мілеф’ёрэ

(іт. millefiori = тысяча кветак)

разнавіднасць мастацкага шкла і эмалі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КА́РЫЕС ЗУБО́Ў (ад лац. caries гніенне),

хвароба зубоў з разбурэннем цвёрдых тканак зуба і ўтварэннем у ім поласцей. У аснове К.з. — парушэнне харчавання зуба і нястача ў арганізме некат. бялкоў, вітамінаў і солей (пераважна фтору), празмернае ўжыванне салодкага, дрэнная гігіена поласці рота. Праяўляецца плямай (шурпатая, балючая) на эмалі ад белага да цёмна-карычневага колеру. Бывае К.з. паверхневы, сярэдні і глыбокі. Для паверхневага характэрны значная пігментацыя і шурпатасць эмалі, балючасць ад тэмпературных, хім. і мех. раздражняльнікаў. Пры сярэднім адбываецца поўнае разбурэнне эмалі і частковае дэнціну; сценкі карыёзнай поласці пігментаваныя, больш цёмныя, балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні ў вобласці дна. Глыбокі карыес ахоплівае большую ч. зуба; паміж пульпай і карыёзнай поласцю вельмі вязкі слой дэнціну; балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні рога пульпы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, выдаленне пашкоджаных тканак, пламбаванне.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эма́ль, -і, мн. -і, -ей і -яў, ж.

1. Непразрыстая шклопадобная маса для пакрыцця металічных прадметаў.

2. звычайна зб. Мастацкія вырабы, пакрытыя такой масай.

Грузінскія эмалі.

3. Рэчыва, што пакрывае знешнюю частку зуба (спец.).

4. Лакафарбавы матэрыял у выглядзе суспензіі пігментаў (іншы раз з напаўняльнікамі) у лаку.

|| прым. эма́левы, -ая, -ае (да 1 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

МІ́НСКІ ЛАКАФА́РБАВЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1935 у Мінску на базе арцелі прамкааперацыі «Утыльтлушчкосць», з 1939 мылаварная арцель «Хімпрам», з 1963 з-д лакафарбавых вырабаў. У 1969—75 рэканструяваны. З 1994 Адкрытае акц. т-ва «Мінскі лакафарбавы завод». Асн. прадукцыя: эмалі на кандэнсацыйных смолах і алейныя фарбы.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́ЕРНАЯ ПЕЧ,

печ, абсталяваная канвеерам (стужачным, люлечным, ланцуговым, скрабалкавым), які перамяшчае вырабы ў працэсе награвання ад загрузачнай адтуліны да выгрузачнай. Выкарыстоўваецца для награвання і тэрмічнай апрацоўкі металу. сушкі ліцейных форм, афарбоўкі вырабаў, абпальвання эмалі (пры вырабе посуду, карпусоў халадзільнікаў), у кандытарскай вытв-сці і інш. Абаграваюцца газам, вадкім палівам і эл. награвальнікамі.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св. Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл. гл. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;

Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.

Н.​В.​Федасеенка.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д БЫТАВО́Й ХІ́МІІ.

Створаны ў г. Баранавічы ў 1940 як прамкамбінат. З 1968 хім. камбінат, з 1979 з-д быт. хіміі. Спецыялізуецца на выпуску мыйных сродкаў. Працуюць участкі: мыйных парашкоў, электродны, лакафарбавы, клеявой стужкі. Асн. прадукцыя (1995): мыйныя парашкі і сінт. мыйныя сродкі, лакі і фарбы, электроды зварачныя, эмалі, грунтоўкі і шпаклёўкі на полімерызацыйных смолах, тавары культ.-быт. і гасп. прызначэння.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМО́Ж (Limoges),

горад у цэнтр. ч. Францыі, на р. В’ена. Адм. ц. дэпартамента Верхняя В’ена і гал. горад гіст. вобласці Лімузен. 133 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Прам-сць: фарфора-фаянсавая, гарбарна-абутковая, паліграфічная. Цэнтр вытв-сці Ліможскай эмалі. Ун-т. Музеі: гарадскі, керамікі. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор Сент-Эцьен (12—16 ст.), гатычныя цэрквы (12—15 ст.), барочны палац епіскапа (18 ст.), шматлікія гатычныя і рэнесансавыя жылыя дамы.

т. 9, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МЕНКА,

селішча і бескурганны могільнік кіеўскай культуры (паводле Л.​Д.​Побаля — позназарубінецкай) на Беларусі, каля в. Адаменка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. (у л-ры вядома і пад назвай Абідня), ва ўрочышчы Абідня. Раскапана каля 25% плошчы селішча і 12 пахаванняў з трупаспаленнем на могільніку. Выяўлены рэшткі наземных слупавых жытлаў, 29 паўзямлянак зрубнай канструкцыі, шкляныя пацеркі, фібулы, манета Геты (209—212), падвескі з эмаллю (гл. Абідзенскія эмалі) і інш.

Жалезнае крэсіва з селішча Адаменка.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМІ́РАВА ЕВА́НГЕЛЛЕ,

самы старажытны датаваны помнік стараслав. кірылічнага пісьменства; кніга евангельскіх чытанняў па тыднях. Перапісана ў 1056—57 з балг. арыгінала дыяканам Грыгорыем для наўгародскага ваяводы і пасадніка Астраміра (адсюль назва). Напісана на пергаменце (30×35 см) у 2 слупкі на 294 аркушах. Аздоблена выявамі евангелістаў, ініцыяламі і застаўкамі, стылізаванымі пад інкрустацыю на эмалі і размаляванымі фарбамі і золатам. Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Публ.:

Остромирово Евангелие 1056—1057. Л., 1988.

Першая старонка тэксту і мініяцюра з Астрамірава евангелля.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)