.

Гара́ ’гара’. Параўн. рус. гора́, укр. гора́, польск. góra, чэш. hora, балг. гора́ ’лес’, серб.-харв. го̀ра, ст.-слав. гора і г. д. Прасл. *gora ’гара; лес’. Лічыцца роднасным з прус. garian ’дрэва’, літ. girià ’тс’, ст.-інд. giríṣ ’гара’, авест. gairi‑ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 438; раней Бернекер, 1, 329; Траўтман, 78. Падрабязны агляд слав. слоў, іх семантыкі, геаграфіі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 29–31 (там і новыя меркаванні адносна першапачатковай семантыкі і.-е. лексемы). Агляд семантыкі слова гара́ як геаграфічнай назвы (назвы рэльефа) гл. у Яшкіна, 46. Звычайнымі з’яўляюцца ў слове *gora новыя значэнні ’верхняя частка хаты’, ’верх і да т. п.’ (зафіксавана ў бел. мове; гл. Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ), таксама і ў іншых усх.-слав. мовах (рус., укр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кага́т ’бурт’ (БРС, ТСБМ), ’яма для захавання бульбы’ (Бяльк.), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’стог’ (чач., Мат. Гом.), параўн. у Яшкіна, 83, ветк. кагацішча ’месца, дзе стаяла сцірта (кагат) сена’. Укр. міргар. кагат ’куча’, дан. ’куча рыбы, па-асабліваму складзеная і пакрытая чаротам’, палес. кагата ’яма для сховы бульбы зімой’, рус. смал. кагат ’конусападобная куча бульбы ў полі’. На думку Лучыца-Федарца, БЛ, 3, 1973, 57, кагат з’яўляецца іранізмам. Лінгвагеаграфія слова быццам не супраць гэтага, аднак існуюць пэўныя фармальныя і семантычныя цяжкасці. У якасці блізкіх да магчымай іранскай крыніцы Лучыц-Федарэц прыводзіць асец. къахт ’яма’, къахын ’выдзеўбаць’, kʼахуn : kʼaxt ’капаць’. Аднак, паводле Абаева, 1, 620, гэта слова з’яўляецца параўнальна рэдкім для асец. мовы прыкладам адназоўнікавага дзеяслова, ад kʼax ’нага’, першапачаткова такім чынам, ’капаць нагой’ (аб жывёлах), а само слова kʼax не іранскае, гл. Абаеў, 1, 619. Зразумела, што ненадзейнасць асецінскай паралелі вымушае яшчэ больш сумнявацца ў патэнцыяльнай іранскай крыніцы. Апрача гэтага, значэнне ’яма’, якое дазваляе меркаваць аб сувязі іран. і слав. слоў, нельга, безумоўна, лічыць першапачатковым для слав. лексем, тым больш што словы з такімі значэннямі суадносяцца геаграфічна і ўказваюць на другасны іх характар. Слова нагадвае вандроўны культурны тэрмін, аднак крыніца запазычання невядомая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Газ1 ’газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’ і г. д. Слова, якое штучна ўтворана брусельскім хімікам І. Б. ван Гельмантам (1577–1644 гг.) на аснове грэч. слова χάος ’хаос’. У рус. мове гэта слова, паводле Фасмера (1, 382), з ням. або гал. Gas ці франц. gaz. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 7; Клюге, 233; MESz, 1, 1037. У бел. мову гэта слова папала праз пасрэдніцтва рус. або польск. мовы. Паколькі няма дакладных даных наконт гісторыі яго ў бел. мове, то прыходзіцца толькі меркаваць, улічваючы агульную сітуацыю і ролю, якую ігралі гэтыя абедзве мовы ў фарміраванні лексікі бел. мовы новага часу (асабліва навукова-тэхнічнай).

Газ2 ’тканіна газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’. Запазычанне з франц. gaze ’газ, вуаль’. Звычайна першакрыніцай гэтага слова лічаць назву месца Газа ў Палесціне. Гл. Фасмер, 1, 382. Іншыя этымолагі ўказваюць, што ў гэтым месцы ніколі не выраблялі такую тканіну і не гандлявалі ёю. Таму першакрыніцай франц. gaze лепш лічыць іспан. gasa < араб. kazz < перс. käž. Гл. Клюге, 236; Локач, 91; Шанскі, 1, Г, 8 (апошні ў пэўным сэнсе вельмі заблытана перадае сутнасць этымалогій Локача і інш.).

Газ3 ’вельмі шырокі брод у рацэ ці возеры’ (Яшкін). Як відаць з крыніц, якія прыводзіць І. Я. Яшкін (лепел.), слова гэта вядома на вельмі абмежаванай тэрыторыі (параўн. яшчэ ў Яшкіна, там жа, Газ — урочышча на Красенскім возеры на Дзісеншчыне) і, здаецца, з’яўляецца рэліктавым словам. Як лічыць Трубачоў, Эт. сл., 6, 113–114, ёсць сувязь з паўд.-слав. мовамі; параўн. серб.-харв. га̑з ’брод’, славен. gȃz, балг. га́зя ’брадзіць і да т. п.’ БЕР (III, 224) неабгрунтавана разглядае яго як толькі паўд.-слав. лексему. Этымалогія ўсёй групы слоў няясная (некаторыя меркаванні БЕР, там жа: лічыцца цёмным па паходжанню словам; праблематычна звязваць яго з арм. лексемай або думаць, што яно запазычана з дака-мізійскай крыніцы). Трубачоў, там жа, бачыць тут і.-е. *g​ā‑ ’ісці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)