ВЕ́НСКІЯ АРБІТРА́ЖЫ 1938 і 1940,

трацейскія рашэнні міністраў замежных спраў Германіі І.​Рыбентропа і Італіі Г.​Чыяна аб задавальненні тэр. дамаганняў Венгрыі (вынесены ў Вене, адсюль назва). Паводле 1-га Венскага арбітражу (2.11.1938) пад націскам Германіі і Італіі Чэхаславакія ўступіла Венгрыі паўд. і паўд.-зах. раёны Славакіі і паўд. ч. Закарпацкай Украіны (11 927 км², больш за 1 млн. чал.). Паводле 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) ад Румыніі да Венгрыі адышлі паўн. і паўн.-ўсх. часткі Трансільваніі (43 тыс. км², 2577 тыс. чал., у т. л. больш за 1 млн. румынаў). Другі Венскі арбітраж выкарыстаны Гітлерам для ўмацавання ўласных пазіцый у Румыніі і Венгрыі. Рашэнні абодвух арбітражаў юрыдычна скасаваны паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НКІН Евель Мордухавіч (26.10.1922, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1996),

бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1943). З 1946 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Лепшыя работы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, трапнай характарыстыкай вобразаў. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954, з А.​Грыгар’янцам), «Нашы суседзі» (1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Апошні хлеб» (1963), «Крыніцы» (1965), «Я родам з дзяцінства» (1967), «Вайна пад стрэхамі» (1971), «Заўтра будзе позна» (СССР — Чэхаславакія, 1973), «Хлеб пахне порахам» (1974), тэлефільмаў «Кафедра» (1982), «Яго батальён» (1988), «Пайсці і не вярнуцца» (1989). Працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СКЕР (Lasker) Эмануэль (24.12.1868, г. Барлінэк, Польшча — 13.1.1941),

нямецкі шахматыст, шахматны тэарэтык і літаратар. Д-р філасофіі і матэматыкі (1902). Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (1889). Рэд.-выдавец час. «Lasker’s Chess Magazine» («Шахматны часопіс Ласкера», 1904—09) і інш. перыяд. шахматных выданняў. Чэмпіён свету (1894—1921). Пераможца буйных турніраў (1893, 1924, Нью-Йорк; 1895—96, 1909, 1914, С.-Пецярбург; 1896, г. Нюрнберг, Германія; 1899, Лондан; 1900, Парыж; 1923 г. Мораўска-Острава, Чэхаславакія). У 1935 эмігрыраваў з фаш. Германіі, жыў у Маскве, двойчы выступаў як прадстаўнік СССР на міжнар. турнірах (1936, Масква і г. Нотынгем, Вялікабрытанія). З 1937 у ЗША.

Тв.:

Рус. пер. — Как Виктор стал шахматным мастером. М., 1973;

Учебник шахматной игры. 6 изд. М., 1980.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМАШЭ́НКА Іван Архіпавіч (н. 18.11.1924, в. Навінкі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Кіеўскае танк. тэхн. вучылішча (1958). У Чырв. Арміі з 1942. У Вял. Айч. вайну з 1944 на 2-м і 3-м Укр. франтах. Механік-вадзіцель танка ст. сяржант Ц. вызначыўся ў баях на тэр. Зах. Еўропы: 23.9.1944 у баі за вышыню каля г. Турда (Румынія) экіпаж яго танка знішчыў 2 процітанк. гарматы і бронетранспарцёр праціўніка; у снеж. 1944 каля г. Шагі (Чэхаславакія) не дазволіў ворагу ўзарваць мост цераз р. Іпель да падыходу сав. войск; 30.3.1945 у баі за нас. пункт Шмейц (Аўстрыя) захапіў 2 гарматы, мінамёт, паранены не пакінуў поля бою. Да 1970 у Сав. Арміі.

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ Леў Уладзіміравіч (29.9.1904, г. Днепрапятроўск, Украіна — 26.5.1994),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). У 1939—79 на кінастудыі «Беларусьфільм». Ствараў маст. фільмы для дзяцей і юнацтва: «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959; прэміі Усесаюзнага кінафестывалю, міжнар. кінафестываляў у Мар-дэль-Плата, «Залатая пласцінка» і дыплом у Вічэнца), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971; за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1972). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1968 за фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Дзеці партызана» (1954, з М.​Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1957) і «Вуліца малодшага сына» (1962). Зняў стужкі «Пушчык едзе ў Прагу» (1965) і «Маленькі сяржант» (1977) (з кінастудыяй «Барандаўфільм», Чэхаславакія). Фільмы Голуба вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, уменнем раскрыць маст. здольнасці юных выканаўцаў.

Л.У.Голуб.

т. 5, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПША́Й Уладзімір Міхайлавіч (н. 20.4.1940, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне афармленчага мастацтва і жывапісу. Аформіў інтэр’еры: музеі Я.​Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. (1972, з Э.​Агуновічам), стараж.-бел. культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі (1979), нар. творчасці ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (1996) і інш.; бел. раздзел на Міжнар. выстаўцы ў Брно (Чэхаславакія, 1983, з В.​Чуглазавым), Міжнар. кірмашу ў Бухарэсце (1984), Нац. выстаўкі нар. творчасці Беларусі ў Мінску (1996). Сярод жывапісных твораў: «Халодны дзень» (1985), «Зімовы настрой» (1987), «Палявыя кветкі» (1996), серыі пейзажаў «Стары Мінск» (1991), «Нарачанскі край» (1995), «На Браслаўшчыне» (1996—97) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКІМО́ВІЧ Міхаіл Іванавіч (н. 12.12.1967, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. спартсмен (гандбол). Засл. майстар спорту СССР (1992). Чэмпіён XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990, Чэхаславакія). Гуляў у клубах: (СКА, Мінск, 1986—92; «Тэка», «Тэка-Кантабрыя», «Каха-Кантабрыя», г. Сантандэр, Іспанія, 1992—99; з 1999 — у «Сан-Антоніо» (г. Памплона, Іспанія). Чэмпіён СССР (1988, 1989), сярэбраны (1987, 1990, 1992) і бронз. (1991) прызёр чэмпіянатаў СССР і СНД. Уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990, 1994, 2001), Кубка кубкаў (1988, 1993, 1998), Суперкубка (1989). Уладальнік Кубка Еўрап. гандбольнай федэрацыі (ЕГФ; 1993). Чэмпіён Іспаніі (1993, 1994 — у складзе каманды «Тэка»; 2002 — «Сан-Антоніо»; сярэбраны (1999) і бронз. (1995) прызёр. Уладальнік Суперкубка Іспаніі (1993).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 18, кн. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІСЕ́ВІЧ (Kulisiewicz) Тадэвуш (13.11.1899, г. Каліш, Польшча 18.8.1988),

польскі графік. Вучыўся ў школах дэкар. і выяўл. мастацтва ў Познані (1922) і прыгожых мастацтваў у Варшаве (1923—27). З 1933 выкладаў у АМ у Варшаве (з 1946 праф.). Да 1940-х г. рабіў дрэварыты на тэмы жыцця польскіх горцаў; творы вызначаліся драм. выразнасцю абагульненага лінейнага рытму, экспрэсіяністычнымі святлоценявымі кантрастамі: цыклы «Шлембарк» (1931), «Бацувка» (1932), «Метады», «Вёска ў гарах» (абодва 1936) і інш. У трактоўцы нар. персанажаў выкарыстоўваў традыцыі гатычнай разьбы і нар. дрэварыту. З 1945 працаваў пераважна ў тэхніцы малюнка тушшу, праз фармальныя эксперыменты шукаў новыя выяўл. і вобразныя сродкі графічнай выразнасці. Сярод твораў: цыклы «Варшава. 1945» (1945—46), «Францыя і Галандыя» (1949), «Чэхаславакія» (1951), «Кітай» (1953), «Індыя» (1956), «Мексіка» (1957—60), «Мая гісторыя мастацтва» (1975) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ЧКІН Аляксандр Аркадзевіч (н. 15.7.1964, г. Львоў, Украіна),

бел. спартсмен (гандбол). Засл. майстар спорту СССР (1989). Гуляў у клубах: СКА, Мінск (1984—90); ТУСЕМ, г. Эсен, Германія (1994—95); «Міндэн», г. Міндэн, Германія (1998—2001); «Кантабрыя», г. Сантандэр, Іспанія (2001—2002); з 2002 — «Філіпос», г. Верыя, Грэцыя. Чэмпіён свету сярод юніёраў (1985, Італія). Чэмпіён XXIV і XXVII Алімп. гульняў (1988, Сеул; 2000, г. Сідней, Аўстралія). Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990, Чэхаславакія; 1999; Егіпет), чэмпіянату Еўропы (2000, Харватыя). Пераможца Гульняў добрай волі (1986, Масква; 1990, г. Сіэтл, ЗША). Чэмпіён СССР (1985, 1986, 1988, 1989). Уладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990), Кубка кубкаў (1988), Суперкубка (1989). Лепшы гулец чэмпіянату свету (1990). За нац. зборную каманду Беларусі правёў 10 гульняў, закінуў 48 мячоў.

А.​М.​Петрыкаў.

А.А.Тучкін.

т. 18, кн. 1, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВЫ КАБІНЕ́Т у Празе.

Існаваў з ліст. 1927 да 1930 у г. Прага (Чэхаславакія). Размяшчаўся ў будынку Украінскага ін-та грамадазнаўства. Кіраўнік-сакратар Т.​Грыб. Меў на мэце: збіранне і сістэматызацыю матэрыялаў па гісторыі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, эканоміцы Беларусі, бел. вызв.-адраджэнскім руху; вывучэнне Беларусі як геагр., культ., гіст., сац.-эканам. і лінгвістычнай адзінкі ў сістэме ўзаемаадносін народаў Усх. Еўропы; даследаванне тэндэнцый і перспектыў развіцця бел. народа і яго самаст. існавання ў дзярж. і нац.-культ. сэнсе; азнаямленне навук. колаў інш. народаў з бел. праблематыкай. Пры кабінеце існаваў музей-архіў. У сак. 1928 выдаў адозву да ўсіх бел. устаноў на эміграцыі з запрашэннем да супрацоўніцтва. Пасля спынення дзейнасці навук. і архіўныя матэрыялы кабінета перададзены ў фонд бел. аддзела Славянскай б-кі і Бел. загранічнага архіва ў Празе.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)