ПЕ́РЦАВЫ ГРЫБ (Suillus piperatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. пераважна ў хвойных лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—6 см, пукатая, ліпкая, жоўта-маркоўна-бурая. Мякаць шчыльная, бура-жоўтая, перцава-горкая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя, жоўтыя або іржава-бурыя з шырокімі порамі. Ножка цыліндрычная, каля асновы звужаная. Споры верацёнападобныя, жоўта-бурыя. Неядомы.

Перцавы грыб.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ЎНІК, гіднум выемчаты (Hydnum repandum),

шапкавы базідыяльны грыб сям. яжоўнікавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца ў лясах з ліп. па верасень.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 3—12 см, пукатая або злёгку ўвагнутая, часта няправільнай формы, ад белага да вохрыста-жоўтага колеру. Гіменафор у выглядзе крохкіх шыпікаў. Ножка кароткая, суцэльная, часам уздутая каля асновы. Мякаць белая, шчыльная. Споры бясколерныя, яйцападобныя. Ядомы ў маладым узросце.

Пеўнік.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НЕВЫ ГРЫБ, плютэй аленевы (Pluteus cervinus),

шапкавы базідыяльны грыб з роду плютэй сям. мухаморавых. Пашыраны па ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды, у тундры — ласунак аленяў (адсюль назва). На Беларусі трапляецца ўсюды; расце на пнях і ламаччы розных дрэвавых парод.

Шапка дыям. 3—10 см, у маладых грыбоў званочкавая, потым распасцёртая. Мякаць белая, мяккая, з непрыемным пахам рэдзькі. Пласцінкі шырокія, частыя, белыя, потым ружаватыя ад спораў. Ядомы ў свежым, марынаваным, салёным выглядзе.

Аленевы грыб.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЯРО́ЗАВІК, абабак, бабка, бярозавік,

чорнагаловік (Leccinum scabrum), шапкавы грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 формы П.: белы, звычайны, ружавеючы, чорны. Трапляецца з чэрв. па вер. у лясах, пераважна пад бярозамі.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 20 см, пукатая, ад белаватай да цёмна-шэрай і амаль чорнай. Ножка белая, цыліндрычная, даўж. да 15 см, з шараватымі або цёмнымі падоўжанымі лускавінкамі. Мякаць белая, шчыльная. Споры верацёнападобныя, гладкія. Ядомы.

Падбярозавік звычайны.

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛАТУ́ХА, павуціннік бранзалетавы (Cortinarius armillatus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у вільготных лясах, на ўскрайках вярховых балот.

Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 4—15 см, чырванавата-бурая або чырванавата-карычневая, спачатку шыроказваночкавая, потым распасцёртая, валакніста-лускаватая. Пласцінкі прырослыя, шырокія. Мякаць жаўтавата-бурая з мяккім смакам. Ножка выш. да 12 см, булавападобная, каштанава-бураватая, з цагельна-чырв. пукатымі кольцамі. Споры эліпсоідныя, іржава-жоўтыя. Ядомы.

Прыбалатуха.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Валу́й 1 ’шапкавы грыб сямейства сыраежкавых, Russula foetens’ (БРС, Касп., Серж. Грам., Гарэц., КЭС), валуі ’Vaccinium uliginosum L.’ (Кіс.). Рус. валуй, волуй ’грыб, Agaricus foetens’, укр. валуй ’тс’. Да вол (Фасмер, 1, 345). У семантычным плане параўн. другую назву гэтага грыба — бычок.

Валу́й 2 ’вялікі дурань’ (З нар. сл.). Магчыма, да валяць, валяцца (параўн. валяй, рус. увалень).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПО́ЛЬСКІ ГРЫБ, падгрыб (Xerocomus badius),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных, радзей у лісцевых, лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка падушкападобна-пукатая, дыям. 4—12 см, гладкая, сухая, у вільготнае надвор’е клейкая, бліскучая, бурая або шакаладна-карычневая. Пласцінкі слаба прырослыя. Ножка звужаная або расшыраная каля асновы, шчыльная, выш. 6—10 см. Мякаць жаўтаватая або белаватая, мяккая, тоўстая, на зломе сінее. Споры гладкія, жоўта-бурыя, верацёнападобныя. Ядомы.

Польскі грыб.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЯ́К (Gyroporus cyanescens),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ў жн.—вер. на пясчанай глебе ў хвойніках і дубровах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 6—15 см, пукатая, потым распасцёртая, сухая, апушаная, светла-бурая або саламяна-жоўтая*. Мякаць белая, на зломе хутка і моцна сінее (адсюль назва). Трубачкі свабодныя з белымі або ружавата-бураватымі порамі. Ножка выш. 7—8 см, клубнепадобная, аднаго колеру з шапкай. Споры гладкія, яйцападобныя, светла-жаўтаватыя. Ядомы.

Сіняк.

т. 14, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́К, губа авечая,

хрушч (Albatrellus ovinus),

шапкавы базідыяльны грыб з роду альбатрэлус сям. скутыгеравых. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі трапляецца ў хвойных лясах (пераважна ў старых ельніках). Расце групамі, зросткамі і адзіночна.

Шапка дыям. 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, гладкая або слабатрэшчынаваталускаватая, белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Мякаць шчыльная, сырападобная, белая або крыху жаўтаватая, з грыбным пахам і смакам, пры высыханні жаўцее. Ножка даўж. 3—4 см, аднаго колеру з шапкай. У маладым узросце ядомы грыб (спажываецца свежы, сушаны).

Бяляк.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ХА, кароўка,

малачай (Lactarius rutus),

шапкавы базідыяльны грыб роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі, пераважна ў вільготных хваёвых лясах і на мохавых балотах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв.—кастрычніку.

Шапка дыям. 3—8 см, плоска-пукатая або шырокалейкападобная, у цэнтры з вострым бугарком, чырванавата-карычневая, гладкая, сухая. Пласцінкі прырослыя або слабасыходныя, рыжаватыя, з белым налётам спор. Мякаць палевая, шчыльная, з белым пякучавострым млечным сокам, непрыемна пахне. Ножка цыліндрычная, шчыльная, потым пустая. Ядомая (спажываецца соленая).

В.​С.​Гапіенка.

Гаркуха.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)