БРАЧЫСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (? — 1044),

князь полацкі (1003—44), сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды Рагвалодаўны і Уладзіміра Святаславіча. Як адзін з першых князёў адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі ад улады кіеўскіх князёў. У 1021 захапіў Ноўгарад і вывеў у Полацк шмат палонных. У адказ вял. князь кіеўскі Яраслаў Мудры з войскам пайшоў з Кіева на Брачыслава Ізяславіча і разбіў палачан на р. Судаміры. Аднак паводле заключанага пагаднення Брачыслаў Ізяславіч атрымаў гарады Віцебск і Усвяты. Да 1026 Брачыслаў Ізяславіч і Яраслаў кіравалі Кіеўскай Руссю са сваіх вотчын Полацка і Ноўгарада праз намеснікаў у Кіеве, што азначала прызнанне Яраславам паліт. незалежнасці Полацкай зямлі. Уладу дуумвірата парушыў захоп у 1024 кн. Мсціславам Уладзіміравічам Чарнігава і ўсталяванне ў 1026 Яраслава ў Кіеве. Брачыслаў Ізяславіч значна пашырыў межы Полацкай зямлі на Пд і Пн, заснаваў г. Брачыслаўль (Браслаў). Брачыслаў Ізяславіч быў вядомы ў Скандынавіі, пра што сведчыць «Эймундава сага».

С.​В.​Тарасаў.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),

князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн. Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУШЭ́ЎСКІ (Міхаіл Сяргеевіч) (29.9.1866, г. Хэлм, Польшча — 25.11.1934),

дзеяч укр. нац.-вызв. руху, гісторык. Акад. АН Украіны (1924) і АН СССР (1929). Брат А.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). У 1894 — 1914 выкладаў гісторыю Украіны ў Лембергскім (Львоўскім) ун-це. Кіраваў дзейнасцю Навук. т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове (1897) і Т-ва ўкр. прагрэсістаў у Кіеве (з 1908). Адзін з арганізатараў Галіцка-ўкр. нац.-дэмакр. партыі (1899). У 1-ю сусв. вайну за арыентацыю на Германію арыштаваны і сасланы рас. ўладамі (1914—17). З сак. 1917 чл. Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адначасова (да крас. 1918) старшыня Цэнтральнай рады. У 1919—24 у эміграцыі, заснаваў у 1919 у Вене Укр. сацыялагічны ін-т. З 1924 на навук. і інш. рабоце ў Кіеве. З пач. 1931 у Маскве. Аўтар «Нарыса гісторыі Кіеўскай зямлі ад смерці Яраслава да канца XIV ст.» (1891), «Гісторыі Украіны-Русі» (т. 1—10, 1898—1936) і інш. прац, у якіх адстойваў адметнасць укр. народа, лічыў Кіеўскую Русь укр. дзяржавай, адмаўляў нарманскую тэорыю, з аб’ектывісцкіх пазіцый аналізаваў дзейнасць гетманаў Б.М.Хмяльніцкага, І.Я.Выгоўскага і І.С.Мазепы, у параўнальным аспекце звяртаўся да гісторыі беларусаў (асабліва перыяду ВКЛ).

Тв.:

Очерк истории украинского народа. Киев, 1990.

С.​Б.​Каўн.

М.С.Грушэўскі.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВА́ летапісная,

назва племяннога саюзу, пазней гісторыка-геагр. і этнічнай вобласці. На ПнЗ сучаснай Рэспублікі Беларусь і ПдУ сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Упершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009, ва ўсх.-слав. летапісах — пад 1040 (у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Л.). У «Аповесці мінулых гадоў» Л. названа сярод тых плямён і народаў, якія плацілі даніну Русі. Этымалогія тэрміна канчаткова не высветлена. У позніх бел.-літ. летапісах даецца міфалагічна-легендарнае тлумачэнне паходжання тэрміна «Л.» ад лац. слоў «літус туба» («літус» — бераг, «туба» — труба), якімі нібыта называлі прынёманскія землі рымляне, што, паводле легенды, перасяліліся сюды з Італіі. Сучасныя даследчыкі звязваюць назву Л. з балцкімі або слав. каранямі lietā, lieti (ліць, цячы), з назвай р. Ліетаўка ці Ліетава (прыток Віліі), кельцкім словам Litawia (прыбярэжная краіна), з бел. дыялектным «лютвін» (люты) і інш. Першапачатковая лакалізацыя тапоніма Л. канчаткова не вывучана. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэдневяковай Л. з арэалам штрыхаванай керамікі культуры на познім этапе (пач. н.э.). У такім разе ўзнікненне назвы гіст. вобласці Л. датуецца пачаткам нашай эры. Ад наймення «Л.» паходзіць адна з назваў жыхароў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі — літвіны.

Літ.:

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989;

Яго ж. Где была летописная Литва? // Тез. докл. к конф. по археологии Белоруссии. Мн., 1969;

Непокупный А.П. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́ННЕ,

жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра нар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. пра гіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пра нар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.​Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.​Міровіча «Машэка» Р.​Пукст напісаў оперу «Машэка».

Публ.:

Легенды і паданні. Мн., 1983;

Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.

Літ.:

Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;

Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.

А.​І.​Гурскі.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,

асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш. Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).

Літ.:

Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.

В.​С.​Пазднякоў.

Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн. Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г.Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн. Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн. Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн. Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял. кн. ВКЛ Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́ВІЧЫ,

1) княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Полацкай зямлёй, адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад Ізяслава Уладзіміравіча, старэйшага сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле родавых звычаяў Ізяслаў лічыўся спадкаемцам свайго дзеда па маці Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры заваяванні Полацка Уладзімірам Святаславічам. У сувязі з гэтым нашчадкі Ізяслава ў летапісах наз. «Рагваложымі ўнукамі», у гіст. л-ры часам Рагвалодавічамі. Уладзімір перадаў ва ўдзел Ізяславу Полацкае княства. Паколькі Ізяслаў памёр раней за бацьку, яго нашчадкі страцілі права на велікакняжацкі пасад у Кіеве. У 1129 за непаслушэнства кіеўскаму князю большасць І. была выслана ў Візантыю, але многія з іх да сярэдзіны 12 ст. вярнуліся і аднавілі свае ўладанні ў Полацкай зямлі. З гэтага часу род падзяліўся на некалькі галін, якія паходзяць ад сыноў Усяслава Брачыславіча (унука Ізяслава). На падставе гэтага іх называюць таксама Усяславічамі. Не выключана, што нашчадкамі І. былі некаторыя правасл. княжацкія роды, вядомыя на Беларусі ў часы ВКЛ: Адзінцэвічы, Друцкія, Лукомскія, Палубінскія, Талочкі.

Княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Тураўскай зямлёй; адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад кн. Ізяслава Яраславіча, які ў сярэдзіне 11 ст. атрымаў Тураў ад свайго бацькі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага. Пасля смерці Ізяслава Туравам валодалі яго сыны — Яраполк, потым Святаполк. Права апошняга на Тураўскую зямлю пацверджана Любецкім з’ездам 1097. Сыны і ўнукі Ізяслава стараліся замацавацца і ў інш. рэгіёнах Русі. У 1113 вял. кіеўскі кн. Уладзімір Манамах пазбавіў І. Тураўскага княства, пакінуўшы за сынам Святаполка Яраславам толькі Уладзімір-Валынскі. Аднавіць свае ўладанні (акрамя Брэстчыны) І. удалося толькі ў 1158, калі ў Тураве, відаць, па запрашэнні гараджан, з’явіўся кн. Юрый Яраславіч. Сыны Юрыя падзялілі тураўскія землі на ўдзелы. Звесткі пра І. у летапісах знікаюць у канцы 13 ст. Іх нашчадкамі лічаць шматлікія княжацкія роды, вядомыя ў Беларусі і Украіне ў часы ВКЛ: Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Нясвіцкіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Чацвярцінскіх.

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Рапов О.М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977;

Насевіч В.Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12—18 стст. Мн., 1993;

Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. Мн., 1994.

В.​Л.​Насевіч, А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ РУСЬ,

раннефеадальная дзяржава ўсх.-слав. і некат. неслав. плямён у 9—1-й трэці 12 ст. з цэнтрам у Кіеве. У розны час у яе ўваходзілі тэр. ад Прычарнаморскіх стэпаў да Паўн. Дзвіны, ад Днястра і Зах. Буга да Акі і Волгі. Паняцце «К.Р.» уведзена ў навуку гісторыкамі 19 ст. Паліт. ядром дзяржавы ў 9—10 ст. была Руская зямля — тэрыторыя вакол Кіева, Пераяслаўля і Чарнігава (гл. Русь). Паводле летапісаў, родапачынальнікам дынастыі рус. князёў быў вараг Рурык, які княжыў у Ноўгарадзе па запрашэнні мясц. жыхароў. Яго родзіч Алег у 882 захапіў Кіеў і зрабіў яго сталіцай дзяржавы. У часы княжання Ігара, яго жонкі Вольгі, Святаслава Ігаравіча і Уладзіміра Святаславіча (10 — пач. 11 ст.) улада Кіева пашырылася на шмат якія плямёны ўсх. славян. Полацкае княства, Тураўскае княства былі ў васальнай залежнасці ад кіеўскіх князёў. Культура К.Р. знаходзілася на ўзроўні тагачасных перадавых краін. Сведчаннем гэтага былі вял. гарады, высокае ваен. майстэрства, развітое прыкладное мастацтва, шырокія знешнія сувязі з краінамі Захаду і Усходу. Яе вытокам з’яўлялася культура ўсх.-слав. народаў, якія ўспрынялі элементы візант. культуры. Архітэктура К.Р. пераважна драўляная. З увядзеннем хрысціянства (988) пачалі будавацца мураваныя храмы (Сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку і інш.). Аб пашырэнні пісьменнасці сведчаць надпісы на побытавых рэчах, берасцяныя граматы. У буйных гарадах складаліся летапісы, перапісваліся царк. кнігі, з’явіліся таленавітыя пісьменнікі і арыгінальныя літ. творы. У гады княжання Яраслава Мудрага [1019—54] фактычна завяршылася існаванне К.Р. як адзінай дзяржавы. Пасля яго смерці К.Р. распалася на часткі, утварыліся 5 груп зямель, унутры якіх намеціліся цесныя эканам. і культ. ўзаемасувязі: Наўгародская і Пскоўская землі; Уладзіміра-Суздальская, Разанская, Усцюжская, Мурамская; Кіеўская, Чарнігаўская і Северская; Галіцкая і Валынская; Полацка-Мінская і Смаленская; Тураўская і Пінская, Навагрудская землі. З іх утварэннем у старажытнарускай народнасці намецілася вылучэнне велікарус., укр. і бел. народнасцей. Развіццё сац.-эканам. і этнакульт. сувязей найперш паміж Полацкай і Смаленскай землямі садзейнічала этнаўтварэнню беларусаў.

Літ.:

Греков Б.Д. Киевская Русь. [6 изд.] М., 1953;

История СССР с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1966;

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Толочко П.П. Древняя Русь: Очерки соц.-полит. истории. Киев, 1987;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Фроянов И.Я. Древняя Русь: Опыт исслед. истории соц. и полит. борьбы. М.; СПб., 1995;

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь, IX—XIII стст. Мн., 1998.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 8, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),

мастацкі твор малых памераў.

У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.

Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.

На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.

М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.

Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.​Кловіо (Італія), Ф.​Клуэ (Францыя), Г.​Гольбейн Малодшы (Германія), Н.​Хіліярд, А.​Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж.​Петыго (Швейцарыя), С.​Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.​Кар’еры ў Італіі, Ж.​А.​Фраганара, Ж.​Б.​Ізабэ ў Францыі, Г.​Ф.​Фюгера ў Аўстрыі, У.​Баравікоўскага, А.​Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл. Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.​Мусікійскім, а таксама партрэты А.​Міцкевіча, А.​Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.​М.​Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.​Осіпавы, В. і А.​Ражковы і інш.

У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш. Гл. Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.

У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.​Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.​Гарэцкага, З.​Бядулі, Я.​Брыля, Ф.​Янкоўскага, Б.​Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.​Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.​Багдановіча, У.​Дубоўкі, Л.​Геніюш, Р.​Барадуліна, Я.​Сіпакова, Ю.​Свіркі, Р.​Тармолы, А.​Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.

У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.​Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.​Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.​Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.​Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.​Шлег, а таксама мініяцюры Я.​Глебава, Я.​Дзягцярыка, І.​Лучанка, Р.​Суруса, Э.​Тырманд і інш. Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, Ф.​Мендэльсон, Ф.​Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.​Чайкоўскі, А.​Лядаў, А.​Скрабін, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп. А.​Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.​Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.​Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.​Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.​Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.​Кузняцова і інш.).

У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар. т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».

Л.​Ф.​Салавей (выяўл. мастацтва), А.​М.​Пяткевіч (літаратура), Т.​А.​Шчэрба (музыка).

Да арт. Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.
Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.
Да арт. Мініяцюра. Р.​Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.
Да арт. Мініяцюра. Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)