клін, ‑а, м.

1. Завостраны ўнізе і расшыраны ўверсе кусок дрэва або металу, якім расколваюць або заціскаюць што‑н. Дубовы Клін. Забіць клін у палена.

2. Вузкая трохвугольная ўстаўка ў сукенцы і іншым адзенні. Уставіць кліны ў спадніцу.

3. У гарматным затворы — частка механізма, які закрывае адтуліну артылерыйскай гарматы перад выстралам. Тырчэла пятка патрона, заціснутага клінам затвора. Шамякін.

4. чаго або які. Пра ўсё, што мае трохвугольную, завостраную з аднаго боку форму. Жураўліны клін. □ Тодар Шалюта сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву з касым клінам валасоў на лбе. Дуброўскі.

5. у знач. прысл. клі́нам. Звужаючыся к аднаму боку. А над полем, што клінам упіралася аж у самую раку, у блакіце нябёс, трымцелі і нязмоўчна звінелі жаваранкі. Ляўданскі.

6. Частка зямельных угоддзяў, якая вылучаецца па якой‑н. прымеце. Азімы клін. Правы клін. Пасяўны клін. // Участак зямлі ўвогуле. За лугавінай пачынаўся чорны клін ворыва. Савіцкі. Праплыў, нібы зарава пажару, бярозавы гай, чырвоны клін скошанага поля грэчкі. Хомчанка.

•••

Забіць (загнаць) клін гл. забіць.

Куды ні кінь — усюды клін — за што ні вазьміся, чаго‑н. не хапае, усё не ладзіцца.

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяжа́р, ‑у, м.

1. Вага чаго‑н. (звычайна цяжкага). Пад цяжарам .. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. [Чалавек] грудзьмі, жыватом, усім цяжарам свайго цела ўпаў на спіну леапарду. Караткевіч.

2. Цяжкая ноша, груз вялікай вагі. Цяжары падвозіць, Як волат нястомны, Наш «МАЗ» — грузавік Дваццаціпяцітонны. Нядзведскі. // У спорце — снарады для падымання.

3. Абавязкі, павіннасці, цяжкасці, звязаныя з чым‑н. адказным, непрыемным і пад. Цяжар няволі. Цяжар турбот. Цяжар вайны. □ Гады праз два калгас узбуйніўся, і Шалюта адразу пачуў на сваіх плячах непамерны цяжар гаспадарскіх клопатаў. Дуброўскі.

4. Адчуванне (звычайна непрыемнае) чаго‑н. цяжкага (у целе, галаве і пад.). Распраналася яна [Маша] марудна — ад утомы, якая роўным цёплым цяжарам наліла цела. Мележ. Ва ўсім целе і асабліва ў нагах адчуваўся нейкі цяжар. Кулакоўскі. // перан. Тое, што гняце, прыгнятае, выклікае сумны, змрочны настрой. І лепш аддайся светлым марам, Каб месца не было жальбе, Калі каханне не цяжарам, А песняю жыве ў табе. Астрэйка. Кожны раз, як душа натоміцца, Я, каб скінуць з яе цяжар, Прыпадаю да Вашых томікаў — Вашых думак і Вашых мар. Тармола. І чуцен ціхі сэрца голас, Хоць на душы ва ўсіх цяжар. Дзень добры, друг, Наш бацька Колас — Народа нашага пясняр! Прыходзька. Прыгінае і самых высокіх Да зямлі вечны цяжар гадоў. І цішэюць, цішэюць крокі У людзей і старых гарадоў. Сіпакоў.

•••

Цэнтр цяжару гл. цэнтр.

Скінуць цяжар гл. скінуць.

Цяжар з душы спадзе — пра пачуццё палёгкі, якое наступае пасля вызвалення ад таго, што гняло, заклапочвала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)