МАГІЛЁЎСКІ КАМБІНА́Т СІНТЭТЫ́ЧНАГА ВАЛАКНА́ імя У.І.Леніна.

Пабудаваны ў 1965—68 у Магілёве. У 1968 пушчана доследная ўстаноўка і атрыманы лаўсан. У 1970 здадзена ў эксплуатацыю вытв-сць дыметылтэрафталату (1-я чарга) і штапельная, у 1971 — комплексы сінт. шоўку і корду, у 1974 — вытв-сць поліэфірнага штапельнага валакна, у 1976—2-я чарга вытв-сці дыметылтэрафталату, у 1977—3-я чарга вытв-сці штапельнага валакна. З 1975 галаўное прадпрыемства Магілёўскага вытворчага аб’яднання «Хімвалакно». Асн. прадукцыя (1999): дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат, поліэфірныя валокны і ніткі, лаўсан — штапель.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,

штучнае валакно, якое атрымліваюць з віскозы. Гіграскапічнае, лёгка афарбоўваецца, мае параўнальна нізкую трываласць і зносаўстойлівасць.

Складаецца з гідратцэлюлозы. Віскознае валакно фармуюць «мокрым» спосабам: для асаджэння выкарыстоўваюць водны раствор сернай к-ты, сульфатаў натрыю і цынку. Вырабляюць у выглядзе неперарыўных ніцей (тэкстыльныя і тэхн., пераважна корд) і штапельных валокнаў звычайнай трываласці і мадыфікаваных высокатрывалых (гл. Палінознае валакно).

Выкарыстоўваюць у сумесі з натуральнымі і сінт. валокнамі для вырабу адзежных тканін, трыкатажу. Прамысл. вытв-сць віскознага валакна пачалі у Вялікабрытаніі (1905). У Беларусі вырабляюць віскозны шоўк і штапель (Магілёўскае ВА «Хімвалакно»), віскозныя ніткі, тэкст. і кордавую тканіну (Светлагорскае ВА «Хімвалакно»).

Літ.:

Серков А.Т. Производство вискозных штапельных волокон. М., 1986.

М.Р.Пракапчук.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)