эму́льсія, ‑і, ж.

Спец.

1. Непразрыстая вадкасць, у якой нерастваральныя ў вадзе эфірныя алеі, бальзамы і інш. знаходзяцца ў выглядзе дробных кропелек. Эмульсія сцірала гэтую празрыстасць, і на бабіну ішла ўжо бліскучая фіялетавая нітка. Савіцкі.

2. Святлоадчувальны слой на фотапласцінках, плёнках. паперы.

[Фр. émulsion ад лац. emulgere — даіць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

eteryczny

eteryczn|y

1. эфірны;

olejki ~e — эфірныя алеі;

2. эфемерны

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ВАЛАСКІ́ ў раслін,

адна- або шматклетачныя вырасты эпідэрмісу. Розныя па форме, памерах і будове. Ахоўваюць расліны ад ваганняў т-ры і страты вільгаці (характэрна для высакагорных і пустынных раслін), назапашваюць ваду ў час засухі, служаць для абароны ад шкоднікаў і хвароб, распаўсюджвання пладоў і насення (напр., у адуванчыка, бавоўніку, таполяў). Кручкападобныя валаскі ўтрымліваюць сцёблы лазячых раслін на апоры (напр., у хмеля, фасолі). Каранёвыя валаскі і валаскі-лускавінкі эпіфітаў служаць для паглынання вады і глебавых раствораў. Залозістыя валаскі — органы выдзялення, якія выпускаюць эфірныя алеі або стрававальныя сокі (у насякомаедных раслін).

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́ТРУСАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

група вечназялёных раслін роду цытрус сям. рутавых, якія вырошчваюць для атрымання пладоў. Каля 28 відаў: апельсін, грэйпфрут, мандарын, лімон, цытрон, бергамот, лайм, шэдак і інш. Пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, Паўд. Азіі і Амерыкі, у т. л. ЗША, Кітаі, Японіі, Індыі, Пакістане, Аўстраліі. Плады Ц.к. вызначаюцца высокімі смакавымі якасцямі, маюць лімонную к-ту, цукры, вітаміны C, P, групы B, карацін. Іх выкарыстоўваюць у свежым і перапрацаваным выглядзе (сок, варэнне, цукаты), у кулінарыі (цэдра). З кветак, лісця і лупін атрымліваюць эфірныя алеі для парфумернай і харч. прам-сці.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ПАЛІС (грэч. propolis), вуза, пчаліны клей,

смалістае араматычнае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі меданоснымі; сумесь смалістых выдзяленняў пупышак і кветак раслін і сакрэту залоз пчол. Пчолы ім паліруюць ячэйкі сотаў, заклейваюць шчыліны ў вуллі і інш. З аднаго вулля за сезон збіраюць 100—200 г П.

Сіропападобная цёмна-зялёная ці бурая маса, пры захоўванні цвярдзее, робіцца крохкай. Раствараецца ў арган. растваральніках. Змяшчае раслінныя смолы (да 55%), воск (да 30%), эфірныя алеі (да 15%), вугляводы, амінакіслоты, вітаміны і інш. кампаненты (больш за 150). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, ветэрынарыі, мае бактэрыцыдныя, антытаксічныя, процізапаленчыя, абязбольвальныя і стымулюючыя ўласцівасці.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФІРААЛЕ́ЙНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

група тэхнічных культур, якія вырошчваюцца для атрымання эфірных алеяў. Каля 2500 відаў; пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Э.р. назапашваюць эфірныя алеі ў пладах (каляндра, кмен, аніс, фенхель), зялёнай масе (герань, мята, базілік), кветках і суквеццях (ружа, лаванда, бэз), каранях і карэнішчах (касач, валяр’ян, ветыверыя). Сыравінай для атрымання эфірнага алею служаць таксама плады цытрусавых, драўніна хвойных дрэў і інш. Сыравіна каляндры мае 0,2—1,4% эфірных масел; мяты — 1,3—3,5, шалфею мускатнага — 0,17—0,25, ружы — 0,12—0,15, лаванды — 0,8—1,4, герані ружовай — 0,15—0,2. На Беларусі вырошчваюць мяту, кмен і інш.

т. 18, кн. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМАНІ́ХА, эхінапанакс (Oplopanax),

род кветкавых раслін сям. араліевых. 2 віды: З. высокая (O. elatus), пашырана ва Усх. Азіі, і З. страшная (O. horridus) — на З. Паўн. Амерыкі. Растуць звычайна ў вільготных горных хваёвых лясах, зрэдку ўтвараюць зараснікі. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР (1984).

Лістападныя слабагалінастыя кусты выш. да 4 м. Ствол, галінкі, кветаносы і лісце ўкрыты ігольчастымі калючкамі. Лісце шыр. 15—35 см, простае, 5—11-лопасцевае, сабранае каля верхавінак сцёблаў. Кветкі дробныя, зеленавата-белыя ці зеленавата-жоўтыя, двухполыя і тычынкавыя, у парасоніках, сабраных у мяцёлчатыя суквецці. Плод — ярка-чырвоная мясістая ягадападобная касцянка. Маюць эфірныя алеі, сапаніны, алкалоіды, гліказіды. Лек. і дэкар. расліны. Вырошчваюцца ў культуры.

Г.​У.​Вынаеў.

Заманіха высокая.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМФО́РА, камфара, 1,7,7-тры метылбіцыкла [2,2,1]гептан 2-он,

арганічнае злучэнне, біцыклічны тэрпенавы кетон. Бясколерныя крышталі з характэрным пахам. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Лёгка ўзганяецца. Існуюць аптычна актыўныя (+)- і (-)-ізамеры tпл 178,2—178,6 °C) і рацэмічная сумесь — (±)-ізамер tпл 178—178,5 °C). К. маюць эфірныя алеі камфорнага лаўру і шалфею, сіб. піхты, базіліку, палыну, а таксама экстракцыйны шкіпінар. У прам-сці (±)-К. атрымліваюць перапрацоўкай пінену, (-)-К. — з хваёвага алею сіб. піхты. (+)-К. вылучаюць з камфорнага лаўру. Выкарыстоўваюць у прам-сці як пластыфікатар цэлулоіду і плёнак на яго аснове, флегматызатар пораху; рэпелент ад молі і камароў; у медыцыне — як кардыятанічны і аналептычны сродак, які ўзмацняе сардэчную дзейнасць, узбуджае ц. н. с., стымулюе дыханне і кровазварот.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕЛЕ́НТЫ [ад лац. repellens (repelentis) які адпіхвае, адганяе],

хімічныя прэпараты або рэчывы з групы пестыцыдаў для адпужвання насякомых, кляшчоў, птушак, грызуноў, для абароны людзей і жывёлы ад нападу насякомых крывасмокаў, аховы с.-г. раслін і насення ад шкоднікаў.

У якасці Р. супраць насякомых (камароў, сляпнёў, мошкі і інш.) выкарыстоўваюць кампазіцыі N,N-дыэтыл-м-талуаміду (ДЭТА) і дыметылфталату з інш. Р. (напр., 2-этылгександыол-1,3, эфірныя алеі), якія вырабляюць у выглядзе ласьёнаў, крэмаў, аэразолей. Для адпужвання кляшчоў адзенне прамочваюць бензілбензаатам, N-бутылацэтанілідам. Для аховы насення ад птушак у пратравы дадаюць меркаптадыметур ці аксалат медзі, для абароны раслін ад зайцоў, аленяў і інш. у пасты для абмазкі ствалоў або ў прэпараты для апырсквання — тэтраметылтыурамдысульфід (ТМТД), каніфоль, дыцыклапентадыен і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСНО́ТКАВЫЯ (Lamiales),

парадак двухдольных раслін. 3 сям. — вербенавыя, ясноткавыя і балотнікавыя. Больш за 300 родаў, каля 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 60 дзікарослых і шэраг інтрадукаваных відаў з родаў базілік, вербена, гарлянка, душыца, кадзіла, сардэчнік, шалфей і інш.

Травы, паўкусты, радзей кусты, ліяны і дрэвы. Лісце пераважна супраціўнае, простае, без прылісткаў. Кветкі ў суквеццях, няправільныя, вяночак злучанапялёсткавы, часта двухгубы, адсюль другая назва — губакветныя. Плод — касцянка або 4-арэшак. Большасць Я. эфіраалейныя расліны. Шэраг відаў (лаванда, мята, размарын, шалфей, маяран і інш.) ужываюць як прыправу, выкарыстоўваюць у парфумерыі, медыцыне (мята, сардэчнік), атрымліваюць эфірныя (лаванда, размарын) або тлустыя тэхн. алеі (лялеманцыя, перыла). Харч., тэхн., лек., меданосныя, дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5, ч. 2. Цветковые растения. М., 1981.

т. 18, кн. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)