ГО́ЛЬМАН (Міхаіл Барысавіч) (29.10.1894, г. Кабялякі, Украіна — 27.12.1937),

удзельнік рэв. руху, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1916), Ін-т чырв. прафесуры ў Маскве (1927). З 1914 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. З 1916 у арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага Савета, з мая 1917 старшыня Магілёўскага Савета сял. дэпутатаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 левы эсэр, старшыня выканкома Савета рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Магілёўскай губ., нам. старшыні Бел. абл. к-та. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 чл. РКП(б). З 1918 нам. старшыні Сімбірскага губ. выканкома і ваенкома, старшыня рэўтрыбунала. У 1921—23 супрацоўнік Усх. сектара Выканкома Камінтэрна, старшыня Камісіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1924—25 у Дзяржплане СССР і ў аддзеле друку ЦК ВКП(б). З 1927 дацэнт БДУ. Выступаў супраць палітыкі беларусізацыі. Аўтар прац па эканоміцы. У ліп. 1927 за ўдзел у т.зв. трацкісцка-зіноўеўскім блоку выключаны з ВКП(б); у 1929 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў ссылкі. У 1936 паўторна асуджаны на 5 гадоў зняволення, пазней — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1965.

Т.Р.Воранава, У.В.Ляхоўскі.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́Р (Восіп) (Іосіф) Саламонавіч (12.11.1861, г. Мінск—1934),

дзеяч рэв. руху, адзін з кіраўнікоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). З сям’і яўр. пісьменніка С.Залкінда (псеўданім Мінор). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, Яраслаўскім юрыд. ліцэі. З 1884 чл. групы «Народная воля». У 1886 арыштаваны, у ссылцы і на катарзе ва Усх. Сібіры (Якуцк, Чыта). З 1900 у Вільні. З 1902 эсэр. У 1902—05 у Жэневе (Швейцарыя). Дэлегат 1-га і 2-га з’ездаў ПСР, распрацаваў агр. праграму партыі. У 1907—08 у Парыжы, у 1909 у выніку правакацыі Е.Ф.Азефа арыштаваны і ў 1910 асуджаны на 10 гадоў катаргі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вызвалены, з сак. 1917 у Маскве, адзін з рэдактараў эсэраўскай газ. «Труд», чл. Маск. к-та ПСР, дэлегат 3-га з’езда ПСР, чл. яе ЦК. З ліп. 1917 старшыня Маск. гар. думы. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў. У вер. 1918 выехаў у Сімбірск, Уфу і Уладзівасток, адкуль пераехаў у Парыж. У эміграцыі працягваў парт. работу, з вер. 1920 чл. рэдакцыі газ. «Воля России». 16.5.1921 разам з А.Ф.Керанскім, М.Дз.Аўксенцьевым і інш. падпісаў маніфест правай групы ПСР з заклікам новай інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі.

Тв.:

Это было давно...: (Воспоминания солдата революции). Париж, 1933.

А.М.Карлюкевіч, Э.А.Ліпецкі.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАЭСЭ́РАЎСКІ МЯЦЕ́Ж 1918,

узброенае антыбальшавіцкае выступленне левых эсэраў у Маскве 6—7 ліп. з мэтай сарваць выкананне Брэсцкага міру 1918, які яны лічылі пагібельным для краіны і рэвалюцыі. 5 ліп. леваэсэраўская фракцыя на 5-м Усерас. з’ездзе Саветаў зрабіла няўдалую спробу правесці рашэнне аб недаверы ўраду У.І.Леніна. 6 ліп. левы эсэр Я.Р.Блюмкін забіў герм. пасла В.Мірбаха. У той жа дзень левыя эсэры арыштавалі 30 бальшавікоў, у т.л. старшыню ВЧК Ф.Э.Дзяржынскага, старшыню Массавета П.Г.Смідовіча, апіраючыся на свае ўзбр. атрады (больш за 1800 чал.), у ноч на 7 ліп. захапілі цэнтр. тэлеграф, абстралялі з гармат Крэмль і заклікалі інш. часці гарнізона далучыцца да іх. 7 ліп. мяцеж падаўлены. Паводле пастановы ВЧК 8 ліп. 13 актыўных мяцежнікаў расстраляны. Мяцеж падтрымалі мясц. леваэсэраўскія арг-цыі Петраграда, Уладзіміра, Віцебска і некаторых інш. гарадоў. 6 жн. адбыліся мяцяжы ў Оршы (кіраўнік І.І.Буевіч) і Сянно (кіраўнік Дз.Ф.Прышчэпаў). У час следства кіраўнікі левых эсэраў сцвярджалі, што ЦК іх партыі не ставіў за мэту скінуць сав. ўладу і бальшавіцкі ўрад. 27.11.1918 Вярх. рэв. трыбунал асудзіў 13 кіраўнікоў леваэсэраўскай партыі на турэмнае зняволенне ад 1 да 3 гадоў, у т.л. М.А.Спірыдонаву на 1 год (29.11.1918 амнісціравана ВЦВК). Л.м. паставіў партыю левых эсэраў на мяжу катастрофы, яна страціла паліт. ўплыў і дзесяткі тысяч членаў. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў левых эсэраў, якія падтрымлівалі лінію свайго ЦК, са складу Саветаў.

Э.А.Ліпецкі.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ле́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны з таго боку цела, дзе знаходзіцца сэрца; проціл. правы. Левая нага. Левае вуха. □ Пані Мар’я левай рукой трымала перад сабой разгорнутую кнігу, а ў правай — ручку. Брыль. // Размешчаны з боку той рукі, якая бліжэй да сэрца. Левы бок тулава. □ Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас. // Размешчаны з боку левай рукі, па левы бок, калі стаць тварам у напрамку руху, цячэння і пад. Вада ў рацэ разлілася шырока, залівала ўвесь нізкі левы бераг. Чорны.

2. Палітычна радыкальны ці больш радыкальны, чым іншыя (ад левага боку парламенцкай залы, дзе па традыцыі размяшчаюцца члены радыкальных і рэвалюцыйных партый). Левая фракцыя парламента. Газеты левага напрамку. / у знач. наз. ле́выя, ‑ых. Пра людзей.

3. Які прыкрывае рэвалюцыйнай фразай дробнабуржуазную сутнасць; апартуністычны. Левы ўхіл. Левы эсэр. / у знач. наз. ле́выя, ‑ых. Пра людзей.

•••

Устаць з левай нагі гл. устаць.

Як левая нага хоча гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,

узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.С.Антонаў, б. нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.А.Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.М.Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.

В.І.Мянькоўскі.

т. 1, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)