ЛУ СІНЬ (сапр. Чжоў Шужэнь; 25.9.1881, г. Шаасін, Кітай — 19.10. 1936),

кітайскі пісьменнік, публіцыст і літ.-знавец. Скончыў Горна-чыг. вучылішча ў Нанкіне (1902), вывучаў медыцыну ў Японіі. У 1919—20 праф. Пекінскага ун-та. Літ. творчасць пачаў з рэаліст., антыфеад. аповесцей «Дзённік вар’ята» (1918), «Праўдзівая гісторыя А-К’ю» (1921). Пісаў апавяданні (зб-кі «Вокліч», 1923; «Блуканні», 1926), вершы ў прозе (зб. «Дзікія травы», 1927). Асн. тэмы твораў — жыццё простых людзей і лёс кіт. інтэлігенцыі. Аўтар сатырыка-гераічных казак «Старыя легенды, расказаныя па-новаму» (1936), кніг публіцыстыкі «Вось і ўсё» (1928), «Іншадумец» (1932), «Пра лжэсвабоду» (1933), літ.-знаўчых прац «Кароткая гісторыя кітайскай апавядальнай прозы» (1923), «Нарыс гісторыі кітайскай літаратуры» (выд. 1938). Перакладаў зах.-еўрап. і рус. пісьменнікаў. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў Л.Салавей.

Тв.:

Бел. пер. — Апавяданні. Мн., 1956;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1954—56;

Избранное. М., 1989.

Літ.:

Позднеева Л. Лу Синь: Жизнь и творчество. М., 1959;

Петров В. Лу Синь. М., 1960.

Л.П.Баршчэўскі.

Лу Сінь.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,

кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц. канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл. Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.

Літ.:

Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;

Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.

Н.К.Мазоўка.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)