НАСТРО́Й,
устойлівы псіхічны стан умеранай або слабай інтэнсіўнасці (параўнальна працяглы), які выяўляецца ў станоўчым або адмоўным эмацыянальным фоне псіхічнага жыцця індывіда. У адрозненне ад сітуацыйных эмоцый і афектаў Н. з’яўляецца эмацыянальнай рэакцыяй чалавека на розныя з’явы ў кантэксце яго абагульненых жыццёвых планаў, інтарэсаў, чаканняў. У залежнасці ад ступені ўсведамлення прычын, якія выклікалі Н., ён перажываецца як непадзельны агульны эмацыянальны фон (прыўзняты, прыгнечаны і г.д.) або як стан асобы (радасць, захапленне, смутак, туга, страх і г.д.). Імкненне кантраляваць свой Н., знаходзіць і засвойваць спосабы яго карэкцыі — задача выхавання і самавыхавання (гл. Самарэгуляцыя). Беспрычынныя ваганні Н. могуць мець паталагічнае паходжанне (гл. Дэпрэсія, Эйфарыя) або абумоўлены прыроднай канстытуцыяй чалавека.
т. 11, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЦЭЛЁЗ (ад прозвішча англ. ўрача Д.Бруса, які адкрыў бруцэлы),
інфекцыйна-алергічная хвароба чалавека і жывёл. Суправаджаецца ліхаманкай, пашкоджаннем рэтыкула-эпітэліяльнай, сасудзістай, нерв. і інш. сістэм, найчасцей — апорна-рухальнага апарату. Адносіцца да заанозных інфекцый, гал. крыніца якіх дробная і буйн. раг. жывёла, свінні, а таксама коні, вярблюды, сабакі, кошкі і інш. Чалавек можа заразіцца ад хворай жывёлы, ад інфіцыраваных прадуктаў (сырых малочных, мясных і інш.). У арганізм бруцэлы (узбуджальнікі бруцэлёзу) трапляюць праз слізістыя абалонкі стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў, пашкоджаную скуру.
Інкубацыйны перыяд бруцэлёзу 2—3 тыдні. Тэмпература цела павышаецца да 39—40 °C, бывае і субфебрыльная. Першыя прыкметы хваробы — дыфузнае павелічэнне лімфатычных вузлоў і патлівасць, страта апетыту, сухасць у роце, абложаны язык, запоры, змены ў печані і селязёнцы. Пры пашкоджанні палавых органаў у мужчын узнікаюць архіты і эпідыдыміты, у жанчын — парушэнне менструальнага цыкла, выкідышы. Пры пашкоджанні нерв. сістэмы з’яўляюцца ўзрушанасць, эйфарыя, бяссонніца. У перыяд рэмісіі захоўваецца слабасць у мышцах, адынамія, цягнучы боль у канечнасцях, дыфузны разліты боль у мышцах, касцях, суставах. Пры хранічным бруцэлёзе дамінуюць ачаговыя пашкоджанні ўнутр. органаў і нерв. сістэмы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, сан.-курортнае.
У арганізм жывёлы ўзбуджальнік найчасцей трапляе з кормам і вадой, а таксама праз слізістыя абалонкі і скуру. Свінні і авечкі найчасцей заражаюцца палавым шляхам. Інфекцыя можа распаўсюдзіцца ад чалавека, які даглядае жывёлу.
П.Л.Новікаў.
т. 3, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)