бронзавыя ўпрыгожанні (падвескі-лунніцы, пацеркі) позняга этапу зарубінецкай культуры (2—5 ст.), аздобленыя выемчатымі эмалямі. Выраблялі, як мяркуюць, у ювелірнай майстэрні на паселішчы Адаменка (Быхаўскі р-н, урочышча Абідня). Трохвугольныя лунніцы (верхні вугал служыў вушкам) знізу завершаны круглымі гнёздамі для чырвонай эмалі (плаўленае рымскае шкло). Кожны вугал упрыгожваюць яшчэ тры выступы-дыскі. Пацеркі ў форме сплюшчаных выцягнутых паралелепіпедаў. Аналагічныя ўпрыгожанні знойдзены і на суседнім паселішчы Тайманава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЫЕС ЗУБО́Ў (ад лац. caries гніенне),
хвароба зубоў з разбурэннем цвёрдых тканак зуба і ўтварэннем у ім поласцей. У аснове К.з. — парушэнне харчавання зуба і нястача ў арганізме некат. бялкоў, вітамінаў і солей (пераважна фтору), празмернае ўжыванне салодкага, дрэнная гігіена поласці рота. Праяўляецца плямай (шурпатая, балючая) на эмалі ад белага да цёмна-карычневага колеру. Бывае К.з. паверхневы, сярэдні і глыбокі. Для паверхневага характэрны значная пігментацыя і шурпатасць эмалі, балючасць ад тэмпературных, хім. і мех. раздражняльнікаў. Пры сярэднім адбываецца поўнае разбурэнне эмалі і частковае дэнціну; сценкі карыёзнай поласці пігментаваныя, больш цёмныя, балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні ў вобласці дна. Глыбокі карыес ахоплівае большую ч. зуба; паміж пульпай і карыёзнай поласцю вельмі вязкі слой дэнціну; балючасць значная, асабліва пры зандзіраванні рога пульпы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, выдаленне пашкоджаных тканак, пламбаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЛАКАФА́РБАВЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1935 у Мінску на базе арцелі прамкааперацыі «Утыльтлушчкосць», з 1939 мылаварная арцель «Хімпрам», з 1963 з-д лакафарбавых вырабаў. У 1969—75 рэканструяваны. З 1994 Адкрытае акц.т-ва «Мінскі лакафарбавы завод». Асн. прадукцыя: эмалі на кандэнсацыйных смолах і алейныя фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́ЕРНАЯ ПЕЧ,
печ, абсталяваная канвеерам (стужачным, люлечным, ланцуговым, скрабалкавым), які перамяшчае вырабы ў працэсе награвання ад загрузачнай адтуліны да выгрузачнай. Выкарыстоўваецца для награвання і тэрмічнай апрацоўкі металу. сушкі ліцейных форм, афарбоўкі вырабаў, абпальвання эмалі (пры вырабе посуду, карпусоў халадзільнікаў), у кандытарскай вытв-сці і інш. Абаграваюцца газам, вадкім палівам і эл. награвальнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св.Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл.гл. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;
Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д БЫТАВО́Й ХІ́МІІ.
Створаны ў г. Баранавічы ў 1940 як прамкамбінат. З 1968 хім. камбінат, з 1979 з-дбыт. хіміі. Спецыялізуецца на выпуску мыйных сродкаў. Працуюць участкі: мыйных парашкоў, электродны, лакафарбавы, клеявой стужкі. Асн. прадукцыя (1995): мыйныя парашкі і сінт. мыйныя сродкі, лакі і фарбы, электроды зварачныя, эмалі, грунтоўкі і шпаклёўкі на полімерызацыйных смолах, тавары культ.-быт. і гасп. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́Ж (Limoges),
горад у цэнтр.ч. Францыі, на р. В’ена. Адм. ц. дэпартамента Верхняя В’ена і гал. горад гіст. вобласці Лімузен. 133 тыс.ж. (1990). Трансп. вузел. Прам-сць: фарфора-фаянсавая, гарбарна-абутковая, паліграфічная. Цэнтр вытв-сці Ліможскай эмалі. Ун-т. Музеі: гарадскі, керамікі. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор Сент-Эцьен (12—16 ст.), гатычныя цэрквы (12—15 ст.), барочны палац епіскапа (18 ст.), шматлікія гатычныя і рэнесансавыя жылыя дамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МЕНКА,
селішча і бескурганны могільнік кіеўскай культуры (паводле Л.Д.Побаля — позназарубінецкай) на Беларусі, каля в. Адаменка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. (у л-ры вядома і пад назвай Абідня), ва ўрочышчы Абідня. Раскапана каля 25% плошчы селішча і 12 пахаванняў з трупаспаленнем на могільніку. Выяўлены рэшткі наземных слупавых жытлаў, 29 паўзямлянак зрубнай канструкцыі, шкляныя пацеркі, фібулы, манета Геты (209—212), падвескі з эмаллю (гл.Абідзенскія эмалі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМІ́РАВА ЕВА́НГЕЛЛЕ,
самы старажытны датаваны помнік стараслав. кірылічнага пісьменства; кніга евангельскіх чытанняў па тыднях. Перапісана ў 1056—57 з балг. арыгінала дыяканам Грыгорыем для наўгародскага ваяводы і пасадніка Астраміра (адсюль назва). Напісана на пергаменце (30×35 см) у 2 слупкі на 294 аркушах. Аздоблена выявамі евангелістаў, ініцыяламі і застаўкамі, стылізаванымі пад інкрустацыю на эмалі і размаляванымі фарбамі і золатам. Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Публ.:
Остромирово Евангелие 1056—1057. Л., 1988.
Першая старонка тэксту і мініяцюра з Астрамірава евангелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНЦІ́Н [ад лац. dens (dentis) зуб],
цвёрдая тканка зуба, што складае яго асн. масу. У Д. зубоў дарослага чалавека 72% мінер. солей, 28% арган. рэчываў. Каронкавая ч. Д. пакрыта эмаллю, каранёвая — цэментам. Д. пранізаны тонкімі канальцамі, праз якія праходзяць цытаплазматычныя адросткі адантабластаў, дыяметр канальцаў 1—3 мкм, колькасць іх 30—75 тыс. y 1 мм³. Утварэнне Д. працягваецца і пасля поўнага фарміравання зуба. Пасля прарэзвання зуба ўтвараецца Д. другасны, або замяшчальны, адклады якога павялічваюцца пры павышаным сціранні эмалі, развіцці карыесу зубоў.