МЕРЫДЫЯНА́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т У Цэнтральным Цянь-Шані, пагранічны паміж Кыргызстанам, Казахстанам і Кітаем; паўн. працяг хр. Какшааал-Тоо. Даўж. каля 80 км, сярэдняя выш. каля 6300 м, найб. — 6995 м (г. Хан-Тэнгры). На стыку М.х. і хр. Какшаал-Тоо — найвышэйшы пункт Цянь-Шаня — Пік Перамогі (7439 м). Скалы, восыпы, значныя зледзяненні (з М. сцякае ледавік Энгільчэк).

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШКЕ́ТАЎ (Іван Васілевіч) (19.1.1850, ст. Аляксееўская Валгаградскай вобл., Расія — 10.1.1902),

расійскі геолаг і географ. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1872), дзе выкладаў з 1877. З 1882 у Ін-це інжынераў шляхоў зносін (з 1897 праф.). Навук. працы па тэктоніцы, геамарфалогіі, сейсмалогіі і інш. Вывучаў геалогію Сярэдняй Азіі, Урала, Паволжа і Каўказа. Вызначыў навук. канцэпцыю аб геал. будове Сярэдняй Азіі і склаў геал. карту Туркестана. Імем М. названы хрыбет ў горнай сістэме Наньшань, вяршыня ў вярхоўях р. Віцім, 2 ледавікі на Цянь-Шані і інш.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСУ́-ДЖАБАГЛЫ́,

запаведнік у Казахстане, у зах. Цянь-Шані паўн.-зах. ч. Таласкага Алатау. Засн. ў 1926. Пл. больш за 74 тыс. га (у т. л. 10 377 га пад лясамі, 3830 га займаюць лугі, 116 га — вадаёмы). У запаведнік уваходзяць даліны рэк Джабаглы, Ірсу, Аксу з каньёнам (глыб. да 500 м), 9 невял. азёраў і каля 20 ледавікоў. Ахоўваюцца і аднаўляюцца прыродныя комплексы дрэвава-хмызняковай і лугавой расліннасці. Растуць 23 віды пладовых дрэў і кустоў, шмат дэкар. раслін. У фауне трапляюцца млекакормячыя — сібірскі горны казёл, архар, марал (акліматызаваны), даўгахвосты сурок, птушкі — звычайныя кеклік, сіняя птушка, улар, перапёлка, вяхір і інш.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,

прыродны вышынны пояс у гарах пераважна ўмераных і субтрапічных шырот. Размешчаны вышэй за субальпійскі пояс, пры значнай вышыні гор змяняецца нівальным поясам. Вышыннае знаходжанне альпійскага пояса вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах А.п. знаходзіцца на выш. 2200—3000 м, на Цянь-Шані — 1000—1800 м, у Гімалаях — 3600—5000 м). Клімат суровы высакагорны. Сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 14 °C, ападкаў 1000 мм і больш за год. Снегапады, моцныя вятры, снегавыя лавіны. Снегавое покрыва 6—10 месяцаў. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. Характэрны бязлессе, альпійская расліннасць на горна-лугавых глебах.

А.​М.​Матузка.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУМ-ГРЖЫМА́ЙЛА (Рыгор Яфімавіч) (17.2.1860, С.-Пецярбург — 3.3.1936),

рускі географ, даследчык Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 1884—87 падарожнічаў па Алтаі, Цянь-Шані, Каракаруме і Кашгарыі. У 1889—90 узначальваў экспедыцыю ў Цэнтр. Азію, у час якой адкрыты горны хр. Бэйшань і вызначана адмоўная адзнака Турфанскай упадзіны. У 1903—14 ажыццявіў шэраг экспедыцый у Зах. Манголію, Туву, на Д.​Усход і інш. У 1920—31 віцэ-прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. Асн. працы: «Апісанне Амурскай вобласці» (1894), «Зах. Манголія і Уранхайскі край» (т. 1—3, 1914—30). Вял. залаты медаль Геагр. т-ва. Яго імем названы перавал у гарах Сіхатэ-Алінь, ледавікі на Паміры і масіве Багдо-Ула.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕДО́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.​Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах. ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш. Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВЁРКІ (Sciurus),

род млекакормячых жывёл сям. вавёркавых атр. грызуноў. 55 відаў у Паўн. паўшар’і і на Пн Паўд. Амерыкі. Пашыраны ў горных і раўнінных лясах. На Беларусі 1 від — вавёрка звычайная (S. vulgaris).

Даўж. цела 20—35 см, хваста 19—31 см, маса 180—1000 г. Афарбоўка залежыць ад раёна пашырэння, сезона, узросту, індывідуальнасці. Вавёрка звычайная бывае рыжая, папялястая, амаль чорная і інш. Будуюць гнёзды (гайны) ці жывуць у дуплах. Штогод даюць 1—3 прыплоды па 1—12 дзіцянят. Корм раслінны і жывёльны, большасць вавёрак робяць запасы на зіму. Вавёрка звычайная акліматызавана ў Крыме, на Цянь-Шані і Каўказе. Некаторыя з вавёрак — каштоўныя паляўніча-прамысл. віды (здабываюцца дзеля пушніны, у тропіках — дзеля мяса). Дальмарская чорная вавёрка занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Вавёрка звычайная.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́СІМ (Мікола) (Мікалай Арцёмавіч; 19.11.1908, в. Шані Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 19.7.1957),

бел. паэт. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). За рэв. дзейнасць у 1920—30-я г. ўлады Польшчы неаднойчы арыштоўвалі яго, знявольвалі ў турму. Працаваў у брэсцкай абл. газ. «Sapa» (1948—57). З 1926 змяшчаў свае творы ў зах.-бел. прэсе. Першы зб. «Ад шчырага сэрца» (1947). У вершах выяўляў сац. канфлікты ў зах.-бел. вёсцы, паказваў цяжкае жыццё сялянства. Карыстаўся прыёмамі гратэску, пародыі. У вершах ваен. і пасляваен. часу пісаў пра веліч і цяжар нар. вайны ў варожым тыле, радасць мірнай працы.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1960;

Вершы. Мн., 1973.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982.

У.​А.​Калеснік.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЫ́К-КУЛЬ (кірг. гарачае возера),

бяссцёкавае возера ў Кыргызстане, у Паўн. Цянь-Шані, у межах Ісык-Кульскай катлавіны, на выш. 1608 м. Пл. 6236 км² (па інш. даных 6330 км²). Даўж. 178 км, шыр. да 60 км, глыб. да 668 м. Пл. вадазбору 21,9 тыс. км². Упадае больш за 50 рэк; найб. з іх Джэргалан і Цюп. Берагі расчлянёны слаба, глыбокія залівы толькі на У і ПдУ. Зімой не замярзае. Т-ра вады на паверхні летам да 20, зімою каля 2,7 °C. Вада саленаватая (каля 6%). Рыбалоўства (голы асман, чэбак, сазан, марынка, стронга). Суднаходства. Асн. парты: Рыбачае і Прыстань-Пржавальск. На І.-К. курорты Чалпон-Ата і Тамга. Возера ў складзе Ісык-Хульскага запаведніка. На беразе — магіла М.​М.​Пржавальскага. Турызм.

Возера Ісык-Куль.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІ́,

рака ў Кітаі і Казахстане. Даўж. 1001 км, пл. басейна 140 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Цянь-Шані пры зліцці двух вытокаў — Тэкес і Кунгес. Упадае ў воз. Балхаш. У вярхоўі — горная рака, ніжэй упадзення р. Каш даліна расшыраецца і І. падзяляецца на рукавы. Да г. Капчагай цячэ па шырокай катлавіне, у нізкіх, месцамі забалочаных берагах, ніжэй уступае ў цясніну Капчагай, дзе пабудаваны Капчагайская ГЭС і вадасховішча. Потым цячэ па Прыбалхашскай раўніне, пры ўпадзенні ўтварае дэльту (пл. 9 тыс. км²) з мноствам рукавоў. Асн. прытокі: Каш, Харгос (справа), Чарын, Чылік, Талгар, Каскелен, Курты (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Ледастаў са снеж. да сакавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 329 м³/с, на 270 км вышэй (с. Учжарма) — 469 м³/с. Суднаходная ад г. Кульджа (Кітай); у Казахстане — ад дзярж. мяжы да прыстані Баканас. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)